Вы тут

Папяровыя лісты. Вернем іх у наша жыццё?


Напэўна, большасць нашых чытачоў памятае час сапраўдных папяровых лістоў — напісаных ад рукі, з доўгімі апісаннямі паўсядзённых спраў і падзей. Сёння такія лісты пішуць рэдка, мы жывём у эпоху месенджараў. І, пагадзіцеся, калі трэба нешта напісаць ручкай на аркушы паперы, у першую секунду дзеянне здаецца нязвыклым, і руцэ даводзіцца «успамінаць» навык. Між тым і медыкі, і псіхолагі, і работнікі пошты аднадушныя ў тым, што рукапісныя лісты і паштоўкі варта вярнуць у нашу штодзённасць.


У вайберы мы перапісваемся з пажылымі бацькамі і настаўнікамі сваіх дзяцей-школьнікаў. У WhatsApp і Telegram маем зносіны з калегамі і атрымліваем заданні ад кіраўніцтва. У Facebook Messenger філасофствуем і дзелімся з сябрамі разважаннямі пра жыццё. І ўсё гэта — кароткімі паведамленнямі. Абыходзімся некалькімі фразамі, каб расказаць аб пачуццях і з'явах і нават прызнацца ў каханні. З кароткіх паведамленняў даведаемся аб найважнейшых падзеях ва ўласным жыцці: хваробе або выздараўленні блізкага, рашэнні каханага стварыць з вамі сям'ю або падаць на развод, а кіраўніцтва — аб вашым павышэнні або звальненні...

Памятаеце, як спачатку папяровыя лісты змяніліся на электронныя? Потым і электронныя лісты, адносна недалёкія ад эпісталярнай «класікі», ператварыліся ў сродак у асноўным толькі рабочай камунікацыі. Месенджары прызвычаілі нас да сцісласці-«сястры таленту». А пачуцці наогул можна выказаць наборам смайлікаў. Або замяніць уласныя словы стыкерамі: «Абдымашкі!», «Люблю цябе», «Сумую»... Сродкаў і спосабаў камунікацыі стала больш, але сама камунікацыя, як ні дзіўна, стала бяднейшая. Дык ці варта «скідаць з карабля гісторыі» лісты ад рукі і папяровыя паштоўкі да свят? Раптам, зусім развучыўшыся пісаць такія пасланні, мы і сапраўдныя чалавечыя эмоцыі забудзем у скрыні камоду разам з пісчай паперай і шарыкавымі ручкамі? А замест іх у нас будуць стыкеры на ўсе выпадкі жыцця: «Ні-чо-сі!», «Улёт!», «Мілата»...

У мінулую суботу ў аддзяленнях УП «Белпошта» прайшоў «Дзень ручнога пісьма», прымеркаваны да аднайменнага свята (яго таксама называюць Дзень почырку). У рамках акцыі кліенты аддзяленняў паштовай сувязі маглі купіць паштоўку і адправіць яе блізкаму чалавеку, папярэдне напісаўшы некалькі слоў. Супрацоўнікі УП «Белпошта» ў гэты дзень дастаўлялі паштоўкі бясплатна ў любы пункт нашай краіны.

— У выхадныя, як правіла, у аддзяленнях паштовай сувязі наплыў наведвальнікаў, — тлумачыць начальнік Асіповіцкага ўчастка паштовай сувязі Надзея Багачова. — Людзі прыходзяць аплаціць камунальныя паслугі, атрымаць ці адправіць пасылку або грашовы перавод. І заадно яны змаглі ўспомніць і адчуць, як гэта прыемна — адправіць паштоўку з цёплымі словамі блізкаму чалавеку. І атрымаць такую паштоўку ад тых, хто вам дарагі. Адкрыць паштовую скрыню і ўбачыць яе — зусім не тое, што адкрыць вайбер і ўбачыць электроннае паведамленне. Тут зусім іншыя эмоцыі: здзіўленне, радасць. Напрыклад, калі паштоўка ад унука бабулі...

Бо над кожным рукапісным словам мы задумваемся, адзначае спецыяліст. У той час як паведамленні ў месенджарах не патрабуюць ні ўдумлівасці, ні «душы» — іх можна пісаць, не адрываючыся ад прагляду стужкі навін.

Супрацоўнікі пошты кажуць пра тое, што апошнім часам нават у армію папяровыя лісты пісаць сталі радзей у параўнанні з тым, як гэта было яшчэ 8—10 гадоў таму. І ўсё ж ручное пісьмо пакуль не адышло ў нябыт, яно яшчэ жыве. Хоць у асноўным у фармаце падпісанай паштоўкі.

— Паштоўкі да свят падпісвае і адпраўляе блізкім, сваякам, сябрам досыць шмат людзей і ў нашы дні. І гэта не толькі людзі старэйшага ўзросту, — кажа Надзея Багачова. — Напрыклад, школьнікі і моладзь ахвотна купляюць «валянцінкі», абменьваюцца паштоўкамі да 23 лютага і 8 сакавіка. Я б нават сказала, што паступова падпісваць паштоўкі ад рукі становіцца модна.

З аднаго боку, тут можна казаць аб праекце «Посткросінг» — сістэме абмену паштоўкамі паміж незнаёмымі людзьмі з розных канцоў свету (на студзень 2020 года ў праекце было зарэгістравана больш за 793 150 чалавек з 207 краін. Ёсць пасткросеры і ў Беларусі). З іншага — паводле міжнароднага даследавання, больш за 85 % маладых людзей ва ўзросце 20—25 гадоў сёння цэняць напісаныя ад рукі пасланні вышэй за электронныя і хацелі б часцей іх атрымліваць.

«Пішу да вас...»

Больш маштабна акцыя «Дзень ручнога пісьма» прайшла ў рэгіёнах — там у ёй удзельнічала больш аддзяленняў паштовай сувязі. У Мінску адправіць бясплатна паштоўку родным, блізкім і сябрам можна было толькі на Галоўпаштамце, з 10 да 12 раніцы і з чатырох да шасці вечара. Сярод наведвальнікаў галоўнага будынка УП «Белпошта», якія падтрымалі акцыю, была і моладзь, але ў асноўным — людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту.

— Адправіць смс можа кожны, — дзеліцца Ірына Валер'еўна, што прыйшла на паштамт разам з сяброўкай. — А ты паспрабуй схадзіць на пошту, купіць канверт або паштоўку, падпісаць яе, даведацца і запоўніць адрас з індэксам... Але зараз жа ўсе занятыя! Галоўны аргумент — няма часу. «Закруціліся», як кажуць мае сыны. Не было дзесяці хвілін? Не паверу!

Пенсіянерка прыйшла ў гэты дзень на пошту, каб адправіць паштоўкі сястры ў Гомель і ўнукам у Мінск.

— Я таксама паштоўкі і лісты адпраўляю нячаста, — абараняе сучасную моладзь яе спадарожніца. — Цяпер прасцей стэлефанавацца. Пішу, толькі калі сапраўды хачу сказаць нейкія важныя словы, каб яны захаваліся на доўгія гады. У майго брата (ён жыве ў Брэсцкай вобласці) дзень нараджэння 28 студзеня, а тут якраз і акцыя. Хоць я і без акцыі павіншавала б яго паштоўкай.

— Захоўваю паштоўкі з дзяцінства. Мы са школьнай сяброўкай расставаліся на лета, і ўвесь час адпраўлялі адзін аднаму лісты і паштоўкі. Памятаю, з якім нецярпеннем чакала іх ад яе! Чытаеш і перачытваеш, пішаш адказ, адпраўляеш і чакаеш зноў... Вельмі яркія эмоцыі! — успамінае яшчэ адна ўдзельніца акцыі, якая прадставілася Святланай. — Цяпер паштоўкі адпраўляю рэдка. Апошні раз — гадоў сем таму, з адпачынку: ездзіла ў В'етнам.

— Асабіста я падпісваю на вялікія святы каля 10—15 паштовак, на 8 сакавіка прыкладна столькі ж — сяброўкам з іншых гарадоў, калегам, — распавяла яшчэ адна наведвальніца. — Не згодная, што цяпер паштоўкі адпраўляюць адно аднаму толькі пажылыя людзі. Мне да пенсіі яшчэ далёка, — усміхаецца яна. — А атрымліваць паштоўкі і адпраўляць іх вельмі люблю. У нашай сям'і заўсёды было прынята адпраўляць адно аднаму паштоўкі на святы, і гэтую традыцыю мы захавалі, хоць рэгулярна стэлефаноўваемся. У апошнія гады захапілася посткросінгам, так што атрымліваць і адпраўляць паштоўкі для мяне — справа звыклая.

Сёння рукапісныя лісты і паштоўкі — гэта не руціна і штодзённасць, а хутчэй раскоша, паказчык важнасці таго, каму адрасавана пасланне, кажуць супрацоўнікі РУП «Белпошта». Гэта спосаб падкрэсліць сваё добрае стаўленне да адрасата. Менавіта таму іх трэба адпраўляць. І менавіта таму яны паступова ўваходзяць у моду ў сучаснай моладзі (паштовыя работнікі адзначаюць, што не здзівяцца, калі праз пару гадоў папяровыя паштоўкі з рукапісным тэкстам на абароце стануць модным трэндам).

Пішыце лісты

Зрэшты, пісаць ад рукі важна не толькі дзеля тых, каго мы любім. Рабіць гэта варта і дзеля саміх сябе, кажуць медыкі.

— Пісаць ад рукі, безумоўна, вельмі карысна ў любым узросце. Але асабліва гэта важна для людзей сталага ўзросту, — падкрэслівае галоўны герантолаг Беларусі Людміла Жылевіч. — Працэс пісьма адначасова задзейнічае многія аддзелы мозгу, а спалучэнне дробнай маторыкі рук з творчым працэсам дае найлепшы эфект уздзеяння на кагнітыўныя функцыі (памяць, інтэлект і ўвагу). Чым старэйшы чалавек, тым важней яму выходзіць за рамкі звыклых дзеянняў, пашыраць дыяпазон успрымання жыцця. Пісаць ад рукі пажылому чалавеку цяжка, асабліва пры неўралагічнай сімптаматыцы. Але гэта свайго роду «пальчыкавая гімнастыка», якая з'яўляецца дзейснай прафілактыкай дэменцыі (рэкамендуюць таксама трэніравацца пісаць левай рукой або «люстэркава», двума рукамі). Працэс пісьма таксама супакойвае, бо на паперу можна вынесці свае трывогі і страхі. І, вядома, вельмі карысна людзям старэйшага ўзросту атрымліваць рукапісныя лісты і падпісаныя паштоўкі ад блізкіх. У параўнанні з друкаваным тэкстам рукапісны ўспрымаецца больш персаніфікаваным, у ім ёсць «душэўны кампанент». А душэўнае цяпло, клопат і ўвага блізкіх неверагодна важныя для пажылых людзей — яны даюць ім сілу жыць.

Навык пісаць ручкай на паперы незаменны ў дзіцячым і падлеткавым узросце. Справа ў тым, што пісьмо ад рукі і з выкарыстаннем клавіятуры задзейнічаюць розныя функцыі мозгу, і менавіта рукапіснае стварэнне тэксту з'яўляецца больш складаным неўралагічным працэсам. Сёння многія нейрабіёлагі кажуць пра тое, што зніжэнне частаты напісання тэкстаў ад рукі ў дзіцячым развіцці (усё часцей замяняюць ліст ад рукі камп'ютарным наборам) негатыўна ўплывае на развіццё кагнітыўных здольнасцяў.

— Тое, што рукапіснае пісьмо, а дакладней каліграфія, развівае як у дзіцяці, так і ў дарослым здольнасць да больш шырокага мыслення, — не аксіёма. Але гэта распаўсюджаны погляд, пацверджаны шматлікімі даследаваннямі, — адзначае кінезеолаг Наталля Турлюк. — Акрамя таго, працэс рукапіснага пісьма згладжвае канфлікт паміж старым/новым у нашым жыцці. Пакінуўшы гэты навык у мінулым, мы можам стаць больш трывожнымі і менш адаптаванымі да змен. Ліст ад рукі дапамагае пазбегнуць распаўсюджанай пасткі свядомасці сучаснага чалавека — калі мы да раніцы ганяем па крузе адны і тыя ж думкі, ведучы дыялог, напрыклад, з уяўным начальнікам, губляючы пры гэтым сілы і энергію. У гэтым выпадку варта вербалізаваць тое, што адбываецца ў вашай галаве, у тым ліку пісьмовым выказваннем, прычым пісаць трэба менавіта ад рукі. Так нервовая сістэма здабудзе баланс, і самаадчуванне палепшыцца з прычыны зніжэння стрэсу.

Словам, не варта забывацца, як пісаць ручкай на паперы. А будзе вольны час — не пашкадуйце яго, каб падпісаць папяровую паштоўку (а лепш — напісаць ліст) тым, хто вам дарагі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Словы ад сэрца

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.