Вы тут

Дэпутат Дзяніс Карась аб пытаннях, з якімі звяртаюцца грамадзяне


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзяніс Карась лічыць, што вельмі даступны для сваіх выбаршчыкаў. Ён абраўся па Наваполацкай выбарчай акрузе № 24, дзе нарадзіўся, вырас і працуе дагэтуль — цяпер у якасці прадстаўніка роднага горада ў парламенце.


Топ зваротаў

«Нават нумар мабільнага тэлефона не змяніў. А яшчэ многія ведаюць мяне ў твар, бо я ж тутэйшы, ды і перыядычна выступаю па тэлебачанні. Калі з сям'ёй жыў у Наваполацку, жонка смяялася, што мяне нельга адпраўляць у краму, бо падыходзілі мінакі, нават незнаёмыя, і казалі пра набалелае, прасілі дапамагчы вырашыць праблему. Са мной можна звязацца і праз сацыяльныя сеткі, і, безумоўна, мае памочнікі аператыўна стараюцца выслухаць, унікнуць у сітуацыю», — расказвае парламентарый.

Ведаюць яго і па дзейнасці дэпутатам Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання, і па абароне інтарэсаў працоўных у якасці старшага грамадскага інспектара па ахове працы пярвічнай арганізацыі Белхімпрафсаюза. У 2014 годзе, дарэчы, ён быў прызнаны найлепшым грамадскім інспектарам па ахове працы ў краіне.

Дэпутат з памочнікамі склалі рэйтынг тэм зваротаў. На першым месцы — добраўпарадкаванне двароў, дарогі, камуналка, дачныя кааператывы. Паступаюць прапановы аб унясенні змяненняў у законапраекты, якія знаходзіцца на разглядзе ў парламенце.

Дзяніс Карась тлумачыць выбаршчыкам, што ў Палаце прадстаўнікоў у першую чаргу прымаюць законы. Прадстаўнік Наваполацка ў заканатворчым органе ўлады не можа, напрыклад, прыняць рашэнне аб асфальтаванні вуліцы, бо не мае для гэтага фінансавай магчымасці — нейкай казны, якую можна выкарыстоўваць для дапамогі людзям. Але тыя ідуць да дэпутата любога ўзроўню, бо выбралі яго, таму чакаюць, што, як прадстаўнік ўлады, іх пачуе. І Дзяніс Карась гэта разумее.

Просьбы бываюць розныя. Аднойчы пазваніла жанчына, якая папрасіла ўзаконіць... эўтаназію. Дэпутат не проста распытаў, адкуль такое пажаданне, але і зайшоў потым да пенсіянеркі, наведаў яе, прынёс пачастункі. Выбаршчыца вельмі здзівілася, падзякавала і... расплакалася. Было відавочна, што ёй не хапае чалавечых стасункаў, увагі. Яшчэ званок, віншаванне са святам, і вось ужо голас па тэлефоннай сувязі зусім іншы, адчуваецца радасць, жаданне жыць.

Нярэдка, на жаль, да дэпутата звяртаюцца з просьбамі, якія можна вырашыць на ўзроўні кіраўніка ЖКГ. Напрыклад, аб пераносе смеццевых кантэйнераў на вуліцы Васілеўцы, да якіх з-за вялікай лужы можна было дайсці толькі ў гумавых ботах.

«Запрасіў на сустрэчу з людзьмі кіраўніцтва ЖКГ. Ужо вечарам перанеслі кантэйнеры, — расказаў Дзяніс Карась. — На працягу тыдня ліўнёўку прачысцілі, дарогу і тратуар прывялі ў парадак. Але чаму нельга гэта ўсё зрабіць без умяшання парламентарыя?»

Яшчэ адна распаўсюджаная просьба — прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў у судах. У такіх выпадках ён падказвае, дзе можна атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю.

Профіль — прамысловасць

Прадстаўнік «нафтагорада» ў парламенце працуе ў Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

«Вялікую ўвагу ўдзяляем падтрымцы рэальнага сектара эканомікі, — расказаў ён пра сваю заканатворчую дзейнасць. — Па маёй ініцыятыве былі прыняты папраўкі ў заканадаўства, якія дазволілі не страціць «Нафтану» расійскі рынак спажыўцоў рэактыўнага паліва для грамадзянскай і ваеннай авіяцыі».

Дзяніс Карась лічыць сваёй справай таксама клопат аб развіцці прыватнай ініцыятывы і бізнесу. Ён удзяляе вялікую ўвагу грамадскаму абмеркаванню будучых законаў.

«Разумею, што яны павінны максімальна ісці ад зямлі. Па іх будзем жыць мы, мае дзеці, унукі. Таму трэба ўсё прадумаць, параіцца са спецыялістамі — тэарэтыкамі і практыкамі», — разважае суразмоўца.

Парламентарый ініцыіраваў правядзенне ў Полацкім дзяржаўным універсітэце абмеркаванне праекта паправак у Кодэкс аб адукацыі.

Ён часта сустракаецца з моладдзю. «Юнакам і дзяўчатам трэба тлумачыць, што насамрэч адбываецца ў краіне, каля яе граніц. Таму што цяпер шмат фэйкаў, на якія яны могуць купіцца. Трэба падказаць, як распазнаць няпраўду, чаму можна давяраць, а чаму — не», — дадае дэпутат.

Адным з першых ён прыняў удзел у праекце «Імпульс адзінства», які рэалізоўваецца парламентарыямі Беларусі. «Гэтая ініцыятыва накіраваная на кансалідацыю грамадства на аснове ідэй суверэнітэту і незалежнасці. Агульнае кіраўніцтва праектам ажыццяўляе пярвічная арганізацыя грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу», — распавёў Дзяніс Карась.

Сцежка здароўя і ўвагі

Каля сотні сустрэч у працоўных калектывах, больш за тры дзесяткі — з выбаршчыкамі, 10 асабістых прыёмаў грамадзян і столькі ж прамых тэлефонных ліній. Разгледжана больш чым паўсотні зваротаў, у тым ліку два калектыўныя. Удзел у пасяджэннях мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, у сесіях Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў, у рэспубліканскіх і гарадскіх акцыях — усё гэта складнікі работы парламентарыя ў акрузе.

«Разам з выбаршчыкамі ўпрыгожваю родны горад і рэалізоўваю цікавыя праекты. Новая каменная сцежка здароўя абсталявана ў Парку культуры і адпачынку Наваполацка», — успамінае дэпутат. Пры яго садзейнічанні абсталяваны пункт прыпынку грамадскага транспарту, пандус у пад'ездзе жылога дома для чалавека з інваліднасцю. Дзяніс Мікалаевіч дапамог ветэранам Наваполацкага ГАУС з тыражаваннем напісаных імі кніг. Ініцыіраваў прэзентацыю гэтых кніг у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства было прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Па традыцыі напярэдадні калядных і навагодняга свят дэпутат віншуе дзятву, якая апынулася ў прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Чаканым госцем Дзяніс Карась стаў і ў цэнтры карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Падтрымаў ініцыятыву БРСМ Наваполацка павіншаваць з навагоднім святам ветэранаў вайны і працы...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з асабістага архіва дэпутата

Выбар рэдакцыі

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

 140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.