Вы тут

Выключныя і старажытныя: у Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстава аб беларускіх гарадах


Тэматычную выставу «Старажытныя гарады Беларусі», прысвечаную Году гістарычнай памяці, прадставілі сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БелТА ва ўстанове культуры.


Фота: nlb.by

«У кожнага горада беларускай зямлі ёсць свой лёс, дасягненні і страты. Адны славяцца старажытным мінулым, выключнай роляй у канкрэтных гістарычных падзеях, іншыя — архітэктурнымі помнікамі і сучаснымі будынкамі, трэція — дасягненнямі ў эканамічным развіцці краіны, маладосцю. На выставе кожны можа ажыццявіць своеасаблівае падарожжа па старажытных гарадах Беларусі», — расказалі ў бібліятэцы.

У бібліятэцы прадставілі больш за 150 экспанатаў на тэму беларускіх гарадоў. Адкрывае экспазіцыю лепшы навігатар па нашых землях свайго часу — факсіміле знакамітай Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага (1648). Лічыцца, што гэта першая дакладная карта краіны. Яе аўтарамі сталі мастак і гравёр пры двары князя Радзівіла ў Нясвіжы Тамаш Макоўскі, а таксама галандскі гравёр і картограф амстэрдамскага выдавецкага дома Блау Гесель Герытс.

«Арыгінальныя паштоўкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя даюць уяўленне аб агульных відах гарадоў з вышыні птушынага палёту, іх выдатных мясцінах — храмах, плошчах, будынках тэатраў, вакзалаў, жывапісных вуліцах і навакольных мясцовасцях, святочнага і штодзённага жыцця, а таксама культуры мясцовых жыхароў», — адзначылі арганізатары.

Асаблівую каштоўнасць экспазіцыі дадаюць выданні даследчыкаў гарадоў і помнікаў старажытнай культуры. Сярод іх ёсць прыкметная фігура гісторыка, археографа і краязнаўца Аляксея Сапунова і дэманструюцца сабраныя ім зборнікі дакументаў па гісторыі Віцебшчыны ХІ-ХІХ стагоддзя. Сярод іх — «Рака Заходняя Дзвіна», «Памятная кніжка Віцебскай губерні» з уладальніцкім знакам бібліятэкі гісторыка.

Арганізатары раяць звярнуць увагу на выданне «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні, праваслаўных манастыроў, цэркваў і па розных прадметах» з экслібрысам мінскага гарадскога галавы 1890-1901 года Карла Гутэн-Чапскага.

«Прадстаўленыя навуковыя працы, гістарычныя нарысы, навукова-папулярныя выданні яскрава сведчаць, што старажытныя гарады Беларусі прайшлі няпросты шлях гістарычнага развіцця ў складзе розных дзяржаўных утварэнняў, іх жыхары стварылі і захавалі для нашчадкаў значную культурную спадчыну. Вядомыя асобы — ураджэнцы гэтых мясцін — праславілі справамі сваю малую радзіму», — дадалі ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Акрамя таго, экспазіцыю дапаўняюць багата ілюстраваныя альбомы і юбілейныя выданні. Убачыць «Старажытныя гарады Беларусі» можна да 15 чэрвеня.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.