Вы тут

Прэзідэнт: Навука — падмурак дзяржаўнасці


Прэзідэнт Беларусі правёў пасяджэнне-нараду з супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук. Падчас сустрэчы кіраўнік краіны ўручыць Дзяржаўныя прэміі і дыпломы акадэміка, члена-карэспандэнта навукоўцам.


Перад пачаткам нарады старшыня Прэзідыума акадэміі Уладзімір Гусакоў правёў для Прэзідэнта экскурсію па распрацоўках, адзначаных Дзяржаўнымі прэміямі, і апошніх дасягненнях навукоўцаў. Тут і станцыя па водаачыстцы, устаноўка для захоўвання органаў пры трансплантацыі, адроджаная вытворчасць лыжаў «Целяханы», мадэль манумента «Брама памяці», усталяванага ў Трасцянцы. Прадставілі кіраўніку краіны і новыя методыкі дыягностыкі і лячэння анкалогіі, інавацыйныя тэхналогіі распрацоўкі радовішчаў калійных соляў.

На сустрэчу з Прэзідэнтам запрасілі працаўнікоў адукацыі, аховы здароўя, культуры, прадпрыемстваў вытворчасці, міністэрстваў, ведамстваў, кіраўнікоў прамысловых арганізацый. Усяго ў рэзідэнцыі сабраліся 260 супрацоўнікаў усіх галін навукі: ад загадчыкаў лабараторый да малодшых навуковых супрацоўнікаў.

Напачатку Прэзідэнт пацікавіўся, як з усіх акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў, супрацоўнікаў адабралі гасцей сустрэчы?

Уладзімір Гусакоў расказаў, што для гэтага звярнуліся ў міністэрствы, ведамствы, прадпрыемствы, каб тыя вылучылі сваіх прадстаўнікоў. Таму на сустрэчы толькі палова дзеячаў акадэмічнай навукі, астатнія, як кажуць, — людзі ад вытворчасці, практыкі, што не толькі распрацоўваюць, але і ўкараняюць навацыі.

Прэзідэнт адзначае: яму вельмі важна, каб пасля нарады не было тых, каму не далі магчымасці прысутнічаць і быць пачутымі. «Я думаю, што ў цэлым у грамадстве не будзе пакрыўджаных. Паколькі ўсе ўдзячныя, што вы прынялі рашэнне ў гэтым фармаце правесці нараду і ўручыць дыпломы», — падзяліўся Уладзімір Гусакоў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для Палаца Незалежнасці гэта важны дзень — упершыню ён сабраў настолькі прадстаўнічы склад дзеячаў навукі. Да гэтага часу ў такім фармаце размаўлялі толькі ў сценах самой акадэміі. Нарада, на яго думку, дарэчы, менавіта сёння, бо ў краіне паўсюдна ідзе мадэрнізацыя грамадскіх працэсаў, пачынаючы ад Асноўнага Закона. «Але навукоўцы ў нас у асноўным у трэндзе, бо без навукі не можа быць ніякага развіцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паабяцаў, што такія сустрэчы зробіць традыцыйнымі і іх форма будзе ўдасканальвацца, каб стаць сапраўднай пляцоўкай для размовы і дыялогу. Прэзідэнт гатовы сустракацца з вучонымі хоць штотыдзень, галоўнае, каб было што абмяркоўваць, а гэта ўжо справа вучоных — прэзентаваць прапановы і прадстаўляць навацыі і адкрыцці.

«Год гістарычнай памяці супаў са знамянальнай датай — 100-годдзем беларускай акадэмічнай навукі, я хачу разам з вамі абмеркаваць вынікі маёй і вашай працы. Тым больш што нам ёсць што ўспомніць. А галоўнае — ёсць, чым ганарыцца», — пачаў размову Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што на яго вачах праходзіла ўзыходжанне да акадэмічных вышынь многіх з вучоных. 

«Захаваць навуку ў краіне, якая засталася пасля распаду Савецкага Саюза з разваленай ліберальнымі рэформамі эканомікай і даўгамі, — гэта быў выклік. І мы яго прынялі. Прынялі, таму што ведалі: навука — падмурак нашай дзяржаўнасці, без яе нікуды», — акцэнтуе кіраўнік краіны.

Людзей, што прысвячаюць сваё жыццё працы вучонага ён назваў «залатым фондам нашай нацыі», які разумна распарадзіўся сваім інтэлектуальным патэнцыялам і магчымасцямі, што дала дзяржава.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, за траціну стагоддзя беларуская навука ўпісала многае ў сваю гісторыю — распрацоўку сучасных тэхналогій, рэалізацыю інавацыйных праектаў, стварэнне новых вытворчасцяў. Вынікі працы вучоных прадвызначалі дасягненні Беларусі ў космасе, інфабяспецы, машынабудаванні, энергетыцы, дакладным земляробстве, стварэнні новых лекаў і методык у анкалогіі, траўматалогіі, кардыялогіі, лячэнні інфекцыйных захворванняў, прымяненні ствалавых клетак, транспланталогіі.

Асабліва кіраўніку краіны падабаецца рашучасць айчынных навукоўцаў. Апошні раз ён у гэтым пераканаўся, калі паставіў задачу стварыць беларускую вакцыну ад каранавіруса і ўласную яе вытворчасць.

«Напачатку я думаў, што вы за гэта не возьмецеся, спужаецеся. Пачынаў я з Мінаховы здароўя і іх спецыялістаў. Але рашучы чалавек Уладзімір Рыгоравіч (Гусакоў. — „Зв.“) сказаў, што мы самі з вусамі. Самі можам нешта зрабіць. І павінен сказаць, шмат робіце. Думаю, мы ў час увядзём завод па вытворчасці вакцын, які мы вызначылі, бо свет увогуле ашалеў і вірус гэты, магчыма, не апошні. Таму нам неабходная моцная навука і самае галоўнае — вытворчая база па стварэнні вакцын. Падкрэсліваю, не толькі ад каранавіруса», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначае, айчынныя поспехі не ў радасць геапалітычным канкурэнтам і навука таксама стала сферай спаборніцтва.

«Нашы дасягенні заўсёды раздражнялі і правакавалі так званы калектыўны Захад на неадэкватныя ў адносінах да Беларусі дзеянні. Аднак насуперак санкцыям, з якімі мы жывём і развіваемся ўвесь гэты час, мы шмат чаго дасягнулі. А зараз сітуацыя ўскладняецца пандэміяй ковіда, новым вітком эканамічнага і палітычнага шантажу, нагнятаннем ваеннай істэрыі на беларускіх межах. Усё вы гэта бачыце і не горш мяне разумееце», — апісвае кіраўнік краіны ўмовы, у якіх жыве краіна.

Але, на яго думку, цяжкасці ніколі не спынялі беларускіх навукоўцаў, а наадварот — матывавалі да вырашэння самых няпростых задач.

Акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт на глабальных зменах, што адбываюцца ў інфармацыйнай і тэхнічнай сферах. «Веды і тэхналогіі абнаўляюцца імкліва. Хто ў гэтай гонцы прайграе — рызыкуе страціць усё, у тым ліку і краіну. Па сутнасці, у нас няма іншага выбару — мы павінны быць сярод лідараў. Гэта, шаноўныя навукоўцы, пытанне не толькі вашых навуковых амбіцый, але і захавання нашай дзяржаўнасці, беларускай нацыі. Не выб’емся ў лідары, адстанем, спынімся — адстанем на стагоддзі, упадзём — затопчуць», — перакананы кіраўнік краіны.

Таму адна са стратэгічных задач для навукі і вытворчасці, якую ён ставіць суразмоўцам, — павышэнне эфектыўнасці навуковых пошукаў, стварэнне сучасных тэхналогій і іх шырокае ўкараненне.

Прэзідэнт просіць не засяроджвацца толькі на тэорыі і фундаментальнай навуцы, але і развіваць прыкладную, якая дае хоць невялікія, але рэсурсы.

Краіне неабходна забяспечыць выхад эканомікі на ўзровень устойлівага інавацыйнага развіцця і значна павысіць ВУП. Прэзідэнт дадае, што яны ўжо шмат робяць для гэтага. 

«Перакананы, вы таксама разумееце, што даследаванні нам патрэбны перш за ўсё для вырашэння асабліва прыкладных праблем. Але, на жаль, асобныя вашыя распрацоўкі я бачу толькі на выставачных стэндах. Не ўсе значна прасунуліся. Я памятаю свае першыя прэзідэнцкія гады і нашу работу. Тады з боку вучоных былі толькі скаргі: мы зрабілі — нікому не трэба. Зараз мы значна прасунуліся па асваенні вашых навуковых распрацовак і ўкараненні іх у вытвочасць. Але ўпэўнены, што не ўсё яшчэ зрабілі і ёсць добрыя адкрыцці, навацыі, якія ляжаць яшчэ на паліцах», — дзеліцца Прэзідэнт.

Інавацыі патрэбны сёння асабліва ў рэгіёнах. І вучоным трэба быць актыўна ўключыцца ў праграмы іх развіцця — нельга ўсё цягнуць у сталіцу. Для таго каб людзі жылі ў рэгіёнах, неабходныя канкурэнтаздольныя, заснаваныя на інавацыях вытворчасці, якія выдаюць прадукт на экспарт.

Жадае пачуць кіраўнік краіны ад навукоўцаў, як выконваюцца даручэнні па імпартазамяшчэнні і развіцці экспарту.

«Хоць 20 гадоў таму не ўсе разумелі і падтрымлівалі мае падыходы. І калі б мы тады не схапіліся, што сёння рабілі б з гэтымі санкцыямі? Адно з пацверджанняў таму — машынабудаванне. Мы захавалі заводы, канструктарскія бюро, кадры. І цяпер маем шырокую лінейку тэхнікі, якая запатрабавана ва ўсім свеце. Нам неабходна яшчэ крыху падцягнуць якасць і праблемы мы вырашым», — акцэнтуе Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, дадае ён, беларусы сталі лідарамі па экспарце прадуктаў харчавання, нягледзячы на абмежавальныя меры і глабальны эканамічны спад, выкліканы лакдаўнамі. 

Прэзідэнт падкрэслівае, зрабілі і зарабілі б яшчэ больш, калі выконвалі б тэхналогіі, выкарыстоўвалі адаптаваныя да нашых умоў беларускія гатункі. 

«Але ў любым выпадку — сёння мы забяспечваем харчовую бяспеку краіны», — заяўляе Прэзідэнт.

У той жа час рэзультатыўнасць супрацоўніцтва навукі з канкрэтнымі прадпрыемствамі, ВНУ і тэхнапаркамі па-ранейшаму недастатковая, падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка.

«Дарэчы, неяк у цень пайшла тэма дзіцячага тэхнапарку. Прымаючы рашэнне аб яго стварэнні, мы думалі перш за ўсё аб пераемнасці пакаленняў, фарміраванні ў дзяцей цікавасці да навукі, пачынаючы са школьнай лавы. Думаю, што вы мне сёння раскажаце, як дарослая навука ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Вельмі важна, каб ланцужок „школа-ВНУ-акадэмічныя інстытуты“ працаваў рэальна, канкрэтна і рэзультатыўна», — перакананы кіраўнік краіны.

Па словах Прэзідэнта, неабходна адкрываць таленты, сачыць за іх поспехамі і літаральна за руку весці малых да прафесіі вучонага. 

«Інакш у будучыні новыя Алфёравы, Барысевічы і Высоцкія так і не з’явяцца. А гэта і ёсць вырашэнне глабальнай праблемы захавання і развіцця навуковых школ. За кожным з вас, шаноўныя акадэмікі, члены-карэспандэнты, дактары і прафесары, павінны ісці вучні. Менавіта яны і з’яўляюцца пацвярджэннем жыццяздольнасці вашых ідэй», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Працягнуў Прэзідэнт, што роля вучонага сёння значна шырэйшая за межы навуковых даследаванняў: кожны з іх — асоба ў гісторыі, якая шмат у чым фарміруе светапогляд нацыі. «Вельмі важна, каб вашыя дзеянні і ўчынкі адпавядалі інтарэсам дзяржавы. Асабліва сёння, калі краіна знаходзіцца на важным гістарычным этапе. Лёсавызначальным, я нават сказаў бы пераломным. Мы ўносім змены ў Канстытуцыю. Па сутнасці, пішам пасланне будучым пакаленням беларусаў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка і папрасіў да абмеркавання Канстытуцыі падключыцца навуковую супольнасць.

Прэзідэнт пракаментаваў вучоным як Галоўнакамандуючы чуткі пра непазбежнасць новай вайны. «Ніякай вайнушкі ні я, ніхто з нашых генералаў і ваеннаначальнікаў не хацеў бы. Усе вы ведаеце гісторыю. Усю Беларусь урачыстым маршам прайшлі фашысты на працягу 1,5 месяца. Літаральна за некалькі дзён разбамбілі Мінск, і Беларусь была пастаўлена на калені», — нагадаў Прэзідэнт.

Ён тлумачыць гэта тым, што за размовамі пра гераізм, забываемся пра памылкі, што былі дапушчаны ў тыя часы. 

«Сігналы ішлі з Крамля. Тут людзі былі паралізаваны ў прыняцці рашэнняў. Фашысты за некалькі дзён да пачатку вайны 22 чэрвеня перасяклі дыверсійнымі групамі дзяржаўную граніцу, вынішчылі чыровонаармейцаў у нашай форме, вынішчылі ахову мастоў, дарог і потым паставілі сваіх салдат і прайшлі па дарогах маршам», — расказвае Аляксандр Лукашэнка.

Ён мяркуе, што напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны неабходна было пільнаваць. Таму сёння нашы ваенначальнікі, улічыўшы памылкі папярэднікаў, настроены дэманстраваць сваю магутнасць.

«Прыклад быў напярэдадні выбараў, пасля выбараў я вам у гэтым шчыра прызнаўся. Я быў вымушаны падняць паўарміі і кінуць на Захад. Тое, што было тут унутры— гэта кветкі, ягадкі былі там. Калі б мы своечасова не перакрылі ўсе кірункі іх дзейнасці, можа б і сітуацыя па-іншаму разгортваліся», — заўважае беларускі лідар, што краіна павінна быць гатова да любога развіцця падзей.

Прэзідэнт упэўнены, што ў гэты складаны час навука павінна служыць на карысць усяго чалавецтва, але перадусім — народу сваёй краіны.

«Перакананы, што вы, як сапраўдныя патрыёты, як людзі з выразнай грамадзянскай пазіцыяй гэта цудоўна разумееце. І разумееце, што вашыя поспехі з’яўляюцца адным з фактараў нацыянальнай бяспекі Беларусі. Вы ведаеце маё стаўленне да навуковай сферы і навукоўцаў. Я запрасіў вас для таго, каб адкрыта пагаварыць аб назапашаных пытаннях і вызначыць перспектывы развіцця айчыннай навукі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён патлумачыў, каб навукоўцаў пазбавіць ад уздзеяння іншых струкур, забяспечыць незалежнасць НАН, «замкнуў» яе працу на справаздачнасці Прэзідэнту, у тым ліку пры наданні званняў. «Усё павінна быць шчыра і справядліва. Заслугоўвае чалавек — ён павінен быць акадэмікам, член-корам, доктарам навук, прафесарам. Нельга абясцэньваць, дэвальвіраваць гэтыя паняцці», — мяркуе кіраўнік краіны.

Асаблівым дасягненнем акадэміі стала стварэнне Навукова-практычных цэнтраў у АПК і аднаўленне стратных сельгаспрадпрыемстваў, якія сёння лепшыя ў краіне, нагадаў кіраўнік краіны.

«Вы даказалі, што можаце не толькі нешта вынаходзіць, селекцыянаваць, выводзіць, але і можаце даць вынік. Для мяне гэта было важна», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля выступлення Прэзідэнта і старшыні Прэзідыума НАН перайшлі да дакладаў навукоўцаў. Пасля кожнага выступлення кіраўнік краіны не мог абысціся без пытанняў «на злобу дня». Сярод іх развіццё патэнцыялу маладых вучоных, забеспячэнне жыллём новых кадраў. Як падкрэслівае Уладзімір Гусакоў, з жыллём праблем няма, а кожны год установа прымае ад 300 да 350 выпускнікоў па розных кірунках.

«Ад нас моладзь, як правіла, не сыходзіць. Даём магчымасці падрыхтаваць дысертацыю, абараніцца і далей паступова забяспечваем жыллём», — кажа кіраўнік Акадэміі навук.

Запытаўся Прэзідэнт, як справы ў НАН з уласнымі ІТ-тэхналогіямі. Андрэй Іванец, галоўны вучоны сакратар Акадэміі навук, член Савета Рэспублікі адзначыў, што лічбавыя тэхналогіі сталі інструментам, што дазваляе эфектыўна ўкараніць навуковыя распрацоўкі і ў Акадэміі навук гэта работа выбудоўваецца.

«У гэтай сувязі мы вядзём работу па стварэнні ІТ-града, які аб’яднае ўсіх нашых вучоных па ўсіх кірунках і будзе забяспечваць лічбавізацыю гэтых тэхналогій», — сказаў Андрэй Іванец.


Лукашэнка: Тое, што адрознівае нас ад іншых — ёсць беларуская мова

Пасля выступлення Вячаслава Даніловіча, рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пра захаванне гістарычнай памяці, кіраўнік краіны звярнуўся да моўнага пытання.

«Вы павінны разумець: тое, што адрознівае нас ад іншых — ёсць беларуская мова. Нам не трэба ад гэтага зыходзіць, неабходна падумаць пра тое, каб кожны яе ведаў. Руская мова — яна наша, але нас не адрознівае ад іншых, напрыклад, ад рускіх», — заўважае Аляксандр Лукашэнка.

Ён перасцерагае: калі не будзем ведаць роднай мовы, не маем права звацца беларусамі.

«Беларускую мову мы не насаджаем, але будзем імкнуцца да таго, каб кожны беларус мог размаўляць на ёй. І тут няма нічога антырасійскага», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.Кіраўнік краіны таксама паставіў задачу ў Год гістарычнай памяці ў маштабе краіны арганізаваць планы мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзеі.

«Неабходна дайсці да аграгарадкоў, каб у кожнага быў свой план. План выльецца ў тысячы мерапрыемстваў і людзі скжуць: „Так. Быў Год гістарычнай памяці“. Абавязкова гэта павінна быць нефармальна. Фармалізм непрымальны. Трэба абагульніць і ўзяць пад кантроль, магчыма, і некую капейку даць, прафінансаваць», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт мяркуе, што незалежнасць Беларусі ў 1990-х дадзена невыпадкова — многія пакаленні беларусаў ваявалі за свой «кавалак зямлі».

«З неба нам гэта незалежнасць не ўпала. Вельмі важна, каб гэты стрыжань быў у кожнага беларуса. І я падумаў, калі мы ў школе будзем правільна гэта выкладаць, то дзеці выйдуць са школы, гэта разумеючы», — акцэнтуе Аляксандр Лукашэнка і просіць не фармальна, а свядома ставіцца да захавання гістарычнай памяці і роднай мовы.

Падводзячы вынік сустрэчы Аляксандр Лукашэнка абазначыў сверхзадачу для навукоўцаў — стварэнне прарыўных тэхналогій і ўкараненне іх у вытворчасць.

«Паверце, мы знойдзем, як падтрымаць людзей, што будуць гэтым займацца. Гэта забяспечыць нам выжывальнасць, а, магчыма, і нейкі прагрэс», — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Каментарый у тэму

Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук: «Акадэмія ператварылася ў флагман і міжнародны цэнтр інтэлекта, навуковай думкі, набыла статус нацыянальнай і стала магутнай навукова-вытворчай карпарацыяй, якая аб’ядноўвае не толькі фундаментальную навуку, але і вытворчую базу. Сёння нашу акадэмію ведаюць ва ўсім свеце, да нас едуць з разнастайных краін і прапаноўваюць супрацоўніцтва. Мы маем дагаворныя адносіны больш чым са 100 краінамі. Нашы вынікі шырока запатрабаваны, а распрацоўкі выконваюцца не толькі па заказе беларускіх, але і замежных партнёраў».

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?