Вы тут

Як у Пекіне будуць спаборнічаць з агульным сапернікам — каранавірусам


Алімпійскія гульні ў Пекіне пачнуцца толькі праз тыдзень, але ўжо паспелі ўвайсці ў гісторыю. Кітайская алімпіяда — ужо самая экалагічная, арганізатары стараюцца звесці да мінімуму вугляродны след ад Гульняў. Гэта і самыя тэхналагічныя Гульні: на алімпійскіх аб'ектах будуць працаваць робаты. Акрамя таго, галоўныя старты чатырохгоддзя вылучаюцца строгімі эпідэмічнымі абмежаваннямі. У Пекіне алімпійцы будуць спаборнічаць не толькі з сапернікамі, але і з каранавірусам. Шэраг супрацькаранавірусных патрабаванняў спартсменам трэба выканаць яшчэ да прыезду ў алімпійскую сталіцу.


Вакцынацыя

Першае патрабаванне арганізацыйнага камітэта зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне — абавязковая вакцынацыя любым прэпаратам, які дазволены ораганамі аховы здароўя у краіне знаходжання. Як расказвала дырэктар РНПЦ спорту Ірына Малёваная, усе члены беларускай дэлегацыі прышчэпленыя ад каранавіруснай інфекцыі поўным курсам вакцын, пераважна расійскай і кітайскай вытворчасці. Для тых, хто адмовіцца рабіць прышчэпку, прадугледжаны строгія меры: такія члены дэлегацый павінны прылятаць у асобны аэрапорт і праводзіць 21-дзённы каранцін. Ці ўвоуле не прыязджаць у Пекін. Славенскі біятланіст Клемен Баўэр не выступіць на Гульнях у сувязі з тым, што ён адмовіўся вакцынавацца ад каранавіруса.

ПЛР-тэсціраванне

Здача тэста на каранавірус падчас падарожжаў ужо робіцца такой жа звычайнай справай, як і пакупка білетаў. Зразумела, што без яе не абыдзецца і падчас збораў у Пекін. Па выніках ПЛР-тэсціравання ў пасольствах Кітая ў краіне знаходжання ўдзельнікам Гульняў неабходна атрымаць Green Health, дакумент, без якога трапіць у краіну немагчыма. Здаваць тэст на каранавірус прыйдзецца не толькі людзям, але і багажу. У выпадку выяўлення віруса будуць прымацца адпаведныя меры. З падобнай праблемай ужо сутыкнулася Швейцарская дэлегацыя — іх не пусцілі ў Кітай, паколькі на чамаданах выявілі прысутнасць каранавіруса.

Мабільныя дадаткі

Кожны, хто збіраецца ў алімпійскі Пекін, павінен устанавіць на тэлефон мабільныя дадаткі, у якіх за 14 дзён да ўезду ў Кітай неабходна запоўніць апытанне аб стане здароўя. Туды ж загружацюцца вынікі ПЛР-тэсціравання і сертыфікат аб вакцынацыі, уносіцца інфармацыя аб зносінах, перамяшчэннях, месцазнаходжанні ўжо непасрэдна ў алімпійскай сталіцы.

Акрамя таго, за месяц да ўезду ў Кітай кожны павінен максімальна абмежаваць сацыяльныя кантакты, каб панізіць рызыку заражэння. Калі за гэты месяц чалавек паспеў перахварэць на каравірус, яму неабходны спецыяльны дазвол для ўезду ў Кітай. Умовы яго атрымання для кожнага індывідуальныя. Разглядаецца, наколькі цяжка праходзіла хвароба, які цітр антыцел, пасля чаго аргкамітэт прымае рашэнне, пускаць чалавека ў краіну ці не.

Усе носяць маскі

Масачны рэжым у Пекіне, зразумела, ніхто не адмяняў. Цяпер маска — абавязковы атрыбут адзення. Але звыклых масак у Пекіне не будзе, замест іх трэба насіць рэспіратары, прычым без клапанаў. Дыхаць у іх цяжка, асабліва на халодным паветры. Здымаць рэспіратары можна падчас ежы, сну і тэста на каранавірус. Як і на Алімпійскіх гульнях у Токіа, кожны дзень члены дэлегацый будуць здаваць тэст на каранавірус. Але калі ў Токіа для даследавання на заражэнне каранавірусам збіралі сліну, у Пекіне будуць праводзіць мазок слізістай. Прычым рабіць тое будуць у парадку жывой чаргі. Рашэнне дваякае. Ірына Малёваная назвала такі метад траўматычным. А збор спартсменаў у адной чарзе павышае верагоднасць заражэння ад патэнцыяльна хворага чалавека. Ды і стаяць у чарзе у абмежаваным памяшканні перад спаборніцтвамі — не найлепшы спосаб настроіцца на выступленне.

Электронныя валанцёры

Для папярэджвання распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі на алімпійскіх аб'ектах у Пекіне будуць задзейнічаны 30 робатаў. Сярод іх функцый і дызенфекцыя спартыўных арэн: на адну арэну па два робаты. Адзін робат можа стэрылізаваць 36 квадратных метраў ў хвіліну. А другі будзе забяспечваць людзям сродак для дэзынфекцыі рук і нагадваць пра неабходнасць рэспіратараў. У дадатак да робатаў на арэне «Унексон» устаноўлены лічбавыя кантрольна-прапускныя пункты. Пасля праверкі тэмпературы наведвальніка і сканіравання яго QR-кода кантрольна-прапускны пункт адпраўляе запісы аб стане здароўя, паездках і вакцынацыі на спецыяльны тэрмінал. Гэта неабходна для таго, каб прыняць меры ў выпадку патэнцыяльнай ўспышкі каранавіруса.

Спаборніцтвы без гледачоў

Арганізацыйны камітэт Алімпіскіх гульняў прыняў рашэнне не распаўсюджваць білеты для балельшчыкаў у адкрытым продажы. «Беручы пад увагу, што сітуацыя ў частцы прафілактыкі і кантролю пандэміі COVІD-19 застаецца складанай, у мэтах абароны здароўя і бяспекі ўдзельнікаў і гледачоў Алімпіяды было прынята рашэнне змяніць першапачатковы план адкрытага продажу білетаў на размеркаванне білетаў сярод пэўных груп гледачоў», — сказана ў афіцыйнай заяве.

Тое, што нязменна

Некаторыя абмежаванні застаюцца з Алімпійскіх гульняў у Токіа. У Пекіне ўсе ўдзельнікі Гульняў будуць перасоўвацца на асобным транспарце, месцы ў сталовай раздзеленыя перагародкамі, усюды будуць расстаўлены антысептыкі.

У Пекін ужо прыязджюць першыя члены дэлегацый. Як паведамляе ТАСС, у панядзелак, 24 студзеня, у КНР прыбылі 246 чалавек, з якіх 23 — спартсмены і афіцыйныя асобы, 223 — «прадстаўнікі іншых зацікаўленых бакоў». Па выніках ПЛР-тэсціравання кітайскія медыкі выявілі 12 новых выпадкаў заражэння. Акрамя таго, яшчэ тры выпадкі інфіцыравання выяўлены сярод тых, хто раней прыбыў на Алімпійскія гульні.

Лёгка не будзе

Алімпійскія гульні ў Пекіне лёгкімі не будуць. Праз тыя ж супрацькаранавірусныя абмежаванні ў Пекіне не праводзіліся тэставыя спаборніцтвы, невядома, у якіх умовах прыйдзецца выступаць. З гэтай жа прычыны скарочаны медыцынскі штаб кожнай дэлегацыі. За здароўе беларускай каманды будуць адказваць пяць спецыялістаў на чале з Ірынай Малёванай. Яна, дарэчы, ужо прыляцела ў Пекін. Беларускія медыкі прывезлі на Гульні сваё абсталяванне, каб можна было працаваць самастойна і лішні раз не звяртацца ў алімпійскую паліклініку. У медыцынскім багажы — 243 адзінкі лекавых рэчываў, 80 найменняў вырабаў медыцынскага прызначэння і 12 пазіцый медыцынскага абсталявання — біяхімічныя аналізатары, фізіятэрапеўтычнае абсталяванне.

З такім падыходам за сваё здароўе беларускім алімпійцам перажываць не варта. Аб ім паклапоціцца медыцынскі штаб, які будзе рупліва адсочваць самаадчуванне спарстменаў. Іх задача цяпер — даказаць, што ўсё не дарма.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.