Вы тут

Збірацца разам, сябраваць


Паглыбляецца і пашыраецца супрацоўніцтва беларускіх суполак замежжа з гістарычнай Бацькаўшчынай.


Удзельнікі Кансультатыўнага савета - 2021. Здымак на памяць (Фота з архіва МЗС)

Мы пісалі ўжо, што ў Мінску прайшло шостае пасяджэнне Кансультатыўнага савета пры МЗС Беларусі па справах беларусаў замежжа (“З далёкіх дарог на родны парог” – ГР, 29.11.2021). На яго былі запрошаныя прадстаўнікі дыяспары, а таксама тых дзяржструктур, якія ў пастаянным супрацоўніцтве з беларускімі суполкамі замежжа, да якіх звычайна скіраваныя просьбы, пажаданні, прапановы нашых суайчыннікаў з розных краін па ходзе жыцця і на падобных імпрэзах. У прыватнасці, дэлегавалі на “веча дыяспары” кіраўнікоў і актывістаў беларускіх суполак Арменія, Германія, Іарданія, Італія, Іспанія, Казахстан, Кыргызстан, Латвія, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія. З беларускага боку паўдзельнічалі ў шчырай, даверлівай размове за вялікім круглым сталом у зале пасяджэнняў МЗС Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, начальніца галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Ірына Вялічка (была мадэратарам на пасяджэнні, гэтае ўпраўленне працуе з актывістамі дыяспары непасрэдным чынам), прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, Мінінфармацыі, Мінкультуры, Мінадукацыі, апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Як мы пісалі, на пасяджэнні выступіў з прамовай Міністр замежных спраў Уладзімір Макей. У дыскусіі “Вынікі сумеснай працы МЗС і арганізацый беларусаў замежжа ў 2020-2021 гадах і перспектыўныя напрамкі развіцця ўзаемадзеяння дзяржавы і дыспары” паўдзельнічалі спачатку прадстаўнікі органаў дзяржкіравання. Каб нашыя чытачы былі ў курсе, хто канкрэтна задзейнічаны ў такім узаемадзеянні, з кім кантактаваць на будучыню, разгортваючы супрацу дыяспары і дзяржавы, канкрэтызуем выступоўцаў. Гэта начальніца ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Мінкультуры Ірына Карповіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка (РЦНК, дарэчы, структурна цесна спалучаны з Мінкультуры), загадчыца сектара па справах нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Бязручка, начальніца аддзела маркетынга і якасці турпаслуг Дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Ірына Брынкевіч, намеснік начальніка упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Мінадукацыі Андрэй Красуцкі. Яны гаварылі пра тое, як адладжана супраца з беларускімі суполкамі замежжа па іх кірунках дзейнасці, пра перспектывы ўзаемадзеяння, прыводзілі факты, якія ілюструюць тэндэнцыі ў працэсах.

Удзельнікі Кансультатыўнага савета - 2021. Здымак на памяць (Фота з архіва МЗС)

Дарэчы, кожнаму з удзельнікаў пасяджэння была прадастаўлена Інфармацыя аб выкананні Пратакола даручэнняў Міністра замежных спраў па выніках папярэдняга, пятага КС: тая сустрэча праходзіла 11 ліпеня 2019-га. Летась з-за кавідных абмежаванняў “веча дыяспары” не збіралася. Забягаючы наперад, адзначым: Пратакол даручэнняў складзены і на гэты раз. Ініцыятывы, прапановы, просьбы выступоўцаў, скіраваныя на паглыбленне й пашырэнне супрацы дыяспары і дзяржавы, аналізуюцца ў МЗС, сістэматызуюцца, запускаюцца ў работу. Напрыклад, сёлета і мяне як галоўнага рэдактара газеты “Голас Радзімы” ўвялі ў склад КС, далі магчымасць выступіць. Я ўнёс некалькі прапаноў. Адна з іх тычыцца адладкі сістэмы фіксацыі, уліку, зберажэння і магчымай перадачы ў Беларусь архіваў, дакументаў, рэчаў вядомых дзеячаў дыспары пасля іх сыходу. Гаварыў і пра неабходнасць падключэння актывістаў дыяспары ў патрыятычнае выхаванне нашай моладзі, пра наладжванне моцных, сістэмных сувязяў школ, іншых адукацыйных устаноў краіны з беларускімі суполкамі замежжа. Пра тое падрабязней мяркую выказацца і на старонках газеты. А пакуль у рабочым парадку мы канкрэтызавалі прапановы ў пункты Пратакола даручэнняў – справу вяла Наталля Счасновіч, старшы дарадца галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС.

З цікавымі паведамленнямі пра дзейнасць, з прапановамі, якія паспрыяюць актыўнай супрацы дыяспары й дзяржавы на карысць Бацькаўшчыны, выступалі старшыня германска-беларускай грамадскай ініцыятывы “Беларускі форум: культура, навука, даследаванні” Дзмітры Раманоўскі (Германія), кіраўніца Культурна-асветніцкага аб’яднання беларусаў у Іарданіі (КААБІ) Аксана Чамеза, старшыня Беларускага культурнага цэнтра “Радзiма” (Нур-Султан) Дзмітры Астаньковіч (Казахстан), старшыня праўлення Саюза беларусаў Латвіі (СБЛ), кіраўніца Рыжскага беларускага таварыства “Прамень” Алёна Лазарава, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе і суполкі “Уздым” Жанна Раманоўская (Латвія), кіраўнік Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч, першы намеснік старшыні прэзідыума Усеўкраінскага саюза беларусаў, старшыня Днепрапятроўскага абласнога аб’яднання “Беларусы Прыдняпроўя” Валеры Каралёў. Тэкст выступлення Сяргея Львовіча ёсць на партале ФНКА Беларусаў Расіі. А ў снежні стала вядома: заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, правадзейны член Расійскай акадэміі адукацыі, доктар псіхалагічных навук, прафесар, чатырохразовы лаўрэат дзяржпрэмій Расіі, віцэ-прэзідэнт Расійскага псіхалагічнага таварыства Сяргей Кандыбовіч абраны замежным сябрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Віншуем, Сяргей Львовіч!

Удзельнікі Кансультатыўнага савета - 2021. Здымак на памяць (Фота з архіва МЗС)

У часе перапынку зроблены быў калектыўны фотаздымак удзельнікаў КС-6, да таго ж кава-паўзу падсаладзіла прэзентацыя-дэгустацыя ад вядомай беларускай фірмы “Камунарка”, можна было палюбавацца прыгожымі краявідамі: у холе працавала фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні”. Потым прадоўжылася дыскусія па актуальных пытаннях грамадска-палітычнага і сацыяльнага жыцця краіны. З паведамленнем пра тое, як у Беларусі ідзе работа па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю (цяпер праект вынесены на ўсенароднае абмеркаванне) выступіла намесніца старшыні Канстытуцыйнага Суда Беларусі Наталля Карповіч. Не менш увагі прыцягнула і выступленне Валерыя Талкачова, начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных спраў Генеральнай пракуратуры Беларусі. Ён казаў пра тое, як ідзе расследаванне справы аб генацыдзе беларускага народа. Праца тая прадаўжаецца і на заканадаўчым узроўні. А 14 снежня на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання дэпутаты ў двух чытаннях прынялі законапраект “Аб генацыдзе беларускага народа”. Так што суайчыннікі з замежжа мелі магчымасць з першых вуснаў пачуць пра тое, чым жыве краіна, што хвалюе людзей, якім шляхам рухаецца-развіваецца беларускае грамадства. Намеснік гендырэктара – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша гаварыў, як праз кнігу, выдавецкія праекты ідзе ўзаемадзеянне Беларусі з іншымі краінамі, заклікаў кіраўнікоў беларускіх суполак актыўней падключацца да такой культурнай, навукова-асветніцкай працы.

Прадуктыўна, па-дзелавому і ў той жа час душэўна, па-свойску зносіліся ўдзельнікі пасяджэння за круглым сталом. Панавалі там згода і паразуменне. Міністр Уладзімір Макей, падсумоўваючы вынікі размовы, зрабіў напрыканцы яе важныя акцэнты, засяродзіўшы  ўвагу на некаторых тэзісах, якія прагучалі на “вечы дыяспары”. Мы ж мяркуем і ў сваёй працы звяртацца да каштоўнага досведу, які назапашаны ў суполках, пра які гаварылі выступоўцы ў Мінску. Як вядома, толькі агульнымі, зладжанымі намаганнямі дзяржавы і энтузіястаў з дыяспары магчыма развіваць, пашыраць беларускую культуру ў замежжы, спрыяць таму, каб і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны памяталі беларусы пра свае родавыя карані, былі разам з ёю. І дзякуючы таму будзе мацнець, прыгажэць, з меншымі патрасеннямі пераадольваць выклікі сучаснасці наш агульны Беларускі Мацярык.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Збірацца разам, сябраваць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.