Вы тут

Каўбаса і сумленне


Перад святамі адправілі на «аптовую закупку» ў буйную краму адной вядомай сеткі нашых мужчын, бо тое, што меркавалася купіць, у жаночых руках праблематычна было б данесці нават да машыны. Уручылі хлопцам доўгі спіс, яшчэ і на словах праінструктавалі, што і як. Дзесьці праз гадзіну нашы «ганцы» ўваліліся ў кватэру з пакетамі і задаволенымі ад выкананай місіі тварамі. Разам з прадуктамі нам быў уручаны і ўжо згаданы спіс, і даўжэзны, мо на метр, чэк: «Правярайце!»


Правяраць, канешне, ніхто нічога не збіраўся, тым больш па чэку. Я яго ўзяла толькі дзеля таго, каб паглядзець, ці скарысталіся яны зніжкай па маёй дысконтнай карце і колькі гэта зніжка склала. Ну і прабеглася вачыма па ўсім спісе... За каўбасу сыравяленую «Баварскую» цаной па дваццаць чатыры рублі за кіло я зачапілася не з-за назвы і з-за цаны — з-за вагі. Яе, як сведчыў чэк, хлопцы купілі... усяго сто трыццаць два грамы. Што на фоне астатніх каўбас і іншых мясных далікатэсаў, якіх мы на сваю вялікую сям'ю бяром як мінімум па паўкіло, выглядала, мякка кажучы, дзіўна. Можа, нарэзку якую купілі ў прыгожай упакоўцы, падумалася. Не, сярод прадуктовай разнастайнасці, выкладзенай на стол, нічога падобнага не аказалася. Падзялілася назіраннямі са стрыечнай сястрой, што дапамагала на кухні. «Можа, купілі кавалачак ды там жа і з'елі? — выказала здагадку яна. — Але ж не, мы толькі што добра паснедалі...» — «Слухай, а можа, гэта яны закуску сабе купілі, а яшчэ «чакушку» ў тытунёвым аддзеле (там чэк іншы), ды ўжо святкаваць пачалі? — уключыла «дэдукцыю» я. — Пусцілі казлоў у агарод». — «Ды не, не можа быць! Як жа яны тады на машыне ехалі...»

Карацей, нічога не заставалася, як выпытваць у мужыкоў, куды яны дзелі сто трыццаць два грамы «Баварскай». І няёмка было, але ж трэба было дазнацца праўду! Хлопцы пачалі ўсё адмаўляць: не куплялі ніякай каўбасы дадатковай. Але ж чэк сведчыў пра іншае. Пачалі звяраць з астатнімі прадуктамі — можа, штрых-код на якім памылковы, вось і прабілася на касе замест, скажам, мандарынаў тая няшчасная каўбаса. Нічога падобнага — усё супала з чэкам. Плюс «Баварская», якую ніхто і не нюхаў.

Свята мы адзначылі весела і хораша, але ж, як той казаў, асадачак застаўся. Мы з сястрой так да канца і не паверылі, што каўбасу не куплялі (куды падзелі — гэта ўжо іншая справа). Хлопцы дзьмуліся на нас за тое, што не верым...

Але самай цікавай была разгадка гэтай гісторыі. Я ёй падзялілася з прыяцелькай, якая працуе ў адной вялікай краме. Дык вось яна мне (пад вялікім сакрэтам) расказала, што ніякай памылкі ў чэку не было, што такім чынам некаторыя супрацоўнікі магазіна забяспечваюць сабе бясплатныя прадукты. Схема працуе прыкладна так. Перад святамі або на выхадныя (калі больш людзей і, адпаведна, пакупак) некалькі касіраў і прадаўцоў дамаўляюцца паміж сабой вынесці з крамы, скажам, дзве палкі... той жа «Баварскай». Прычым не ўкрасці, бо з гэтым строга, а купіць, не плаціўшы. Заплацяць за далікатэс пакупнікі. Галоўнае — не пралічыцца, «дзелячы» яго на дробныя часткі, каб пасля пры падвядзенні вынікаў у суме ўсё супала. Далей — справа тэхнікі. Вопытным вокам касір выбірае пакупніка з вялікай колькасцю тавару, які не лічыць кожную капейку, а значыць, не будзе звяраць чэк проста каля касы. Як правіла, у ролі такіх няўважлівых спажыўцоў выступаюць мужчыны, якіх жонкі на выхадныя адпраўляюць «закупіцца на тыдзень». Сто грамаў каўбасы, прабітай у дваццаці найменнях, ніхто і не заўважыць, дый сума звычайна атрымліваецца вялікая, таму лішнія паўтара-два рублі таксама застануцца незаўважаныя. Карацей, некалькі такіх разявак на касе — і вуаля — патрэбная колькасць прадукту аплачана, можна смела яго забіраць. Ніякі пераўлік не выявіць, бо ўсё сыходзіцца.

Да таго ж гэта амаль што не рызыкоўна. Большасць нават дома вялікі чэк з мноствам пакупак звяраць і глядзець не будзе. Калі ж, як у нашым выпадку, заўважаць, — таксама нічога. У краму разбірацца не пойдзеш — чым дакажаш, што ты тую каўбасу не купіў, дый няёмка неяк. У міліцыю звяртацца тым больш не будзеш з-за ста грамаў каўбасы. Вось такая беззаганная схема. Адзіны «пацярпелы» ў ёй — сумленне ўласна непасрэдных удзельнікаў. Але іх, мяркуючы па расповедзе маёй прыяцелькі, гэта не надта непакоіць: падумаеш, дробязь. Ніхто ж ад гэтага не збяднеў... І калі спытаць гэтага касіра, ці лічыць ён сябе сумленным чалавекам, ён, не задумваючыся (і абсалютна шчыра!), адкажа: «Канешне!»...

Якая, спытаеце, ва ўсяго гэтага аповеду мараль? Не, гэта не пра тое, што «будзьце пільнымі», «як нас дураць» і «лічыце грошы не адыходзячы ад касы» (хоць, можа, камусьці гэты досвед і спатрэбіцца). У апошнія дні, калі падводзяцца вынікі абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю, гучыць думка, што сярод новых палажэнняў, якія выклікалі найбольш пытанняў, — і тыя, што датычацца самасвядомасці і сумленнасці чалавека. Некаторыя не разумеюць, навошта ў Асноўным Законе прапісваць абавязкі чалавека клапаціцца аб уласным здароўі, абавязкі бацькоў выхоўваць дзяцей у павазе да працы, да законаў сваёй краіны, да традыцый свайго народа...

Вось пішу «некаторыя», а ўяўляю тую незнаёмую мне касірку, якая свядома прабіла пакупніку лішнія сто трыццаць два грамы «Баварскай» каўбасы...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».