Вы тут

Пасля траўмы, з затрымкай развіцця ці інваліднасцю. У якой рэабілітацыі маюць патрэбу дзеці?


Зімой колькасць траўмаў у дзяцей і падлеткаў павялічваецца, немалая іх частка — ад катання на цюбінгах. Аднак любы пералом косці, нават нескладаны, мала зрасціць. Каб канечнасць ці пазваночнік цалкам аднавілі свае функцыі, важна прайсці паўнацэнную рэабілітацыю. Не менш важна своечасова атрымаць дапамогу кваліфікаваных медыкаў, масажыстаў і інструктараў ЛФК, калі ў дзіцяці, якому ўсяго некалькі месяцаў, маецца затрымка ў развіцці. Пэўныя сучасныя методыкі, якімі валодаюць спецыялісты, дазваляюць скарэкціраваць стан, і дзіця праз нейкі час нічым не адрозніваецца ад равеснікаў. Як тое адбываецца, мы паглядзелі на прыкладзе 25-й дзіцячай паліклінікі — адной з найбуйнейшых у сталіцы.


Інструктар ЛФК Наталля Ляўданская з маленькай пацыенткай.

Яна абслугоўвае каля 20 тысяч юных мінчан. Больш за тры тысячы з іх штогод праходзіць праз аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі. Тут праводзіцца не толькі аднаўленне пасля цяжкіх хвароб, але і комплексная рэабілітацыя дзяцей-інвалідаў і дзяцей з рызыкай развіцця інваліднасці, а таксама малых ранняга ўзросту з адхіленнямі ў нервова-псіхічным і фізічным развіцці.

Аддзяленне з'яўляецца шматпрофільным: тут ёсць залы ЛФК, кабінеты масажу і лагапедаў. Фізіятэрапеўтычны кабінет абсталяваны апаратамі электрасветлалячэння, магнітатэрапіі, высокачастотнай тэрапіі, лазератэрапіі, цеплалячэння. У водалячэбніцы маюцца віхравыя нажныя і ручныя ванны. У канцы мінулага года завершана працяглая рэканструкцыя басейна.

— Вялікую групу нашых пацыентаў складаюць дзеці з траўмамі пазваночніка, складанымі спалучанымі траўмамі верхніх і ніжніх канечнасцяў. Пасля любога пералому дзіця мусіць прайсці рэабілітацыю, каб цалкам аднавіцца і не было наступстваў для здароўя ў будучым, — кажа намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 25-й гарадской дзіцячай паліклінікі Наталля Любецкая. — Прычым з траўмамі мы сутыкаемся круглы год. Калі зімой яны ад катання на цюбінгах і іншых зімовых забаў, то летам — батутныя.

У апошнія гады, як адзначае намеснік галоўнага ўрача, назіраецца рост захворванняў апорна-рухальнага апарату ў дзяцей. Гэта дысплазіі тазасцегнавых суставаў, дэфармацыі пазваночніка рознай ступені. На базе паліклінікі працуе раённы артапедычны кабінет, і з яго спецыялістамі, а таксама фізіятэрапеўтам і рэабілітолагам наладжана сумесная работа.
Па сутнасці, пры выяўленні такіх хвароб з юным пацыентам працуе мультыдысцыплінарная брыгада спецыялістаў, якія складаюць праграму комплекснага
аднаўленчага лячэння і рэабілітацыі. Яна ўключае лячэбную фізкультуру, масаж, фізіятэрапеўтычныя і іншыя працэдуры.

Напрыклад, у кабінеце лячэбнай фізкультуры з дзецьмі з інваліднасцю ці затрымкай развіцця, з пацыентамі пасля траўмаў праводзяцца індывідуальныя заняткі. Тут выкарыстоўваюцца магчымасці механатэрапіі на бегавой дарожцы, велатрэнажоры, стэпе, велатрэнажоры-эліпсоідзе, іпатрэнажоры, апараце біямеханічнай стымуляцыі ступняў, бодзістайлеры. Палову трэнажораў, дарэчы, удалося абнавіць летась.

Дзяцей з артапедычнымі паталогіямі навучаюць комплексам карыгіруючай гімнастыкі па праграме «Школа скаліёзу». Практыкаванні дзеці мусяць выконваць як пад кантролем інструктараў ЛФК і ўрача-рэабілітолага,так і індывідуальна дома. У залежнасці ад ступені скаліёзу дзіця атрымлівае неабходную дапамогу, у тым ліку гэта і нашэнне спецыяльнага гарсэта, пры неабходнасці такія дзеці нават пераводзяцца на навучанне ў спецыялізаваную школу.

Вялікай колькасці дзяцей патрабуюцца і заняткі ў лагапедаў.

— На працягу апошніх гадоў на лагапедычным прыёме ў паліклініцы моўная паталогія выяўляецца ў больш чым у чвэрці дзяцей. Карэкцыйная лагапедычная дапамога такім дзецям аказваецца як на базе паліклінікі, так і ў дзіцячых дашкольных установах, іншых установах адукацыі, на базе дэфекталагічных пунктаў — там, дзе больш зручна бацькам, — кажа Наталля Любецкая.

У аддзяленні працуюць урач-рэабілітолаг, урач-фізіятэрапеўт, тры настаўнікі-лагапеды, тры масажысты, інструктар ЛФК.

Адметна, што аддзяленне рэабілітацыі працягвала працаваць і падчас росту захваральнасці на каранавірусную інфекцыю. Усё ж такі дзецям з асаблівасцямі развіцця, і асабліва ранняга ўзросту, якім патрэбныя карэкцыйныя методыкі, нельга ўпускаць ні тыдня заняткаў, што ўжо казаць пра больш працяглы час.

У такім узросце своечасовая дапамога кваліфікаваных спецыялістаў можа рабіць сапраўдныя цуды — з іх удзелам дзіця з рызыкай развіцця інваліднасці вырастае здаровым.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.