Вы тут

Хораша душы на такім кірмашы!


Мазаіка падзей, што адбываліся ў Даўгаўпілсе дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Цэнтра беларускай культуры і суполкі “Уздым”. А прайшлі там восеньскія Дні беларускай культуры ў Латвіі ды яшчэ тыднёвы Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.


Яўгенія Гуляева, прафесійная культработніца, адна з заснавальніц таварыства "Уздым". Родам з вёскі Закор’е, з Браслаўшчыны. Яе бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, пахаваны ў Даўгаўпілсе, а маці, вялікая рукадзельніца, ляжыць на Радзіме. Якраз яе прыгожыя даматканыя й вышываныя вырабы Яўгенія Вячаславаўна перадала ў Браслаўскі гістарычна-краязнаўчы музей. Здымак зроблены на сядзібе Беркенеле, дзе жыла сям'я будучага паэта Яніса Райніса, дзе ён пачаў вучыцца ў школе і пісаць вершы.

Твор Эдуарда Літвіноўскага з фотавыставы “Беларускі позірк Даўгаўпілса

Заслугоўвае павагі, пераймання досвед сістэмнай працы на карысць беларускай культуры нашых сяброў з Латвіі. У мінулым нумары (№11,2021) мы падалі тэксты з моцным “латвійскім акцэнтам”: пра закрыццё штогадовых Дзён беларускай культуры (у Рызе), гасцяванне актывістаў беларускіх суполак Латвіі на Бацькаўшчыне і цікавую справу суполкі “Мара” з Ліепаі: там далучаюць да нашай спадчыны дзетак з юнага ўзросту. Сённяшні аповед – пра напрацоўкі ў беларускай прасторы Даўгаўпілса. І асабліва ўвосень там бурнае жыццё: кірмашова-выставачнае, з канцэртамі, сустрэчамі, дабрачыннымі справамі. Падаем выбарку з тэкстаў, дасланых у рэдакцыю нашымі сябрамі – вялікі дзякуй ім за тое!

На хвалях аўтарскай песні

16 кастрычніка ў Даўгаўпілсе прайшоў III Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні. Ладзяць яго Беларускае таварыства “Уздым” у супрацы з Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) пры садзеянні Фонду падтрымкі недзяржаўных арганізацый Даўгаўпілскай гардумы. На гэты раз у ЦБК сустрэліся аматары аўтарскай беларускай песні з Даўгаўпілса і Вісагінаса (Літва). Віталі ўсіх аўтар праекта, кіраўніца “Уздыма” і Цэнтра Жанна Раманоўская і консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава. Канцэрт адкрываў прэм’ернай песняй “Наш фестываль” (верш Станіслава Валодзькі, музыка Альберта Белуся) госць з Вісагінаса: Сяргей Шабадалаў. Далей выступалі творчыя ансамблі ЦБК: “Пралескі”, “Купалінка”, “Спадчына”, салісты Настасся Лукашонак, Віталь Міхайлоўскі, Яніна Юзэфовіч. А Станіслаў Валодзька і Лілія Воранава чыталі свае вершы ў тэму фестывалю і Дзён беларускай культуры. Завяршылася імпрэза кранальнай песняй “Беларусь” – творам барда Арона (Арыка) Крупа, ураджэнца Даўгаўпілса. Гучыць песня на фэсце штогод, на гэты раз усе падпявалі голасу аўтара са старога аўдыёзапісу.

Цёплая сіла народнай дыпламатыі

Сёлета Міжнародны фэст  народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” доўжыўся цэлы тыдзень, а стартаваў 20 верасня з дабрачыннай акцыі “З сардэчнай цеплынёй”. Дарэчы, штогод кірмаш уключае ў сябе “чын дабрыні” (а словы ўчыніць, чын, дабрачынны – з аднаго кораня). Усю восень майстрыхі вязалі рукавіцы, шкарпэткі, вышывалі сурвэткі, майстравалі таксама іншыя рэчы з беларускімі нацыянальнымі арнаментамі. А потым у знак удзячнасці падарылі ўсё тое медыкам з кавід-аддзялення Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы.

Консул Галіна Найдзёнава віншавала ўдзельніц-рукадзельніц з пачаткам фестывалю, казала пра знакавасць старту: з добрай справы. У тым ёсць і акт суперажывання, і салідарнасць з медыкамі, якія працуюць у пандэмійных умовах. На вячорках рукадзельніцы гаварылі пра розныя сімвалы з беларускай культуры, на арнаментах знаходзілі ды першым выбіралі знак абярэгу ад хвароб і злых духаў. Майстар-клас па вышыванні крыжыкам правяла Марыя Памецька. Лілія Воранава і Валянціна Анікіна паклалі ў скрынку для збору падарункаў па пары звязаных шкарпэтак і прадоўжылі працу. Вячоркі ў ЦБК праходзілі кожны панядзелак з 16 гадзін.

Пазней, калі закончыўся кірмаш, Жанна Раманоўская паведаміла ў рэдакцыю: “Шмат працы: канец года, бюджэт, планы, справаздачы… Робім добрыя справы. Вось навязалі шкарпэтак з воўны, яшчэ сёе-тое, дадалі салодкіх ласункаў ды адвезлі медыкам. Збіралі падарункі разам з нашымі дыпламатамі”. Актывісты дыяспары і дыпламаты ў дабрачыннай звязцы! Гэта ж глыбінная сутнасць беларусаў: у той час, калі Еўрасаюз адгароджваецца ад Беларусі, чамусьці баіцца яе, вось такім “лагодным” чынам праявіць сваю пазіцыю, зрабіць мяккае і міралюбнае, сардэчнае “беларускае пранікненне” на тэрыторыю Латвіі. “Беларусы ідуць!” – цёплымі шкарпэткамі на вашых нагах, спадары-суседзі. Вось і такая ёсць сіла – мяккая ды цёплая! – у народнай дыпламатыі…

Этна-майстар-клас для школьнікаў

Вынайдзены ў Даўгаўпілсе “фармат кірмашу” дае магчымасць ладзіць імпрэзы, скіраваныя на розныя сацыяльныя групы, мэтавыя аўдыторыі, у плыні агульнай задумы: пашыраць, паглыбляць пазітыўную беларускую прысутнасць у прымежным рэгіёне. На другі дзень кірмашу, 21 верасня, у ЦБК надалі ўвагу школьнікам: правялі для іх этнамайстар-клас па вырабе лялькі-абярэга і паштоўкі-выцінанкі. Між тым адукацыйна-гульнявыя заняткі для навучэнцаў даўгаўпілскіх школ – традыцыйныя. Гэта цудоўная магчымасць для юных знаёміцца з багаццем звычаяў і традыцый беларускай культуры. Жанна Раманоўская правяла майстар-клас “Лялька-абярэг” для дзяўчынак. А хлопчыкі ды мужчыны, вынікае з даўніх традыцый, не мелі права рабіць абярэжную ляльку! Калі ўдумацца, дык і таемства нараджэння – справа жаночая… Кіраўніца ЦБК знаёміла вучаніц з гісторыяй нацыянальнай лялькі, з багатай выставачнай іх калекцыяй, з традыцыямі вырабу абярэгу. Спрадвеку лялькі суправаджалі чалавека па жыцці: сустракалі ў калысцы, дапамагалі ў цяжкія часы, прымалі на сябе хваробы, засцерагалі ад злых сіл. А рабілі ў ЦБК лялькі-абярэгі так, як і ў даўніну: без нажніц, са шматкоў тканіны і ніткі.

Пакуль адны майстравалі для сябе ляльку-абярэг, Марыя Памецька знаёміла хлопчыкаў-трэцякласнікаў з музейнай экспазіцыяй “Беларуская хатка”. Аўтэнтычныя прадметы працы, побыту вяскоўцаў з мінулага можна і памацаць, патрымаць, з нечым паспрабаваць папрацаваць. Потым дзяўчынкі прыйшлі ў “хатку”, а хлопчыкі трапілі на майстар-клас па вырабе паштоўкі-выцінанкі. Гэта быў пашыраны ў Беларусі від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Папяровыя аплікацыі ўпрыгожылі паштоўку.

Дзеці пакідалі Беларускі дом радасныя і ўражаныя: дзяўчынкі неслі свае лялькі-абярэгі, хлопчыкі – паштоўкі-выцінанкі, ды кожны яшчэ і смачны фестывальны сувенір-пернік і па некалькі беларускіх слоў, засвоеных у гульнявой форме ў часе заняткаў.

Даніна павагі Аляксею Сапунову

Гісторыка з Віцебска згадвалі, ушаноўвалі яго памяць 22 верасня, на трэці “кірмашовы” дзень. ЦБК на інтэрнэт-пляцоўцы ZOOM зладзіў “круглы стол”, прысвечаны 170-м угодкам Аляксея Сапунова (1851–1924). Ён вядомы як гісторык, краязнаўца, археолаг, педагог, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся Аляксей Парфёнавіч у праваслаўнай купецкай сям’і ў Віцебскай губерні. Вучыўся ў Віцебскай гімназіі, затым на гістарычна-філалагічным факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Вярнуўся ў Віцебск, працаваў выкладчыкам латыні і грэчаскай моў. Захоплена вывучаў мінуўшчыну краю, працуючы ў архівах, шмат публікаваўся, выдаваў даследаванні на ўласныя сродкі. А цікавіла Сапунова даўніна Беларусі, асабліва Віцебшчыны, матэрыялы пра Віцебск, гарады і помнікі Віцебскай губерні, пра рэчку Заходнюю Дзвіну, Полацкую епархію, Інфлянты (па-нямецку: Livland, па-польску: Inflanty) – то была раней агульная назва зямель, якія з XIII да XVI стагоддзя былі пад уладай Інфлянцкага (Лівонскага/мечаносцаў) ордэну, яны складаюць тэрыторыі сучасных Латвіі ды Эстоніі. Яшчэ нататкі па гісторыі заканадаўства пра яўрэяў, працы па Дзвінскіх і Барысавых камянях, архівах Магілёва й Мінска, універсітэце ў Полацку па гэты час цікавыя для гісторыкаў і краязнаўцаў.

Аляксея Сапунова выбіралі міравым суддзёй, дэпутатам Дзярждумы, ён быў ганаровым чальцом шэрагу навуковых таварыстваў, прафесарам, сапраўдным стацкім саветнікам. І дзяржаўныя ўзнагароды, ордэны яго не абышлі. Але галоўным захапленнем заставалася гісторыя роднага краю. Удзячныя нашчадкі назвалі яго імем вуліцу ў Віцебску, бюст Аляксея Сапунова ўсталяваны ля ўваходу ў Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. М. Машэрава.

Пра асобу Аляксея Сапунова, ягоны след у гісторыі Бацькаўшчыны разважалі ўдзельнікі “круглага стала” – як з боку Даўгаўпілса, так і са згаданага Універсітэта. Кіраўніца ЦБК, магістр міжкультурных адносін Жанна Раманоўская нагадала пра падпісанае пагадненне аб супрацы Цэнтра з Універсітэтам, падкрэсліла важнасць захавання культурных, гістарычных, даследчых і дзелавых сувязяў. Загадчыца кафедры літаратуры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ганна Аксянчук адзначыла цесныя повязі між суседнімі народамі, што “нам наканавана жыць разам, у нас радасці агульныя, інтарэсы і клопаты”. Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Ілья Лапуць у вітальным слове падкрэсліў: “Для мяне Сапуноў – аўтар першай кнігі, якую прачытаў я на латвійскай зямлі. Думаю, цікава яе пачытаць і латышам, і беларусам. Агульная гісторыя Латвіі ды Беларусі – шматвекавая, і дзяліць нам няма чаго”.

Грунтоўны даклад пра Аляксея Сапунова зрабіў загадчык кафедры гісторыі ды культурнай спадчыны Універсітэта Анатоль Дулаў. Ён адзначыў, што “на сёння Сапуноў – арыенцір у працы для гісторыкаў і краязнаўцаў”. А кіраўніца праектаў Цэнтра рускай культуры з Даўгаўпілса Галіна Іванова распавяла, як там перавыдалі працы Аляксея Сапунова “Інфлянты. Гістарычныя лёсы краю, вядомага пад імем Польскіх Інфлянтаў”: як у сучаснай версіі рускай мовы, так і з перакладам на латышскую.

Ансамблі "Купалінка" і "Лянок" на святочнай сцэне

З Даўгаўпілса позірк беларускі

Яшчэ перад тым, як нам даслалі тэкст пра персанальную перасоўную фотавыставу Эдуарда Літвіноўскага “Беларускі позірк Даўгаўпілса”, мы ведалі: гэта нешта значнае. Бо трохі раней – 17 верасня, у Дзень народнага адзінства, у мінскім Храме Усіх Святых – Жанна Раманоўская паказвала мне ўжо некаторыя здымкі, казала: досвед Новасібірскага цэнтра беларускай культуры мы пабачылі ў вашай газеце ды творча ім скарысталіся. А ў нас была публікацыя паводле тэксту Таццяны Нялюбінай (“Родныя твары ў Новасібірску” – ГР, 27.11.2020). Што ж, калі рэалізуюцца такія праекты – душа радуецца: мы, журналісты, штосьці карыснае робім. Тэхналогіі сацыяльнай работы беларускіх суполак ў нашай газеце збіраюцца, шліфуюцца ды пашыраюцца. Як кажуць, толькі бяры і рабі.

Ідэю “злавіла” спадарыня Жанна, і ўдалося рэалізаваць яе “перспектыўнаму фотамастаку-пачаткоўцу”, як нам напісалі. Выстава была ў Даўгаўпілсе з 21 па 30 верасня. “Эдуард нарадзіўся ў 1987-м у Даўгаўпілсе, мае родавыя карані па бацькоўскай лініі з Гомельшчыны, – удакладніла Жанна. – Шмат гадоў супрацоўнічае з нашым ЦБК, у якасці валанцёра дапамагае на фэстах, імпрэзах. Актыўны, мэтанакіраваны чалавек. Тры гады таму захапіўся фотамастацтвам, прайшоў прафесійную падрыхтоўку ў фотастудыі ды спрабуе сябе ў розных тэхніках і напрамках”.

Эдуард падтрымаў праект “Беларускі позірк Даўгаўпілса”, прапанаваны ЦБК, з захапленнем. Ідэя ў тым, каб паяднаць беларусаў Латгальскага краю ў адной стылёвай фотапрасторы. Зроблены іх здымкі ў нацыянальных строях на фоне прыгожай мясцовай прыроды ў розныя поры года. І тым самым, піша Жанна Раманоўская, падкрэслена: “Мы – розныя, мы – іншыя, і мы – частка гэтага горада і гэтай краіны”.

Злавіць позірк, прыдумаць і знайсці кожнаму найлепшую лакацыю для здымка, паказаць багацце і разнастайнасць беларускага нацыянальнага касцюма, адлюстраваць непаўторныя краявіды Даўгаўпілса, яго наваколля – усё ўдалося аўтару. Да таго ж гэта яго першая персанальная выстава. Зладзілі яе, нагадаем, у плыні “кірмашовага тыдня” аўтар, ЦБК пры падтрымцы мясцовага Палаца культуры.

А потым, як мы ведаем, выстава паехала і па Беларусі, у тым ліку і ў Нацыянальную бібліятэку.

Ансамбль "Пралескі" — заўсёдны ўдзельнік кірмашу

Смачны дзень! З прэзентацыяй і дэгустацыяй

22 верасня ў ЦБК зладзілі, нарэшце, прэзентацыю кнігі “Кірмашоўскія прысмакі”, прычым з дэгустацыяй. Пра кнігу, яе аўтараў мы пісалі (“Смакі ды водары з Бацькаўшчыны” – ГР, 29.09.2021), выйшла летась, у 2020-м. Яе анлайн-прэзентацыя была ў лютым: на Міжнароднай канферэнцыі “Беларускія чытанні ў Даўгаўпілсе”. А “пасмакавать” многія з 34-х страў, прадстаўленых у кнізе, можна было на рэальнай прэзентацыі. Ва ўсіх аўтараў кнігі беларускія родавыя карані, рэцэпты ў ёй з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Ладавальніца й рэдактар кнігі Жанна Раманоўская падкрэсліла: зборнік не прэтэндуе на кулінарнае адкрыцця. Дарэчы, з радасцю прыняў кнігу ў падарунак з яе рук Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей: на нядаўнім Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа. Казаў, усміхаючыся і прагортваючы старонкі, што і сам любіць гатаваць для сям’і.

Што кухня наша багатая традыцыямі, што ежа ў нас простая ў гатаванні, ды смачная, здаровая і сытная – у тым пераканаліся ўсе ўдзельнікі прэзентацыі-дэгустацыі.  Вочы разбягаліся ад багацця страў, а водары падахвочвалі нешта пакаштаваць. Кожная гаспадыня рэкламавала “сваю страву”, дзялілася кулінарнымі сакрэтамі, а Марыя Памецька ў ролі Гаспадыні кулінарных Вячорак частавала гасцей. Да бульбяных страў у дадатак ішлі грыбочкі, ікра, блінцы, пірагі ды піражкі, ды яшчэ журавінавы кісель. А што за паляндвіца! Незабыўны смак з дзяцінства. І да месца на Вячорках прыйшліся “смачныя” радкі з твораў беларускіх класікаў, прыказкі ды прымаўкі, якімі аздоблена ў кнізе кожная страва.

Цяпер кніга пайшла ў народ, і нават да Міністра ў рукі трапіла! Яе і нам у рэдакцыю спадарыня Жанна падарыла (дзякуем!), і партнёрам па супрацы ў Латвіі, Літве, Эстоніі, Беларусі. А ў планах актывістаў з Даўгаўпілса – не спыняцца ў кулінарнай творчасці, расшукваць і зберагаць, адаптаваць да новых рэалій каштоўныя рэцэпты продкаў у новых выданнях.

Мастачка Аліна, дачка гарманіста з Браслаўшчыны

На “кірмашовым тыдні” што ні дзень, то падзея. У чацвер, 23-га, у ЦБК быў вернісаж: адкрылі персанальную выставу карцін “Галаграма Лета” мастачкі Аліны Пяткун. Традыцыя: штогод у плыні кірмашу ЦБК робіць новую выставу, і мы пра тое пісалі. Вось ураджэнка Даўгаўпілса прадставіла свае творы. “Аліна расла ў атмасферы творчасці, яе і ўвабрала, мабыць, ад бацькі, жыццярадаснага гарманіста з Браслаўшчыны, якая славіцца краявідамі, духоўна багатымі людзьмі, – напісала Марыя Памецька. – Ад маці ёй перадалася любоў да малявання, ад бацькі яшчэ й да фатаграфавання, ад бабулі – да вязання... Аліна жыццё прысвячае мастацтву, яе таленты – заварожваюць, яе любоў да жыцця і творчасці – нам усім як натхненне”.

У Даўгаўпілскім мастацкім каледжы “Saules skola” яна вучылася на дызайнера навакольнага асяроддзя і тэкстыльшчыка, у мясцовым універсітэце стала бакалаўрам па дызайне, пазней набыла дзве ступені магістра: у галіне мастацтва (графіка) і педагагічных навук. На курсах у Расіі, Украіне паглыбляла ўменні як дызайнер па трыкатажы, прафесійны стыліст. Цяпер Аліна Пяткун выкладае мастацтва ў Балтыйскай міжнароднай акадэміі ды ў Краслаўскай дзіцячай мастацкай школе. Да таго ж піша вершы, прозу, друкуецца ў мясцовых і расійскіх выданнях. З 1999-га – у Асацыяцыі мастакоў Даўгаўпілскага краю, з 2020-га – у Асацыяцыі пісьменнікаў і паэтаў рэгіёну. На рахунку яе некалькі дзясяткаў персанальных выстаў, удзел у сотні групавых, міжнародных пленэрах.

На вернісажы мастачку вітала кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская. Сама ж Аліна распавядала пра свае беларуска-польскія родавыя карані, захапленні. Што серыю з больш чым 30 карцінстварала ў часе пяці сёлетніх пленэраў у розных кутках Латвіі. Яна любіць змешваць стылі, напрамкі, тэхнікі, прыменьваць новыя навыкі: спалучаць іх, гуляць з імі, кіравацца парывамі душы – не канонамі. Эклектыка – яе стыхія, свабода самавыяўлення ў творчасці – яе крэда.

На вернісажы гучалі вершы, песні, было шмат кветак, усмешак, станоўчых эмоцый. А працавала выстава “Галаграма Лета” ў ЦБК аж да зімы.

Тэма такая: “Збор ураджаю”

Спадзяемся, у чытачоў хапіла духу (і часу…) дачытаць нататкі да кульмінацыйнай падзеі. У пятніцу, 24 верасня, завяршыўся “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” гала-канцэртам у Доме Адзінства. Выступленні беларускіх аматарскіх гуртоў  з Латвіі ды Літвы яднала сімвалічная тэма: “Збор ураджаю”.

Як вядома, традыцыі шматлюдных (і шматдзённых) кірмашоў, масавых восеньскіх гулянняў у Беларусі маюць даўнюю гісторыю. І кірмашу ў Даўгаўпілсе вельмі дарэчы прыйшоўся народны досвед. Ладзіцца ж кірмаш для зберажэння й пашырэння, развіцця ў нашым часе культурнай спадчыны, народных традыцый беларусаў. Праходзіў БКД у 11-ы ўжо раз ды паспеў стаць знакавай штогадовай падзеяй у культурным жыцці горада.

Раней гала-канцэрт збіраў шмат гасцей з Латвіі, суседніх краін, сёлета карэктуюць планы кавідныя абмежаванні. Выступалі творчыя гурт ЦБК:  “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Паўлінка”, гасцявыя гурты, артысты з Дагды і Екабпілса, з Вісагінаса (Літва). І ўсе разам урэшце здолелі стварыць атмасферу свята. Песні, танцы, гумарыстычныя мініяцюры падвышалі хвалю добрага настрою. Да таго ж за гадзіну да пачатку канцэрта ў фае адкрылася выстава восеньскіх дароў, смачных нарыхтовак гаспадынь з “Уздыма”. А побач – майстар-класы: ахвочыя майстравалі ляльку-абярэг і паштоўку-выцінанку з аплікацыяй. Былі там і прэзентацыйныя матэрыялы пра Беларусь, і сувенірны “Гузік шчасця”. Хораша клалася ў канву свята беларуская музыка ў фае.

Вядучыя канцэрта Жанна Раманоўская і Юрый Галоўка віталі гасцей, потым і віцэ-мэр Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання Аляксей Васільеў. Ён упершыню пабыў на фэсце, у вітальным слове (у тым ліку і на беларускай мове!) адзначыў што “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” стаў “яркай і самабытнай фарбай на  рознакаляровым этнічным палатне горада”. За вялікі ўнёсак у пашырэнне беларускіх народных традыцый пры правядзенні Кірмаша кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская ўшанавана ганаровай граматай Даўгаўпілскай гарадской думы.

Генконсул Беларусі ў Даўгаўпілсе Ілья Лапуць адзначыў: фестываль “годна выконвае ганаровую місію зберажэння й развіцця традыцый беларускай песні, паэтычнага слова, прадстаўляе лепшыя ўзоры мастацтва, адкрывае новыя творчыя калектывы, імёны”. Дыпламат, які актыўна падтрымлівае актывістаў беларускага руху ў рэгіёне, упэўнены, што “Беларускі кірмаш” ужо стаў адметнай з’явай і ў нашай нацыянальнай культуры. Дыпламат уручыў Цэнтру беларускай культуры дыплом ад Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Мінкультуры Беларусі: за пашырэнне беларускай культуры, зберажэнне гісторыі, традыцый беларускага народа. Гэта – вынік удзелу ЦБК у конкурсе “Культура”, які штогод ладзіць РЦНК. Граматай Генконсульства ўшанавана дзейнасць Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Дэпутатка Даўгаўпілскай гардумы і кіраўніца Цэнтра рускай культуры Наталля Кажанава падкрэсліла крэатыўную ролю Цэнтра беларускай культуры, фестывалю ў стварэнні пазітыўнага іміджа горада.

І быў канцэрт. Акрамя згаданых гуртоў ЦБК, увагу гледачоў захапілі яшчэ ансамбль “Завіруха” з Екабпілса, салістка “Народнай студыі” Віта Вітанэ з Дагды, ансамбль “Світанак” і саліст Сяргей Шабадалаў з Вісагінаса. Пакуль спевакі ды танцоры ў песнях, танцах “збіралі” ураджай, гледачы ўбіралі ў сябе радасць, хвалі пазітыўных эмоцый, нябачныя вібрацыі душэўнай блізкасці, цеплыню. Дарэчы, цяпер у Беларускім доме Даўгаўпілса ёсць абярэг з беларускім знакам-сімвалам ураджаю: вышылі яго майстрыхі з Екабпілскага беларускага таварыства “Спатканне”. Па традыцыі ў фінале гала-канцэрта на сцэну выйшлі ўсе артысты: іх і гледачоў паяднала песня “Беларускі дом” (словы Станіслава Валодзькі, музыка Аляксандра Рудзя), саліраваў Сяргей Шабадалаў.

Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырую падзяку за падтрымку ў арганізацыі “Беларускага кірмаша ў Даўгаўпілсе” ўсім, хто спрычыніўся да яго: словамі, справамі, сродкамі, песнямі, творамі…

Тэкст падрыхтаваны ў рэдакцыі паводле допісаў з Даўгаўпілса Жанны Раманоўскай (кіраўніцы Цэнтра беларускай культуры і суполкі “Уздым”) і Марыі Памецькі (метадысткі Цэнтра).

Фота: Ірына Апейнанэ

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Хораша душы на такім кірмашы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».