Вы тут

Абрысы нашай супольнай будучыні


На сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала абнародаваны праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь для ўсенароднага абмеркавання


Каардынуе работу па зборы і абагульненні водгукаў грамадзян па праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які вынесеныя для ўсенароднага абмеркавання, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Меркаванні грамадзян па праекце, а таксама магчымыя прапановы можна цяпер накіроўваць у цэнтр:

па электроннай пошце sbor@ncpi.gov.by;

праз запаўненне электроннай формы, якая знаходзіцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале па адрасе https://sbor.pravo.by;

у пісьмовым выглядзе – па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Берсана, 1а, НЦПІ, з паметкай “Канстытуцыя”.

З праектам змяненняў Канстытуцыі можна пазнаёміцца на інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ці па спасылцы https://zviazda.by/sites/default/files/konstituciyabel_27.12.2021_itog.pdf

Члены Канстытуцыйнай камісіі – пра змяненні ў Асноўны Закон

27 снежня, як толькі быў абнародаваны праект, нашы калегі звярнуліся з просьбамі выказацца па дакуменце да людзей, якія не толькі ўжо ўважліва вывучылі ўсе змяненні, дапаўненні – яны над імі працавалі. Паслухаем іх.

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы:

– Новая рэдакцыя Канстытуцыі – гэта яшчэ адзін крок да ўмацавання незалежнасці краіны. Любы чалавек, які за незалежнасць дзяржавы, мусіць прыйсці і прагаласаваць за гэты варыянт Канстытуцыі, якая адлюстроўвае новы этап палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай эвалюцыі беларускага грамадства. Дакумент падводзіць рысу пад няпростым постсавецкім перыядам і стварае магчымасць для далейшага росту, развіцця і наступнага рыўка, прарыву ў незалежнасці, якую мы разумеем як годнасць, гонар, як высокія эканамічныя паказчыкі і вартаснае жыццё для ўсіх беларусаў.

Любы незаангажаваны чалавек, які ўважліва прачытае Канстытуцыю, супаставіць яе з той, якая сёння ёсць, пабачыць, што новая рэдакцыя Асноўнага Закона дае больш дэмакратычных магчымасцяў для самарэалізацыі. Яна не замінае тым, хто марыць пра партыйную палітычную дзейнасць, разгортвае новыя небакраі для развіцця эканамічнай дзейнасці, гарантуе многія рэчы, якія ўжо сталі беларускім брэндам. Той, хто хоча, каб было больш пераразмеркавання паўнамоцтваў і змяншэння пэўнай напружанасці, нагрузкі, таксама ўбачыць новаўвядзенні. Ад звышпрэзідэнцкай мы пераходзім да прэзідэнцкай рэспублікі, у якой важную ролю іграе выканаўчая ўлада, прэм’ер-міністр, Савет Міністраў. Вядома, мы бачым выразнае ўмацаванне заканадаўчай улады. У першую чаргу Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, паглыбленне іх аўтаномнасці, што будзе павялічваць іх незаангажаванасць, моц і ўменне стаяць арбітрам над палітычнымі бойкамі, калі яны будуць. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што беларускае грамадства пасталела: яно патрабуе ўдасканалення палітычнай сістэмы, а гэта магчыма толькі праз наш Асноўны Закон. Таму кожны, хто хоча для нашай дзяржавы дабра, дабрабыту і далейшай эвалюцыі, у якой улічваецца кожны пункт гледжання, а Беларусь маецца на ўвазе як краіна сэнсаў, той будзе галасаваць за новую стратэгію будучыні, якая адлюстравана ў нашым новым праекце закона.

Аляксей Талай, паралімпіец, грамадскі дзеяч:

– Кіраўнік дзяржавы паставіў нам задачу: пачуць кожнага беларуса, даведацца пра думкі, настроі, прыслухацца да жаданняў і прапаноў людзей, якія варта было б унесці ў новую рэдакцыю Канстытуцыі. Я з першых дзён уключыўся ў такую працу. Мы правялі шмат сустрэч па краіне. Ніякіх забароненых тэм – маё галоўнае правіла ў зносінах з людзьмі.

Мы сапраўды вельмі шмат працавалі, было шмат размоў, плынь інфармацыі ад людзей, грамадзян, якіх хвалюе гэтае пытанне.

Сярод членаў Канстутыцыйнай камісіі былі спрэчкі па момантах, якія павінны з’явіцца ў Канстутыцыі ці, наадварот, быць выключаны з яе па прычыне таго, што свет зменьвацца і некаторыя артыкулы страцілі сваю актуальнасць. Напрыклад, для нас неактуальны прыярытэт міжнароднага права, таго самага права, згодна з якім сёння не прызнаюць нашы выбары, нашага кіраўніка дзяржавы, вучаць нас жыць. Мы павінны ў Канстытуцыі замацаваць абсалютны прыярытэт нацыянальных законаў, нацыянальнага права. Гэта вельмі важны момант, які хвалюе людзей. Мы зразумелі, што жывём у канкурэнтным свеце, дзе ў кожнага ёсць нацыянальныя інтарэсы.

Я шмат працаваў з моладдзю, каб у маладых людзей замацавалася разуменне, што ў іх ёсць свой дом, які трэба абараняць і цаніць.

Мы бачым, як сёння ашчацініўся Еўрапейскі саюз. Магчыма, недзе і мы павінны ашчацініцца, абараняючы свае нацыянальныя інтарэсы, сям’ю, традыцыйныя каштоўнасці. Зыходзячы з гэтага, нам трэба дзейнічаць. Варта перагледзець тыя моманты, палажэнні, якія мы рэалізоўвалі, як мы думалі, разам з нашымі заходнімі партнёрамі. Перагледзяць – і дзейнічаць самастойна. Я бачыў, што людзей хвалююць пытанні сямейных каштоўнасцяў, ювенальнай юстыцыі. Як традыцыяналіст, сем’янін, бацька, звяртаў увагу на пытанні, якія будуць уплываць на нашу моладзь.

Вельмі спадзяюся, што мы зможам адстаяць пазіцыі, якія ўмацуюць краіну, абароняць нашу любімую Беларусь, і гэтыя пазіцыі будуць замацаваныя ў Асноўным Законе. Веру, што людзі свядома зробяць важны для сябе выбар, прымуць новы праект Канстытуцыі. Мы тым самым зробім крок у новую рэчаіснасць нашай Беларусі, дзе будзем жыць у любові, шчасці з нашымі найбліжэйшымі саюзнікамі, сябрамі, будуючы добрыя адносіны ў агульных інтарэсах.

Кацярына Дулава, рэктар Беларускай акадэміі музыкі:

– У складзе камісіі мы працавалі больш за паўгода, і гэта, канешне ж, вельмі сур’ёзны этап. Адна з галоўных катэгорый, якая прагледжваецца ў новай рэдакцыі, – гісторыя і гістарычная памяць. Мы цяпер, з аднаго боку, знаходзімся на новым этапе, які патрабуе сучасных вырашэнняў. З іншага – мы вельмі шануем нашыя здабыткі і каштоўнасці, якія неабходна зберагчы. Вось у тым і была галоўная складанасць: злучыць розныя падыходы і вытрымаць баланс паміж імі.

Для мяне як для дзеяча культуры і грамадзяніна вельмі важнымі аспектамі з’яўляюцца нацыянальная самабытнасць, духоўнасць, гістарычная памяць – усё тое, што застаецца каштоўным на стагоддзі. Гэта ж таксама знайшло адлюстраванне ў новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Пытанне сямейных каштоўнасцяў таксама ўвасобілася на старонках новай рэдакцыі – мы не толькі дапоўнілі ўжо існуючыя тэзісы, але і прапісалі новыя падыходы, адкарэкціравалі састарэлыя.

Безумоўна, у часе работы над праектам ішла гаворка і аб падтрымцы дзяржавай таленавітай моладзі. Мне падаецца гэта вельмі важным. Пранізліва прагучала тэма Вялікай Айчыннай вайны. У новай рэдакцыі Канстытуцыі мы зафіксавалі гістарычную праўду, а таксама адзначылі немагчымасць перапісвання падыходаў да гэтай векапомнай з’явы.

Адказ на дыскусійнае пытанне “Навошта нам атамная энергетыка?” таксама ёсць у новай версіі праекта. Мы выкарыстоўваем атамную энергетыку толькі ў мірных мэтах. Заслугоўвае ўвагі, на мой погляд, і 18-ы абноўлены артыкул: Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію ў адносінах да іншых краін. Прымаючы да ўвагі тое, што цяпер адбываецца на нашых граніцах, новая версія канстатуе: палітыка Беларусі заключаецца ў непрымяненні сілы і пагроз.

Захаваліся і ўзмацніліся пытанні сацыяльнай падтрымкі. Павялічваецца і сацыяльная адказнасць грамадзян. Гэты аспект датычны да, напрыклад, адносін між дзецьмі ды іх састарэлымі бацькамі. Таксама ў якасці прыкладу можна прывесці і 45-ы артыкул, які прысвечаны захаванню і ўмацаванню ўласнага здароўя. Грамадзяне могуць разлічваць на дапамогу органаў аховы здароўя, але павінныя ж і самі клапаціцца пра свой фізічны стан. Аспект, які патрабаваў неабходнай фіксацыі, – дапамога і падтрымка інвалідаў і пажылых, – знайшоў адлюстраванне ў 47-м артыкуле новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Усебеларускі народны сход – важная структура на палітычнай карце нашай краіны. Гэта, мы ведаем, абсалютна аўтэнтычная для славянскіх народаў з’ява, якая нагадвае мне старажытнае веча. Магчымасць, якая дазваляе людзям абмеркаваць супольна ўсе важныя пытанні. У новай рэдакцыі мы прапісалі абранне суддзяў і фарміраванне Цэнтральнай выбарчай камісіі, пытанні пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады.

Абавязкова звярніце ўвагу на 54-ы артыкул: у яго ўнесены лёсавызначальныя рэчы, якія датычыцца патрыятызму і гістарычнай памяці.

Ягор Макарэвіч, старшыня Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе:

– Праект Канстытуцыі на працягу практычна года распрацоўваўся Канстытуцыйнай камісіяй, рабочай групай пад пільнай увагай кіраўніка дзяржавы і з яго непасрэдным удзелам у гэтым важным працэсе. Усе прапанаваныя на гэтым этапе змены актыўна публікаваліся ў СМІ і сацсетках і сыходзілі ад саміх грамадзян. Прапановы агучваліся імі на сустрэчах з членамі камісіі, на дыскусійных пляцоўках. Таму ўжо цяпер можна сказаць з упэўненасцю, што гэта народны праект нашага Асноўнага Закона.

Меркаваныя навацыі Канстытуцыі носяць прагрэсіўны характар. Яны арыентаваныя на тое, каб зрабіць нашу дзяржаву больш моцнай, а палітычную сістэму – больш устойлівай. Праект Асноўнага Закона замацоўвае зберажэнне гістарычных і маральных вытокаў беларускага народа. Таксама захоўваецца сацыяльна арыентаваны курс развіцця Беларусі. Гэта значыць: у складаных эканамічных умовах наша краіна, як і раней, будзе падтрымліваць розныя катэгорыі грамадзян, аказваць адрасную дапамогу тым, хто мае ў тым патрэбу.

Вельмі важна, каб ва ўсенародным абмеркаванні змяненняў у Канстытуцыю брала ўдзел і моладзь. Нам трэба будзе прыняць эстафету ад старэйшых і зрабіць усё магчымае, каб наша Беларусь развівалася як моцная суверэнная дзяржава. Кожны можа выказаць свае прапановы ці заўвагі па праекце. Можна цяпер накіроўваць меркаванні праз акаўнты Маладзёжнага парламента ў сацсетках або спецыяльную форму на сайце структуры mpns.by.

Бажэна Ярэміч, дырэктар мастацкі кіраўнік цэнтра “Нацыянальная школа прыгажосці”:

– Работа ў складзе Канстытуцыйнай камісіі для мяне – вельмі вялікі гонар і адказнасць. У праект Канстытуцыі ўкладзена каласальная праца. Над кожным артыкулам і фармулёўкай усе члены камісіі працавалі гадзінамі, усё шчыльна абмяркоўвалі, вывяралі, выязджалі ў рэгіёны, наведвалі калектывы, праводзілі дыялогавыя пляцоўкі.

Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на замацаванне на ўзроўні Асноўнага Закона захавання гістарычнай памяці і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Мне цікава было ўдзельнічаць у абмеркаванні важных аспектаў, якія датычылі Усебеларускага народнага сходу і пераразмеркавання паўнамоцтваў улады.

Канстытуцыя – Асноўны Закон дзяржавы, на ім грунтуецца ўсё заканадаўства. Яе можна параўнаць з трывалым падмуркам, на якім будуюцца сучаснасць і будучыня нашага агульнага дома – Беларусі.

Запісалі: Вольга Ануфрыева, Вераніка Канюта, Арына Карповіч, Валерыя Сцяцко, Маргарыта Ушкевіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Абрысы нашай супольнай будучыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?