Вы тут

Алергія на фарбу для валасоў


Якая жанчына не спрабавала змяніць раптам свой вобраз? У большасці сваёй гэта пачынаецца з новай прычоскі. І тут мы можам сутыкнуцца з такой непрыемнасцю, як алергія на фарбу для валасоў.


Змена колеру валасоў – не абавязкова жаночы эксперымент, гэта робіцца і каб падтрымаць свой звыклы вобраз (напрыклад, зафарбаваць сівізну). Але замест прыгажосці, абяцанай вытворцамі моднага брэнда, жанчына атрымлівае алергічную рэакцыю. Як  дапамагчы сабе, калі такое з вамі здарылася. І чым фарбаваць валасы, калі ў вас алергія?

Найперш трэба разумець, што надпісы на ўпакоўках з фарбавальнікамі пра іх «гіпаалергеннасць», «натуральнасць»– не больш чым рэкламны ход. Слепа давяраць ім не варта. Так, у кагосьці фарба сапраўды не выкліча алергіі, ну а іншыя могуць пацярпець ад наступстваў.

Любая алергія – гэта рэакцыя нашага імунітэту на сустрэчу з пэўным раздражняльнікам. Рэчыва, якое выклікае гэтую рэакцыю, называюць алергенам. Калі кантакт з ім спыняецца, знікаюць і сімптомы.

Пры гэтым у першую сустрэчу з алергенам вы можаце адчуць толькі лёгкі дыскамфорт, але пры новым кантакце адмоўная рэакцыя арганізма ўзмацніцца. Таму ні ў якім разе нельга ігнараваць лёгкія сімптомы алергіі пры афарбоўцы валасоў, бо ў наступныя разы вы можаце атрымаць рэакцыю ў дыяпазоне ад лімфатычных пухіркоў да ацёку Квінке. Так што жартаваць з алергіяй на фарбу для валасоў дакладна не варта!

Нельга ігнараваць нават лёгкія сімптомы алергіі пры афарбоўцы валасоў, бо ў наступныя разы можна атрымаць рэакцыю ў дыяпазоне ад лімфатычных пухіркоў да ацёку Квінке.

Што выклікае алергію пры афарбоўцы валасоў?

Часцей за ўсё гэта парафенілендыямін (PPD) – агрэсіўнае хімічнае рэчыва з такой назвай з’яўляецца самым алергенным кампанентам у складзе фарбаў для валасоў. Дзякуючы яму фарба доўга не змываецца. Ці можна знайсці сродак без PPD? Можна, але ўстойлівага эфекту ад афарбоўвання вы не даможацеся, а сама фарба будзе каштаваць даражэй.

Найбольшая канцэнтрацыя PPD у фарбе цёмных тонаў – там яна можа дасягаць 6% (гранічна дапушчальная канцэнтрацыя ў шэрагу еўрапейскіх краін), у светлай жа фарбе яго змяшчаецца не больш за 2%.

Алергію можа выклікаць Ізацін – гэтая дабаўка надае валасам насычаны колер. П-Метыламінафенол – акісляльнік, які здольны выклікаць хімічны апёк скуры галавы. Аміяк – шчолач з едкім пахам, гэтае рэчыва дапамагае пігменту,які фарбуе, глыбока пранікаць у вашыя валасы. Часам вытворцы, імкнучыся палепшыць свой прадукт, дадаюць туды новыя элементы, так што не здзіўляйцеся, калі алергія раптам узнікла ў вас на правераны брэнд.

Што рабіць, калі з’явілася алергія?

Калі падчас афарбоўвання валасоў ці адразу пасля нанясення рэчыва вы адчуваеце моцную пякоту ці сверб – неадкладна змыйце фарбу праточнай вадой, а таксама пільна памыйце галаву. Затым зрабіце кампрэс з адвару рамонку: добра намачыце ім скуру галавы і пасмы. Рамонак валодае супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі, ён дапаможа зняць раздражненне, выратуе ад далейшага алергічнага стрэсу.

Але часам прыкметы алергіі не знікаюць, а наадварот, з’яўляюцца новыя. Напрыклад, на лбе могуць узнікнуць дробныя пухіркі, пачырванее скура твару, шыі. У такім выпадку варта не адкладаючы звярнуцца да алерголага ці дэрматолага. Як правіла, спецыяліст прапіша вам антыгістамінны прэпарат, які дапаможа справіцца з рэакцыяй арганізма на алерген.

І памятайце – фарба для валасоў, якая выклікала алергію, вам супрацьпаказана. Надалей не рызыкуйце карыстацца ёю, а самае лепшае – увогуле адмоўцеся ад хімічных фарбавальнікаў.

Калі ж імкненне быць прыгожай прымушае ісці на рызыку, тэсціруйце фарбу перад тым, як яе выкарыстоўваць. Для гэтага трэба развесці вадой крыху рэчыва і нанесці на вобласць за вухам або на скуру перадплечча. Калі на наступны дзень скура на гэтым месцы не пачырванела, няма свербу ці іншых рэакцый, фарбай можна карыстацца.

Ні ў якім разе не афарбоўвайце валасы, калі на скуры галавы ёсць якія-небудзь пашкоджанні – ранкі, драпіны, высыпалі прышчы.

Чым фарбаваць валасы, калі ў вас алергія?

У якасці альтэрнатывы можна выкарыстоўваць фарбы без аміяку. Гэтыя сродкі не такія агрэсіўныя, але нават яны могуць выклікаць алергію.

Самы лепшы варыянт – натуральныя адвары, якія не толькі фарбуюць, але і падтрымліваюць здароўе валасоў. Імі паспяхова карысталіся нашы бабулі. Вядома, гэтыя рэцэпты не зменяць колер валасоў радыкальна.

Натуральныя фарбавальнікі:

  • Адвар цыбульнага шалупіння надасць валасам рудае адценне – 1-2 жмені сыравіны на шклянку кіпеню;
  • Адвар рамонку з карэнішчамі крапівы зробіць валасы бландзінак залацістымі – 1 ст.л. кветак рамонку, 1 ст.л. карэнішчаў крапівы на паўлітра вады;
  • Моцна завараны чай з даданнем кавы і какава дапаможа дамагчыся каштанавага адцення валасоў – 3ст.л. заваркі на шклянку кіпеню, 1ч.л. парашка какавы, 1ч.л. распушчальнай кавы.

І, зразумела, хна і басма – гэтыя натуральныя фарбавальнікі выкарыстоўваюццажанчынамі са старажытных часоў. Для надання патрэбнага адцення іх можна разводзіць не толькі вадой, але чырвоным віном, кавай, кефірам.

Алергія на фарбу для валасоў можа выклікаць дастаткова цяжкія праявы. Не варта падвяргаць сябе такой рызыцы нават дзеля жадання стаць прыгожай і моднай. Замяніце агрэсіўны сродак, нашпігаваны парабенамі і феноламі, на натуральны фарбавальнік – гэта лёгка, бяспечна і не патрабуе шмат грошай, якія часта пераплачваюць за модныя маркі. Ваш арганізм будзе вам удзячны, а натуральная прыгажосць, паверце, анітроху не горш за «хімічную».

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.