Вы тут

Дзмітрый Шаўцоў: Сацыяльная адказнасць кожнага — вельмі важны аспект


Сярод значных паправак у Асноўны Закон нашай краіны ёсць тыя, якія датычацца галоўных інтарэсаў кожнага з нас. Яны звязаны са здароўем і сацыяльнай падтрымкай. Безумоўна, пытанні аховы здароўя і сацыяльнай палітыкі выклікаюць павышаную цікавасць грамадзян. Што можа змяніцца ў актуальных для кожнага беларуса пытаннях? Чаму так важна замацаваць у Канстытуцыі пастулат пра абавязак кожнага клапаціцца пра сваё здароўе? Аб гэтым наша размова з генеральным сакратарам Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыем ШАЎЦОВЫМ.


— Дзмітрый Яўгенавіч, адна з паправак прапануе абавязаць грамадзян прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя, што і знайшло адлюстраванне ў дапаўненні да артыкула 45 Канстытуцыі. З якіх меркаванняў уносіцца такая змена і што вы як урач думаеце на гэты конт?

— Раней наша Канстытуцыя гарантавала толькі права на атрыманне бясплатнай медыцынскай дапамогі — за кошт бюджэту. Пра адказнасць самога чалавека за захаванне здароўя размова не ішла. Лічылася, што ўсе мы апрыёры цэнім сваё здароўе. Я як медык лічу, што чалавечы арганізм — гэта самадасканалы механізм, і калі яго правільна эксплуатаваць, то працаваць ён можа вельмі доўга. Разам з тым як урач я бачу, як праводзіцца дыспансерызацыя, а гэта досыць вялікая нагрузка на бюджэт, бо раз на год кожнага чалавека трэба абследаваць, каб выявіць у яго фактары рызыкі развіцця тых ці іншых хвароб ці калі яны ўжо ёсць, карэкціраваць іх. Мы часта сутыкаемся з тым, што на ўзроўні пярвічнага звяна — у паліклініках — па пяць-шэсць разоў медыцынскія работнікі запрашаюць людзей на дыспансерызацыю, а яны не з'яўляюцца. А калі прыходзяць, мы бачым, што ў 20 % і нават больш нашага насельніцтва няма прыхільнасці да выканання тых рэкамендацый, якія дае ўрач.

Класічны прыклад — 40-гадовы, малады яшчэ мужчына, але доктар выяўляе шэраг фактараў рызыкі: атлусценне, ён курыць, яшчэ не крытычна, але злоўжывае алкаголем, вядзе маларухомы лад жыцця і як вынік мае гіпертанічную хваробу. Урач яму дае рэкамендацыі: сесці на дыету, знізіць вагу, дадаць фізічнай актыўнасці, пастарацца кінуць курыць. Праз год ці два ў яго з'яўляецца яшчэ больш фактараў рызыкі, бо пацыент не прытрымліваецца ніякіх рэкамендацый. Таму і атрымліваецца, што ў 45 гадоў здараюцца інсульты, развіваецца цукровы дыябет. Гэта тыя захворванні, якіх можна не дапусціць.

Атрымліваецца замкнёнае кола: калі ў чалавека здараецца бяда, псіхалагічна ён не можа прызнаць, што сам вінаваты. Ён шукае вінаватага сярод работнікаў сістэмы аховы здароўя. Яны тут і цяпер мусяць даць яму новае здароўе. А дзе ж мы самі былі, калі нас папярэджвалі?

Усе мы, набываючы новы аўтамабіль, стараемся яго правільна эксплуатаваць: мяняем масла, фільтры, бо, калі зламаецца рухавік, аднаўляць вельмі дорага. А вось за сваім «рухавіком», якім з'яўляецца сэрца, на жаль, сочым не так пільна. Таму адзін раз на год важна зрабіць тэхагляд уласнага арганізма, што забяспечвае дзяржава, і ўрач падкажа, на што звярнуць увагу. Калі б усе пацыенты прыслухоўваліся, было б вельмі добра...

Калі такая адказнасць за захаванне свайго здароўя будзе прапісаная ў Канстытуцыі, мы зможам павярнуць чалавека тварам да тых праблем, якія ў яго ёсць. Тут можна казаць пра абавязак выконваць рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў. Таму гэты момант вельмі важны.

— Таксама прапануецца замацаваць у праекце захаванне сацыяльнай накіраванасці беларускай дзяржавы, у тым ліку ў выглядзе бясплатнай аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны інвалідаў, клопату аб моладзі і пажылых...

— Мы заўсёды былі дастаткова моцна сацыяльна арыентаванай дзяржавай. За апошнія дзесяцігоддзе шмат чаго зроблена ў плане сацыяльнай падтрымкі, асабліва для ўразлівых груп насельніцтва. Гэта і маладыя і шматдзетныя сем'і, і меры па стымуляванні нараджальнасці, і падтрымка інвалідаў і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечных умовах, і мацярынскі капітал, і забяспечанасць жыллём — усё гэта вельмі важна. Калі праводзіш сустрэчы ў працоўных калектывах, то першае пытанне, якое цікавіць людзей: ці застаецца сацыяльная падтрымка насельніцтва? Для людзей гэта надзвычай важна.

Неабходна сказаць, што ў прапанаваным праекце Канстытуцыі яна не проста захоўваецца, а некаторыя рэчы прапісваюцца асобна. Найперш сацыяльная адказнасць кожнага, чаго раней не было. Дзяржава мусіла пра ўсіх клапаціцца і за ўсіх адказваць. Гэта, канешне, добра, але мы разумеем, што ёсць частка людзей, якія будуць імкнуцца стаць сацыяльнымі ўтрыманцамі. Дык вось тут прапісваецца сацыяльная адказнасць кожнага. Мы кажам пра тое, што не толькі за фізічнае здароўе чалавек павінен быць адказны. Калі ты працуеш і зарабляеш і можаш дапамагчы іншаму, то трэба гэта рабіць. Бо ты жывеш у соцыуме, і побач ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Ёсць дзяржава, ёсць яе структурныя падраздзяленні накшталт тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ёсць арганізацыі, якія працуюць для гэтых мэт, але кожны чалавек мусіць апекавацца тымі, каму патрэбна дапамога.

Не павінна быць такога, каб нашым медыкам і педагогам ставілі ў дакор, што мы, маўляў, плацім падаткі і нас абавязаны забяспечыць якаснай медыцынай і адукацыяй. Чалавек і сам павінен імкнуцца захаваць здароўе і атрымаць веды і навыкі. Гэта вельмі важны аспект — сацыяльная адказнасць кожнага.

Яшчэ адзін важны момант — сацыяльная інтэграцыя інвалідаў. Гэта наступны крок дзяржавы ў названым кірунку. І яго могуць дазволіць сабе толькі вельмі развітыя еўрапейскія краіны са стабільнай эканомікай. Калі гэта будзе прапісана ў Асноўным Законе — Канстытуцыі, то і пасля будуць распрацоўвацца законы, падзаконныя акты, накіраваныя на тое, каб людзі з інваліднасцю былі паўнапраўнымі членамі грамадства. Мы ўжо даўно працуем у такім кірунку, але павінен з'явіцца паскаральны імпульс на шляху сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю.

Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла:

«Стан здароўя залежыць ад намаганняў самога чалавека»

— Гаворачы аб адказнасці кожнага беларуса за захаванне ўласнага здароўя, які знайшоў адлюстраванне ў прапанаваным дапаўненні да артыкула 45, адзначу, што гэты пастулат прапанаваны членамі Канстытуцыйнай камісіі, у прыватнасці медыкамі, якія працавалі ў яе складзе. Медыцынскія работнікі заўсёды падкрэслівалі, што стан здароўя залежыць не столькі ад сістэмы аховы здароўя, колькі ад намаганняў самога чалавека.

Увогуле, работнікаў галіны аховы здароўя пытанне змяненняў у Канстытуцыю, вядома ж, не магло пакінуць абыякавымі. Безумоўнае адабрэнне ў працоўных у медыцынскім асяроддзі выклікала замацаванне ў праекце захавання сацыяльнай накіраванасці беларускай дзяржавы, у тым ліку ў выглядзе бясплатнай аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны інвалідаў, клопату аб моладзі.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі Гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Магілёва Таццяна Бяляцкая:

«Новая Канстытуцыя ўмацуе асновы дзяржаўнасці і вызначыць сучаснасць і будучыню краіны»

— Неабходнасць канстытуцыйных змяненняў выклікана патрабаваннямі часу і грамадска-палітычнымі і эканамічнымі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі. Важна адзначыць сацыяльную накіраванасць новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі, арыентаваную на ахову асноўных правоў і гарантый кожнага чалавека, а таксама ахову інтарэсаў простых грамадзян і падтрымку людзей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Асаблівая ўвага ўдзелена выхаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, падтрымцы дзяцей і моладзі, клопату аб пажылых людзях і інвалідах, захаванню гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Вельмі важна, захоўваючы даступнасць медыцынскай дапамогі, замацаваць у Канстытуцыі абавязак грамадзян прымаць меры па захаванні і ўмацаванні іх уласнага здароўя. Дзяржава траціць вялізныя сродкі на бясплатнае лячэнне людзей. Асабліва гэта стала заўважна падчас пандэміі. Узяць хоць бы вакцынацыю супраць COVІD-19. Медыцынскія работнікі, якія першымі зрабілі прышчэпкі, зараз актыўна заклікаюць грамадзян пайсці па іх прыкладзе. Аднак, на жаль, не заўсёды застаюцца пачутымі. Дакладнае разуменне кожным чалавекам меры асабістай адказнасці і ёсць абавязак грамадзян адказна ставіцца да свайго здароўя.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў:

«Артыкул 47 Канстытуцыі павінен стаць арыенцірам па ўдасканаленні заканадаўства, якое рэгулюе работу людзей з інваліднасцю»

— На працягу 25 гадоў Беларусь дакладна прытрымліваецца мадэлі сацыяльна арыентаванай дзяржавы, і невыпадкова, што ўжо ў прэамбуле праекта Канстытуцыі падкрэсліваецца важнасць прынцыпаў пабудовы сацыяльна справядлівага грамадства, забеспячэння дабрабыту нашых грамадзян.

Нельга таксама не адзначыць, што праект Канстытуцыі захоўвае пераемнасць з цяперашнім Асноўным Законам, гарантуючы грамадзянам права на працу, яе годную аплату, абарону эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, замацоўваючы для работнікаў па найме максімальную працягласць працоўнага тыдня, якая не перавышае 40 гадзін.

У той жа час жыццё не стаіць на месцы. І нараўне з новымі выклікамі ўзнікаюць новыя мэты. Адна з іх — стварэнне роўных магчымасцяў для ўсіх без выключэння грамадзян.

У сувязі з гэтым набывае асаблівае значэнне канстытуцыйнае замацаванне прынцыпу роўнасці для жанчын і мужчын у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, працы і прасоўванні па службе, стварэнні ўмоў для аховы працы і здароўя, а таксама прынцыпу роўнасці ў адносінах да інвалідаў.

Безумоўна, наша дзяржава і надалей будзе аказваць сацыяльную дапамогу ўсім, хто па аб'ектыўных прычынах мае ў гэтым патрэбу. Але сёння гэтага мала. Таму хацелася б звярнуць асаблівую ўвагу на артыкул 47 праекта Канстытуцыі, які вызначае гарантыі інвалідам для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, па стварэнні для іх даступнага асяроддзя, паляпшэнні якасці жыцця, па падтрымцы сем'яў і людзей з інваліднасцю. Па сутнасці, гэты артыкул павінен стаць арыенцірам па ўдасканаленні заканадаўства, якое рэгулюе працоўную дзейнасць людзей з інваліднасцю.

У нашы дні, падчас інтэнсіўнага развіцця ІT-тэхналогій, многія з тых, хто мае праблемы са здароўем, могуць працаваць з дому дыстанцыйна. Гэты напрамак будзе развівацца. Таксама прапрацоўваюцца змены ў заканадаўстве ў частцы кватавання працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Важна адзначыць, што кватаванне не адмяняе інстытут браніравання, прадугледжаны законам аб занятасці насельніцтва.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Поўны тэкст Канстытуцыі чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

У Беларусі сёння няма ніводнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі выпускнікі БНТУ.

Эканоміка

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Выконваючы праграму па імпартазамяшчэнні, зараз можна зарабіць сапраўды вялікія грошы.

Грамадства

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.