Вы тут

Рэальныя грошы за нерэальныя паслугі


Мабыць, любы дарослы чалавек, які жыве ў кватэры шматпавярховага жылога дома, мінімум некалькі разоў за апошні час спрабаваў датэлефанавацца да якой-небудзь службы ЖЭУ. Зрабіць гэта цяжка: то нікога няма адразу па трох тэлефонах, то яны раптам усе занятыя. Вось і мне давялося «змагацца» з гэтымі тэлефонамі, ды і не адзін раз. А цяпер па сутнасці і падрабязна.


Як сучасны жыхар сталіцы я аплачваю камунальныя паслугі за сваё жыллё па вуліцы Панчанкі электронным спосабам — па смартфоне. Гэта значыць, я не чакаю, калі мне прыйдзе папяровая жыроўка, а пералічваю грошы на свой асабісты рахунак, як толькі з'яўляюцца даныя па камуналцы ў маім інтэрнэт-банкінгу. Так было і ў снежні, калі я заплаціў за жыллёва-камунальныя паслугі за лістапад. Крыху пазней да нас у паштовую скрыню «прыляцела» жыроўка. Я яе нават не разглядаў, у адрозненне ад маёй другой палавінкі. А цяпер самае цікавае.

Аказваецца, што ў жыроўцы, у графе «платныя паслугі», у мяне паўсталі нейкія электрамантажныя работы (нумар дагавора 117), за якія я ўжо заплаціў аўтаматычна (разам з іншымі паслугамі) 10 рублёў 41 капейку. «Цікава, — падумаў я, — за якія такія паслугі з мяне бяруць грошы, а мне пра гэта нічога не вядома». Не вядома было аб гэтым і маёй жонцы і дзецям.

Тэлефанаваць у ЖЭС і лаяцца з-за невялікіх грошай зусім не хацелася. Але жонка мая абазвала мяне «істотай безгалоснай» і «няўмекам» абараняць (як потым аказалася) добрае імя сваёй сям'і. Мне нічога не заставалася, як узяць тэлефонную трубку ў руку.

У папяровым паведамленні я хутка знайшоў разлікова-даведачны цэнтр (РДЦ) № 6 Фрунзенскага раёна і некалькі тэлефонаў спецыялістаў па камунальных разліках. Дазваніцца да іх было цяжка, а яшчэ цяжэй — што-небудзь зразумелае ў іх даведацца. Спачатку спецыяліст прыкра дзелавым тонам паведаміла мне тры тэлефоны, па якіх я павінен (ці амаль абавязаны) даведацца, адкуль «нарадзіўся» гэты самы дагавор на платныя паслугі. У ЖЭС датэлефанавацца было яшчэ цяжэй, але я трываў. У выніку там мне далі тэлефон электрыкаў. Потым дзяўчына на тым канцы провада прадыктавала мне лічбы, набраўшы якія я звяжуся з Дзянісам, а ён абавязкова ведае, за які дагавор я заплаціў «трошкі грошай».

Дзяніс быў абураны, што яго адрывалі ад работы нейкімі званкамі. Але, выслухаўшы мой аповед пра несправядлівае налічэнне за нейкія паслугі, усё ж такі адшукаў той самы дагавор.

І адразу тон голасу яго згусціўся ў шэрую хмару. Аказваецца, я злосны неплацельшчык камунальных паслуг, і таму ў мяне адключалі электрычнасць, а потым падключалі да электрычнасці, але ўжо за грошы (10 рублёў 41 капейка). І гэты дагавор не прадугледжвае майго подпісу. Вось так.

Мае доказы, што я ні разу не плаціў пазней за 15 дня месяца, а таксама, што мяне ніколі не адключалі ад электрычнасці, Дзяніса не цікавілі. «Я вас разумею, але нічога не магу зрабіць. Тэлефануйце ў свой РДЦ і разбірайцеся. Упіша спецыяліст па камунальных разліках вярнуць вам гэтыя грошы, тады праз месяц атрымаеце іх назад. Нічога асабістага», — дадаў малады хлопец. «Няўжо кола замкнулася?» — падумаў я.

Ну, ужо не.

Другі раз дазвоньвацца да спецыялістаў разлікова-даведачнага цэнтра было цяжэй, але ўва мне ўжо бушавалі буры змагара за справядлівасць. Мяне па невядомых прычынах, практычна на пустым месцы, упісалі ў ранг злосных неплацельшчыкаў «камуналкі». Я вырашыў разбірацца да перамогі.

На гэты раз мілая дзяўчына з РДЦ сказала, што сапраўды цяпер яна бачыць у камп'ютары, што я адключаўся ад электрычнасці (па прычыне нявыплаты камуналкі ў некалькі месяцаў), а потым мяне падключылі: «А падключэнне ў нас — паслуга платная».

Пачуўшы ад мяне, што я заўсёды плачу своечасова, што гэта нейкая памылка, тэлефонная візаві параіла мне звярнуцца да кіраўніцтва, да намесніка начальніка іх службы і... пераключыла мой тэлефон.

Кіраўніцтвам аказалася ветлівая жанчына, якая моўчкі выслухала маю тыраду і паабяцала разабрацца ў найбліжэйшы час. Для сувязі яна ўзяла мой нумар сотавага тэлефона. Літаральна праз паўгадзіны яна ператэлефанавала і папрасіла прабачэння за прыкрую памылку. Быццам бы неплацельшчыкам былі жыхары з 51-й кватэры, але па тэхнічнай памылцы персаналу адзінка кудысьці знікла і падключаць да электрычнасці сталі менавіта мяне. Цяпер сітуацыя праяснілася, і ў наступнай жыроўцы мне гэтыя 10 рублёў залічаць. Па прычыне добра выкананага сямейнага доўгу я з палёгкай уздыхнуў, а дарма...

Учора я атрымаў паведамленне за снежань і не знайшоў там абяцанага вяртання гэтых няшчасных 10 рублёў. Ужо не ведаю, што мне думаць наконт гэтай сітуацыі. Зноў брацца за тэлефон і кідацца з ім на бюракратычныя «амбразуры»? Чытачу, напэўна, цікавы працяг гэтай гісторыі? І яшчэ.

Мне б вельмі не хацелася, каб у такую ці падобную сітуацыю трапіў чалавек з менш моцнымі нервамі. А наогул, мне чамусьці вельмі не падабаецца той факт, што ў жыроўку магчыма ўпісаць нейкія лічбы, якія праверыць простаму чалавеку не ўяўляецца магчымым. Калі гэтыя лічбы прымаюцца апрыёры і ў далейшым не патрабуюць доказаў. Калі нейкая недарэчная недакладнасць можа зрабіць з чалавека (сям'і) парушальніка, а можа — нават злачынца. Вось і прозвішча маё, як уласніка кватэры, ужо ў «чорнай базе» камунальшчыкаў? А трапіць туды, як вы ўжо зразумелі, лягчэй, чым адпісацца.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.