Вы тут

Пакеты з кукурузы выратуюць экалогію?


Беларусь амбіцыйна плануе да 2035 года выкарыстоўваць 90 % цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) замест таго, каб захоўваць іх на смеццевых палігонах (цяперашняя лічба — 25 %). Згодна з марфалагічным складам смецця, з яго можна выбраць да 30 % другасных матэрыяльных рэсурсаў (пластыку, шын, гумы, шкла, металу, паперы) і 40 % арганічнага смецця («зялёныя» адходы ад абрэзкі дрэў і кустоў, зелле з агародаў, а таксама харчовыя адходы). А вось 30 % адходаў не прыдатныя да другаснага выкарыстання. У краіне плануюць стварыць магутнасці па перапрацоўцы арганічных адходаў біялагічнымі метадамі, і да 2035-га іх выкарыстанне павінна дасягнуць 535 тысяч тон (пакуль перапрацоўваецца каля 2 % арганікі). А летась у Слоніме пачаўся праект па правільным кампасціраванні арганікі, у якім удзельнічае каля 500 домаўладанняў. Пра планы на карысць ад смецця і асаблівасці абыходжання з ім цяпер расказалі спецыялісты.


Харчовыя і «зялёныя»

Яшчэ ў 2019-м у Беларусі стварылася 3,8 млн тон цвёрдых камунальных адходаў, а ўжо ў 2020-м лічба стала 4,1 млн, і штогод яна працягвае расці. А захоўванне арганічнага смецця на палігонах цягне за сабой шэраг праблем, бо ў гэтай групе адходаў жывуць хваробастваральныя мікраарганізмы і ўтвараюцца парніковыя газы, расказала Ірына ВАГА, вучоны сакратар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі:

— Цяпер у Беларусі існуе практыка змешанага збору ЦКА у адзін кантэйнер. Гэта прыводзіць да забруджвання другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), зніжае іх якасць і магчымасць вымання са смецця. Харчовыя і зялёныя адходы неабходна збіраць паасобку. Каб дасягнуць станоўчага выніку, як сведчыць вопыт іншых краін, неабходны глыбокі селектыўны збор каля крыніц іх стварэння — непасрэдна ад жыхароў. У нашай краіне ўжо ўведзены такія тэхналогіі біялагічнай апрацоўкі арганічнай часткі ЦКА, як анаэробнае кампасціраванне і анаэробнае кампасціраванне з атрыманнем біягазу з наступнымі выпрацоўкай і выкарыстаннем цеплавой і электрычнай энергіі.

Спецыялісты інстытута ЖКГ даследавалі эканамічныя выгоды ад гэтых тэхналогій на прыкладзе існуючых магутнасцяў краіны і прыйшлі да высновы, што найбольш аптымальная для Беларусі тэхналогія — анаэробнае кампасціраванне ў палявых умовах. Папярэднія даследаванні працэсу кампасціравання праводзіліся на базе Слонімскай ЖКГ. Сыравінай служылі драўляна-раслінныя адходы.

— Вынікі паказалі: калі не было асобнага збору арганічнай часткі адходаў, то валавое ўтрыманне свінцу перавышала ў некаторых месцах гранічна дапушчальную канцэнтрацыю. А вось там, дзе выкарыстоўвалі адходы пасля раздзельнага збору, атрымалі гатовы кампост, утрыманне ўсіх цяжкіх металаў у якім было ў норме. На гэты прадукт атрыманы тэхнічныя рэгламенты, і ён выкарыстоўваецца для ўласных патрэб гаспадаркі — вырошчвання расады, кветак і газоннай травы, — агучыла вынікі даследавання спецыяліст.

Цяпер навукоўцы распрацоўваюць тэхналогіі вытворчасці арганічнага ўгнаення арганічнай часткі ЦКА і цэлюлозаўтрымлівальных матэрыялаў. Яны сцвярджаюць, што гэта тэхналогія дазволіць павялічыць аб'ём перапрацоўкі камунальных адходаў на 11—15 %, скараціць час атрымання арганічнага ўгнаення з шасці да трох месяцаў (за кошт прымянення мікрабіялагічных прэпаратаў), зменшыць затраты на працэс кампасціравання на 15—25 % і павысіць ураджайнасць сельгаскультур на 5—10 %.

Гіграскапічны пакет і вентыляцыйнае вядро

У Слонімскім раёне запланаваны для закладкі восем эксперыментальных буртоў з розным утрыманнем арганічных кампанентаў. Прадугледжаны раздзельны збор трэсак і арганічнай часткі ЦКА, якая збіраецца з 500 кватэр аднаго з мікрараёнаў Слоніма, удакладніла Ірына Вага:

— Людзі збіраюць свае харчовыя адходы (лісце, зялёную траву, смецце з кухні і пілавінне) у біяраскладальныя пакеты. Наяўнасць апошніх — абавязковая ўмова, бо смецце ў іх адразу складзіруецца на пляцоўцы для кампасціравання і ўсё разам пасля перарабляецца ў кампост.

Перш чым распачаць праект, жыхарам тлумачылі яго сутнасць і прапаноўвалі спецыяльныя вёдры, пакеты і памяткі, дзе абазначана, якія адходы падыходзяць для кампасціравання. Шмат хто быў настроены скептычна, аднак знайшлося і нямала зацікаўленых, расказаў Сяргей ПЯТЛІЦКІ, намеснік дырэктара Слонімскай ЖКГ.

Для ўдзелу ў праграме арганічнага кампасціравання ў гаспадарцы ёсць адпаведныя машыны і механізмы. Смеццявоз, кантэйнеры для збору харчовых адходаў, якія пастаўлены на пляцоўках, варушыцель кампосту на палігоне і сіта. А непасрэдна жыхарам выдаюць спецыяльныя пакеты і невялічкага памеру адмысловыя вентыляцыйныя вёдры.

— Першапачаткова мы разлічылі, што з 500 кватэр (пры разліку пяць кілаграм з чалавека ў месяц) будзе збірацца 7,5 тоны адходаў у месяц. Мы зыходзілі з таго, што ў сям'і з чатырох чалавек за два дні ствараецца вядро «кухоннага» смецця. Праз больш працяглы тэрмін пакет пачне раскладацца проста на кухні. Нельга захоўваць біяраскладальны пакет з харчовымі адходамі і ў звычайным смеццевым вядры, бо ў вентыляцыйным вядры ўсё поўнасцю адкрыта, і за суткі смецце ў ім падсушваецца. Гэта, прынамсі, адбываецца і з-за таго, што пакеты гіграскапічныя — прапускаюць паветра, а не вільгаць. Калі з вечара пакласці цэлы пакет харчовага смецця, нараніцу ў ім адходаў будзе на 20 % меней. А ў спецыяльнай памятцы, якую таксама атрымалі ўдзельнікі праекта, сцісла і з малюнкамі апісана, што трэба збіраць.

Камунальнікі не толькі забяспечылі жыхароў адмысловымі пакетамі і вёдрамі, але і ўстанавілі на смеццевых пляцоўках спецыяльныя еўракантэйнеры з поліэтылену высокай якасці для збору і цэнтралізаванага вывазу харчовых адходаў. За месяц праграмы вывезлі 1400 тон харчовых адходаў, што не так і многа, кажуць спецыялісты, але ж пачатак пакладзены.

Рэагавалі людзі на новую прапанову па-рознаму. Хтосьці пагаджаўся адразу, хтосьці казаў, што яму проста лянота займацца асобным зборам — цікава, што гэта гучала ў асноўным ад моладзі. А вось 30—40-гадовыя жыхары з ахвотай падключыліся да праекта. Пенсіянеры таксама далучыліся амаль усе (да 90 %).

Камунальнікі стварылі групу па харчовых адходах у вайберы, дзе выкладаюць матывацыйныя відэа, а жыхары, у сваю чаргу, дадаюць ўласную інфармацыю, як яны спраўляюцца. Тым не менш працэс пакуль рухаецца складана (з 500 кватэр удзельнічаюць толькі 160), удакладніў намеснік дырэктара. Пры гэтым некаторыя ставяцца да збору не надта пільна і кідаюць у смецце не толькі харчовыя адходы. Таму камунальнікі плануюць вывесіць на пад'ездах дадатковую інфармацыю, чаму змешваць адходы нельга. Спецыялісты галіны абяцаюць, што, пакуль у эксперыментальных буртах саспявае кампост (тры месяцы), яны будуць ладзіць розныя цікавыя мерапрыемствы, скіраваныя найперш на дзяцей. Менавіта малыя пасля будуць падштурхоўваюць бацькоў дзейнічаць, а значыць, ёсць надзея, што больш смецця будзе перапрацоўвацца.

Ірына СІДАРОК. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?