Вы тут

Якія старонкі гісторыі адкрые новы радзімазнаўчы праект «Бацькаўшчына»


Дзень за днём мы пішам гісторыю роднай краіны. Здзяйсняюцца розныя падзеі, нараджаюцца новыя традыцыі. Грамадскія ініцыятывы ўмацоўваюць патрыятычныя памкненні ўсяго народа Беларусі, яднаючы прадстаўнікоў розных узростаў, людзей розных прафесій... Паступова мы прыходзім да разумення, што жыць у дабрабыце, спакоі і цішыні — значыць, жыць у паразуменні, быць здольнымі выслухаць адзін аднаго.


Копысь.

Часам нам не хапае здольнасці ўбачыць нават абрысы нашай неабсяжнай, багатай на розныя помнікі дойлідства краіны, цікавай па сваім прыродным ландшафце. І тады мы звяртаемся да розных крыніц памяці. Адну з іх сёлета, у Год гістарычнай памяці, вырашылі напоўніць арганізатары наступнай ініцыятывы — сумеснага праекта Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына».

... «Дагарэў за брамай небакрай, / Месяц паміж воблачкаў плыве. / Выйду зноў, як у мінулы май, / Басанож прайдуся па траве. / Дымная, сцюдзёная раса, / Цёмныя ў траве ад ног сляды. / А такога рослага аўса / Я не бачыў доўгія гады. / Бач, хмызы спляліся, як павець. / Светлякі мігцяць, гараць святлей. / Перад тым як звонка ў лозах пець, / Прачышчае горла салавей. / Лашчыцца трава да босых ног. / З дальніх паплавоў плыве ракой / Ледзь прыкметны сумны халадок — / Подых юні ўходзячай маёй». Гэта — Уладзімір Караткевіч, яго верш «Бацькаўшчына».

Дабраволя. Свіслацкі р-н. Мясцовыя жыхары.

Легендарны беларускі філакартыст, калекцыянер, зборы якога нагадваюць жывую раку, што нясе сваім цячэннем памяткі пра Беларусь ранейшых дзесяцігоддзяў па ўсім свеце, Уладзімір Аляксеевіч Ліхадзедаў валодае асаблівым зрокам, асаблівым светабачаннем дасведчанага гісторыка.

— Старая паштоўка мне асабіста, — дзеліцца сваімі развагамі Уладзімір Ліхадзедаў, — дапамагае бачыць разнапланавае, шматаблічнае, з рознымі сацыяльнымі, грамадскімі праявамі жыццё роднай старонкі. Найперш — маёй любімай Полаччыны. Вандруючы з паштоўкамі па Беларусі, я заўжды іх выявы прымерваў да дзён сённяшніх, да тых грунтоўных змен, якія прынесла нам жыццё блізкіх дзесяцігоддзяў. Мяняецца ў гарадах архітэктурны ландшафт, новабудоўлі прыходзяць і на тыя пляцы, што захоўвалі яшчэ зусім нядаўна адлюстраванні даўніны. Люблю поруч з паштоўкай выкладваць і сучасныя фотаздымкі. Раблю гэта на выстаўках, друкую такія параўнанні, паралелі ў сваіх кнігах, у публікацыях у перыядычным друку... Бачылі б вы, колькі і якіх эмоцый прыносяць такія параўнанні асабліва людзям старэйшага пакалення!..

Полацк. Від з Замкавай гары на кадэцкі корпус.

Запрашаючы да падарожжа па краіне, арганізатары праекта «Бацькаўшчына» мяркуюць, што публікацыі рэпрадукцый старых паштовак у мясцовым рэгіянальным друку падкажуць кірункі пошуку розных радзімазнаўчых цікавінак. Візуалізацыя гістарычных звестак стане часткай работы па гістарычным, патрыятычным выхаванні грамадства.

— За многія гады збіральніцтва, — гаворыць калекцыянер, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Ліхадзедаў, — я аб'ездзіў усю нашу краіну. І з выстаўкамі, і з прэзентацыяй кніг серыі «У пошуках страчанага». На свае вочы бачыў цікавасць людзей да старой паштоўкі. Здаралася, што падчас сустрэч нехта дзяліўся і тым, што бачыў такія паштоўкі ў сваіх бацькоў, што яны захоўваліся ў архівах старэйшых сямейнікаў. Многія паштоўкі сталі рэпрадукцыямі ў кнігах. Паступова, за многія гады, выбудавалася цэлая бібліятэка. Дзякуючы паштоўкам я прайшоўся адрасамі праваслаўных храмаў, узнавіў усялякую інфармацыю пра падзеі Першай сусветнай вайны ў Беларусі. Розгалас выклікалі альбомы «Беларусь шматнацыянальная», «17 верасня. Дзень народнага адзінства». Да рэпрадукцый старых паштовак я дадаў і іншыя ілюстрацыйныя, дакументальныя матэрыялы. У прыватнасці, дату 17 верасня 1939 года, жыццё беларусаў пад прыгнётам палякаў у міжваенны перыяд паказаў з дапамогай старых газет.

Рэчыца. Кірмаш.

У апошні час да бібліятэкі філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава дадаліся выданні, прысвечаныя асобным рэгіёнам, гарадам Беларусі — выйшлі кнігі з паштоўкамі пра Мінск, Гродна, Слонім, Навагрудак, Свіслач, Смаргонь, Ліду, Ашмяны.

— З Уладзімірам Ліхадзедавым, — расказвае старшыня Свіслацкага райвыканкама Гродзенскай вобласці Аляксандр Вярсоцкі, — мы зрабілі філакартычны альбом «Свіслач». Кніга стала вялікай падзеяй для рэгіёна. Яна сёння ў нашых школах і бібліятэках як паплечнік гісторыка-дакументальнай хронікі Свіслацкага раёна «Памяць». Ведаю, што на ўрокі гісторыі, розныя школьныя мерапрыемствы яе прыносяць сваім вучням настаўнікі ў Свіслачы, у Свіслацкім раёне. Ды і, мяркую, каштоўнасць сабраных паштовак настолькі важкая, што філакартычны альбом «Свіслач» запатрабаваны не толькі ў нашым рэгіёне, але і па ўсёй Гродзеншчыне. Ды і ўвогуле праз гэтае выданне можна адкрываць турыстычны патэнцыял Свіслацкага краю і ў вобласці, і ў нашай краіне, і за яе межамі.

Дубае. Пінскі р-н. Сядзіба.

Безумоўна, праект «Бацькаўшчына» дазволіць працягнуць такую справу, уключыўшы ў збор краязнаўчай інфармацыі на месцах руплівых, цікавых да асветніцтва журналістаў, краязнаўцаў. Вядома ж, проста выдатна было б, калі б у выніку гісторыка-краязнаўчага пошуку знайшліся і пэўныя артэфакты, магчыма, — і арыгінальныя паштоўкі. Мо ў некаторых сем'ях яны перадаюцца спадчыннікам з пакалення ў пакаленне. Ды і асабістыя фотаздымкі ранейшых дзесяцігоддзяў, уласны сямейны архіў, напрыклад, паўвекавой даўнасці — шматзначны апавядальнік пра гісторыю сацыяльнага, грамадскага і нават палітычнага характару.

Вілейка. Касцёл і царква.

У многіх школах краіны, сярэдніх спецыяльных навучальных установах ёсць грамадскія музеі з цікавымі, адметнымі экспазіцыямі. І, безумоўна, значнае месца ў іх займаюць арыгінальныя фотаздымкі розных часін, а часам і старыя паштоўкі, прысвечаныя сваёй мясцовасці. І цяпер, калі па ўсёй краіне разгортваецца праект «Бацькаўшчына», з'яўляецца магчымасць ажывіць гэтыя экспазіцыі, далучыць рэпрадукцыі мясцовых збораў да друку ў рэгіянальных і рэспубліканскіх выданнях. А чаму б, напрыклад, не абвясціць і пэўны конкурс работ школьнікаў, моладзі як сачыненняў ці эсэ з каментарыямі да візуальнага, ілюстрацыйнага матэрыялу пра сваю мясцовасць?.. Гэта ж усім нам, і журналістам, і калекцыянерам, і моладзі, школьнікам, дапаможа больш пільна ўгледзецца ў малую і вялікую гісторыю Айчыны. Дапаможа зрабіць свае ўласныя, прыватныя адкрыцці галоўных ісцін жыцця, дадасць пачуцця павагі да здзяйсненняў папярэднікаў. Нагадае, які маштаб любові, сыноўскіх пачуццяў мы проста абавязаныя аддаць, скіраваць да роднай старонкі, да нашай Айчыны, да Бацькаўшчыны... «Зноў вясна, і жаль знікае зноў. / (Так губляюць пах перад вясной / Ссохлыя сцябліны палыноў.) / Ціха цмокае у сне рака. / О, як добра, як прыгожа жыць! / Раска, як русалчына луска, / На вадзе ад месяца гарыць. / А вакол травіцы роснай рай / І бярозак белая сям'я. / Мой чароўны беларускі край, / Бацькаўшчына светлая мая!» (Уладзімір Караткевіч, верш «Бацькаўшчына»).

Будзем спадзявацца, што ў Год гістарычнай памяці сумесны праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» дапаможна сфарміравацца і іншым асветніцкім, выхаваўчым, патрыятычным ініцыятывам, нагадае, кажучы словамі нашага Прэзідэнта, што «...нашы рэальныя вытокі — тая жыватворная сіла, якая стагоддзямі жывіла і фарміравала наш духоўны і маральны свет. У ёй і сёння мы чэрпаем мудрасць, вопыт і веру ў сябе».

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.