Вы тут

Самае цікавае ў часопісе «Алеся» ў студзені


Год будзе шчаслівы, калі прыйдуць «Конікі»

Старадаўні зімовы абрад «Конікі» жыве на Палессі не адно стагоддзе ў сваім аўтэнтычным варыянце. І сёння ўдзельнікі яго — не артысты фальклорных ці тэатральных калектываў, а звычайныя гараджане. Абрад нядаўна атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і можа прэтэндаваць на ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Ніхто не скажа дакладна, як даўно, з якіх часоў у Давыд-Гарадку на стары Новы год, альбо ў Шчодры вечар, людзі пачалі калядаваць з Канём. Зімовыя забавы, гульні і маскарады — старажытная славянская традыцыя. Сялянскія клопаты прыпынялі свой ход, наступаў час адпачынку. На Беларусі традыцыйна галоўнай гераіняй калядных гулянак выступае наравістая Каза, якая гучна грукае рагамі ў вароты, капрызіць і патрабуе ад гаспадароў дароў, інакш палохае, што не будзе ўраджаю ў полі і багацця ў хаце...

А вось у палескім Давыд-Гарадку галоўным персанажам каляднага абраду з'яўляецца Конь. Краязнаўцы гавораць, што шчадраваць з Канём прыдумалі казакі, якія доўгі час кватаравалі тут у складзе рускіх войскаў на пачатку ХІХ стагоддзя. Іншыя навукоўцы, спасылаючыся на даследаванні шэрагу замежных вучоных, лічаць, што сваімі каранямі гэта аўтэнтычная традыцыя можа сыходзіць у больш далёкую старажытнасць.

Але як бы там ні было, «Конікі» — любімае ўсімі свята. Вершнік і пераапранутыя калядоўшчыкі шумным натоўпам рухаюцца па горадзе, заходзяць у хаты і збіраюць пачастункі за выкананне вясёлых куплетаў і жартаў-прымавак, не забываючы пры гэтым выказаць добрыя пажаданні ў адрас шчодрых гаспадароў. Ёсць тут адно правіла: калядоўшчыкі заходзяць толькі ў тыя дамы, дзе гарыць святло і адкрыта брамка. Гэта знак, што іх тут чакаюць, гатовы прыняць, разам паспяваць і станцаваць, а галоўнае — ад душы абдарыць гасцінцамі ці грашыма. Палешукі гавораць, што «Конікаў» трэба абавязкова сустракаць са шчырай радасцю — тады год будзе шчаслівы.


Жаданне ўсім дапамагчы, або «Сіндром Чыпа і Дэйла»

Ёсць людзі, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Часам яны ў нас выклікаюць захапленне. Але ці заўсёды іншым так патрэбна гэта дапамога? Інакш псіхолагі не казалі б пра «сіндром Чыпа і Дэйла», які, на іх думку, не ўкладваецца ў паняцце нормы і мае патрэбу ў псіхалагічнай карэкцыі. Пра такі феномен у студзеньскім нумары «Алесі» падрабязна распавядае псіхолаг Таццяна ШАРАНДА.

— Жаданне дапамагаць закладзена ў кожным з нас ад нараджэння, гэта біялагічная норма, уплеценая ў маральныя асновы грамадства. Так чалавеку як віду прасцей выжываць. Але часам гэтая асаблівасць становіцца гіпертрафіраванай, набывае нездаровы характар. Тады і кажуць аб «сіндроме Чыпа і Дэйла». У папулярнай псіхалогіі яго яшчэ называюць «сіндром выратавальніка»: чалавек кідаецца на дапамогу незалежна ад таго, прасілі яго пра гэта ці не.

Асноўныя прыкметы «сіндрома Чыпа і Дэйла» — пачуццё ўласнай значнасці і адчуванне ўлады над іншымі. «Ратавальнікі» адчуваюць задавальненне, умешваючыся ў чужыя справы, вырашаючы нечыя праблемы, праяўляючы актыўнасць, непадробныя цікавасць і спачуванне. «Выратавальнік» становіцца ў нейкай ступені вяршыцелем лёсаў. У яго няма часцей за ўсё залежнасці ад падзякі выратаванага. «Разрульваючы» чужыя канфлікты, аказваючы садзейнічанне і падтрымку, ён уздымае сваю самаацэнку, цешыць пачуццё ўласнай выключнасці.


Калі ў вас алергія на фарбу

Якая жанчына не спрабавала змяніць раптам вобраз? У большасці гэта пачынаецца з новай прычоскі. І тут мы можам сутыкнуцца з такой непрыемнасцю, як алергія на фарбу для валасоў.

Змена колеру валасоў — неабавязкова жаночы эксперымент, гэта робіцца і каб падтрымаць свой звыклы вобраз (напрыклад, зафарбаваць сівізну). Але замест прыгажосці, абяцанай вытворцамі моднага брэнда, жанчына атрымлівае алергічную рэакцыю. Як дапамагчы сабе, калі такое з вамі здарылася? І чым фарбаваць валасы, калі ў вас алергія? Пра гэта падрабязна расказваецца ў жаночым часопісе «Алеся».


Сіла мікразеляніны

Літаральна нядаўна сярод прыхільнікаў здаровага харчавання з'явіўся новы трэнд — вырошчванне і ўжыванне ў ежу мікразеляніны.

Мікразеляніна — гэта зусім маладзенькія ўсходы гародніны і травы прыпраў. Вышынёй яны не больш за 5—15 см і маюць мініяцюрныя сцяблінкі з семядолямі, а ў некаторых выпадках яшчэ некалькі лісцікаў. Ураджай мікразеляніны збіраецца ў залежнасці ад гатунку і віду раслін. Звычайна — праз тыдзень пасля прарастання насення.

Гэта самы хуткі ўраджай, які можна атрымаць ва ўмовах гарадской кватэры. У маладых раслінах утрымліваецца шмат карысных вітамінаў і мінералаў, значна больш, чым у звычайнай зеляніне.

Мікразеляніну не апрацоўваюць кіпенем або гарачай парай: лічыцца, што пры любой тэрмічнай апрацоўцы яна губляе частку карысных уласцівасцяў.

Часцей за ўсё маладыя ўсходы дадаюць у салаты, супы, выкарыстоўваюць у якасці асноўнага гарніру да мяса і рыбы, дапаўняюць імі бутэрброды і закускі. Нядрэнны варыянт — змяшаць мікразеляніну з тварагом — атрымліваецца смачна!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?