Вы тут

ПераВАГІ палоў


Згодна з вынікамі леташняга апытання на адным з сайтаў знаёмстваў, мужчыны з пузікам аказаліся самымі прыцягальнымі для прыгожай паловы чалавецтва. («Мая лішняя вага паказвае, як многа жанчын шукала шлях да майго сэрца».) Тлумачэнне было простае: адзінокія людзі пачынаюць лічыць прывабнымі ўсё больш разнастайныя тыпы фігур, паколькі ведаюць, як цяжка трымаць сябе ў форме падчас пандэміі. («Падыходжу да люстэрка — трэба пахудзець. Падыходжу да халадзільніка — трэба пажэрці... Ва ўсім вінаватыя ногі».) Ці справа толькі ў апошняй? Калі верыць даследаванню, праведзенаму Універсітэтам Эрсіес у Кайсеры (Турцыя), целасклад мужчыны кажа аб яго навыках спакушэння больш, чым мы меркавалі раней. («Тыя, хто кахае худзенькіх, памятайце: змеі тоўстымі не бываюць».) Аказалася, што найлепшыя палюбоўнікі — поўныя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. («Мужчыны, калі ў вас павялічылася залысіна і расце жывот, не адчайвайцеся. Проста лічыце, што з адважнага рымскага палкаводца вы пераўтвараецеся ў заможнага рымскага сенатара».)


Такія кавалеры, у адрозненне ад «качкоў», дэманстравалі большую цягавітасць падчас заняткаў каханнем. («— О, прышлі мае любімыя 50 кілаграмаў!» — «Насамрэч 58». — «Ну, значыць, я нешта ў табе недалюбліваю».) Калі паглыбляцца ў дэталі, то мужчыны з больш высокім індэксам масы цела ў сярэднім актыўныя ў ложку 7,3 хвіліны, у той час як мужчыны са звычайнай ці недастатковай вагой «здзімаюцца» ўжо праз дзве хвіліны. («— Ты якім відам спорту займаешся?» — «Фігурным ляжаннем на канапе».) Даследчыкі назвалі прычыну гэтага, і яна менш сексуальная, чым хацелася б: паколькі ў больш тоўстых мужчын з вялікай колькасцю тлушчу на жываце ўзровень эстрагену — гэта значыць жаночага палавога гармону — павышаны, ім патрабуецца больш часу, каб дасягнуць аргазму, і, такім чынам, заняткі «тым самым» атрымліваюцца даўжэйшыя. («— Ну ты і пуза наеў!» — «У добрага гаспадара конь павінен стаяць пад навесам».) А добра трэніраваныя мужчыны, якія рэгулярна наведваюць спартыўную залу, маюць ніжэйшы ўзровень эстрагену, таму для дасягнення аргазму ім патрабуецца менш часу. («— Ты спортам займаешся?» — «Секс залічваецца?» — «Канешне». — «Тады не».)

Даследаванне таксама зрабіла яшчэ адно нечаканае адкрыццё: жанчынам не падабаецца прэс з шасцю кубікамі. 75 працэнтаў апытаных аддаюць перавагу так званаму «татаваму целу», гэта значыць, невялікім жывоцікам. («— Кацярына, за вамі мужчыны бегаюць?» — «Бегаюць, але не вельмі хутка...») Аднак тлумачэнне гэтаму не столькі ў тым, што яны знаходзяць іх больш прывабнымі, а ў тым, што жанчынам прасцей распрануцца перад «недасканалым мужчынам». («Сёння прызналася свайму падбародку, што ён у мяне не першы».) Калі ў партнёра шыкоўнае спартыўнае цела, то жанчына можа адчуваць сябе вельмі няўпэўнена і саромецца найменшага недахопу сваёй фігуры. («Самы лепшы сродак для пахудзення — секс. Але пераканаць у гэтым жанчыну практычна немагчыма, таму амаль усе яны такія тоўстыя».) Гэтак жа ёсць шэраг навуковых абгрунтаванняў, чаму тоўстыя мужчыны прыцягваюць жанчын. Адна з прычын — наш самы асноўны інстынкт. Поўны жывот і сцёгны — ён дастаткова зарабляе, каб шмат і смачна есці, і можа забяспечыць сям'ю і будучыню нашчадкаў, таму можна сказаць, што такі выбар закладзены на падсвядомым узроўні. («— Цікава, як я буду выглядаць, калі мне будзе дзевяноста?» — «Ты такі аптыміст!» — «Чаму аптыміст? Мне да дзевяноста ўсяго пару кілаграмаў засталося».)

З прадстаўніцамі прыгожай паловы чалавецтва, аказваецца, таксама не так усё проста. Навукоўцы распавялі аб карысці залішняй вагі для іх. («Не плач, дзяўчына, ты не тоўстая, проста бацькі цябе спецыяльна клапатліва адкармілі, каб засцерагчы ад стрыптызу і прастытуцыі...») Жанчыны з больш высокім узроўнем тлушчу абаронены ад рызыкі смерці ад сардэчных захворванняў у параўнанні з тымі, у каго яго менш, сцвярджаюць навукоўцы з Каліфарнійскага ўніверсітэта. («Якая я малайчына! Тры салаты, кілаграм пельменяў і нават торцік з гарбатай... І ўсё гэта да шасці паспела з'есці!») Даследчыкі вызначылі, што смяротнасць ад захворванняў сэрца ў жанчын з вялікай мышачнай масай і вялікім утрыманнем тлушчу ў арганізме на 42 працэнты ніжэйшая ў параўнанні з тымі, у каго мышцаў і тлушчу было мала. («Паўтара царства за тоўстую прынцэсу!»)

Больш за тое, жанчын папярэджваюць аб небяспецы дыет. («Малады чалавек, убачыўшы астранамічныя цэны ў рэстаранным меню, спытаў у сваёй дзяўчыны: «Што ты хочаш заказаць, мая таўстушка?») Яны падчас дыеты знаходзяцца ў стрэсавым стане і пасля яе завяршэння зноў набіраюць вагу, паведаміў Нацыянальны цэнтр анкалогіі рэпрадуктыўных органаў Маскоўскага навукова-даследчага анкалагічнага інстытута імя Герцэна. Адзначаецца, што любімыя прадукты можна есці рэгулярна, але ў невялікіх колькасцях. («Сяджу на кухні і спяваю сабе пад нос: «Антошка, Антошка, пажэрці трэба трошкі!» А ўнутраны голас падпявае: «Цілі-цілі, тралі-валі, вы нядаўна ўжо ўмялі!») Па словах спецыялістаў, гэта самы просты спосаб, пры якім жанчына не адчувае сябе няшчаснай. («— Любы, скажы мне на ноч мае любімыя словы». — «Смачна есці!») Вось такі паварот... («Я тоўстая толькі таму, што ўва мне жывуць адразу некалькі прынцэс».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.