Вы тут

Поспех да Пекіна давядзе


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем, чым жывуць спартсмены напярэдадні Алімпіяды.


Лічба тыдня. Дзесяць медалёў заваявалі беларускія параалімпійцы на чэмпіянаце свету па лыжных відах спорту, які завяршыўся ў нарвежскім Лілехамеры. У скарбонцы беларусаў чатыры залатыя, тры сярэбраныя і тры бронзавыя медалі ў спаборніцтвах па біятлоне і лыжных гонках. Двойчы на вышэйшую ступень п'едэстала падымалася Святлана Сахоненка, яна заваявала і «серабро». Святлана Сахоненка, Валянціна Шыц, Аркадзь Шыкуць і Мікіта Ладзесаў сталі бронзавымі прызёрамі ў змяшанай эстафеце. Валянціна Шыц таксама заваявала яшчэ два «серабра» і адну «бронзу» ў асабістых гонках. Дзве ўзнагароды вышэйшай пробы і адну бронзавую заваяваў Юрый Голуб.

На гэтым чэмпіянаце планеты Беларусь прадстаўляла больш за 20 спартсменаў, а ўсяго ў Лілехамеры выступала каля 800 атлетаў з усёй планеты. Гэта першы параалімпійскі чэмпіянат свету па снежных відах — лыжных гонках, горных лыжах, біятлоне і сноўбордзе, які праходзіў у адной краіне. Цяпер група беларускіх біятланістаў і лыжнікаў адправілася ў шведскі Эстэрсунд, дзе адбудзецца заключны этап Кубка свету перад Параалімпіядай-2022. Зімовыя Параалімпійскія гульні пройдуць у Пекіне з 4 да 13 сакавіка.

Гераіня тыдня. Дзінара Алімбекава стала другой у жаночым мас-старце на сёмым этапе Кубка свету па біятлоне ў італьянскім Антхольцы. Да самога фінішу дыстанцыі ў 12,5 кіламетра беларуска прэтэндавала на перамогу, але ўступіла пераможцы Даратэі Вірэр 3,7 секунды пры выстрале міма. Італьянская біятланістка паказала час 35 хв. 58,7 сек.

Пасля сямі этапаў Кубка свету Дзінара Алімбекава паднялася на другі радок у агульным заліку Кубка свету. Цяпер у яе актывае 589 балаў. Наперадзе толькі нарвежка Мартэ Райселан, у якой 651 бал. Лідар мужчынскай беларускай каманды Антон Смольскі займае 10-ю пазіцыю, маючы ў сваім актыве 405 балаў.

Медалі тыдня. Беларускія канькабежцы выступаюць на заключным этапе юніёрскага Кубка свету, які праходзіць у аўстрыйскім Інсбруку. У актыве беларускай каманды ўжо тры залатыя медалі. Ягор Дамарацкі перамог на дыстанцыі 3000 метраў, на гэтай жа дыстанцыі найлепшай стала і Ганна Кавалёва. Віктар Рудэнка прыехаў першым да фінішу дыстанцыі на 1000 метраў. У мужчынскім камандным спрынце зборная Беларусі стала сярэбраным прызёрам.

Ліцэнзія тыдня. Беларусь атрымала дадатковую ліцэнзію на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне. Пропуск на галоўныя старты чатырохгоддзя атрымала Анастасія Андрыянава, якая спецыялізуецца ў лыжнай акрабатыцы. Размяркоўвалі дадатковыя квоты па рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FІS), згодна з якім для Беларусі была выдзелена яшчэ адна ліцэнзія. У гэтым сезоне Кубка свету 17-гадовая Анастасія Андрыянава ўзяла ўдзел у пяці стартах. Найлепшы вынік беларускі — 9-е месца на этапе ў фінскай Руцы, таксама спартсменка двойчы фінішавала ў асабістых турнірах на 16-й пазіцыі.

Намінацыі тыдня. Міжнародная федэрацыя футбола назвала найлепшых гульцоў і трэнераў мінулага года. Цырымонія The Best FІFA Football Awards — 2021 прайшла ў Цюрыху ў анлайн-фармаце. Найлепшым футбалістам планеты прызнаны польскі форвард мюнхенскай «Баварыі» Роберт Левандоўскі. З3-гадовы нападаючы стаў самым выніковым гульцом 2021 года, забіўшы 69 мячоў за «Баварыю» і зборную Польшчы. Найлепшым варатаром стаў Эдуар Мендзі (Сенегал; «Чэлсі», Лондан, Англія). Найлепшым трэнерам названы нямецкі настаўнік лонданскага «Чэлсі» Томас Тухель. Аўтарам самага прыгожага гола стаў аргенцінскі паўабаронца лонданскага «Тотэнхэма» Эрык Ламела. Сярод жанчын найлепшай футбалісткай прызнана іспанка Алексія Пуцяльяс. Англічанка Эма Хейз стала найлепшым трэнерам жаночых камандаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

У Беларусі сёння няма ніводнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі выпускнікі БНТУ.

Эканоміка

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Выконваючы праграму па імпартазамяшчэнні, зараз можна зарабіць сапраўды вялікія грошы.

Грамадства

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.