Вы тут

Як пісьменнік Васіль Вітка пісаў ліст асабіста да кіраўніка ЦК Пятра Машэрава


Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь багаты на звароты творчых асоб у Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі. Яно і зразумела: ЦК — вышэйшая інстанцыя, звярнуўшыся да якой, можна было дамагчыся, па меркаванню аўтараў зваротаў, справядлівасці ў вырашэнні таго ці іншага пытання. Жыццё шматабсяжнае, творчая асоба знаходзіцца ў залежнасці ад самых розных суб’ектыўных і аб’ектыўных прычын. І часам грамадскія ці адміністрацыйныя ацэнкі падаюцца далёкімі ад справядлівасці, ды і не толькі падаюцца, а і насамрэч такімі з’яўляюцца. І ўсё ж не спяшаючыся рабіць тыя ці іншыя высновы, проста звернем увагу на адзін з пісьменніцкіх лістоў да рэспубліканскай партыйнай улады. 


«У вялікім даўгу я і перад сваімі чытачамі...»

12 чэрвеня 1971 года вядомы беларускі пісьменнік Васіль Вітка звяртаецца да Пятра Міронавіча Машэрава. Ліст кладзецца ў пошту першаму сакратару. І 23-га чэрвеня ён накладвае кароткую рэзалюцыю, якая адрасавана Кузьміну А. Т., на той час сакратару ЦК па ідэалогіі (абралі яго на гэтую пасаду ў лютым 1971 г. І доўгіх 15 гадоў Аляксандр Трыфанавіч лічыўся шчырым апекуном пісьменнікаў і іншых творчых людзей). Змест рэзалюцыі: прашу даць неабходныя распараджэнні. 

Што ж пісаў Васіль Вітка..: «Паважаны Пятро Міронавіч! Нядаўна ў маім жыцці адбылася падзея, пра якую і не адважыўся б Вам напамінаць, калі б не пачуццё, якое я мушу выказаць Вам па абавязку свайго сэрца. Жыццёвая дата кожнага з нас — асабістая справа, але калі яна становіцца вядомай шырокай грамадскасці, то ўжо накладае на нас і адказнасць і клопат — і ўсё, на што я здатны, я аддаю любімай справе, якую абраў мэтай свайго жыцця. 

Шасцідзесяцігоддзе, якое я сустрэў у бальніцы, праляжаўшы там болей месяца, было б, вядома, маім асабістым, чарговым «годдзем», калі б не тая, — прызнаюся Вам шчыра, — неспадзяваная навіна, якая дае мне нагоду звярнуцца да Вас, дарагі Пятро Міронавіч, са словам самай душэўнай удзячнасці за высокую ацэнку маіх сціплых заслуг у літаратуры. Дзякуй Вам, шчырае дзякуй Цэнтральнаму Камітэту нашай партыі, нашаму Ураду, перад якімі я заўсёды адчуваў і адчуваю ў вялікім даўгу. 

У вялікім даўгу я і перад сваімі чытачамі, асабліва — дзецьмі, на жаль, бывае, што і не па сваёй віне. Так здарылася са мной якраз сёлета, калі свой юбілей сустрэў я з пустымі рукамі. Меў я надзею, што ў гэтым годзе выйдуць дзве мае кніжкі: паэма для старэйшага ўзросту «Беларуская калыханка» і кніга для самых маленькіх «Чытанка-маляванка», якая рыхтуецца выдавецтвам «Беларусь» да выхаду ў свет вось ужо шосты год. Тая рука, якая яе «рыхтуе», сапраўды сама сабе ўладарка. Штогод яна шчодра выдае саматужніцкую прадукцыю ўласнага вырабу, бессаромна здзіраючы тэмы, вобразы, матывы, нават назвы з маёй працы. Усё гэта друкуецца ў самых яркіх фарбах, на лепшай паперы, якое не хапае для маёй кніжкі. Затое ў дзень майго 60-годдзя мае рэдактары і выдаўцы прыслалі мне ўзнёслае павіншаванне, у якім запэўніваюць, што заўсёды рады чытаць мае новыя творы і выдаваць іх. Наогул, нашы выдаўцы — людзі чуллівыя. Сам тав. Канавалаў прыбыў да мяне ў бальніцу з урачыстым адрасам, надрукаваным залатымі літарамі, у якім таксама нямала прызнанняў у любові. 

Таварышы выдаўцы яўна злоўжываюць маёй цярплівасцю, перабраўшы ўсякую меру..." 

Нагадаем, што Рыгор Васільевіч Канавалаў (1912 — 1979; ураджэнец вёскі Лагуны Добрушскага раёна Гомельскай вобласці) — дзяржаўны дзеяч БССР. З 1960 года — намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па радыёвяшчанню і тэлебачанню пры Савеце міністраў БССР. З 1963 года — старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку. Трэба заўважыць, што ёсць прыклады, калі і сам Рыгор Васільевіч чула, з разуменнем ставіўся да тых ці іншых зваротаў пісьменнікаў у сувязі з паскарэннем выдання іх кніг...

І далей — з ліста Васіля Віткі: «Не так многа ў мяне сіл, каб траціць іх на такое доўгацярпенне. 

Даруйце, дарагі Пятро Міронавіч, што разам з радаснымі пачуццямі я выказаў і свае засмучэнні, спадзеючыся, што яны не толькі мае асабістыя. 

Яшчэ раз дзякуй Вам ад усяе душы за высокую адзнаку маіх сціплых творчых здабыткаў. Прыкладу ўсе намаганні, каб яны былі большыя. 

Жадаю Вам здароўя, самых плённых поспехаў у Вашай высакароднай працы, а Вашаму добраму сэрцу — вялікіх чалавечых радасцей. 

З глыбокай пашанай Васіль Вітка». 

Вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік быў на пачатак 1970-х гг. запатрабаваным аўтарам. У 1970 годзе літаратара адзначылі званнем заслужанага дзеяча культуры Беларускай ССР. І ўсё ж такія прыкрыя гісторыі са складанасцямі па выхаду кніг маглі здарацца і з ім... 

«...Дзе адсутнічае элементарны парадак»

Ужо 24 ліпеня намеснік загадчыка аддзелам прапаганды і агітацыі ЦК КП Беларусі Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік (ён працаваў у ЦК з 1960 да 1973 года) піша дакладную запіску першаму сакратару ЦК... «У ЦК КПБ звярнуўся пісьменнік В. Вітка з просьбай аказаць дапамогу ў выданні яго твораў. У пісьме ўказваецца, у прыватнасці, што рукапіс яго кнігі „Чытанка-маляванка“ знаходзіцца ў выдавецтве „Беларусь“ шосты год і да гэтай пары не выдадзена, тады як рэдактар гэтай кнігі, штатны работнік выдавецтва, свае асабістыя працы выпускае штогод. 

Пытанне разглядалася ў аддзеле ЦК КПБ і Дзяржаўным камітэце Савета Міністраў БССР па друку. Прынята рашэнне ў бліжэйшы час надрукаваць наступныя працы В. Віткі: у 1971 г. — „Чытанка-маляванка“ і „Беларуская калыханка“; у 1972 г. — зборнік новых вершаў і перакладзеную ім з украінскай мовы кнігу апавяданняў В. Сухамлінскага; у 1973 — 1975 гг. — двухтомнік выбраных твораў і кнігу ўспамінаў і крытычных артыкулаў. 

«З такім рашэннем пытання аўтар згодны...»

Рашэнне ЦК аказалася праўдзівым. У 1971 годзе ў «Беларусі» выходзяць і «Чытанка-маляванка» і «Беларуская калыханка». А ў 1972-м — новы зборнік «Праводзіны лета». У 1973 г. — «Выбраныя творы» у двух тамах. Дарэчы, кніга В. Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі», перакладзеная Васілём Віткам, выйшла ў 1971 годзе. Заўвагі з ЦК надалі выдавецкім работнікам надзвычайную хуткасць...

З дакладной запіскі Аркадзя Тоўсціка: «... Што датычыць заўвагі т. Віткі пра злоўжыванні штатных работнікаў выдавецтва „Беларусь“ па выпуску сваіх твораў, то, як паказала праверка, гэта адпавядае рэчаіснасці. Так, з 1966 года па рэдакцыі дзіцячай літаратуры выйшла 5 кніг рэдактара А. Дзеружынскага і 6 кніг заг. рэдакцыяй новых твораў мастацкай літаратуры Хв. Жычка. Усяго за гэты перыяд па названай рэдакцыі 12 работнікаў выдавецтва, членаў Саюза пісьменнікаў, выпусцілі 28 кніг агульным аб’ёмам 166 аркушаў. 

Дзяржаўнаму камітэту Савета Міністраў БССР па друку (т. Канавалаву Р. В.) указана на недапушчальнасць падобнай практыкі, рэкамендавана разгледзець пытанне на пасяджэнні Камітэта...» 

Якую ж рэзалюцыю наклаў адрасат дакладной запіскі? Пётр Міронавіч Машэраў напісаў у левым куточку: «Падобная практыка можа быць толькі там, дзе адсутнічае элементарны парадак, груба парушаюцца абавязковыя нормы ў арганізацыі справы, т.ч. дзейнічаюць чыста асабістыя матывы, як наступства іх самаўпраўнасць у працы...». 

Як і рабілася, ды і зараз робіцца ў падобных выпадках, рэзалюцыю давялі да зацікаўленых... «З рэзалюцыяй П. М. Машэрава азнаёмлены старшыня Камітэта па друку т. Канавалаў і гал. рэдактар выдавецтва „Беларусь“ т. Антоненка. Пытанне пра стан спраў у рэдакцыі дзіцячай літаратуры абмяркоўвалася на Камітэце па друку. Вызначаны меры па ўстараненні недахопаў». 

Яшчэ адна «кропка» у «справе Васіля Віткі»

11 жніўня 1971 года Першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі Пятру Міронавічу пішацца яшчэ адна дакладная запіска. Гэтым разам яе аўтарам выступае ўжо іншы намеснік загадчыка аддзелам прапаганды і агітацыі ЦК — Савелій Паўлаў. «...У адпаведнасці з Вашым указаннем аддзел прапаганды і агітацыі ЦК КПБ запатрабаваў ад Камітэта па друку і выдавецтва „Беларусь“ прыняць меры да навядзення парадку ў планаванні і выпуску дзіцячай літаратуры. 

Гэтае пытанне было абмеркавана на пасяджэнні Камітэта па друку. Кіраўніцтву выдавецтва ўказана на заганную практыку частага выпуска кніг штатных работнікаў выдавецтва ва ўрон іншым пісьменнікам рэспублікі. У выдавецтве „Беларусь“ праведзена спецыяльная нарада. У перспектыўны тэматычны план выдавецтва ўнесены неабходныя карэкцівы...»

... Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Васіль Вітка (дарэчы, узнагароду пісьменнік атрымаў у 1972 годзе — у тым ліку за кнігі «Беларуская калыханка» і «Чытанка-маляванка») пражыў доўгае творчае жыццё. Памёр пісьменнік у 1996 годзе ва ўзросце 85 гадоў... Пасля 1971 года пабачылі свет многія кнігі паэта, публіцыста, таленавітага творцы, здзейсненае якім у літаратуры надоўга застанецца ў памяці беларусаў... Пэўна, як і вось гэтыя радкі: «Вышыні святла — святыні,/ Саласпілсы, Хатыні,/ Крэпасці Брэсцкай руіны,/ Вы ўжо не толькі ўспаміны, / Што душы людскія крояць,/ А памяць, прысяга і споведзь,/ Запісаны навечна/ На дрэве магутным, рассечаным/ Маланкаю да карэння./ Не вытрывала знямення,/ Загаварыла каменне/ Такой невымоўнай пакутай — / Не чутай яшчэ, не адкутай/ Ні ў бронзе, і ні ў жалезе,/ І ні ў радках паэзіі». 

У гонар Васіля Віткі ёсць медаль, які носіць яго імя. Узнагарода ўручаецца па выніках творчага года лепшым аўтарам дзіцячага часопіса «Вясёлка». Дарэчы, у той час, калі звяртаўся да Пятра Міронавіча Машэрава, Васіль Вітка быў галоўным рэдактарам папулярнага дзіцячага часопіса. А ўсяго аддаў «Вясёлцы» амаль 20 гадоў жыцця: падпісваў штомесяц нумары выдання з 1957 да 1974 года... 

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.