Вы тут

Чым запомніўся мінулы год у кінапракаце і што чакаць ад бягучага?


Гледачы вяртаюцца ў кіназалы, а любоў да непаўторнай атмасферы, якая там ствараецца, варта выхоўваць з дзіцячага ўзросту — гэта адзначыла на нядаўняй сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры першы намеснік генеральнага дырэктара УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Вольга Дзюльдзя.


— Мінулы 2021 год запомніцца нам пераносам рэлізаў і тым, што эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце была нестабільная. Але, як паказаў вопыт такіх карцін, як «Дзюна», «Веном 2» і «Чалавек-павук. Няма дарогі дадому», аўдыторыя маштабнага мейнстрыму ўжо паўнавартасна вярнулася ў кінатэатры, — распавядае Вольга Анатольеўна.

Сетка «Кіно Мінска» дае магчымасць убачыць аўтарскае, фестывальнае, класічнае і культавае кіно на мове арыгіналу з субцітрамі, а таксама далучыцца да прамых трансляцый і запісаў спектакляў з вядучых тэатральных пляцовак. Летась праходзілі тыдні японскага, італьянскага, таджыкскага, індыйскага і ўзбекскага кіно. Падзеямі для аматараў кінамастацтва сталі таксама і кінафорумы, у прыватнасці фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» і 27-ы ММКФ «Лістапад». Калі аналізаваць у лічбах, то за мінулы год у кінатэатрах сталіцы паказалі 72 сеансы гульнявой формы, 409 сеансаў негульнявой формы і 177 сеансаў анімацыі. Вызначыліся тут нават з рэйтынгам кінастужак адыходзячага года. Так, у дзясятку найлепшых трапілі: «Чалавек-павук. Няма дарогі дадому», «Веном 2», фантастычны фільм «Дзюна», камп'ютарна-анімацыйная карціна «Душа», баявік «Фарсаж 9», шпіёнская гісторыя пра Джэймса Бонда «Не час паміраць», тут жа прыгодніцкая карціна «Апошні багатыр: пасланнік цемры», баявік «Гнеў чалавечы», мультфільм «Бос-малакасос 2», фільм «Атрад самазабойцаў. Місія навылёт».

Варта адзначыць і тое, што сетка «Кіно Мінска» ідзе ў нагу з часам: з пачатку бягучага года ў кінатэатрах «Кастрычнік» і «Камсамолец» з'явіліся 4К-праектары, што цяпер дазваляе гледачам у поўнай меры адчуць эфект прысутнасці і прасякнуцу атмасферай ад убачанага на экране.

— На 2022 год запланавана ў нас актыўная работа і з беларускім кінематографам. З камерцыйнага кіно мы выдзяляем для сябе анімацыю, паколькі апошнім часам назіраем попыт і інтарэс з боку дзіцячай аўдыторыі, — дзеліцца Вольга Дзюльдзя. — За перыяд зімовых канікул і ў рамках кінаакцыі «Калядная казка» да нас прыйшло 27 000 гледачоў. І, адзначаючы такі прырост, мы імкнёмся паказваць больш карцін для дзіцячай і сямейнай аўдыторыі. Робім гэта яшчэ і па прычыне таго, што мульфільмы не толькі ствараюць пэўны настрой, але і дэманструюць прыклады герояў, на ўчынках якіх можна вучыцца, знайці мадэлі паводзін, якія пасля дапамогуць у жыцці.

І якраз як варыянты для наведвання кінатэатра ўсёй сям'ёй можна разгледзець прэм'еры — мультыплікацыйныя фільмы «Я чырванею» (з 10 сакавіка), «Соні 2» (у кіно з 31 сакавіка). А вось прыхільнікаў Марвел парадуе выхад камп'ютарна-анімацыйнай стужкі «Чалавек-павук: праз сусветы 2». Варта чакаць яшчэ і выхаду фільма «Шрэк 5», не менш цікавым стане выхад «Гісторыі ўзыходжання».

З расійскіх карцін у пракаце з'явяцца «Выклік» (фільм, што здымалі ў тым ліку і ў космасе), «Адзінаццаць маўклівых мужчын» (гістарычна-спартыўная драма пра савецкіх футбалістаў), «Ампір V» (экранізацыя твора Віктара Пелевіна) і шэраг іншых. Сярод найбліжэйшых галівудскіх прэм'ер — дэтэктыўная драма «Смерць на віле» (10 лютага), фільм «Бэтмэн» (3 сакавіка), «Фантастычныя стварэнні: таямніцы Дамблдора»

(7 красавіка) у маі свет убачыць фільм «Доктар Стрэндж: у мультысусвеце вар'яцтва»...

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».