Вы тут

Архітэктар, які стварыў сілуэт беларускай сталіцы


Фланіруючы па парадным праспекце сталіцы, непазбежна сустракаешся з гэтымі трыма знакавымі гістарычнымі пабудовамі, што, нібыта бліскучыя перліны, нанізаны на галоўную гарадскую магістраль. Дом урада, Дом афіцэраў, галоўны корпус Акадэміі навук былі ўзведзены ў першай палове XX стагоддзя па праектах легендарнага архітэктара. Гэтыя і іншыя творы Іосіфа Лангбарда фарміруюць асаблівы сілуэт беларускай сталіцы і вызначаюць яе цэнтральную частку. У аўторак споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў і архітэктуры.


Іосіф Лангбард з жонкай Вольгай.

Летуценны хлопец

Велічныя каланады, агромністыя плошчы, хрустальныя люстры — тыповыя рысы яго стылю. Кажуць, нібыта сам Янка Купала, аднагодак Іосіфа Рыгоравіча, убачыўшы аднойчы праекты архітэктара, са скепсісам заўважыў: «А летуценны хлопец гэты Лангбард!» Ці напраўду падобная гісторыя мела месца, высветліць сёння складана. Аднак не выклікае сумненняў той факт, што Іосіф Рыгоравіч Лангбард сапраўды быў асобай незвычайнай і, бясспрэчна, тым яшчэ летуценнікам. Наўрад ці чалавек без палкай фантазіі здолеў бы здзейсніць штосьці падобнае, стаць геніем беларускага дойлідства.

Нарадзіўся будучы архітэктар 18 студзеня 1882 года ў Бельску, які ў тыя часы ўваходзіў у склад Гродзенскай губерні. У сціплым правінцыйным гарадку перш за ўсё цанілася ўменне зарабляць грошы. Вялікае значэнне гэтаму надавалася і ў сям’і Іосіфа Лангбарда. Бацькі не жадалі звяртаць увагу на «недарэчныя капрызы» таленавітага хлопца, таму воляю таты пасля заканчэння мясцовай гімназіі ў 1901 годзе Іосіф Лангбард апынуўся ў Адэсе. Па бацькоўскай задуме, у прымор’і юнак мусіў авалодваць мастацтвам камерцыі.

Але ж наперакор жаданню бацькоў і ў тайне ад іх Іосіф Лангбард паступіў на архітэктурнае аддзяленне мастацкага вучылішча пры адэскім Таварыстве выяўленчых мастацтваў. У 1906 годзе, паспяхова скончыўшы ўстанову, юнак задумаў працягнуць навучанне. Праз год ён перабіраецца ў Санкт-Пецярбург і без вялікіх намаганняў паступае на Архітэктурны факультэт Вышэйшага мастацкага вучылішча пры Імператарскай акадэміі мастацтваў. Падчас навучання ўдасканальвае атрыманыя веды, падпрацоўваючы памочнікам архітэктара на будоўлях Пецярбурга.

Эскіз тэатра оперы і балета.

Пад кіраўніцтвам Аляксандра Памяранцава, аўтара праекта маскоўскага ГУМа, Лангбард у 1914 годзе абараніў дыпломны праект «Будынак Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі». Амаль адразу пасля заканчэння акадэміі творца быў прызваны ў армію. Набліжалася Першая сусветная вайна. Прайшоўшы падрыхтоўчыя ваенна-тэхнічныя курсы, быў адпраўлены на фронт начальнікам інжынернага атрада. Кіраваў будаўніцтвам аб’ектаў у тыле і на фронце. Не збіраючыся прыпыняць уласную творчасць, архітэктар нават падчас баявых дзеянняў умудраўся ўдзельнічаць і перамагаць у розных конкурсах.

У гады Вялікай вайны і адразу пасля яе па праектах Іосіфа Рыгоравіча было ўзведзена некалькі новых будынкаў у Петраградзе і Кастраме, пад яго кіраўніцтвам ажыццяўляліся рэстаўрацыі многіх разбураных пабудоў. Апроч таго, архітэктар актыўна займаўся праектаваннем мемарыялаў і надмагільных помнікаў ахвярам страшнай трагедыі. Іншымі словамі, у той час Лангбард бярэцца за напрацоўку партфоліа і, трэба сказаць, не без поспеху. З усталяваннем міру і прыходам бальшавікоў архітэктар становіцца па-сапраўднаму запатрабаваным, яму даручаюць буйныя праекты.

Мы наш, мы новы...

Увесну 1918 года Іосіф Лангбард уладкоўваецца ў будаўнічую кантору Петраградскага гарадскога аддзела аховы здароўя на пасаду праекціроўшчыка. Тут ён прапрацуе да 1932-га, да таго моманту, пакуль не будзе запрошаны ў Мінск для выканання адказнай місіі — узвядзення «горада мары». Тагачасны Мінск не мог пахваліцца асаблівай высакароднасцю парадных фасадаў і, па меркаванні ўлад, меў вострую патрэбу ў абноўленым абліччы, якое б болей адпавядала статусу заходняй сталіцы. Уласна, задача надаць гораду новае дыханне і выпала ўраджэнцу Беларусі Лангбарду.

Пачалося ўсё ў 1929 годзе, калі амаль што фантастычная работа таленавітага архітэктара перамагла ў конкурсе на найлепшы праект Дома ўрада Беларускай ССР. Па-сапраўднаму візіянерскі, нечалавечага маштабу будынак нечакана атрымаў першую прэмію і быў узяты для далейшых распрацоўкі і ўдасканалення. Вялізная пабудова, натхнёная спадчынай канструктывізму (які ў той час быў ужо на зыходзе існавання), першапачаткова мусіла ўтвараць замкнёную фігуру. Роля апошняй грані адводзілася мосту, што яднаў паміж сабой два бакавыя крылы, на ім планавалася кафедра для выступленняў.

Пазней ад падобных «празмернасцей» давялося адмовіцца, але нашмат бяднейшым ад гэтага праект не стаў. Скульптура правадыра сусветнага пралетарыяту на плошчы перад уваходам прадугледжвалася яшчэ ў першапачатковым конкурсным варыянце. Кажуць, што пры выбары пераможцы менавіта гэтая ідэя і стала вырашальным аргументам на карысць лангбардаўскага праекта. У зладжаным тут жа конкурсе на стварэнне манументальнай кампазіцыі па выніках некалькіх тураў перамог Мацвей Манізер. У суаўтарстве з ім Лангбарду давядзецца стварыць яшчэ не адну скульптурную групу ў розных гарадах па ўсёй краіне.

Адзін з першых эскізаў Дома ўрада.

Будаўніцтва ў першай палове 30-х Дома ўрада ў самым сэрцы тагачаснага Мінска засведчыла нараджэнне на тэрыторыі Беларусі новага архітэктурнага стылю — ар-дэко. У айчыннай традыцыі гэты мастацкі кірунак прынята атаясамліваць з неаканструктывізмам, то-бок пераасэнсаваннем і актуалізацыяй канструктывісцкай спадчыны. Аднак праўда ў тым, што дадзены стыль ляжыць дзесьці пасярэдзіне паміж класічнай і нонкласічнай архітэктурай. Напрыклад, будынкі Іосіфа Лангбарда бяруць ад «функцыянальнага» канструктывізму ўсе найлепшыя дасягненні, але не цураюцца прытым і багатага дэкарыравання.

Сімфонія Лангбарда

Наступнымі крокамі на шляху да ўзвядзення горада мары сталі праекты Дома Чырвонай Арміі (сёння Дом афіцэраў) і Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Будынкі, якія сёння па агульным прызнанні складаюць спіс найкаштоўнейшых здабыткаў мастацтва дойлідства, пачыналіся з нясціплых праектаў 1930-х гадоў. Уражальны Дом Чырвонай Арміі закладваўся на месцы былога Архіерэйскага падвор’я. Наперакор жаданням начальства Іосіф Лангбард не стаў цалкам зносіць гістарычныя пабудовы падвор’я і Пакроўскай царквы, якая стаяла побач, а паклаў старыя муры ў аснову новага будынка.

Акружны дом афіцэраў імя Варашылава, 1954 г.

Для даваеннага Мінска збудаванне лічылася проста надзвычайным, а па раскошы ўнутранага і вонкавага ўбрання яно з вялікім адрывам пераганяла нават сам Дом урада. Шматфункцыянальны комплекс (як сёння сказалі б) утрымліваў чатыры надземныя і чатыры падземныя паверхі, першы ў рэспубліцы крыты басейн і аснашчаную па апошнім слове канцэртную залу. На свой час — ні больш ні менш як самая перадавая архітэктура. Гэткай жа характарыстыцы цалкам адпавядае і Вялікі тэатр оперы і балета, узведзены па напрацоўках дойліда на падмурку нерэалізаванага праекта архітэктара Георгія Лаўрова.

Дарэчы, гэта не адзіны выпадак у творчай біяграфіі майстра, калі яму давялося дапрацоўваць праект Георгія Лаўрова, да нядаўняга часу заўважнага архітэктара, які вызначаў аблічча сталічнага Мінска ў цяжкія 1920-я. Не здолеўшы прымірыцца з новай эстэтыкай, праваднік канструктывізму Георгій Лаўроў пазбаўляецца магчымасці далей уплываць на развіццё горада. Затое Іосіф Лангбард, чые мастацкія зацікаўленасці пралягалі акурат на памежжы, з лёгкасцю прыстасаваўся да новых канонаў. Галоўны корпус Акадэміі навук Беларусі — яшчэ адзін вынік такога не зусім пажаданага суаўтарства двух геніяў.

Даваенныя мінскія праекты Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда праславілі яго на ўвесь свет. Менавіта дзякуючы ім творца атрымаў Гран-пры Сусветнай выстаўкі ў Парыжы ў 1937 годзе. Менавіта імі сёння ганарыцца кожны жыхар беларускай сталіцы. Менавіта іх у першую чаргу паказваюць прыезджым падчас экскурсій. Здолеўшы сумясціць у сваім мастацтве фармальныя набыткі класічнай эпохі і канструктарскія метады «прагрэсіўных» архітэктараў, Іосіф Лангбард упісаў новую старонку ў гісторыю станаўлення і развіцця беларускага дойлідства ў прыватнасці ды ўсяго беларускага мастацтва ў цэлым.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.