Вы тут

«Зялёныя крокі» да Турава давядуць


Асэнсаванае спажыванне, барацьба з кансумерызмам, адмова ад лішніх пакупак, расхламленне... Асядлаўшы гэтыя цікавыя «сацыяльныя хвалі», блогеры па ўсім свеце ў інтэрнэце прадаюць свой досвед за вялікія грошы. Настаўніца беларускай мовы Таццяна Зямлянік з Турава многім аўтарам матывацыйных ролікаў у сеціве дасць фору. Але над размовамі на камеру яна аддае перавагу рэальным «зялёным крокам», якія робіць разам са сваімі вучнямі. Уласны трэнінг па «расхламленні» жыццёвай прасторы для падлеткаў настаўніца з глыбінкі нядаўна прэзентавала ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.


Колер настрою — зялёны

Таццяна Мікалаеўна ўсё жыццё жыве і працуе ў родным Тураве. Амаль 25 гадоў штодня ў акружэнні больш як сотні дзяцей. Акрамя выкладання ў Тураўскай сярэдняй школе № 2 у якасці настаўніка-прадметніка, сапраўды захапляецца вядзеннем класнага кіравання ў сваім восьмым класе. Арганізуе Таццяна Зямлянік і заняткі паводле інтарэсаў для школьнікаў старэйшых класаў па суботах.

— Тры гады таму, калі набрала пяціклашак, вырашыла актыўна далучаць дзяцей да экалагічнага выхавання. Бо экаследам сама даўно цікаўлюся. Я аматар гарадскога веларуху, адказнага падыходу да раздзельнага збору смецця, падкантрольнага спажывання ўсіх даброт сучаснасці, — дзеліцца настаўніца. — З дзецьмі ў класе мы спачатку крэатыўна падышлі да збору макулатуры, бо менавіта ў школе штодня выкідваюцца стосы спісаных сшыткаў.

Дамовіліся, што разам будзем ісці да пастаўленай мэты — назбіраць норму па макулатуры — і пазначаць усе свае маленькія «зялёныя крокі». Прынеслі ў клас каробку з-пад халадзільніка.

— Дзецям вельмі спадабалася яе папаўняць, рабілі свае ўклады ў наш папяровы банк і іншыя вучні, педагогі, — успамінае Таццяна Мікалаеўна.

Збор макулатуры распаліў цікавасць вучняў да раздзельнага збору смецця. Дзеці сталі прывучаць сваіх дамашніх сартаваць адходы. Падлеткі выказалі жаданне высветліць, чаму нельга разам са смеццем выкідваць батарэйкі. Зрабілі асобныя запаснікі для адпрацаваных батарэй і акумулятараў, накрывак да пластыкавых бутэлек. Сёння, кажа настаўніца, дзеці самастойна сартуюць пластыкавыя бутэлькі, прыносяць іх у школу, адкуль пластык потым забіраюць на перапрацоўку.

Тураўская Мары Конда

Цікавы кірунак работы з вучнямі па далучэнні да асэнсаванага спажывання ў рэчышчы імкнення да мінімізацыі экалагічнага следу нарадзіўся з назіранняў за паводзінамі саміх жа падлеткаў у класе.

— У нас у Тураве няма вялікіх крам ці рынкаў, дзе можна набыць адзенне. І, здаралася, у суботу, калі чакаеш дзяцей у школе на заняткі па інтарэсах, дзяўчаты адпрошваюцца. Аказалася — з бацькамі ў Альшаны за абноўкамі. Казалі, вось купяць без нас, а потым не падабаецца, ляжыць адзенне. Многія прызналіся, што спакушаюць іх на пакупкі ролікі бьюці- і фэшн-блогераў. Мне стала цікава, як данесці падлетку, якому важна быць у трэндзе, што «хуткая мода» павольна, але дакладна забівае нашу экалогію, — расказала Таццяна Зямлянік.

Яна распрацавала трэнінг для падлеткаў. Паставіла для сябе задачу данесці ў цікавай і даступнай для старэйшых школьнікаў форме інфармацыю, што індустрыя моды падбівае людзей хутка і танна абнаўляць свой гардэроб, купляць больш, а насіць і захоўваць менш. Рэчы пыляцца ў шафах ці гніюць на звалках, пры гэтым на вытворчасць адзення трацяцца каласальныя рэсурсы.

— Стаць удзельнікамі трэнінгу выказала жаданне амаль трыццаць падлеткаў — хлопцы і дзяўчаты, вучні 8—10 класаў, — тлумачыць настаўніца. — Пры гэтым былі і тыя, хто катэгарычна адмовіўся браць удзел у такім чэленджы. Увогуле ідэя майго трэнінгу — пасля вывучэння інфармацыі аб асэнсаваным спажыванні, адмове ад кансумерызму, правесці рэвізію дома ва ўласных шафах, расхламіць іх, падзяліцца адзеннем, калі ёсць жаданне, увогуле перагледзець стаўленне да куплі адзення.

Па выніках трэнінгу педагог адзначыла перамены ў стаўленні падлеткаў да адзення. Калі спачатку школьнікам было цяжка адмовіцца ад набыцця менавіта новага адзення, яны былі катэгарычна супраць адзення з сэканд-хэндаў, рэчаў «у спадчыну», то некаторыя пасля змянілі сваё стаўленне. Многія прызналіся, што калі перабіралі свае шафы, здзівіліся колькасці адзення, якое куплялася, але амаль не насілася.

Пакет са старых джынсаў

Настаўніца з вучнямі зрабіла яшчэ адзін «зялёны крок». Заручылася падтрымкай настаўніцы працоўнага навучання і на ўроках па шыцці са старых рэчаў дзеці выкраілі і пашылі шоперы — экалагічныя торбы.

— Вось вам і кааперацыя — уменне працаваць у камандзе, і камунікацыя — хадзіць па вуліцах горада і прэзентаваць гаспадыням уласны экапрадукт. Усё гэта развівае тыя жыццёвыя навыкі, якія неабходныя нашым дзецям цяпер, — лічыць Таццяна Мікалаеўна. — Хай нашаму пакаленню і не трэба тлумачыць, як зручна закупляцца з самаробнай торбай, ці шоперам — на мове моладзі. Але многім вельмі прыемна, што іх дзеці-ўнукі пашылі самі такія прыдатныя для гаспадаркі рэчы, пры гэтым не «тузалі за рукаў» бацькоў — дай грошы на тканіну для «працоўнага навучання», а, выходзіць, перапрацавалі тое, што было непатрэбна.

Для дзяцей таксама аказалася вельмі важным даведацца пра тое, што ў нашай краіне таксама ёсць сапраўдныя гуру мінімальнага экалагічнага следу.

Ідэю расказваць дзецям пра эка-хвалю ў адзенні падтрымалі педагогі з розных куткоў краіны, калі настаўніца з Турава прэзентавала свой трэнінг у прафесійным асяроддзі.

— Некалькі месяцаў таму ў сваёй школе я распачала новы праект — заняткі для вучняў старэйшых класаў па медыяадукацыі, — працягвае настаўніца. — Мы вучымся шукаць неабходную інфармацыю ў інтэрнэце, фільтраваць яе, а таксама выкладваць туды ўласныя даследаванні, вынікі пэўнай работы, цікавыя факты. Спачатку на такія заняткі па суботах хадзіла менш за дзесяць вучняў. Цяпер уся старэйшая паралель і шостыя класы просяцца. Дзеці аналізуюць ролікі сваіх любімых блогераў, разбіраюць іх паводзіны, адзенне, лексіку ў стрымах. Важна, што дзеці такім чынам дзеляцца сваёй культурай, імкнуцца пачуць і маё меркаванне па гэтых пытаннях. А яшчэ нашы заняткі — меседж для маладых педагогаў: не бойцеся ехаць у глыбінку. Тут можа быць вельмі цікава, ёсць магчымасць рабіць разам унікальныя даследаванні, распрацоўваць уласныя методыкі нефармальнай работы з дзецьмі. Эмацыянальная аддача — каласальная.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?