Вы тут

Наталля Якубіцкая: дабрабыт краіны — агульны клопат


Наталля Якубіцкая — старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Наталля Віктараўна ўваходзіла ў склад рабочай групы па пытаннях змянення Канстытуцыі. «Звязда» пацікавілася ў яе, як ішла работа, ці шмат людзей адгукнулася на заклік узяць удзел у распрацоўцы новай рэдакцыі Асноўнага Закона краіны? І наогул, якія важкія прапановы ўносілі людзі ў гэты дакумент?


— Удзел у адказнай рабоце прынёс мне задавальненне, натхненне, адчуванне, што працую на карысць людзей, народа. Мы збіраліся разам кожныя два тыдні, абмяркоўвалі літаральна кожны раздзел, кожную главу, кожны артыкул. Падкрэслю, што нічога не нараджалася спантанна. Гэтаму папярэднічала вельмі сур'ёзная і карпатлівая работа з людзьмі. Дэпутаты разумеюць, што ў нас ёсць магчымасці ўзаемадзеяння з выбаршчыкамі розных узростаў і сацыяльных груп. Я выкарыстоўвала ўсё магчымае для таго, каб больш актыўна з імі кантактаваць, брала ўдзел у дыялогавых пляцоўках. Калі людзі звярталіся да мяне па сваіх пытаннях на прамыя тэлефонныя лініі, прыходзілі на асабісты прыём, я заўсёды прасіла іх выказаць меркаванне па праекце Канстытуцыі. Прымала таксама грамадзян па іх просьбе ў любы час на рабочым месцы.

— Як вы ацэньваеце праект абноўленай Канстытуцыі? Ці зможа новая рэдакцыя Асноўнага Закона забяспечыць стабільнасць, суверэнітэт, аб'яднаць грамадства?

— Бясспрэчна, праект Канстытуцыі адпавядае ўсім гэтым крытэрыям і стварае ўмовы для таго, каб людзі з рознымі поглядамі жылі ў міры і згодзе, а агульным клопатам для іх заставаўся дабрабыт краіны. Неабходна сказаць і аб асаблівасцях нашай Канстытуцыі, якая скіравана на захаванне суверэнітэту, незалежнасці, самабытнасці і традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа. Мы імкнёмся паказаць, што правы і свабоды грамадзян, народа ў прыярытэце. Гэты пасыл закладзены літаральна ў першай фразе: «Мы — народ Рэспублікі Беларусь». Праект абноўленай Канстытуцыі — абсалютна народны дакумент, праз які чырвонай ніткай праходзіць патрыятызм. У далейшым усе мы павінны аб'яднацца, згуртавацца на карысць нашай краіны, народа і дзяржавы. І вельмі важна, каб людзі прыйшлі на рэферэндум, зразумелі, што гэта магчымасць паказаць наша адзінства, выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Лічу, што немагчыма заставацца абыякавымі да такой найважнейшай у жыцці краіны палітычнай падзеі.

— Якія, на вашу думку, найважнейшыя навацыі прадугледжаны ў новай рэдакцыі Канстытуцыі, што вынесена на ўсенароднае абмеркаванне?

— Іх вельмі шмат. Найперш, уводзіцца вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, які будзе вызначаць стратэгію развіцця грамадства і дзяржавы, — Усебеларускі народны сход. Шырокія слаі грамадства атрымліваюць доступ да вырашэння найважнейшых дзяржаўных пытанняў. Гэтая структура адыгрывае важкую ролю, таму замацаванне яе канстытуцыйнага статусу цалкам апраўданае. Мне глыбока імпануе, што ў нас будзе асаблівая, унікальная дэмакратычная мадэль народаўладдзя. Яна прадугледжвае традыцыйныя нацыянальныя каштоўнасці, падтрымку інвалідаў, шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, дзяцей-сірот. Мы таксама хацелі акцэнтаваць увагу на тым, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны, што гэта нашы славянскія традыцыі. Так, у Еўропе могуць быць аднаполыя шлюбы. Для нас гэта непрымальна, як непрымальна і тое, што нам навязваюць нешта з-за мяжы. Як бы нас ні ламалі, ні спрабавалі намі маніпуляваць, мы на такія крокі не пойдзем. У нас свая Канстытуцыя, сваё разуменне далейшага развіцця, свая дзяржава. І ўсе пытанні мы будзем вырашаць са сваім народам.

Словам, Усебеларускі народны сход — гэта новы раздзел Канстытуцыі, новая старонка гісторыі. Мы прапаноўваем уключыць туды каля 1200 чалавек. Гэта абсалютна розныя прадстаўнікі: грамадзянскай супольнасці, мясцовага самакіравання, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты, кіраўнікі дзяржаўных органаў.

Змяненні закранулі і ўзроставы цэнз кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнтам можа быць грамадзянін, які дасягнуў 40-гадовага ўзросту і які пражывае ў краіне да выбараў не менш за 20 гадоў. А прэзідэнцкае кіраванне абмяжоўваецца двума тэрмінамі. Гэта прапаноўвалі самі грамадзяне.

Працуючы з людзьмі, я бачу, як мяняюцца іх погляды. Нашы актыўныя грамадзяне, крытыкі і скептыкі, якія крытыкавалі ўладу за нейкія элементы добраўпарадкавання, іншыя пытанні забеспячэння іх жыццядзейнасці, прасілі мяне, маўляў, пры магчымасці перадайце Аляксандру Рыгоравічу, каб прэзідэнцкі тэрмін не абмяжоўвалі. Інакш кажучы, людзі бачаць вынікі дзейнасці Аляксандра Рыгоравіча на пасадзе Прэзідэнта і просяць яго не выпускаць штурвала кіравання краінай са сваіх рук. Дзякуючы прэзідэнцкай мадэлі кіравання Беларусь засталася мірнай, незалежнай, суверэннай. Важна і тое, каб на перспектыву мы разумелі, што ва ўладзе будзе чалавек, які заўсёды з народам, робіць усё для народа. Не павінны прыйсці да ўлады людзі, якія будуць абагачацца за кошт народа, — алігархі. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу працаваць разам з людзьмі, слухаць людзей. Так яно і атрымалася. Іх пажаданні, прапановы ўлічаны. Да рэферэндума ёсць час, будзем сустракацца з працоўнымі калектывамі, выслухоўваць кожнага чалавека. Акрамя таго, ва ўсіх ахвотных ёсць магчымасць звярнуцца да нас па электроннай сувязі. Мы гатовыя прымаць усе прапановы і абмяркоўваць іх.

Дадам, што гэта не новая Канстытуцыя. Яна ўвабрала ўсё найлепшае, што ёсць у дзеючай. Змяненні ў існуючы Асноўны Закон наспелі з улікам патрэб часу.

— Наталля Віктараўна, наколькі ведаю, вы на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламента выступілі з ініцыятывай увесці адзіны дзень галасавання. З чым гэта звязана?

— Раней атрымлівалася так, што амаль кожны год у краіне праводзіліся выбары. А кожная палітычная кампанія любога ўзроўню ўносіць нейкую турбулентнасць, карэктывы ў жыццё грамадства. Гэтага б не хацелася, нам тое не трэба — у Беларусі сітуацыя стабілізавалася. Яшчэ важны такі момант, як пераемнасць. Вельмі зручна, калі дэпутаты ўсіх узроўняў: Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дэпутаты мясцовых Саветаў — адначасова пачынаюць сваю дзейнасць і яе завяршаюць. Акрамя таго, тэрмін паўнамоцтваў прадугледжвае пяць гадоў замест чатырох, як было раней. Таксама правільна, таму што такі падыход змяншае эканамічныя, фінансавыя выдаткі на правядзенне выбарчых кампаній.

— А якія змяненні прадугледжаны ў сістэме мясцовага самакіравання?

— Тут асаблівых змен няма. Акрамя таго, што для дэпутатаў прадоўжылі тэрміны паўнамоцтваў з 4 да 5 гадоў. Застанецца, як я разумею, трохузроўневая сістэма мясцовага самакіравання: пярвічны ўзровень (сельскія і пасялковыя Саветы), базавы ўзровень — раённыя Саветы і абласныя Саветы дэпутатаў. Выбудаваную і правераную часам сістэму важна захаваць. Роля дэпутатаў сельскіх Саветаў неацэнная ў развіцці сельскай мясцовасці. Нам неабходна захаваць вёску, сацыяльную інфраструктуру, падтрымаць людзей, прымножыць набыткі. А хто, як не дэпутаты, аб'ядноўваюць людзей і зацікаўленыя ў гэтым? Цяпер сапраўды шмат дэпутатаў — кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў. Тут людзі як «за», так і «супраць». Але я лічу, што кіраўнік суб'екта гаспадарання сёння мае пэўны матэрыяльна-тэхнічны рэсурс, можа пачуць запатрабаванні людзей і накіраваць сродкі на добраўпарадкаванне, уладкаванне дарог. Народныя выбраннікі гэтага склікання вельмі актыўныя. Робяць шмат добрых, пазітыўных спраў. Інакш кажучы, дэпутаты для народа, разам з людзьмі.

— Адным часам гучалі выказванні, што дэпутаты пярвічнага ўзроўню — лішняе звяно ў мясцовым самакіраванні. Ваша думка на гэты конт?

— Я з гэтым нязгодная. Дэпутаты пярвічнага ўзроўню складаюць вялікі патэнцыял. Яны добра ведаюць мясцовых людзей, бо жывуць з імі побач. Могуць іх аб'яднаць, бачаць іх праблемы. У дэпутата ёсць магчымасць звярнуцца да старшыні сельскага Савета, раённага Савета дэпутатаў, у райвыканкам. І сумесна з раённымі органамі ўлады вырашыць пытанне, якое хвалюе грамадзян.

Дарэчы, летась старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным для вырашэння першачарговых аператыўных пытанняў жыхароў кожнаму сельскаму Савету было выдзелена па 10 тысяч рублёў дадаткова з абласнога бюджэту. Справа ў тым, што з 2019 года бюджэты сельсаветаў паднялі на базавы ўзровень. А пытанні на месцах варта вырашаць аператыўна, своечасова падсыпаць дарогі, дапамагчы людзям. Таму і сёлета таксама падтрымалі рашэнне аб выдзяленні сродкаў для забеспячэння пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.

Культура

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Надпісы кшталту «тут быў...» на сценах з’яўляліся яшчэ ў Сярэднявеччы.

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.