Вы тут

Аляксей Хатылёў: Ад Пекіна не варта чакаць хуткіх секунд


Неўзабаве ў Пекіне запаліцца агонь XXІV зімовых Алімпійскіх гульняў. У праграме — 15 відаў спорту. Большасць узнагарод будзе разыграна ў канькабежным спорце. Тут сваіх уладальнікаў чакае 14 камплектаў медалёў. Змагацца за іх будуць і беларускія канькабежцы. У алімпійскую каманду ўвайшлі Ігнат Галавацюк, Марына Зуева, Кацярына Слоева, Ганна Ніфантава, Яўгенія Вараб'ёва. Апошнім часам яны актыўна пакараюць сусветныя каткі. Чаго чакаць ад Алімпіяды і што трэба ведаць пра канькабежны спорт, каб было цікавей яго глядзець, «Звяздзе» расказаў Аляксей Хатылёў, член тэхнічнага камітэта Міжнароднага саюза канькабежцаў (ІSU).


— Аляксей Аляксандравіч, растлумачце, калі ласка, па якім прынцыпе канькабежцы адбіраліся на Алімпійскія гульні?

— Ёсць правілы Міжнароднага алімпійскага камітэта, прапісаныя яшчэ ў 2019 годзе. Раней на Алімпіядзе выступала 180 канькабежцаў, цяпер іх 166. Такое скарачэнне закранула не толькі канькабежны спорт. МАК упершныню прымяніў правіла роўнасці. Цяпер у кожным відзе спорту з агульнай колькасці спартсменаў павінна быць 50 працэнтаў мужчын і 50 працэнтаў жанчын. Яны ж вызначылі дэдлайны па датах адбору. І на аснове гэтых апорных пунктаў, мы распрацавалі звод адборачных правіл. Вырашылі, што ў алімпійскі сезон пройдуць чатыры этапы Кубка свету: два — у Еўропе і два — у Паўночнай Амерыцы. Па іх выніках спартсмены і адбіраліся на Алімпійскія гульні. Частка — па балах, частка — па часе, паказаным на кожнай дыстанцыі. Такі адбор дае права квоты на краіну. Можа такое быць, што адзін спартсмен заваяваў квоту, але прайшоў унутраны адбор, і на Алімпіяду едзе іншы спартсмен. Мы такое права аддаём нацыянальным федэрацыям і нацыянальным алімпійскім камітэтам.

— У студзені беларускія канькабежкі Ганна Ніфантава, Марына Зуева і Кацярына Слоева занялі другое месца ў камандным спрынце на чэмпіянаце Еўропы ў Херэнвене. Хоць гэта і не алімпійская дысцыпліна, але вынік нядрэнны, тым больш напярэдадні алімпіяды...

Я б не стаў пляскаць у далоні і радавацца сярэбранаму медалю, калі ў спаборніцтвах удзельнічала ўсяго чатыры каманды. Любы медаль — добра, прыемна. Але ўдвая прыемней, калі медаль заваяваны ў складанай барацьбе. Дзяўчаты малайцы, але ў кожнага медаля ёсць сваё адценне. Тым больш гэта не алімпійская дысцыпліна.

— Увогуле, якую адзнаку можаце даць чэмпіянату Еўропы як генеральнай рэпетыцыі перад Алімпійскімі гульнямі?

— Чэмпіянат праходзіў ва ўжо звыклых умовах пандэміі. Але гэта быў першы турнір пасля выяўлення новага штама каранавіруса «амікрон», якога вельмі баяцца ў Еўропе. Кожны дзень мы атрымліваем інфармацыю, што захварэў нехта з афіцыйных асоб, суддзяў, арганізатараў. Падобная сітуацыя і са спарстменамі. Быў інцыдэнт з расійскай камандай. Некалькі спартсменаў здалі станоўчы тэст на каранавірус, а ізалявалі ўсю каманду. Такія рэаліі нашага часу.

Калі казаць пра ўзровень спартсменаў, то моцнымі былі галандцы. Як заўсёды, яны паказалі высокія вынікі. У Нідэрландах напярэдадні новага года прайшоў адбор ў алімпійскую каманду. Для іх гэта адзін з самых важных турніраў. У Нідэрландах настолькі шмат спартсменаў, што прыйшлося арганізаваць адбор. Для іх вялікая праблема — вырашыць, каго заявіць на тую ці іншую дыстанцыю. Канькабежны спорт у Нідэрландах — адзін з самых любімых відаў, там на каньках умее катацца 99 працэнтаў насельніцтва.

— А што можаце сказаць пра выступленне беларускай каманды?

— Не ведаю, якія перад імі стаялі задачы і што яны хацелі паказаць. Усе хочуць перамагчы, але ж трэба рэальна глядзець на рэчы. Упершыню шэсць беларускіх канькабежцаў знаходзяцца ў дзясятцы чэмпіянату Еўропы. Упершыню ў каманды сярэбраны медаль. Спартсмены паказалі свой узровень сярэдняга выніку. Я б нават сказаў, што гэта ўзровень эліты сустветнага канькабежнага спорту. Калі браць за эліту топ-20 спартсменаў з усяго свету, беларусы ў гэты лік уваходзяць. Ігнату Галавацюку не хапіла літаральна адной дзясятай секунды, і ў яго быў бы медаль на дыстанцыі 500 метраў. Вынікі не самыя хуткія і не самыя лепшыя, але, можа, гэта і добра за месяц да Алімпіяды. Няхай беларуская каманда будзе больш паспяховая на Алімпійскіх гульнях, чым на чэмпіянаце Еўропы. Тут цяжка рабіць прагнозы. Мы не ведаем, які будзе лёд у Пекіне, бо там не было традыцыйнага чэмпіянату свету, які праходзіць за год да Гульняў. Яны правялі тэставыя спаборніцтвы з удзелам не самага моцнага саставу кітайскай каманды, каманды Карэі — таксама не ў самым моцным складзе — і студэнцкай зборнай Нідэрландаў. Арыентавацца на секунды, якія яны там паказалі, няма сэнсу. Тым больш гэта было ў кастрычніку, калі яшчэ ніхто не выходзіў на хуткія секунды. Таму цяжка даваць ацэнку хуткасным характарыстыкам кітайскага лёду.

— Часта ўзнікаюць размовы аб тым, што беларускія канькабежцы могут прэтэндаваць на алімпійскія медалі. Наколькі гэта рэальныя шанцы?

— Я сам некалі быў спартсменам і сам выступаў на Алімпійскіх гульнях. І гэта пытанне хвалюе ўсіх перад такімі буйнымі спаборніцтвамі. Я выступаў на Алімпіядзе 2002 года. І ўсім добра вядомы выпадак, калі аўстраліец Стывен Брэдберы стаў алімпійскім чэмпіёнам па шорт-трэку толькі таму, што ўсе яго сапернікі падалі. Спаслаючыся на гэты выпадак, можна сказаць, што шанц стаць алімпійскім чэмпіёнам ёсць заўсёды. Галоўнае — даехаць туды здаровым, у добрым настроі і атрымліваць асалоду ад таго, што ты спаборнічаеш з наймацнейшымі сапернікамі з усёй планеты. Калі ў нашых спартсменаў атрымаецца выкарыстаць гэту пазітыўную энергію, каб паказаць сябе, сваю краіну ў лепшым свеце, у іх усё атрымаецца.

— Аляксей Аляксандравіч, канькабежны спорт здаецца вельмі непрадказальным відам спорту. Наўрад ці можна прагназаваць, хто прыедзе да фінішу першым. Гэта так?

— Не пагаджуся. Канькабежны спорт, наадварот, прадказальны. Па-першае, ёсць правілы, згодна з якімі алімпійскія спаборніцтвы могуць праводзіцца толькі на закрытых катках. Гэтае правіла працуе з 1994 года з Алімпіяды ў Лілехамеры і звязана з тым, што ІSU не хоча, каб фактар надвор'я уплываў на выступленні спартсменаў. Таксама Міжнародны саюз канькабежцаў прызначае на буйныя спаборніцтвы свайго спецыяліста, адказнага за падрыхтоўку лёду. Гэта нейтральны чалавек, які сочыць за тым, каб лёд быў падрыхтаваны аднолькава для ўсіх. Па-другое, у канькабежным спорце ёсць секунды, якія можна лёгка параўнаць з секундамі, што спартсмены паказваюць на розных спаборніцтвах, на розных катках. Калі спартсмен здольны на дыстанцыі 500 метраў выехаць з 34 секунд, то ён будзе фаварытам на гэтай дыстанцыі на любым турніры. Калі ён ніколі ў жыцці не бегаў хутчэй за 36 секунд, то ў яго значна менш шанцаў стаць чэмпіёнам. Ну хіба калі ўсе сапернікі пападаюць. Затое букмекерскім канторам прасцей рабіць стаўкі на канькабежцаў.

— Але ад гэтага можа страціцца інтарэс гледачоў, сёння людзі прыходзяць на стадыёны, каб убачыць барацьбу...

— Тут ёсць адзін нюанс. Канькабежны спорт — самы хуткасны від спорту з перамяшчэннем чалавека з аднаго пункта ў іншы без выкарыстання механічных сродкаў. Сродак перамяшчэння канькабежцаў — міліметр таўшчынёй. Лязо канька — 1 міліметр. Любая нязначная, самая маленькая памылка можа паўплываць на размеркаванне месцаў. Можна правесці аналогію з фрыстайлам, дзе мы і фаварытаў ведаем, але любы няправільны рух можа пазбавіць медаля. Такі ж фактар і ў канькабежным спорце. Возьмем, напрыклад, нашага легендарнага Ігара Жалязоўскага, шасціразовага чэмпіёна свету, вядучага канькабежца свайго часу, які ніколі не быў алімпійскім чэмпіёнам. Канадзец Джэрэмі Уотэрспун больш за 50 разоў выйграваў этапы Кубка свету, чатырохразовы чэмпіён свету, ніколі не станавіўся алімпійскім чэмпіёнам, хоць спроб было вельмі шмат. Вось за гэта любяць глядзець канькабежны спорт. Тым больш што Алімпійскія гульні — асаблівыя спаборніцтвы са сваёй атмасферай. Свежы прыклад — галанадская спартсменка Эсмі Вісер, пра якую да 2018 года ніхто не ведаў і не чуў. А ў Пхёнчхане яна стала алімпійскай чэмпіёнкай на дыстанцыі 5 тысяч метраў. Пасля гэтага яна атрымла статус адной з лідараў сусветнага канькабежнага спорту. А сёлета нават не адабралася на этапы Кубка свету і ў алімпійскую каманду.

— У Пекіне спаборніцтвы пройдуць на раўніне. Наколькі гэта камфортныя ўмовы для канькабежцаў?

— «Мінск-Арэна» — гэта раўніна, галандскі «Тыялф» — таксама раўніна. Большасць каткоў свету знаходзяцца на раўніне. Усе спартсмены будуць у аднолькавых умовах, лёд для ўсіх аднолькавы. Ад Пекіна не варта чакаць хуткіх секунд. Большасць рэкордаў свету ў канькабежным спорце ўсталявана на высакагорных стадыёнах падчас этапаў Кубка свету і чэмпіянатаў свету. Ва ўмовах высакагор'я лёд хутчэйшы і спартсмены паказваюць вышэйшыя секунды. Выключэнне толькі доўгія дыстанцыі. На раўнінным катку арганізм лепш забяспечваецца кіслародам і доўгія дыстанцыі лягчэй бегчы. Высакагорны лёд лічыцца хуткім, раўнінны — павольным.

— Часта канькабежцы кажуць, што лёд мяккі, нібы масла. Аляксей Аляксандравіч, растлумачце, калі ласка, што гэта значыць?

— Лёд можа быць мяккім ці цвёрдым. Гэта паказчык тэмпературнага фактару на катку, што залежыць ад тэмпературы пліты, на якой ляжыць лёд, і ад яго таўшчыні. Тут цяжка сказаць, што лепш, бо на хуткасныя якасці лёду ўплываюць не толькі яго мяккасць або цвёрдасць, але і клімат на катку, сістэма вентыляцыі, атмасферны ціск. Шмат фактараў. Ёсць спартсмены, якія любяць больш цвёрды лёд, нібы люстэрка. Здараецца, што на старце аж кускі лёду адлятаюць. Некаторым спартсменам больш падабаецца мяккі, цягучы лёд. Тут пытанне да сэрвісменаў каманд, якія рыхтуюць канькі. З вялікімі камандамі на турніры ездзяць, як правіла, не толькі трэнеры, масажысты, дактары, а сервісмены. Яны правяраюць фізічныя характарыстыкі лёду і пад яго асаблівасці. Пад антрапаметрычныя даныя спартсменаў падбіраюць канькі, лязо. Гэта творчасць.

У нашых правілах запісана, што лязо канька нельга награваць і выкарыстоўваць розныя прылады, якія будуць яго награваць. Гэта забаронена правіламі. Прычына — законы фізікі. Калі сустракаюцца халодны лёд і гарачае лязо — паляпшаецца слізганне. Нават ёсць такі тэрмін «тэхнічны допінг». Таму перад масстартамі і каманднымі гонкамі абавязкова праводзіцца праверка абсталявання.

— Як выбіраюць, якая дысцыпліна будзе алімпійскай, а якая — не?

— Цяжкае пытанне. У першую чаргу глядзяць на краіну, якая прымае Алімпійскія гульні. У кожнай краіны ёсць свае традыцыі. Напрыклад, Нарвегія і скандыдаўскія краіны — прыхільнікі доўгіх дыстанцый, у іх шмат пераможцаў на доўгіх дыстанцыях. У Амерыцы, колькі б мы ні прапагандавалі доўгія дыстанцыі, іх нікому нецікава глядзець: там любяць кароткія. Трэба ўлічваць і тэлевізійны ахоп. Мы хочам, каб канькабежны спорт глядзелі. Таму трэба ўлічваць інтарэсы і патрабаванні аўдыторыі.

— На вашу думку, у секундах, якія паказваюць канькабежцы, ёсць мяжа?

— Думаю, адказ даведаемся з цягам часу. Час пакажа, ёсць у канькабежным спорце мяжа ці не. Я чытаў даследаванні, якія сцвярджаюць, што мяжа ёсць у бегавых дысцыплінах лёгкай атлетыкі. Са сваімі фізіялагічнымі данымі людзі проста не могуць бегчы хутчэй. Згодна з некаторымі даследаваннямі, мяжа ў канькабежным спорце яшчэ не наступіла. Чалавек можа бегаць на каньках хутчэй, чым цяпер.

— Наколькі я ведаю, канькабежны спорт цікавы для многіх навукоўцаў...

— Менавіта так. У нас у Беларусі праводзяцца цікавыя даследаванні. Сёння ў правілах прапісаны пэўны стандарт канькабежных дарожак, радыусы паваротаў, іх даўжыня, даўжыня прамой, указана, дзе павінны быць старт і фініш. Беларускі матэматык Генадзь Касабука, ветэран канькабежнага спорту, распрацаваў матэматычную мадэль з асіметрычнымі радыусамі паваротаў. На яго погляд, гэта будзе дапамагаць спартсмену бегчы хутчэй. У канькабежным спорце ёсць цэнтрабежная сіла і радыус павароту ад 25 да 26 метраў. На «Мінск-Арэне» радыус 26 метраў. А згодна з мадэллю Генадзя Касабукі, радыус будзе мяняцца ад траекторыі прабегу дыстанцыі. Ён лічыць, што за кошт гэтага спартсмены пакажуць лепшыя секунды. У мінулым годзе мы праводзілі такі эксперымент. Водгукі былі неадназначныя. Наколькі гэта эфектыўная мадэль, мы даведаемся, калі правядзём спаборніцтвы. Але яны будуць праходзіць не па правілах Міжнароднага саюза канькабежцаў.

— Алясей Аляксандравіч, што прасцей: самому ўдзельнічаць у спаборніцтвах ці арганізоўваць іх на такім высокім узроўні?

— Хваляванне прысутнічае ўсюды. Калі ты спартсмен, хвалюешся за сябе, за трэнера, за каманду. Калі арганізатар, спецыяліст — хвалюешся, што прынятыя табой рашэнні ўплываюць на іншых людзей, прыводзяць іх да пэўнага выніку. Гэта незвычайна, але цікава.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.