Вы тут

«Жалезныя браты»: крокі еднасці


Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Тры дзесяцігоддзі беларуска-кітайскіх адносін і стварэнне супольнасці адзінага лёсу чаалвецтва», якая прайшла ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, падсумавала зробленае ў галіне беларуска-кітайскіх адносін на працягу мінулых трох дзесяцігоддзяў. 


Высокі ўзровень мерапрыемства засведчылі ганаровы ягосці канферэнцыі. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў сустрэчы (канферэнцыя, дарэчы, праводзілася ў фармаце вочным і ў рэжыме анлайн) звярнуліся першы намеснік прэм’ер-міністра ўрада Беларусі, сустаршыня Беларуска-Кітайскага ўрадавага камітэта па супрацоўніцтве Мікалай СНАПКОЎ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се СЯОЮН, рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ, старшыня Прэзідыўма Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна ІВАНОВА. 

Дырэктар РІКК БДУ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР у 2006 — 2011 гг. прафесар Анатоль ТОЗІК выступіў з дакладам «Асноўныя этапы і вынікі развіцця беларуска-кітайскіх адносін у палітычнай сферы». Пра навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая расказаў першы намеснік старшыні Прэзідыўма НАН Беларусі акадэмік Сяргей ЧЫЖЫК. Шмат цікавага ў аглядзе здзейсненага і вызначэнні перспектыў беларуска-кітайскіх адносін вылучылі ў сваіх дакладах і акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтва НАН Беларусі акадэмік Аляксандр КАВАЛЕНЯ, кіраўнік Адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандр ЯРАШЭНКА, незалежны дырэктар АААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР у 2016 — 2020 гг. прафесар Кірыл РУДЫ, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў Алег МАКАРАЎ. Галоўны лейтматыў літаральна ўсіх дакладаў — Кітай з’яўляецца прыкладам засваення традыцый і ўзорам рэзультатыўных інавацыйных вышукаў у сённяшнім часе. І другі, досыць важкі акцэнт: Беларусь і Кітай — сапраўдныя «жалезныя браты», такую адзнаку кіраўніцтва КНР выставіла беларуска-кітайскім адносінам, месцу Беларусі ў знешнепалітычных зацікаўленнях Паднябеснай. 

Пляцоўкай, грунтам перспектыўнага развіцця двухбаковых адносін ва ўсе часы з’яўляюцца культура, народная дыпламатыя. І гэтаму на міжнароднай канферэнцыі была нададзена асаблівая ўвага. Да культурных стасункаў у сваім дакладзе звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь у 2012 — 2017 гг. Барыс СВЯТЛОЎ (яго выступленне насіла наступную назву — «Летапіс беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне культуры»). Выступіў на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі з дакладам «Асноўныя напрамкі супрацоўніцтва беларускіх і кітайскіх сродкаў масавай інфармацыі: пачатак, сучасны стан, перспектывы» дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага «Звязда» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. 

Ішла гаворка на канферэнцыі і пра цэлы шэраг кніжных, выдавецкіх праектаў, якімі ў апошнія гады асабліва вылучаецца выдавецтва «Мастацкая літаратура», актыўна праяўляючы супольныя падыходы з кітайскімі кнігавыдаўцамі. Згаданы былі на канферэнцыі і такія важкія творчыя праекты, як анталогіі кітайскай паэзіі «Пад крыламі Дракона: сто паэтаў Кітая», «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: паэты Кітая XX стагоддзя», народжаныя дзякуючы перакладчыцкаму таленту лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага і выдадзеныя пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Асобна прэзентаваўся і праект «Светлыя знакі: паэты Кітая», у межах якога пабачылі свет у перакладзе на беларускую мову кнігі паэзіі Ду Фу, Ван Вэя, Лі Бо, Ай Ціна, Сюй Чжымо, Мэн Хаажаня, Вэнь Ідо, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня і іншых кітайскіх класікаў і паэтаў-сучаснікаў. Сярод перакладчыкаў — Юлія Алейчанка, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Бадак, Таццяна Сівец, Навум Гальпяровіч, Рагнед Малахоўскі, Дар’я Нечыпарук, Вераніка Жукавец і іншыя майстры мастацкага слова і маладыя паэты Беларусі. 

Несумненна, гуманітарныя, культурна-асветніцкія, кнігавыдавецкія, медыйныя адносіны Беларусі і Кітая патрабуюць далейшага развіцця. І яно немагчыма без удзелу ў генерацыі новых ідэй той вялікай каманды кітаістаў, усходазнаўцаў, якая дзякуючы нацыянальнай сістэме адукацыі сфарміравалася ў Беларусі за апошні час. Лідарам, вялікім арганізатарам у гэтай справе, несумненна, з’яўляецца Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ на чале з яго кіраўніком прафесарам Анатолем Тозікам.

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.