Вы тут

У Зэльвенскім раёне аднаўляюцца паркі былых княжацкіх сядзіб


Калі раней сродкі на падобныя праекты шукалі ў міжнародных арганізацыях, то цяпер мясцовыя жыхары спадзяюцца больш на сябе. Напрыклад, сродкі на добраўпарадкаванне старажытнага парку ў Дзярэчыне выдзяляюцца з нядаўна створанага абласнога фонду грамадзянскіх ініцыятыў.


Аграгарадок Князева. Як стары парк стаў мясцовай славутасцю

Да аднаўлення парку тут прыступілі некалькі гадоў таму.

— Было крыху страшна, — прызнаўся падчас шпацыру старшыня Крамяніцкага сельвыканкама Аляксандр Дзерачэнік. — Бо парк даволі моцна зарос непралазнымі кустамі, амаль канчаткова згубіў сваю ўнікальнасць, хоць некалі славіўся і рэдкімі раслінамі, і дрэвамі, і прыгожым вадаёмам.

Закладваў яго роўна 150 гадоў таму адстаўны генерал Жураў, які атрымаў тут сядзібу. У парку засталася частка каменнай гаспадарчай пабудовы тых часоў. Але не толькі. Галоўнае, што засталіся старыя дрэвы: чырвоны дуб, канадскі клён, піхты, ліпы, хвойкі
Сасноўскага. Гэта зараз яны выглядаюць велічна, а тады з-за хмызняку на іх мала звярталі ўвагі.

Кіраўнік мясцовай адміністрацыі ўдакладняе: «Вельмі хацелася вярнуць парку прыгожы выгляд. Важна было таксама добраўпарадкаваць тут сучасную зону адпачынку — і для аматараў актыўнага ладу жыцця, і для сустрэч з сябрамі. Таксама ўлічвалі і сем'і з дзецьмі».

Прапанавалі сацыяльны праект на конкурс, які быў арганізаваны грамадскім аб'яднаннем, атрымалі грант у памеры пяці тысяч долараў. Сума невялікая, зазначыў Аляксандр Дзерачэнік. Гэтыя сродкі дазволілі толькі пачаць работы, а вось асноўныя, у тым ліку фінансавыя намаганні, узяла на сябе сельгасгаспадарка «Князева». Далучыліся і самі месцічы. Усе альтанкі, лаўкі рабілі ўласнымі сіламі, каб было танней. Прычым і сам старшыня сельвыканкама не стаяў убаку — працаваў у сталярнай майстэрні разам з іншымі апантанымі вяскоўцамі.

— Тое, што мы задумалі, можна сказаць, за два гады здзейснілі. На сёння парк становіцца любімым месцам адпачынку ўсяго наваколля. Моладзь збіраецца каля альтанак. Тут устаноўлены мангалы для шашлыкоў. Уздоўж прыбярэжнай паласы праведзена электрычнае асвятленне. Для аматараў спорту ёсць валейбольная пляцоўка. Летам можна здзейсніць водную прагулку на катамаране. Абсталяваны дзіцячы гульнявы гарадок. Для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў устаноўлена сцэна, — распавядае суразмоўца і звяртае ўвагу на гравійную дарожку, якая пракладзена мясцовым сельскагаспадарчым філіялам.

У далейшых планах — заасфальтаваць галоўныя сцежкі. І тут не абысціся без дапамогі філіяла «Князева». Старшыня сельвыканкама ўдакладняе: гаспадарка многа зрабіла. Яе ўклад у некалькі разоў перавышае памеры гранта. Каб гэтага не адбылося, наўрад ці парк стаў бы такім прывабным, у тым ліку і для ўрачыстых мерапрыемстваў, напрыклад мясцовых Дажынак. Менавіта тут шанавалі ўдзельнікаў мінулага жніва на раённым фестывалі хлебаробаў. Пасля свята, дарэчы, з'явілася нямала новых скульптур, якія зрабіла на конкурс кожная гаспадарка. Парк і надалей будуць папаўняць малыя архітэктурныя формы.

Аляксандр Дзерачэнік не хавае роспачы з прычыны некаторых выпадкаў пашкоджання грамадскай маёмасці. Бывае, што і альтанку зламаюць, і мангал, смецце пасля сябе пакінуць, хоць побач стаяць сметніцы, ёсць і адпаведныя кантэйнеры.

— З цягам часу такіх выпадкаў назіраецца ўсё менш, — зазначае старшыня сельвыканкама. — Мясцовыя жыхары імкнуцца да парадку ў паркавай зоне. У асноўным усё праходзіць цывілізавана. Людзі разумеюць, што калі штосьці паламаюць, значыць, не змогуць больш тут адпачыць. І чысціню пакінуць пасля сябе магчыма.

У далейшых планах — зрабіць экалагічную сцежку. У наваколлі нямала рэліктавых дрэў, падарожжа да якіх абяцае быць цікавым. Адно з такіх расце і ў самім парку — канадскі вяз. Мала таго што ён вельмі стары, мабыць, яшчэ з часоў закладкі парку, дык мае незвычайную форму. Яго тоўсты ствол нібы пастаўлены на роўна зрэзаны пень, а ў вышыні раздзяляецца надвое. Вось такі цуд прыроды.

Аграгарадок Дзярэчын. На пачатку аднаўлення

Калі князеўцы ўжо карыстаюцца сваім адроджаным паркам, то дзярэчынцы толькі прыступаюць да справы вяртання колішняй славутасці. У іх таксама былі спадзяванні на грант, бо праект «Адраджэнне Сапегаўскага парку» перамог у еўрапейскім конкурсе. Гэта было год таму, але фінансаванне так і не пачалося — праект спынілі. Можна зразумець расчараванне адміністрацыі Дзярэчынскага сельвыканкама і ўсіх месцічаў, якія спадзяваліся пераўтварыць пустку ў камфортную зону адпачынку, абсталяваць веласіпедную дарожку, культурную і дзіцячыя зоны.

І ўсё ж мясцовая ініцыятыва не загінула. Праект па добраўпарадкаванні Сапегаўскага парку стаў пераможцам конкурсу ў рамках Гродзенскага абласнога фонду грамадзянскіх ініцыятыў. Гэта новае фарміраванне, створанае Асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў пры абласным Савеце. Праект па аднаўленні парку Сапегаў аказаўся ў ліку 14 пераможцаў конкурсу. А ўсяго было пададзена 104 заяўкі.

Па словах старшыні Дзярэчынскага сельвыканкама Аляксандра Белякалы, да рэалізацыі праекта гатовы падключыцца мясцовыя актывісты. Партнёрам выступіць сяльгаспрадпрыемства «Галынка». Канцэпцыя парку застаецца такой, як і планавалася напачатку.

Першыя крокі ўжо зроблены. Тэрыторыя зоны адпачынку пазбаўлена смецця, сухастою, аварыйных дрэў і старых пнёў. Майстры пачалі работу па вырабе лавак і альтанак, якія будуць стаяць па перыметры парку. Упрыгожаць зону адпачынку драўляныя скульптуры. Прыкладаюцца ўсе намаганні, каб стварыць тут утульны куток адпачынку для месцічаў і турыстаў.

А нагод для наведвання аграгарадка нямала. Яго гісторыя цесна звязана з родам Сапегаў, магутнымі і ўплывовымі магнатамі. Тут была адна з іх галоўных рэзідэнцый, таму Дзярэчын у ХVІІ стагоддзі нават называлі беларускім Версалем. Каля палаца быў разбіты сад і парк у выглядзе трох тэрас. Уздоўж шырокіх алей раслі каштаны і таполі.

— Справа не ў тым, каб вярнуць прыродна-гістарычнаму аб'екту былы выгляд, — зазначае старшыня сельвыканкама. — Такая задача не стаіць, бо зараз іншыя патрэбы. Нам важна, каб людзі мелі камфортны куток прыроды для адпачынку — як для душы, так і для цела. Таму мяркуем абсталяваць спартыўныя пляцоўкі з трэнажорамі. Іх, дарэчы, плануем закупіць за кошт гранта, які атрымалі ў абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Сума складае 7 тысяч рублёў.

Асноўныя работы будуць весціся вясной. Тады ж пачнецца і мантаж усіх запланаваных аб'ектаў. У перспектыве — высадка тэматычных алей, у тым ліку ў гонар знакамітых жыхароў Дзярэчына, працоўных дынастый, якія зрабілі важкі ўнёсак у развіццё малой радзімы. Па словах Аляксандра Белякалы, мясцовыя жыхары гатовы сумеснай працай вырашаць праблемы па добраўпарадкаванні свайго аграгарадка. На думку старшыні, гэта не толькі ўзнімае настрой, але і паляпшае якасць жыцця, садзейнічае развіццю мясцовых тэрыторый.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Па ініцыятыве жыхароў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.