Вы тут

Традыцыя ў руках ганчара


Івянец здаўна быў адным з найбуйных ганчарных цэнтраў Беларусі. Як там зберагаюцца традыцыі рамяства – тое ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры дэманструе майстар Алег Капуста.


Ён уваходзіць у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці з 2008 года, цяпер “вольны ганчар”. А з маладосці працаваў на мясцовым заводзе мастацкай керамікі. “Завод – справа добрая, але там жа менш творчасці. ГОСТ, стандарт, вышэй-ніжэй, і больш ні ўправа, ні ўлева, як кажуць. Яшчэ ў часе працы там я купіў сабе невялічкі станочак, печку і пачаў вырабляць штосьці сваё. І сёння на хлеб з маслам хапае. Вось цяпер дадаткова працую ў гэтым музеі”, – расказаў майстар удзельнікам сстажыроўкі.

У экспазіцыі музея бачым лепшыя ўзоры традыцыйнага бытавога посуду: сталовыя збаны, шарападобныя глякі, цыліндрычныя слоікі, талеркі, міскі, паўміскі, спарышы, рукамыі, кубкі, патэльні, вазоны з дасканалымі, адточанымі формамі... Радуюць вока супніцы, сальнічкі, цукарніцы, масленкі, графіны, вазы для варэння, цукерніцы… Увесь такі посуд з гліны Алег Капуста цяпер можа стварыць і ва ўласнай майстэрні – на заказ: колькі людзі папросяць, столькі зробіць.

“Я звычайна выкарыстоўваю даўнюю тэхніку малачэння: гэта калі выраб на нейкі час кладзецца ў малако. Тады малочны казеін забівае поры гліны, і кераміка набывае прыгожы колер. Старэйшыя майстры расказвалі, што раней куплены на кірмашы посуд у міску з малаком магла акунаць і сама гаспадыня. Іншы ўжо колер набываў ён у печы, калі гатавалі стравы. Сёння ж кожны ганчар клапоціцца пра таварны выгляд вырабаў і робіць гэта сам", – растлумачыў майстар. Акрамя згаданай тэхнікі ён выкарыстоўвае і фляндроўку, пры дапамозе якой кераміцы надаецца характэрны мясцовы дэкор.

Яму не цікава вырабляць посуд для таго, каб “той стаяў”. Навошта? Няхай кераміка служыць людзям. Яго сям’я карыстаецца ў побыце ўсім, што вырабляе гаспадар на ганчарным крузе: “Карыстаемся збанамі, кружкамі, міскамі… Сям’я у нас вялікая: акрамя мяне і жонкі ёсць трое дзяцей: дачка Алена і сыны Дзмітрый і Аляксандр”. Сыноў навучыў працаваць з глінай яшчэ школьнікамі: яны наведваліся да яго ў гурток, калі Алег працаваў у Івянецкім цэнтры творчасці педагогам дадатковай адукацыі. Цяпер адзін сын вывучыўся на інжынера і працуе на заводзе ў Лідзе, другі хутка закончыць Беларускую дзяржакадэмію сувязі, дачка – настаўніца ў Маладзечне: выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў школе.

Ва ўласнай ганчарнай майстэрні Алегу дапамагае жонка Ірына. “Яна клеіць да кружак ручкі, кладзе збаны ў малако, ставіць іх на абпал у печ ды робіць шмат што іншае”, – казаў майстар.

Алег Капуста часта ўдзельнічае ў конкурсах і фестывалях. На абласным свяце-конкурсе керамістаў Мінскай вобласці “Гліняны звон”, якое праходзіць у Івянцы, неаднаразова займаў першыя месцы і нават атрымаў Гран-пры.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Традыцыя ў руках ганчара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.