Вы тут

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 14 Аб прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму


У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пастанаўляю:


1. Прызначыць на 27 лютага 2022 г. рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь (праект прыкладаецца).

2. Вынесці на рэспубліканскі рэферэндум для прыняцця рашэння наступнае пытанне:

«Ці прымаеце Вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?».

3. Рашэнне, прынятае рэспубліканскім рэферэндумам, уступае ў сілу праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання, мае абавязковую сілу і з'яўляецца неад'емнай часткай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

4. Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў арганізаваць правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму, забяспечыць падвядзенне яго вынікаў і ажыццяўляць кантроль за выкананнем заканадаўства аб рэферэндуме.

5. Дзяржаўным органам, іншым арганізацыям у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь забяспечыць выкананне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму.

6. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму на падставе каштарысу, прадстаўленага Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

7. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка.

20 студзеня 2022 г.


1. Прэамбулу выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі),

зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі,

усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей,

грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту,

абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурныя і духоўныя традыцыі,

сцвярджаючы правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, асновы прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства,

жадаючы забяспечыць мір і грамадзянскую згоду, дабрабыт грамадзян, непахіснасць народаўладдзя, незалежнасць і росквіт Рэспублікі Беларусь,

прымаем гэту Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь.».

2. Частку першую артыкула 4 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама разнастайнасці палітычных інстытутаў і поглядаў.».

3. У частцы першай артыкула 5 словы «выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах» замяніць словамі «рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў чалавека і грамадзяніна».

4. У артыкуле 7:

пасля часткі першай дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«Канстытуцыя мае найвышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Іншыя прававыя акты выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.»;

частку другую пасля слова «асобы» дапоўніць словамі «, арганізацыі і грамадзяне»;

у частцы чацвёртай словы «акты дзяржаўных органаў публікуюцца» замяніць словамі «прававыя акты падлягаюць афіцыйнаму апублікаванню».

5. Частку трэцюю артыкула 9 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне дзяржавы вызначаецца законам.».

6. У частцы чацвёртай артыкула 10 слова «страта» замяніць словам «спыненне».

7. У артыкуле 13:

частку трэцюю выключыць;

у частцы восьмай словы «прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі» замяніць словам «арганізацыямі».

8. Артыкул 15 дапоўніць часткай наступнага зместу:

«Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

9. Частку другую артыкула 18 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў.».

10. Артыкул 19 дапоўніць сказам наступнага зместу: «Апісанне дзяржаўных сімвалаў і парадак іх выкарыстання вызначаюцца законам.».

11. Артыкул 21 пасля часткі другой дапоўніць часткай наступнага зместу:

«Кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы.».

12. У артыкуле 28:

слова «асабістае» замяніць словам «прыватнае»;

дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«Дзяржава стварае ўмовы для абароны персанальных даных і бяспекі асобы і грамадства пры іх выкарыстанні.».

13. У артыкуле 32:

частку першую пасля слова «Шлюб» дапоўніць словамі «як саюз жанчыны і мужчыны»;

другі сказ часткі другой выкласці ў наступнай рэдакцыі: «Сужэнцы маюць роўныя правы ў шлюбе і сям’і.»;

першы сказ часткі трэцяй дапоўніць словамі «, рыхтаваць да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі»;

пасля часткі трэцяй дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«Дзяржава аказвае падтрымку сем’ям з дзецьмі, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекавання бацькоў.»;

частку чацвёртую перад першым сказам дапоўніць сказам наступнага зместу:

«Дзяржава забяспечвае прыярытэт выхавання дзяцей у сям’і.»;

у частцы пятай словы «забяспечваецца прадастаўленне роўных з мужчынамі» замяніць словамі «і мужчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных»;

часткі шостую і сёмую выключыць.

14. Дапоўніць Канстытуцыю артыкулам 321:

«Артыкул 321. Дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства.».

15. У частцы трэцяй артыкула 33 словы «грамадскімі аб’яднаннямі» замяніць словам «арганізацыямі».

16. У артыкуле 34:

з часткі першай словы «грамадскіх аб’яднанняў,» выключыць;

з часткі другой словы «грамадскія аб’яднанні,» выключыць;

у частцы трэцяй слова «асабістага» замяніць словам «прыватнага».

17. Артыкул 36 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 36. Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў.

Грамадзяне для ажыццяўлення і задавальнення палітычных, сацыяльных, эканамічных, культурных і іншых інтарэсаў маюць права на стварэнне палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, удзел у іх дзейнасці.

Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні ствараюцца і дзейнічаюць у адпаведнасці з законам.

Суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, ваенізаваных арганізацый, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый.».

18. Частку другую артыкула 37 пасля слова «законаў» дапоўніць словамі «, іншых нарматыўных прававых актаў».

19. Частку чацвёртую артыкула 41 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы на падставе судовай пастановы або ў адпаведнасці з законамі аб надзвычайным і ваенным становішчах.».

20. У частцы пятай артыкула 44 словы «пастановай суда» замяніць словамі «судовай пастановай».

21. У частцы першай артыкула 45:

словы «ў дзяржаўных установах аховы здароўя» замяніць словамі «за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам»;

дапоўніць частку сказам наступнага зместу: «Грамадзяне клапоцяцца аб захаванні ўласнага здароўя.».

22. Артыкул 46 дапоўніць часткай наступнага зместу:

«Рэспубліка Беларусь развівае атамную энергетыку з мірнымі мэтамі, забяспечвае бяспеку пры вытворчасці і выкарыстанні атамнай энергіі.».

23. Артыкул 47 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 47. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросце, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.

Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, а таксама аб інвалідах і пажылых людзях.

Інвалідам забяспечваюцца роўныя магчымасці для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Дзяржавай рэалізуецца палітыка сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэння даступнага асяроддзя і паляпшэння якасці іх жыцця, падтрымкі сем’яў з інвалідамі.».

24. У частцы трэцяй артыкула 49 словы «навучальных установах» замяніць словамі «установах адукацыі».

25. Частку чацвёртую артыкула 51 пасля слова «даследаванняў» дапоўніць словамі «, укараненню інавацый».

26. У артыкуле 52 словы «нацыянальныя традыцыі» замяніць словамі «дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі Беларусі».

27. Артыкул 54 дапоўніць часткай наступнага зместу:

«Захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.».

28. Артыкул 55 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя і беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў — абавязак кожнага.».

29. У артыкуле 58 словы «Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі» замяніць словамі «Канстытуцыяй і законамі».

30. Частку першую артыкула 60 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 60. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом у парадку і тэрміны, вызначаныя законам. Рашэнні і дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ўшчамляюць правы і свабоды, могуць быць абскарджаны ў суд.».

31. У артыкуле 61 словы «міжнародна-прававымі актамі, якія ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь,» замяніць словамі «міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь».

32. У частцы першай артыкула 62 словы «органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях» замяніць словамі «іншых арганізацыях».

33. Артыкул 64 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 64. Выбары дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.

Не маюць права выбіраць і быць выбранымі грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі.

Узроставы і іншыя цэнзы для дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаюцца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у іншых выпадках з’яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.».

34. Частку другую артыкула 67 дапоўніць словамі «ў апошнюю нядзелю лютага».

35. У артыкуле 69 словы «грамадскім аб’яднанням» замяніць словамі «палітычным партыям».

36. У артыкуле 70:

словы «грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў,» замяніць словамі «палітычных партый, іншых»;

дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«Забараняецца фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, замежнымі грамадзянамі, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.».

37. Артыкул 71 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 71. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Сістэму выбарчых камісій узначальвае Цэнтральная выбарчая камісія. Цэнтральная выбарчая камісія арганізуе выбары Прэзідэнта, дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах і рэферэндуме, а таксама іншыя паўнамоцтвы, устаноўленыя законам.

Старшыня і члены Цэнтральнай выбарчай камісіі выбіраюцца на пяць гадоў і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам.

Сістэма, парадак фарміравання, кампетэнцыя выбарчых камісій і гарантыі іх незалежнасці вызначаюцца законам.

Парадак правядзення выбараў вызначаецца законам.

Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча.».

38. У артыкуле 74:

частку першую пасля слова «ініцыятыве,» дапоўніць словамі «па прапанове Усебеларускага народнага сходу,»;

пасля часткі першай дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«Пытанні, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум, падлягаюць праверцы на адпаведнасць Канстытуцыі.»;

частку другую пасля слова «прапаноў» дапоўніць словамі «Усебеларускага народнага сходу,»;

частку трэцюю пасля слова «правядзення» дапоўніць словам «рэспубліканскага».

39. З артыкула 78 словы «Рэспублікі Беларусь» выключыць.

40. Назву раздзела ІV выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«РАЗДЗЕЛ ІV

ПРЭЗІДЭНТ, УСЕБЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ СХОД, ПАРЛАМЕНТ, УРАД, СУД».

41. Частку трэцюю артыкула 79 выключыць.

42. Артыкул 80 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 80. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віда на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі.».

43. У частцы першай артыкула 81:

пасля слова «выбіраецца» дапоўніць частку словам «тэрмінам»;

дапоўніць частку сказам наступнага зместу: «Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш за два тэрміны.».

44. У артыкуле 82:

частку першую пасля слова «выбары» дапоўніць словам «Прэзідэнта»;

з часткі чацвёртай словы «Рэспублікі Беларусь» выключыць.

45. У частцы другой артыкула 83:

пасля слоў «ў прысутнасці» дапоўніць частку словамі «членаў Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу,»;

словы «, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага» замяніць словамі «і Вярхоўнага».

46. У артыкуле 84:

пункт 4 выключыць;

пункт 5 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«5) утварае, скасоўвае і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі, а таксама кансультатыўна-дарадчыя і іншыя органы пры Прэзідэнце, вызначае іх статус;»;

у пункце 6 словы «са згоды» замяніць словамі «з папярэдняй згоды»;

пункт 8 выключыць;

пункты 9 і 10 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«9) з папярэдняй згоды Савета Рэспублікі назначае на пасаду Генеральнага пракурора, Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам;

10) назначае суддзяў судоў агульнай юрысдыкцыі і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй;»;
пункты 11 і 12 выключыць;

у пункце 14 словы «без абмеркавання на пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі» замяніць словамі «на Усебеларускім народным сходзе»;
пункт 16 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«16) назначае прадстаўнікоў Прэзідэнта ў Парламенце, памочнікаў, упаўнаважаных і іншых службовых асоб, пасады якіх вызначаны ў адпаведнасці з заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй;»;

пункт 18 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«18) узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, прысвойвае класныя чыны і званні, пазбаўляе дзяржаўных узнагарод, класных чыноў і званняў на падставах, прадугледжаных законам;»;

пункт 20 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«20) вядзе перагаворы і падпісвае міжнародныя дагаворы, назначае на пасаду і вызваляе ад пасады паслоў і пастаянных прадстаўнікоў пры міжнародных арганізацыях;»;

пункт 22 пасля слоў «а таксама» дапоўніць словамі «спроб гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу, масавых і іншых»;

з пункта 28 словы «Рэспублікі Беларусь» выключыць;

пункт 30 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«30) ажыццяўляе іншыя ўстаноўленыя Канстытуцыяй і законамі паўнамоцтвы, неабходныя для рэалізацыі ўскладзеных на яго канстытуцыйных функцый.».

47. Частку другую артыкула 85 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Указы і распараджэнні Прэзідэнта не павінны супярэчыць законам.».

48. У артыкуле 86:

частку першую выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 86. Прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, а таксама атрымліваць апрача заработнай платы грашовыя ўзнагароджанні, за выключэннем аўтарскага ўзнагароджання за творы навукі, літаратуры і мастацтва.»;

з часткі другой словы «і іншых грамадскіх аб’яднаннях, якія дамагаюцца палітычных мэт,» выключыць.

49. Артыкул 88 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 88. Прэзідэнт можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі.

Прэзідэнт можа быць зняты з пасады Усебеларускім народным сходам у выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі або ўчынення дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Прапанова аб выстаўленні абвінавачання Прэзідэнту і зняцці яго з пасады ўносіцца Усебеларускаму народнаму сходу па ініцыятыве не менш як адной трэці ад поўнага складу

Палаты прадстаўнікоў або не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам. Расследаванне абвінавачання арганізуецца Усебеларускім народным сходам.

Рашэнне Усебеларускага народнага сходу аб зняцці Прэзідэнта з пасады прымаецца пасля атрымання заключэння Канстытуцыйнага Суда аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі ў выпадку, калі Прэзідэнт абвінавачваецца ў такім парушэнні Канстытуцыі.

Рашэнне Усебеларускага народнага сходу аб зняцці Прэзідэнта з пасады лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Усебеларускага народнага сходу.

Непрыняцце Усебеларускім народным сходам рашэння аб зняцці Прэзідэнта з пасады на працягу двух месяцаў з дня ўнясення прапановы аб выстаўленні абвінавачання азначае адхіленне абвінавачання. Прапанова аб выстаўленні абвінавачання Прэзідэнту і зняцці яго з пасады не можа ініцыявацца ў перыяд разгляду ў адпаведнасці з Канстытуцыяй пытання аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Парламента.

У выпадку зняцця Прэзідэнта ў сувязі з учыненнем злачынства справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярхоўным Судом.».

50. Дапоўніць Канстытуцыю артыкулам 881 наступнага зместу:

«Артыкул 881. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам пераходзяць да Старшыні Савета Рэспублікі.

У выпадку гібелі Прэзідэнта ў выніку замаху на яго жыццё, учынення акта тэрарызму, ваеннай агрэсіі, у выніку іншых дзеянняў гвалтоўнага характару:

пасяджэнні Савета Бяспекі праводзяцца пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі;

неадкладна на падставе рашэння Савета Бяспекі ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча;

дзяржаўныя органы і службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасці з рашэннямі Савета Бяспекі.».

51. Артыкул 89 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 89. Прэзідэнт валодае недатыкальнасцю, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам.

Палажэнні часткі першай гэтага артыкула распаўсюджваюцца на Прэзідэнта, які спыніў выкананне паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі ці стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта.

Прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

Статус Прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, устанаўліваецца законам.».

52. Дапоўніць Канстытуцыю главой 31 наступнага зместу:

"Глава 31

УСЕБЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ СХОД

Артыкул 891. Усебеларускі народны сход — найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.

Артыкул 892. Дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу з’яўляюцца:

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі;

прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады;

прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў;

прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці на Усебеларускі народны сход выбіраюцца ад кожнай вобласці і горада Мінска ў парадку, які вызначаецца законам.

Гранічная колькасць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу складае 1200 чалавек.

Тэрмін паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу складае пяць гадоў.

Усебеларускі народны сход склікаецца на першае пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіяй не пазней за 60 дзён пасля выбараў дэпутатаў.

Дэлегат Усебеларускага народнага сходу прымае ўдзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу без адрыву ад працоўнай (службовай) дзейнасці.

Калегіяльным органам, які забяспечвае ў парадку, устаноўленым законам, аператыўнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзяць у кампетэнцыю Усебеларускага народнага сходу, з’яўляецца Прэзідыум.

Старшыня Усебеларускага народнага сходу, яго намеснікі і іншыя члены Прэзідыума выбіраюцца Усебеларускім народным сходам тайным галасаваннем.

Артыкул 893. Усебеларускі народны сход:

1) зацвярджае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі;

2) зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь;

3) заслухоўвае Прэм’ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь;

4) прапануе змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю;

5) прапануе правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў;

6) мае права разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў;

7) прымае рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады ў выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння ім Канстытуцыі або ўчынення дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства;

8) мае права ўвесці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь надзвычайнае або ваеннае становішча пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, і ў выпадку бяздзейнасці Прэзідэнта па гэтых пытаннях; увядзенне надзвычайнага або ваеннага становішча разглядаецца Усебеларускім народным сходам па ініцыятыве Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу або Савета Рэспублікі;

9) па прапанове Прэзідэнта, папярэдне ўзгодненай з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу:

выбірае Старшыню, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам;

выбірае Старшыню, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам;

выбірае Старшыню і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі і вызваляе іх ад пасады на падставах, прадугледжаных законам;

10) па прапанове Прэзідэнта прымае рашэнне аб магчымасці накіравання ваеннаслужачых, супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, іншых асоб за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі;

11) устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні;

12) узнагароджвае Прэзідэнта дзяржаўнымі ўзнагародамі, а таксама прапануе асоб для ўзнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі;

13) дае абавязковыя для выканання даручэнні дзяржаўным органам і службовым асобам, атрымлівае інфармацыю ад дзяржаўных органаў і службовых асоб, ажыццяўляе іншыя ўстаноўленыя Канстытуцыяй і законам паўнамоцтвы, неабходныя для рэалізацыі ўскладзеных на яго канстытуцыйных функцый.

Артыкул 894. Пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу праводзяцца не радзей чым адзін раз на год.

Усебеларускі народны сход можа быць скліканы на нечарговае пасяджэнне па ініцыятыве Прэзідэнта, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, абедзвюх палат Нацыянальнага сходу (сумесным рашэннем), а таксама па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.

Артыкул 895. Усебеларускі народны сход для рэалізацыі ўскладзеных на яго канстытуцыйных функцый прымае рашэнні.

Рашэнні Усебеларускага народнага сходу з’яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў.

Артыкул 896. Кампетэнцыя, парадак фарміравання і дзейнасці Усебеларускага народнага сходу вызначаюцца Канстытуцыяй і законам.«.

53. У артыкуле 91:

частку другую дапоўніць сказам наступнага зместу: «Членам Савета Рэспублікі пажыццёва з яго згоды з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі.»;

у частцы трэцяй словы «чатыры месяцы і праводзяцца не пазней як за 30 дзён да сканчэння паўнамоцтваў палат дзеючага склікання Парламента» замяніць словамі «тры месяцы да адзінага дня галасавання».

54. У артыкуле 92:

частку трэцюю выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў Парламенце на прафесійнай аснове.»;

другі сказ часткі чацвёртай пасля слоў «не можа быць» дапоўніць словамі «членам Урада,».

55. У артыкуле 93:

у частцы першай словы «чатыры гады» замяніць словамі «пяць гадоў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй»;
частку другую выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Першая пасля выбараў сесія палат Парламента склікаецца Цэнтральнай выбарчай камісіяй і пачынае сваю работу не пазней як праз 30 дзён пасля выбараў. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца з дня выбараў. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Савета Рэспублікі ажыццяўляецца з дня першага пасяджэння дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню па выбарах членаў Савета Рэспублікі ад вобласці або горада Мінска.».

56. У артыкуле 94:

у частцы першай слова «згоды» замяніць словамі «папярэдняй згоды»;

у частцы чацвёртай словы «або зняцці» замяніць словамі «Прэзідэнта ад пасады або ў перыяд вырашэння Усебеларускім народным сходам пытання аб зняцці»;

частку пятую дапоўніць словамі «і ў апошні год паўнамоцтваў Парламента»;

дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«У выпадку роспуску палат Парламента нававыбраны склад адпаведнай палаты ажыццяўляе свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў Парламента, выбранага ў адзіны дзень галасавання.».

57. Артыкул 95 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 95. Палаты збіраюцца на сесію, якая адкрываецца ў трэці аўторак верасня і закрываецца ў апошні працоўны дзень чэрвеня наступнага года.

Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі ў выпадку асаблівай неабходнасці склікаюцца на нечарговую сесію старшынямі палат па ініцыятыве Прэзідэнта або большасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу кожнай з палат па парадку дня і ў тэрмін, вызначаныя ініцыятарам.».

58. У частках першай і другой артыкула 96 слова «намесніка» замяніць словам «намеснікаў».

59. У частцы першай артыкула 97:

у пункце 1:

пасля слова «Прэзідэнта» дапоўніць пункт словамі «, Усебеларускага народнага сходу, не менш як адной трэці ад поўнага складу кожнай з палат Парламента»;

словы «, аб тлумачэнні Канстытуцыі» выключыць;

у пункце 2:

словы «, у тым ліку аб зацвярджэнні асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; ратыфікацыі» замяніць словамі «аб ратыфікацыі»;

словы «зацвярджэнні рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні;» выключыць;

словы «аб прававым рэжыме ваеннага і надзвычайнага становішча» замяніць словамі «аб прававых рэжымах надзвычайнага і ваеннага становішчаў»;

дапоўніць пункт словамі «; праекты іншых законаў»;

дапоўніць частку пунктам 21 наступнага зместу:

«21) разглядае праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і аб зацвярджэнні справаздачы аб яго выкананні. Праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і аб зацвярджэнні справаздачы аб яго выкананні ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў Урадам па ўзгадненні з Прэзідэнтам;»;

пункт 4 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«4) дае папярэднюю згоду Прэзідэнту на назначэнне на пасаду Прэм’ер-міністра;»;
дапоўніць частку пунктам 51 наступнага зместу:

«51) штогод заслухоўвае інфармацыю Генеральнага пракурора, Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка аб выніках іх дзейнасці;»;
пункт 9 выключыць.

60. У частцы першай артыкула 98:

з пункта 1 словы «аб тлумачэнні Канстытуцыі;» выключыць;

пункт 2 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«2) дае папярэднюю згоду Прэзідэнту на назначэнне на пасаду і вызваленне ад пасады Генеральнага пракурора, Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, Старшыні і членаў Праўлення Нацыянальнага банка;»;

дапоўніць частку пунктам 21 наступнага зместу:

«21) штогод заслухоўвае інфармацыю Генеральнага пракурора, Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка аб рэзультатах іх дзейнасці;»;

пункты 3 і 4 выключыць;

пункт 5 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«5) аналізуе дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў, прымае меры па развіцці мясцовага самакіравання; адмяняе рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству;»;

пункт 7 выключыць.

61. У артыкуле 99:

частку першую пасля слова «Прэзідэнту,» дапоўніць словамі «Усебеларускаму народнаму сходу,»;

у частцы другой словы «могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта або па яго даручэнню — Урада» замяніць словамі «уносяцца ў Палату прадстаўнікоў пры наяўнасці заключэння Урада».

62. У артыкуле 100:

пасля часткі другой дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«Закон аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год прымаецца да пачатку фінансавага года. У выпадку непрыняцця закона аб рэспубліканскім бюджэце ва ўказаны тэрмін ажыццяўляецца часовае кіраванне рэспубліканскім бюджэтам.»;

частку шостую выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным гэтым артыкулам, прадстаўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закона, ён у двухтыднёвы тэрмін падпісвае закон.»;

пасля часткі шостай дапоўніць артыкул часткамі наступнага зместу:

«Калі Прэзідэнт на працягу ўказанага тэрміну звернецца ў Канстытуцыйны Суд з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці закона, тэрмін для падпісання такога закона прыпыняецца на час разгляду прапановы Канстытуцыйным Судом. Заключэнне Канстытуцыйнага Суда павінна быць прынята не пазней за дзесяць дзён з дня ўнясення Прэзідэнтам адпаведнай прапановы. Калі Канстытуцыйны Суд пацвердзіць канстытуцыйнасць закона, Прэзідэнт падпісвае яго ў пяцідзённы тэрмін з дня прыняцця Канстытуцыйным Судом адпаведнага заключэння. У выпадку прызнання Канстытуцыйным Судом закона не адпаведным Канстытуцыі Прэзідэнт вяртае яго ў Палату прадстаўнікоў.

Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу двух тыдняў пасля таго, як ён быў прадстаўлены Прэзідэнту, а ў выпадку прыняцця Канстытуцыйным Судом заключэння аб канстытуцыйнасці закона — пяці дзён з дня прыняцця адпаведнага заключэння, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не ўступае ў сілу, калі ён не мог быць вернуты ў Парламент у сувязі з заканчэннем сесіі.».

63. Артыкул 101 выключыць.

64. У артыкуле 103:

пасля часткі першай дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«Палаты могуць збірацца сумесна для заслухоўвання штогадовай інфармацыі Генеральнага пракурора, Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка аб рэзультатах іх дзейнасці, а таксама для вырашэння іншых пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Парламента.»;

з часткі трэцяй словы «, што ўтвараюцца або выбіраюцца Парламентам» выключыць;

у частцы чацвёртай словы «на ім прысутнічае не менш як дзве трэці» замяніць словамі «ў ім удзельнічае большасць».

65. У артыкуле 104:

частку чацвёртую выключыць;

у частцы пятай:

пасля слова «неадкладнаму» дапоўніць частку словам «афіцыйнаму»;

другі сказ выключыць.

66. Артыкул 105 пасля слова «вызначаецца» дапоўніць словамі «законам і».

67. У артыкуле 106:

у частцы чацвёртай словы «іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання» замяніць словамі «іншых дзяржаўных органаў і арганізацый»;

у частцы пятай словы «са згоды» замяніць словамі «з папярэдняй згоды»;

у частцы сёмай:

дапоўніць частку пунктам 41 наступнага зместу:

«41) штогод інфармуе Усебеларускі народны сход аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь;»;

у пункце 5 словы «выконвае іншыя функцыі» замяніць словамі «ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы».

68. Артыкул 107 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 107. Урад Рэспублікі Беларусь:

кіруе сістэмай падпарадкаваных яму рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, а таксама па пытаннях, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, сістэмай мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў;

распрацоўвае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі;

распрацоўвае і ўносіць па ўзгадненні з Прэзідэнтам у Палату прадстаўнікоў праекты законаў аб рэспубліканскім бюджэце і аб зацвярджэнні справаздачы аб яго выкананні; забяспечвае выкананне рэспубліканскага бюджэту;

забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі і інавацый, культуры, адукацыі, аховы здароўя,

экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы, дзяржаўна-прыватнага партнёрства;

прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю;

выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзяржаўнай уласнасцю;

забяспечвае выкананне Канстытуцыі, рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, законаў, актаў Прэзідэнта;

адмяняе акты міністэрстваў і іншых падначаленых яму рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;

уносіць Прэзідэнту прапановы аб адмене рашэнняў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку неадпаведнасці іх заканадаўству;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта.».

69. У артыкуле 108:

у частцы першай словы «Рэспублікі Беларусь выдае» замяніць словам «прымае»;

пасля часткі другой дапоўніць артыкул часткай наступнага зместу:

«Пастановы Урада і распараджэнні Прэм’ер-міністра не павінны супярэчыць законам і рашэнням Прэзідэнта.».

70. У артыкуле 109:

у частцы першай словы «належыць судам» замяніць словамі «ажыццяўляецца судамі»;

частку трэцюю пасля слова «вызначаецца» дапоўніць словамі «Канстытуцыяй і».

71. Артыкул 112 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 112. Суды ажыццяўляюць правасуддзе на падставе Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй іншых нарматыўных прававых актаў.

Калі пры разглядзе канкрэтнай справы ў суда ўзнікнуць сумненні ў канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню, суд да вынясення судовай пастановы ставіць ва ўстаноўленым законам парадку перад Канстытуцыйным Судом пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці гэтага нарматыўнага прававога акта.».

72. Дапоўніць Канстытуцыю артыкулам 1121 наступнага зместу:

«Артыкул 1121. Вярхоўны Суд узначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі і з’яўляецца найвышэйшым судовым органам, які ажыццяўляе правасуддзе праз грамадзянскае, крымінальнае і іншыя формы судаводства, прадугледжаныя законам.

Старшыня, намеснікі Старшыні і суддзі Вярхоўнага Суда выбіраюцца і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам. Старшыня і намеснікі Старшыні Вярхоўнага Суда выбіраюцца з ліку суддзяў Вярхоўнага Суда.».

73. Артыкул 113 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 113. Справы ў судах разглядаюцца суддзямі аднаасобна, а ў прадугледжаных законам выпадках — калегіяльна.».

74. У частцы другой артыкула 115 словы «грамадзян і службовых асоб» замяніць словамі «дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб і грамадзян».

75. Артыкул 116 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 116. Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве праз канстытуцыйнае судаводства ў мэтах абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень.

Старшыня, намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам. Старшыня і намеснік Старшыні Канстытуцыйнага

Суда выбіраюцца з ліку суддзяў Канстытуцыйнага Суда.

Суддзі Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца на 11 гадоў.

Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Канстытуцыйнага Суда вызначаюцца Канстытуцыяй і законам.».

76. Дапоўніць Канстытуцыю артыкулам 1161 наступнага зместу:

«Артыкул 1161. Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда, Савета

Міністраў дае заключэнні:

аб тлумачэнні Канстытуцыі;

аб адпаведнасці Канстытуцыі законаў, указаў Прэзідэнта, пастаноў Савета Міністраў, нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў.

Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта дае заключэнні:

аб канстытуцыйнасці праектаў законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю;

аб адпаведнасці Канстытуцыі законаў, прынятых Парламентам, да іх падпісання Прэзідэнтам;

аб канстытуцыйнасці пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум;

аб адпаведнасці Канстытуцыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія не ўступілі ў сілу.

У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны Суд у двухтыднёвы тэрмін дае заключэнні:

па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі;

па прапанове Прэзідэнта аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі.

Канстытуцыйны Суд па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу дае заключэнні аб канстытуцыйнасці правядзення выбараў Прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі.

Канстытуцыйны Суд у парадку, устаноўленым законам, выносіць рашэнні:

па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны;

па запытах судоў, правяраючы канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе судамі канкрэтных спраў.

Заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць.».

77. Артыкул 118 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 118. Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на пяць гадоў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

У выпадку роспуску мясцовага Савета дэпутатаў нававыбраны склад гэтага Савета дэпутатаў ажыццяўляе свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выбраных у адзіны дзень галасавання.».

78. У абзацы другім артыкула 121 словы «эканамічнага і сацыяльнага» замяніць словам «сацыяльна-эканамічнага».

79. У артыкуле 125: частку першую выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 125. Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, указаў і іншых нарматыўных прававых актаў міністэрствамі і іншымі падначаленымі Савету Міністраў органамі, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі, іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў.»;

у частцы другой слова «рашэнняў» замяніць словам «пастаноў».

80. У частцы першай артыкула 126 словы «які назначаецца Прэзідэнтам са згоды» замяніць словамі «які назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Прэзідэнтам з папярэдняй згоды».

81. У частцы другой артыкула 130 словы «назначаецца Прэзідэнтам» замяніць словамі «назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Прэзідэнтам з папярэдняй згоды Савета Рэспублікі».

82. З часткі першай артыкула 132 словы «прадпрыемстваў, устаноў,» выключыць.

83. З артыкула 134 словы «і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў» выключыць.

84. Назву раздзела VІІІ выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«РАЗДЗЕЛ VІІІ

ПАРАДАК ЗМЯНЕННЯ І ДАПАЎНЕННЯ КАНСТЫТУЦЫІ».

85. Артыкул 137 выключыць.

86. У артыкуле 138 словы «Прэзідэнта або» замяніць словамі «Прэзідэнта, Усебеларускага народнага сходу, не менш як адной трэці ад поўнага складу кожнай з палат Парламента або».

87. Частку другую артыкула 139 пасля слова «надзвычайнага» дапоўніць словамі «або ваеннага».

88. Артыкул 140 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«Артыкул 140. Законы аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб увядзенні ў дзеянне ўказаных законаў лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу кожнай з палат Парламента.

Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэнне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі шляхам рэферэндуму лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш як палова грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Лічыцца, што рэферэндум адбыўся, калі ў ім прынялі ўдзел больш як палова грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

Раздзелы І, ІІ, ІV, VІІІ Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.».

89. Раздзел ІX выкласці ў наступнай рэдакцыі:

«РАЗДЗЕЛ ІX

ЗАКЛЮЧНЫЯ І ПЕРАХОДНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 141. Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання такіх змяненняў і дапаўненняў, калі іншае не вызначана ў гэтым раздзеле.

Артыкул 142. Законы, указы Прэзідэнта і іншыя акты, што дзейнічалі да ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.

На працягу двух гадоў пасля ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі законы, прадугледжаныя ў Канстытуцыі, указы і распараджэнні Прэзідэнта павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з Канстытуцыяй.

Дэкрэты Прэзідэнта, выдадзеныя да ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, прымяняюцца да прызнання іх страціўшымі сілу законамі. Палажэнні адпаведных дэкрэтаў маюць прыярытэт у дачыненні да прынятых да іх выдання палажэнняў законаў.

Артыкул 143. Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыццяўляюць сваю дзейнасць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораны (выбраны, назначаны), або да спынення іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.

Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі, што абмяжоўваюць колькасць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду Прэзідэнта, уступаюць у сілу з дня ўступлення на пасаду нававыбранага Прэзідэнта.

Артыкул 144. Закон, які вызначае кампетэнцыю, парадак фарміравання і дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, падлягае прыняццю на працягу года з дня ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Асоба, якая займае пасаду Прэзідэнта на дату ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, можа адначасова з’яўляцца Прэзідэнтам і Старшынёй Усебеларускага народнага сходу.

Артыкул 145. Да фарміравання Усебеларускага народнага сходу выбранне (назначэнне), вызваленне ад пасады Старшыні, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда, Старшыні, намеснікаў Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыні і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама іншыя паўнамоцтвы, што перадаюцца Усебеларускаму народнаму сходу, ажыццяўляюцца ў парадку, які дзейнічаў да ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі.

Артыкул 146. Члены Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прызнаюцца членамі Цэнтральнай выбарчай камісіі і захоўваюць свае паўнамоцтвы на ўвесь тэрмін іх выбрання (назначэння).

Цэнтральная выбарчая камісія ажыццяўляе паўнамоцтвы па арганізацыі выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу пасля ўступлення ў сілу закона, які вызначае кампетэнцыю, парадак фарміравання і дзейнасці Усебеларускага народнага сходу.

Артыкул 147. Палаты Нацыянальнага сходу сёмага склікання захоўваюць свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу восьмага склікання.

Мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання правесці ў адзіны дзень галасавання ў апошнюю нядзелю лютага 2024 г.

Артыкул 148. Частка пятая артыкула 1161 Канстытуцыі ўступае ў сілу пасля прывядзення заканадаўства аб канстытуцыйным судаводстве ў адпаведнасць са змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі і прымяняецца ў дачыненні да законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, прымененых (якія падлягаюць прымяненню) у канкрэтнай справе пасля яе ўступлення ў сілу».

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.