Вы тут

Буквар — слова беларускае


Вы ведаеце, што буквар прыдумалі беларусы? Так, першы буквар у свеце быў падрыхтаваны менавіта нашымі продкамі, што колькі гадоў таму давёў вядомы даследчык, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. І вось днямі на свет з'явілася яго ўнікальная манаграфія пра беларускія буквары. Даследчык эмацыянальна праінфармаваў:


— Адбылося! Вынік пяці гадоў работы з'явіўся на свет! Ёй аддаваўся амаль цалкам так шмат дзён, месяцаў, гадоў, удзень і ўначы, на выхадных і ў водпуску, дома і ў дарозе…

Навуковае даследванне задумвалася да 400-годдзя першай кнігі пад назвай «Буквар», але істотна пашырылася ў параўнанні з першапачатковай задумай. У манаграфіі 336 старонак вялікага фармату, 8 раздзелаў, 125 параграфаў, 730 ілюстрацый, 1025 спасылак на апублікаваныя і архіўныя крыніцы. Разглядаецца гісторыя айчынных падручнікаў для пачатковага навучання ад старажытнасці да нашых дзён. Вялікая доля такіх помнікаў зусім невядомая нават даследчыкам, а іх ілюстрацыі публікуюцца ўпершыню.

— Каб сабраць звесткі пра беларускія буквары, давялося аб'ехаць шмат краін, працаваць у дзясятках бібліятэк, музеяў, архіваў, шукаць у прыватных зборах і калекцыях, бо даўнія (ды і адносна сучасныя) беларускія падручнікі выключна слаба захаваліся ў самой Беларусі (ды што там, амаль не захаваліся). Па факце былі выкарыстаны ілюстрацыі з 78 дзяржаўных і прыватных калекцый у Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ірландыі, Італіі, ЗША, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіне, Францыі, Чэхіі і Швецыі, — тлумачыць Алесь Суша.

Буквароў захавалася няшмат, бо гэты від кніг ва ўсе часы быў асабліва запатрабаваны і зачытваўся да дзірак. Да таго ж, на думку аўтара манаграфіі, гэта не толькі першая кніга для навучання грамаце, але і крыніца найвышэйшых агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцяў. Па гэтых выданнях можна вывучаць гісторыю культуры і адукацыі нашай краіны.

— Многія з даўніх беларускіх буквароў былі выяўлены адносна нядаўна. Гэта дазваляе нам спадзявацца, што новыя знаходкі яшчэ могуць быць зроблены ў будучыні. Сёння мы можам упэўнена сцвярджаць, што буквар стаў вельмі важнай з'явай у гісторыі айчыннай культуры, паўплываў на развіццё нашага народа, станаўленне яго як нацыі. У той жа час буквар можа быць упэўнена названы і адным з культурных брэндаў Беларусі, сведчаннем выключнай ролі асветы ў жыцці нашых продкаў і сучаснікаў, яскравым дасягненнем творчага генію беларускага народа.

Манаграфію ўжо цяпер можна набыць у кнігарнях, у прыватнасці, у «Акадэмкнізе», і ў выдавецтве «Беларусь». Не прапусціце інфармацыю пра прэзентацыі.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?