Свет кінаіндустрыі поўны таленавітых людзей. Аднак твары прадстаўнікоў менавіта гэтай прафесіі часта застаюцца за кадрам, хаця ў большасці выпадкаў менавіта яны з'яўляюцца галоўнымі героямі здымачнага працэсу. Гаворка ідзе аб каскадзёрах. Больш падрабязна пра тое, што гэта за прафесія, як у яе прыйсці і з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца падчас здымак, нам распавёў каскадзёр і кіраўнік каманды Аляксандр Сітнік.
— Як вы прыйшлі ў гэтую сферу?
— Мяне заўсёды цягнула да спорту, і ўжо з дзяцінства я хацеў сабе «мужчынскую» прафесію. У свой час займаўся тхэквандо і нават атрымаў званне кандыдата ў майстры спорту па гэтым відзе баявога мастацтва. Пазней адслужыў у арміі ў разведцы, і гэта ўмацавала маё імкненне да «адважнай» прафесіі. Таму пасля войска ўладкаваўся ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ратавальнікам. Аднак праца там аказалася не зусім такой, як сабе ўяўляў. На шчасце, у нас дастаткова мала складаных сітуацый, за паўгода на выклікі выязджаў толькі тры разы, нават выратаваў людзей на пажары. Але душа прасіла большага экстрыму. Якраз у той момант даведаўся, што вядомы каскадзёр Сяргей Васільевіч Катаржэнка набірае да сябе ў каманду каскадзёраў, і вырашыў паспрабаваць туды трапіць. Мяне ўзялі, і праз пару трэніровак я зразумеў, што знайшоў той занятак, які прыносіць задавальненне, звольніўся з работы і цалкам прысвяціў сябе гэтай справе.
— Ці складана было ў першыя часы?
— Насамрэч не. Мне вельмі дапамагло маё спартыўнае мінулае, як і работа ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Да таго ж трэнер — сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Ён прызнаны расійскай Асацыяцыяй каскадзёраў і нават занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса за скачок з вышыні семдзесят два метры. Я хутка ўліўся ў каскадзёрскую справу і зараз не ўяўляю свайго жыцця без гэтага.
— Як паставіліся да такой незвычайнай прафесіі вашы родныя?
— Спачатку ўспрымалі са здзіўленнем і падазрона, не ўсе верылі, што ў мяне нешта атрымаецца. Аргументавалі тым, што ў нас усё ж не Галівуд. Многія адгаворвалі. Але я нікога не слухаў і змог дабіцца ў новай сферы пэўных вышынь.
— Як сталі пастаноўшчыкам трукаў?
— Гэта быў 2017 год, калі не памыляюся. Са сваім кіраўніком мусіў ехаць у Крым, але не атрымалася, і я застаўся ў Беларусі. На той момант ужо зразумеў, што каскадзёрства кідаць не хачу, таму вырашыў стварыць сваю каманду. Набраў хлопцаў, і цэлы год мы проста трэніраваліся. Шмат часу спатрэбілася на тое, каб растлумачыць, што каскадзёр — гэта не пра баявыя мастацтвы, тут хутчэй сцэнічная і тэатральная дзейнасці. І што калі ад вас патрабуецца паказаць бойку, то не трэба гэта рабіць у поўную сілу да прычынення свайму партнёру траўмаў. Калі я зразумеў, што хлопцы атрымалі патрэбную базу, пачалі прымаць удзел у рэкламах. А зараз нашы каскадзёры запатрабаваныя і здымаюцца ў розных фільмах, у тым ліку і замежных.
— Вам больш падабаецца быць пастаноўшчыкам трукаў або самому іх выконваць?
— Мне, вядома, падабаецца прыдумляць новыя трукі і ставіць ужо існуючыя, але, паколькі дазваляе яшчэ ўзрост, то выконваю іх
часта сам. Гэтую справу люблю і буду яе рабіць, пакуль ёсць сілы.
— Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб стаць каскадзёрам?
— Каскадзёр — гэта ўніверсальны спецыяліст, ён павінен быць развіты ў розных абласцях. І я зараз кажу не толькі пра фізічную падрыхтоўку. Майстар спорту міжнароднага класа, напрыклад, па боксе, зусім неабавязкова будзе добрым каскадзёрам. Можа прыйсці хлопец, які ўвогуле спортам не займаўся, але ён развіваецца, займаецца, і ў яго ёсць схільнасці і талент да каскадзёрства. Тады ў яго больш шанцаў дасягнуць вяршынь у гэтай справе. Самому, вядома, дастаткова цяжка зразумець, ці ёсць у цябе задаткі да такога занятку, лепш звярнуцца па прафесійнае меркаванне. Калі казаць, на якія якасці канкрэтна я звяртаю ўвагу пры наборы хлопцаў у каманду, то ў першую чаргу чалавек павінен быць байцом. Каб нават калі ты ўпаў, ты падняўся і ўсё роўна прыйшоў на пляцоўку. Акрамя гэтага, каскадзёр павінен быць акцёрам. А яшчэ — разняволены, аднак мы ўсе розныя, і для таго, каб адчуваць сябе раскавана, кожнаму патрабуецца розны час. Вядома, маюцца абмежаванні і па ўзросце: каскадзёр павінен быць не маладзейшы за 18 гадоў. Але, зноў жа, у нас ёсць хлопец, якому пятнаццаць, ён пакуль проста трэніруецца, не прымаючы ўдзел ў здымках. Калі наконт «фінальнага» ўзросту ў гэтай прафесіі, то лічу, што яго няма. Літаральна нядаўна працавалі на праекце «Праведнік», там быў пастаноўшчык трукаў, яму 67 гадоў. Вядома, сам ён трукі не робіць, а толькі ставіць. Калі казаць пра ўзрост «выканаўцаў», то лічбы — зноў не галоўнае, гэта трэба адчуваць па сабе.
— А калі казаць пра гендарнае пытанне?
— У нас у камандзе ёсць дзяўчаты, якія нічым не саступаюць моцнай палове. Яны таксама трэніруюцца, удзельнічаюць у здымках і робяць розныя трукі.
— Як праходзяць трэніроўкі?
— У прынцыпе як і ў любым відзе спорту: спачатку гэта размінка, потым расцяжка, затым вывучэнне асноўных прыёмаў. Гэта можа быць як баявая харэаграфія, так і акрабатыка ці барацьба ў пары. Усё залежыць ад задачы. Мы ў асноўным трэніруемся да якіх-небудзь праектаў. Напрыклад, ведаем, што хутка ў нас здымкі ў баевіку, тады робім большы ўпор на «прапампоўку» боек. Хочацца дасягнуць галівудскага ўзроўню. Бывае такое, што нейкія прэвізы мы самі здымаем на камеру, прыходзім да рэжысёра і прапануем новае бачанне старых трукаў.
— Ці даводзілася выконваць небяспечныя трукі?
— Ёсць такое меркаванне, што каскадзёр — той, хто пабег і галавой у сценку стукнуўся. Насамрэч каскадзёр павінен рабіць так, каб людзі думалі, што яму балюча, не пашкоджваючы сябе. Але, нягледзячы на гэта, рызыка ў нашай прафесіі прысутнічае заўсёды. Самымі небяспечнымі лічацца аўтатрукі. У сваёй практыцы як адзін з самых небяспечных я адзначыў бы трук з перакульваннем машыны, які здымалі для фільма кампаніі Netflіx. Ну і яшчэ трук на адной з першых здымак «Прывітанне ад Кацюшы», дзе я скакаў з падкідной дошкі ў раку. У гэтай сцэне на пляцоўцы знаходзілася шмат выбуховых прыстасаванняў, пнеўмапушак з газам. Я стаяў на дошцы і павінен быў націснуць на датчык, каб скокнуць у раку. Калі гэта зрабіў, мяне выштурхнула з падкідной дошкі, я паляцеў у раку, а за мной утварыўся вогненны шар. Акрамя гэтага, небяспечнымі трукамі лічацца выкананыя на вышыні, з агнём і трукі з жывёламі.
— Няўжо на такіх здымках абыходзіцца без траўмаў?
— Вырашаючы стаць каскадзёрам, заўсёды разумееш, што ў гэтай прафесіі ёсць пэўныя рызыкі для здароўя і жыцця. Таму на кожных здымках, дзе запланаваны небяспечныя трукі, дзяжурыць брыгада хуткай дапамогі. Вядома, не абыходзіцца без траўмаў, часта гэта дробныя драпіны і сінякі, часам бывае горш. У мяне была значная траўма пасля здымак аднаго фільма. Мы здымалі трук з распілаваным напалову джыпам. Трэба было з яго выскачыць, зноў жа, на падкідной дошцы. Па сюжэце павінна было быць так: машына разлятаецца, ззаду мяне выбух, я вылятаю з яе. Але ў працэсе здымак узніклі праблемы з піратэхнікай, выбух адбыўся крыху раней, чым трэба. І атрымалася так, што я «ўзарваўся» раней часу, на шчасце, паспеў сцяміць і згрупаваўся. А наогул, ведаеце, ніякія траўмы не напалохаюць і не прымусяць сапраўднага каскадзёра кінуць гэтую справу. Бо пакуль ёсць жаданне і гарыць агонь у вачах, страх заўсёды на другім месцы.
Ангеліна НОВІКАВА
Фота дадзены героем
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.