Вы тут

Руплівец нашай мовы Пётр Бузук


Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» НАН праводзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю Інстытута беларускай культуры: круглыя сталы, прэзентацыі, сустрэчы вучоных са студэнтамі. Запрацаваў YouTube-канал, дзе будуць размяшчацца запісы мерапрыемстваў, якія праходзяць ва ўстанове, плануецца, што туды будуць выкладвацца дакументальныя фільмы, відэазамалёўкі з дыялекталагічных экспедыцый ды іншыя сюжэты. Такія захады не проста спрыяюць папулярызацыі навукі. Яны знаёмяць з нашай культурнай спадчынай, паказваюць, як шмат было зроблена беларускімі даследчыкамі. Нам сапраўды ёсць чым і кім ганарыцца. Так, адзін з круглых сталоў, што прайшоў ў Інстытуце мовазнаўства, быў прысвечаны выдатнаму лінгвісту Пятру Бузуку і набыткам нацыянальнай лінгвагеаграфіі.


Інстытут беларускай культуры аб'ядноўваў людзей, якія адкрывалі ўсяму свету беларускую мову, гісторыю і культуру. У 1929 годзе на яго базе была заснавана Акадэмія навук. Падымаць айчынную навуку вучоным даводзілася ў вельмі складаных умовах. Многія даследчыкі, якія працавалі ў Інстытуце беларускай культуры ў 1920—1930-я гады, былі арыштаваныя. Вяртанне іх работ і іх імёнаў ішло марудна, цяжка. Толькі ў 1980—1990-я гады гэтыя даследчыкі зноў апынуліся ў коле нацыянальнай эліты. Сярод навукоўцаў, пра якіх трэба згадваць і чыю спадчыну вывучаць, і Пётр Апанасавіч Бузук.

Таленавіты вучоны прыбыў у Беларусь па запрашэнні прафесара Уладзіміра Пічэты выкладаць у Белдзяржуніверсітэце. Хоць, магчыма, на яго прыезд паўплывалі і Сцяпан Некрашэвіч, і Яўхім Карскі, ва ўсякім разе іх перапіска сведчыць, што яны ўскладалі вялікія надзеі на прыезд Пятра Бузука, спадзяваліся, што гэта паспрыяе развіццю беларускага мовазнаўства. І менавіта мінскі перыяд у навуковай кар'еры Пятра Апанасавіча быў самым плённым. З 1925 да 1933 года ён паспеў напісаць больш за 50 навуковых даследаванняў. Глыбокі вучоны-тэарэтык, ён стаў нястомным барацьбітом за нацыянальную культуру і мову беларусаў.

Гэты вучоны-паліглот увайшоў у гісторыю не толькі беларускага мовазнаўства, але і наогул славянскай навукі і культуры. На першым з'ездзе славістаў, які адбыўся ў Празе ў 1929 годзе, Пётр Апанасавіч выступіў з дакладам, які адкрыў новы напрамак у славянскім мовазнаўстве. Ён стаў пачынальнікам лінгвагеаграфічных даследаванняў у славістыцы, з'яўляўся адным з самых вядомых лінгвістаў пачатку ХХ стагоддзя. Такімі даследчыкамі маглі ганарыцца найбуйнейшыя цэнтры славістыкі.

Бузук быў адным з тых вучоных, якія сто гадоў таму стваралі беларускае мовазнаўства, пачынальнікам многіх новых напрамкаў у навуцы. Кола яго інтарэсаў было вельмі шырокім. Ён стаў першым лінгвагеографам — у 1928 годзе выдаў атлас «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі». Разам з Некрашэвічам займаўся складаннем праграмы, па якой збіраліся асаблівасці беларускіх гаворак. Вырашаў пытанні, звязаныя з рэформай правапісу. Пётр Бузук адным з першых звярнуў увагу на такі кірунак даследаванняў як вывучэнне мовы пісьменнікаў і паэтаў. Ёсць у яго працы, прысвечаныя аналізу моўных асблівасцяў твораў Цішкі Гартнага, стылю маладнякоўцаў. Дарэчы, ён быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк», пісаў вершы і апавяданні.

У Інстытуце беларускай культуры Бузук быў старшынёй Фальклорна-дыялекталагічнай, пасля Дыялекталагічнай камісіі. У 1929 годзе ён становіцца вучоным сакратаром Інстытута мовазнаўства, а ў 1931—1933 гадах — яго дырэктарам. І раптам у біяграфіі з'яўляецца запіс, што ён з'яўляецца проста навуковым супрацоўнікам інстытута. Гэта звязана з рэпрэсіямі, праз якія праходзілі вучоныя. Не пазбег арыштаў і Бузук. Пра тое, з якімі драматычнымі абставінамі сутыкаліся мовазнаўцы, сведчаць як іх біяграфіі, так і работы. Калі ў 1920-х гадах кіпелі дыскусіі, напрыклад, вакол правапісу, то ў 1930-х ужо няма такой актыўнасці, вучоныя асцерагаліся выказвацца персанальна, некаторыя работы выходзілі за подпісам «Інстытут мовазнаўства». Калі ў першыя пяць гадоў у Мінску ў Бузука выйшлі дзясяткі навуковых артыкулаў, то за 1931—1933 гады вядомыя толькі шэсць. І яму даводзілася працягваць навуковую работу ў найскладанейшых умовах, калі вялікая колькасць калег была арыштаваная, ён адчуваў, што і па яго ў любы момант могуць прыйсці. А ў вучонага было чацвёра малых дзетак...

У 1934 годзе Бузук быў арыштаваны і высланы ў Волагду, дзе спачатку працаваў бібліятэкарам, а пасля выкладаў у педінстытуце. Але пасля чарговага арышту ў 1937 годзе вучоны быў расстраляны. Цалкам рэабілітаваны толькі ў 1987 годзе.

Няпроста складвалася і жыццё сям'і Бузука. Пасля арышту вучонага яго жонку і дзяцей пазбавілі кватэры. Жанчыне на дапамогу прыйшлі яе сёстры, якія працавалі актрысамі першага беларускага тэатра. Пра гэта згадала ўнучка даследчыка Кацярына Шашыйташвілі. Бабуля распавядала ёй, што Пётр Апанасавіч быў вельмі мяккім, інтэлігентным, ніколі ад яго яна не пачула грубага, рэзкага слова. Ён меў вельмі добры голас. І як бы ён ні стамляўся, колькі б у яго ні было спраў, пасля работы завітваў да дзяцей. Яны ішлі ў парк, і па дарозе ён спяваў малым арыі на італьянскай, нямецкай мовах. На сямейных вечарах яны складалі бурымэ, лічылі літары ў вялікіх словах. І хоць дзеці Бузука выраслі таленавітымі, добра валодалі замежнымі мовамі, ім пры паступленні ў ВНУ адмаўлялі як нашчадкам «ворага народа».

Як заўважыла падчас круглага стала загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеграфіі Інстытута мовазнаўства Вераніка Курцова, захавалася багатая навуковая спадчына гэтага таленавітага вучонага — і яна заслугоўвае таго, каб быць надрукаванай асобным выданнем.

Часам архівы падкідваюць цікавыя знаходкі. Так, малады даследчык Зміцер Крымоўскі, які цікавіцца гісторыяй мовазнаўства, шукае матэрыялы, звязаныя з вучонымі ХІХ—ХХ стагоддзяў, выпадкова натрапіў на рэцэнзію Бузука на Расійска-беларускі слоўнік, падрыхтаваны М. Байковым і С. Некрашэвічам. Ён упэўнены, што яшчэ не аднаму пакаленню даследчыкаў хопіць работы ў архівах. Неабходна вяртаць памяць пра выдатных асоб, пераасэнсоўваць, вывучаць іх спадчыну, унёсак у айчынную навуку і культуру.

У хуткім часе з працамі вучоных Інбелкульта можна будзе азнаёміцца ў інтэрнэце. Супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі ўжо перавялі многія з іх у лічбавы фармат. Гэты віртуальны праект запрацуе на сайце бібліятэкі. Таксама ўстанова падрыхтавала вялікую выставу з нагоды стагадовага юбілею па выданнях Інбелкульта.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Руплівец нашай мовы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».