Вы тут

Беласнежныя мары. Чаму на Навагрудчыне выцінанку называюць выбіванкай


Сяляне бачылі ў панскіх дамах прыгожыя сурвэткі, абрусы, фіранкі. Дарагія ажурныя тканіны не ўсе маглі сабе дазволіць. Папера стала выдатнай альтэрнатывай. Пад рукой таленавітых майстрых узнікалі далікатныя кветкі, птушачкі, арнаменты... У розных кутках Беларусі людзі шукалі свае падыходы да стварэння такой прыгажосці. На Навагрудчыне папяровых спраў майстры ўзбройваліся... малатком. Тут рабілі асаблівыя ўзоры — якія размяшчаліся на ромбападобнай сетцы, што імітавала гардзіннае палатно. Нажніцамі падобныя роўныя ромбікі не зробіш, але дзякуючы народнай кемлівасці выйсце было знойдзена — са складзенай у некалькі пластоў паперы іх можна выбіць. Таму і завуць тут выцінанку выбіванкай.


Яшчэ ў пасляваенныя гады бялюткімі папяровымі ўпрыгажэннямі ў вёсках пад Навагрудкам і Карэлічамі аздаблялі хаты — іх размяшчалі на вокнах, сталах, куфрах, паліцах, клалі на іх велікодныя булкі, рабілі набожнікі. Папяровымі ўзорамі аздабляліся і храмы. Перад Вялікаднем па вёсках нават прадавалі выкананыя ў гэтай тэхніцы сурвэткі пад пірагі і «дэкор» для хаты.

Праўда, век у такіх мастацкіх вырабаў быў кароткі. Штогод да свят выразаліся новыя ўпрыгажэнні, а старыя ніхто не захоўваў. З цягам часу, калі магазінныя рэчы пачалі выцясняць самаробныя, выцінанкі на вокнах змянілі цюль і шторы. Пра старую традыцыю і незвычайныя тэхнікі маглі б забыцца, каб не энтузіясты, якія вырашылі не проста аднавіць выбіванку, але і даць ёй шанц на новае жыццё. У 2014 годзе навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка займела статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь як элемент культурнай спадчыны.

Пра выбіванку згадалі і падчас уручэння штогадовых прэмій «За духоўнае адраджэнне». Кіраўнік народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь клуба майстроў народнай творчасці «Каляровая альтанка» Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў Наталля Клімко сёлета адзначана Спецпрэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва за плённую работу па захаванні традыцый вырабу беларускай выцінанкі.

Наталля Клімко — народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці — стварае мастацкія рэчы і шчыра дзеліцца сакрэтамі вырабу папяровых цудаў. На якіх толькі святах, фестывалях і конкурсах ні пабывала навагрудская выбіванка!

Сёння яна вядомая ўжо і за межамі Беларусі. Заморскія госці ў цэнтры рамёстваў знаёмяцца з мясцовымі папяровымі тэхнікамі, і вырабы, зробленыя сваімі рукамі, вязуць на радзіму. Як «данеслі» мясцовым майстрам, недзе ў Швецыі ўжо свеціць ліхтар, аздоблены беларускай выбіванкай.

Сваім другім нараджэннем выбіванка абавязана ўраджэнцы вёскі Мілушава Навагрудскага раёна Ніне Шурак. Жанчына, рыхтуючы экспазіцыю гісторыка-краязнаўчага музея, вырашыла стварыць куточак вясковай хаты, і тут ужо ўспомніла пра старыя ўпрыгажэнні, якія рабіла яе маці. Яшчэ ў 1930—1950-х гадах мясцовыя жыхары пераносілі на паперу свае мары аб прыгожым спакойным жыцці — на фіранках і сурвэтках расцвіталі кветкі, з'яўляліся букеты, галубы, вяночкі. Каб выбіць складаныя ўзоры, у пасляваенныя гады ў народных майстроў у ход ішлі долата, расплюшчаныя цвікі, часам нават пустыя гільзы з-пад патронаў. Ніна Пятроўна паспрабавала аднавіць традыцыю — і вельмі хутка знайшла паслядоўнікаў. Калі жанчыны не стала, яе справу працягнуў цэнтр рамёстваў.

Навагрудскую выбіванку заказвалі вучоныя, набывалі калекцыянеры. Пра яе распавядаюць настаўнікі ў школах, на Вялікдзень папяровыя ўпрыгажэнні можна ўбачыць у храмах.

Экскурсіі, майстар-класы, заняткі для малых і пажылых, выезды ў дзіцячыя летнікі з расповедам пра мясцовыя традыцыі спрыяюць захаванню папяровага майстэрства. Дзеці ў такой тэхніцы робяць святочныя паштоўкі. Дарослыя майстры прыдумляюць, як элементы выбіванкі можна выкарыстаць у разнастайных праектах. Педагог дадатковай адукацыі Вольга Чубрык з дзяўчаткамі на гуртку папяровай пластыкі стварылі калекцыю галаўных убораў у гэтым стылі.

Можна падумаць, як узоры выбіванкі перанесці на тканіну — такія прынты выдатна будуць выглядаць на адзенні і на сумках, а таксама на посудзе, на школьных сшытках.

Чаму б не аздобіць аграсядзібы і кавярні выбіванкай? Тым больш што яна мае ўсе шанцы на тое, каб стаць адным з брэндаў раёна.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.