Вы тут

Новая выстава ў галерэі «АртХаос» — «Super Twins». Фотарэпартаж


Пазітыўна, ярка і вельмі карысна — такімі словамі можна апісаць выстаўку «Super Twins», якая адкрылася ў мастацкай галерэі «АртХаос». Аўтары карцін — Ксюша і Даша Жук, двайняткі з дзіцячым-цэрэбральным паралічом і іх мама Крысціна Жук. Кожную карціну яны ствараюць разам і таму працы вылучаюцца асаблівай цеплынёй. У таленавітай сям’і выпрацаваны свой фірменны стыль — акруглыя лініі і яркія краскі, якія адлюстроўваюць пазітыўныя эмоцыі. Нягледзячы на цяжкі дыягназ, Крысціна, Даша і Ксюша нясуць гэтаму свету прыгажосць і яркія фарбы і паказваюць людзям, што ўсё магчыма. А яшчэ сваім прыкладам пацвярджаюць, вялікую сілу мастацтва, якое сапраўды лечыць, калі не ад фізічных хвароб, то ад душэўнай слабасці. Нездарма «арт-тэрапія» — папулярны сёння напрамак у псіхалогіі. 


«Сёння мы гаворым пра арт-тэрапію, пра мастацтва, пра яго лекавую сілу. Гэта вельмі важна і цікава. Але не менш важна, якія гэта дае вынікі для саміх дзяцей, наколькі для іх гэта карысна. Вельмі многае залежыць ад мамы. І я здымаю шляпу. Гэта подзвіг, гэта штодзённая праца: самой ісці наперад і сваім пазітывам зараджаць астатніх, каб ім таксама хацелася жыць і тварыць», — адзначыла дырэктар галерэі «АртХаос» Лілія Лукашэнка. 

Крысціна Жук, мама асаблівых маленькіх мастачак, расказала, як разам са сваімі дзяўчынкамі яны ствараюць карціны. Дзяўчынкі і іх мама садзяцца на падлогу. Паколькі Даша і Ксюша не ўмеюць трымаць раўнавагу, яны абапіраюцца на маму. Крысціна ўкладвае акварэльную пастэль у дзіцячую ручку, сваёй рукой дапамагае яе трымаць і пачынаецца творчы працэс. На выстаўцы няма ні адной карціны, якую б дарабіла ці дамалявала Крысціна. Усё зроблена маленькімі таленавітымі ручкамі дзяўчынак. 

«Дзеці з ДЦП не могуць гуляць у гульні, у якія звычайна гуляюць дзеці. Але яны могуць маляваць, і мы знайшлі спосаб, які дае ім магчымасць праявіцца. Мы такіх дзяцей называем асаблівымі, і ў іх асаблівыя мамы. Такія мамы не ходзяць на канцэрты, спектаклі, іншыя дзіцячыя мерапрыемствы, бо асаблівыя дзеці там не ўдзельнічаюць. І гэтая выстаўка стала для мяне своеасаблівым канцэртам, дзе творчасць Дашы і Ксюшы прадстаўлена публіцы. Гэтыя яркія фарбы — гэта наш голас. Мы нясём свету дабрыню», — падзялілася Крысціна Жук.

Падчас адкрыцця выстаўкі прайшла лекцыя, прысвечаная арт-тэрапіі ў рэабілітацыі асаблівых дзетак. Спікер — член міжнародной артэрапеўтычнай асацыяцыі, псіхолаг, арт-тэрапеўт Алена Казленя-Камінская. Саму выстаўку яна назвала прарывам, магчымасцю для Дашы і Ксюшы паказаць сябе свету. 

«За гэтым праектам вялікая будучыня. Гэтыя карціны, яны як сонечны праменьчык сярод агрэсіі, інфармацыі, напружання . І гэтыя дзеці, якія не ў стане ні сказаць, ні рухацца, ні заявіць сябе, сваімі сонечнымі карцінамі адчыняюць новы свет. Гэтыя дзеці будуць адкрываць святло ўнутры сябе і ўнутры кожнага з нас», — адзначыла Алена Казленя-Камінская. 

Выстаўка «Super Twins» будзе прадстаўлена ў мастацкай галерэі «АртХаос» да 30 студзеня. Усе сродкі ад рэалізацыі рэпрадукцый карцін будуць накіраваныя на рэабілітацыю Дашы і Ксюшы. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».