Вы тут

Ужо 50 гадоў старшакласнікі Брэста нясуць вахту Памяці каля Вечнага агню


Той, хто хоць аднойчы бываў у Брэсцкай крэпасці, ведае гэты пост. Наведвальнікі мемарыяла абавязкова звяртаюць увагу на засяроджаных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія нясуць сваю вахту ў Ганаровай варце каля Вечнага агню. Праходзяць гады, дзесяцігоддзі, юнармейцы вырастаюць, на вахту нярэдка заступаюць іх дзеці, на падыходзе ўжо і ўнукі.


Пасту № 1 сёлета спаўняецца 50 гадоў. За гэты час вахту памяці несла каля 100 тысяч старшакласнікаў горада. Цяпер пост размяшчаецца на другім паверсе кальцавой казармы Брэсцкай крэпасці. Тут ёсць усё неабходнае для заняткаў юнармейцаў, іх паспяховай падрыхтоўкі да вахты. У гэты цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі з 42 школ горада па чарзе на тыдзень прыходзяць удзельнікі мемарыяльных атрадаў. Такія атрады ствараюцца з вучняў 8—11 класаў. Асноўны прынцып залічэння ў атрад — добраахвотнасць і зацікаўленасць. Члены атрадаў на дадатковых занятках вывучаюць гісторыю, абавязкі юнармейца Паста № 1, страявыя навыкі і прыёмы. Потым праходзіць агляд гатоўнасці. Хто сябе праявіць лепш, той і трапляе ў склад тыднёвай вахты. Пачаткоўцы прымаюць клятву юнармейца.

Паводле слоў начальніка штаба Паста падпалкоўніка запасу Ігара Чыкалава, за гэты тыдзень дзеці сталеюць на вачах, бо ён насычаны мерапрыемствамі выхаваўчага характару. Пастоўцы наведваюць музеі крэпасці і горада, выпраўляюцца на экскурсію на пагранічную заставу імя Кіжаватава, удзельнічаюць ва ўроках мужнасці, інфармацыйных блоках, штодзённым падвядзенні вынікаў. А ў канцы тыдня найлепшым з юнармейцаў уручаюцца граматы, падзякі, падзякі на адрас бацькоў, знакі Паста.

Юнармейцы знаходзяцца ў каравуле з 8.30 да 14.30. Дзень распісаны літаральна па хвілінах. У 9.15 пасля разводу пачынаюцца заняткі і заступленне на Пост № 1. Чатыры змены змяняюць адна адну праз 15-20 хвілін. Парадак у памяшканнях паста падтрымліваюць таксама юнармейцы.

Звычайна школьнікі прыходзяць на пост некалькі гадоў запар. Старэйшыя сёстры і браты прыводзяць сюды малодшых. Напрыклад, цяпер Дзмітрыя Якоўчыка, выпускніка СШ № 25, можна назваць ветэранам паста. Некалькі гадоў таму ён расказваў аўтару гэтых радкоў, як нялёгка быць вартавым: «Стаяць 20 хвілін зусім не рухаючыся нялёгка. Хто не верыць, хай паспрабуе. Пры гэтым нельга размаўляць, усміхацца, нават калі побач з табой фатаграфуюцца альбо хтосьці з цікаўных дашкольнікаў датыкаецца да цябе рукой, каб даведацца, ці ты сапраўдны, у сэнсе, жывы. Таму перад тым, як заступіць на вахту, патрабуецца працяглая падрыхтоўка. Тут і дысцыпліна зусім інншая, як у школе. Усе размаўляюць напаўголасу, каб не перашкаджаць іншым. Тут нельга спазняцца ў строй. Перад пастраеннем трэба паглядзецца ў люстэрка, бо для пастоўца бездакорны выгляд — не пажаданая, а абавязковая ўмова... Пост № 1 для мяне — гэта перш за ўсё вялікая адказнасць. Мы стаім на зямлі крэпасці. Ды і школа накіроўвае нас у пэўным сэнсе абараняць яе гонар».

Дзмітрыя дапоўніла аднакласніца Вікторыя: «Першы раз, памятаю, у мяне аж галава закружылася ад хвалявання, напружанасці. А калі музыка зайграла, было такое адчуванне адказнасці моманту, гонару — аж мурашкі па скуры. Тут я вучылася стрыманасці, арганізаванасці, навучылася абмяжоўваць сябе, кантраляваць эмоцыі. Бывае, наведвальнікі спрабуюць правакаваць. Скажам, хлопцы пачынаюць гаварыць кампліменты, пытаць нумар тэлефона. Альбо проста нос засвярбіць. Але мы — нібы статуі, і тым ганарымся, бо для нас гэта не гульня, а важная справа». Яшчэ адзін юнармеец падзяліўся: каб сабрацца, адцягнуць увагу ад «знешніх раздражняльнікаў», часам ён лічыць на руінах камяні.

Ёсць сярод юнармейцаў інструктары, старшыя каравула, экскурсаводы. Напрыклад, Ганна Чарнецкая, вучаніца СШ № 9, цяпер юнармеец-экскурсавод. Яна праводзіць экскурсіі па музеях Паста Памяці «Хлопчыкі бессмяротнага Брэста», «Баявая слава авіятараў». Першая экспазіцыя прысвечана юным абаронцам крэпасці. Аня цудоўна ведае матэрыял і раскажа любому наведвальніку пра Пятра Паўлавіча Кацельнікава.

Пятра Паўлавіча не стала летась. Ён адзін з самых юных абаронцаў крэпасці. У гарнізон трапіў у якасці выхаванца музычнага ўзвода перад самай вайной. Былы дзетдомавец і яго таварышы дапамагалі весці назіранне за праціўнікам у першыя дні абароны. Памяць 12-гадовага падлетка захавала асобныя падзеі тых дзён вельмі выразна. Першы дзень абароны запомніўся яму як адзін сусветны пажар.

Пётр Паўлавіч, дарэчы, у свой час горача падтрымаў ідэю арганізацыі Паста Памяці ў крэпасці. Ён заўсёды з радасцю сустракаўся з пастоўцамі, гутарыў з імі. У адным з інтэрв'ю аўтару гэтых радкоў Пётр Кацельнікаў выказваў задаволенасць юнымі пакаленнямі актывістаў патрыятычнага руху.

Папярэднікам цяперашніх юнармейцаў пашчасціла сустракацца з жывымі героямі і відавочцамі абароны. Аляксандра Бабкова вынеслі з крэпасці параненага, знясіленага. З яго, пяцігадовага, хірург дастаў некалькі асколкаў. Бабкоў потым стаў доктарам і ўсё жыццё дапамагаў людзям. Ён таксама сустракаўся з пастоўцамі.

Ранейшыя юнармейцы запісвалі сведчанні жывых легендаў крэпасці, цяперашнія беражліва падтрымліваюць памяць у музеях і нясуць ганаровую вахту Памяці. За гэтую работу яны і адзначаны на дзяржаўным узроўні. Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» ўдастоены калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста» за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, рэалізацыю праекта «Пост Памяці ў Брэсцкай крэпасці», актыўны ўдзел у міжнародным міратворчым руху.

Чакаецца, што ў чэрвені ў крэпасць прыедуць найлепшыя пастоўцы краін Садружнасці, каб адстаяць міжнародную вахту памяці каля Вечнага агню. Лепшага месца для такой вахты, пэўна, і не знойдзеш. Цікава, што на тэрыторыі былога Саюза такіх пастоў было 167, і толькі адзін з іх, брэсцкі, не пераставаў дзейнічаць ні на адзін дзень, нягледзячы на ўсе палітычныя і эканамічныя павевы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».