Вы тут

Беларускія яблыкі зможам набыць па 2,54, а капусту — 1,75 рублёў да мая


ФПБ непакоіць рост цэн на прадукты харчавання. У нацыянальным прафцэнтры лічаць, што акрамя 10-%най сацыяльнай зніжкі ў крамах, неабходны дадатковыя меры стрымлівання коштаў.


Як нагадалі ў прэс-службе Нацыянальнага профцэнтра, прафсаюзы на пастаяннай аснове манітораць кошт прадуктаў першай неабходнасці. Са снежня мінулага года пасля карэкціроўкі Саветам міністраў пастановы № 100 «Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці», прафсаюзы ўзялі пад асаблівы кантроль кошт прадуктаў, на якія адменена жорсткае рэгуляванне коштаў.

Згодна з дадзенымі прафсаюзнага маніторынгу, у снежні ў адносінах да лістапада зафіксаваны рост кошту асобных тавараў. Гэта датычыцца жывой рыбы, цана на якую паднялася больш чым на 5 %, крупы грачанай, якая вырасла больш чым на 12 %. Рост ёсць і па каўбасных вырабах, па некаторых відах гародніны — капусце — 24,3 %, бульбе — 5,3 %, бураках — 8,3 %.

Пытанне цэнавай даступнасці найважнейшых тавараў і паслуг стала адным з асноўных і на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Асобная ўвага была нададзена цэнаўтварэнню на плодаагароднінную прадукцыю. Прафсаюзы ўжо не першы раз звяртаюць увагу на значны рост коштаў на беларускую гародніну і садавіну. І на сённяшні дзень урадам уведзены парог цэн на найбольш запатрабаваную прадукцыю гэтай катэгорыі. Гэта адна з мер, на якіх і настойвала Федэрацыя прафсаюзаў.

— Наша пазіцыя ў гэтым пытанні прынцыповая: цэны на прадукцыю, якая вырабляецца ў краіне, павінны быць прагназуемымі і даступнымі не толькі для асобных катэгорый насельніцтва, а для ўсіх грамадзян. Мы спадзяемся, што дзяржаўнае рэгуляванне стабілізуе цэнавую сітуацыю на беларускія гародніну і садавіну. Прынятыя меры своечасовыя, так як найбольшы рост адзначаецца менавіта ў зімова-вясновы перыяд, — адзначыў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Пазнякоў. 

Ён паведаміў, што студзеньскі экспрэс-маніторынг, праведзены прафсаюзнымі спецыялістамі ў 43 крамах па ўсёй рэспубліцы, паказаў, што цэны на гародніну працягваюць расці. 

— Гэта з улікам таго, што стабілізацыйныя фонды запоўненыя і, па прагнозах спецыялістаў, закрываюць патрэбы насельніцтва ў мясцовых гародніне на міжсезонне, — кажа намеснік старшыні ФПБ.

Цяпер, у сувязі з уступленнем у сілу пастановы Савета Міністраў № 36 «Аб рэгуляванні цэн на плодаагароднінную прадукцыю», са студзеня па май гэтага года на асобныя віды айчыннай прадукцыі — свежыя бульбу, капусту, моркву, буракі, цыбулю і яблыкі — уводзяцца гранічныя максімальныя адпускныя і рознічныя цэны. Да прыкладу, максімальны кошт на капусту ў крамах не павінен перавышаць 1,67 рубля ў гэтым месяцы, 1,68 рубля — у лютым, 1,71 — у сакавіку, 1,73 — у красавіку і 1,75 — у маі. Свежыя яблыкі першыя два месяцы года не павінны каштаваць даражэй за 2,51 рубля, у сакавіку і красавіку — 2,53 рубля, а ў маі — 2,54. А свежая цыбуля не павінна прадавацца даражэй чым за 1,55 — 1,6 рубля ў залежнасці ад месяца.

Федэрацыя прафсаюзаў працягне грамадскі маніторынг цэнавай сітуацыі, у тым ліку і за іншымі таварамі, якія карыстаюцца павышаным попытам.

— У пачатку студзеня для падтрымкі найбольш уразлівых катэгорый гандлёвыя сеткі ўзялі на сябе абавязацельства прадстаўляць 10 % зніжку на шэраг сацыяльна значных тавараў. Безумоўна, гэта добрая ініцыятыва, якая сведчыць аб імкненні бізнесу да сацыяльна адказнага падыходу, — дадаў Уладзімір Пазнякоў. 

Аднак з пункту гледжання ФПБ, гэтая мера не павінна разглядацца як альтэрнатыва існуючым механізмам па стрымліванні росту коштаў на прадукты харчавання. 

— У бліжэйшы час у цэлым у свеце прагназуецца далейшае павелічэнне кошту прадуктаў. У гэтых умовах адпускаць цэны ў свабоднае плаванне недапушчальна, — перакананы прафсаюзны спецыяліст. — Паколькі ёсць дастаткова шмат сем’яў, якія атрымліваюць невысокую заработную плату, але не адносяцца да катэгорыі малазабяспечаных. І вымушаныя вялікую частку сваіх даходаў траціць менавіта на прадукты.

У нацыянальным прафцэнтры нагадалі, што ў сярэднім па краіне заработная плата за лістапад (якая была атрымана людзьмі ў снежні) складае крыху больш за 1470 рублёў. У ФПБ падлічылі, што сярэднестатыстычнай сям’і з чатырох чалавек неабходна на прадукты харчавання мінімум 870 рублёў. Гэта 30 % выдаткаў бюджэту сям’і.

Аднак спецыялісты нагадваюць, што ўзровень заработнай платы ў асобных рэгіёнах і па асобных прадпрыемствах можа быць і ніжэй сярэдняга ўзроўню па краіне. 

— Гэта рэальныя людзі, сем’і, якія сутыкаюцца з тым, што толькі на прадукты ў іх выдаткоўваецца амаль 70-80 % іх даходаў. А бо ёсць яшчэ і іншыя неабходныя выдаткі, — звяртаюць увагу ў ФПБ.

Таму, лічаць тут, акрамя зніжкавых прапаноў, неабходныя дадатковыя эфектыўныя механізмы, якія ў комплексе б трымалі стабільную цэнавую сітуацыю на рынку.

— У першую чаргу, павінна выконвацца асноўнае абавязацельства, узятае ў рамках выканання дамоўленасцяў па Генеральным пагадненні, — аб цэнавай даступнасці тавараў і паслуг. Калі растуць кошты — павінны расці і заработная плата, пенсіі, дапамогі, стыпендыі. Гэты баланс неабходна выконваць, — рэзюмаваў Уладзімір Пазнякоў.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Фота Рамана КЛЮЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?