Вы тут

Першы дарослы выбар. Як вызначыцца з прафесіяй?


Падлеткавы ўзрост — перыяд самаідэнтыфікацыі, калі пытанне «Хто я?» становіцца для чалавека цэнтральным. Старшакласнікі шукаць сябе і сферу, дзе змогуць найбольш поўна самарэалізавацца. Але далёка не кожны выпускнік школы можа цвёрда сказаць, дзе хоча навучацца і якой бачыць сваю будучыню.


Даволі часта прафесію і навучальную ўстанову выбіраюць, зыходзячы з прэстыжнасці, за кампанію з сябрамі або пад уплывам бацькоў. Але, калі задумацца, тут няма нічога дзіўнага: у 17-18 гадоў, маючы за спінай толькі школьны досвед, вельмі складана адважыцца на сур'ёзны выбар. Падлетак слаба ўяўляе, чым займаецца лагіст або SEO-спецыяліст і чым адрозніваецца інжынер-канструктар ад інжынера-выпрабавальніка.

Навучыцца разумець сябе

Ёсць меркаванне, што, калі выпускнік не вызначыўся з прызваннем, яму трэба даць час, каб разабрацца ў сабе. Напрыклад, у Еўропе і ЗША шырока распаўсюджана практыка Gap Year — год пасля школы выпускнік знаходзіцца ў пошуку будучай кар'еры, праходзіць навучанне на спецыялізаваных кароткіх курсах і стажыруецца, паглыбляецца ў прафесійнае асяроддзе, каб зрабіць усвядомлены выбар. Там не лічыцца ганебным не паступіць вучыцца адразу пасля школы. Больш за тое, у некаторых краінах вышэйшая адукацыя не значыцца абавязковай для дасягнення сацыяльнага поспеху, і толькі 10 працэнтаў паступаюць ва ўніверсітэты. Затое там не сустрэнеш касіра ў «Макдональдсе» з дыпломам юрыста.

Расійскія і міжнародныя даследаванні сведчаць, што на адукацыйныя амбіцыі школьнікаў уплывае не столькі іх паспяховасць, колькі сацыяльна-эканамічны статус сям'і, які адбіваецца на ўспрыманні асабістай «планкі» і гарызонту перспектыў. Самая распаўсюджаная памылка — не задаць сабе пытанне «Навошта?» перад тым, як інвеставаць велізарную колькасць свайго часу, а часцяком і грошай, каб атрымаць запаветную «адтэрміноўку ад дарослага жыцця» яшчэ на чатыры гады.

Самая правільная стратэгія для бацькоў — не ціснуць на дзіця, не прымушаць прыняць свой пункт гледжання, а даць магчымасць зрабіць асабіста выбар самастойна. Самая ж правільная стратэгія для падлетка — спрабаваць як мага больш новага, рознага і навучыцца разумець сябе і свае жаданні.

У прафарыентолагаў ёсць тэрмін «шчылінная прафарыентацыя» — так яны характарызуюць сітуацыю, калі бацькі не бачаць разнастайнасці прафесійных магчымасцяў і падштурхоўваюць дзіця толькі ў адным кірунку, накшталт «я быў стаматолагам — і ты ім будзеш». А ў школьнікаў гарызонт планавання ўвогуле самы недалёкі: для іх нейкая там работа праз чатыры-пяць гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта — гэта штосьці вельмі і вельмі далёкае і абстрактнае, амаль перадпенсійны ўзрост.

«Цалаваць, дык каралеву...»

— Я заўсёды прашу прыйсці на кансультацыю разам з бацькамі, таму што выбар прафесіі — гэта перадача «руля» кіравання сваім жыццём у сістэме ўзаемаадносін «бацькі — дзіця». І кажу ім: «З гэтага моманту вы становіцеся для свайго дзіцяці навігатарам, яго фан-клубам, групай падтрымкі. Але выбар прафесіі — гэта менавіта той выпадак, калі самы час адысці ўбок і даць магчымасць вызначыцца, — кажа прафарыентацыйны псіхолаг Ганна Ісаенка. — А я падчас кансультацыі бяру на сябе ролю «інструктара па ваджэнні», расказваю пра ўсе магчымасці і варыянты і дапамагаю прыняць правільнае рашэнне... Падлеткі як разважаюць? Цалаваць — дык каралеву, зарабляць — дык мільён! Калі працаваць — то толькі прэзідэнтам, калі не краіны — то буйной кампаніі. Калі раўняцца, дык на Ілана Маска. І я заўсёды прашу педагогаў: не размаўляйце з дзецьмі з пазіцый здаровага сэнсу! Не трэба зазямляць іх фразамі тыпу: «Куды ты нацэліўся? Там цябе ніхто не чакае!» Падлетак проста павінен верыць у тое, што ён стане прэзідэнтам, генералам, паспяховым бізнесменам або высокааплатным спецыялістам...

Традыцыйнай пры выбары прафесіі з'яўляецца формула на скрыжаванні сфер «ХАЧУ-МАГУ-ТРЭБА». З запатрабаванасцю прафесій разабрацца даволі лёгка: адкрылі любы сайт па пошуку работы і праглядзелі вакансіі і ўмовы аплаты.

З тым, што «ХАЧУ», ужо крыху больш складана. Гэта адзін з самых частых запытаў: «Не ведаю, чаго хачу». Пры гэтым старшакласнікі, як правіла, нядрэнна арыентуюцца ў тым, чаго дакладна не жадаюць. І гэта ўжо добра. Ёсць ад чаго адштурхнуцца і сфарміраваць сацыяльныя чаканні ад будучай прафесіі. Але галоўная работа на кансультацыі ідзе з тым, што малады чалавек можа. І гэта нават не столькі адзнакі ў яго школьным дзённіку і перамогі на алімпіядах ці канферэнцыях (хоць і гэта таксама важна)... А тое, да чаго душа ляжыць, на што чалавек «заліпае», куды яго вабіць часта апроч уласнай волі і насуперак бацькоўскім забаронам. Мая задача — выявіць патэнцыйную адоранасць. Дзе чалавек праяўляе звышактыўнасць, куды ён інвестуе свой час пры першым жа зручным выпадку? Бо там яго эмацыянальны рэсурс, яго энергетыка. Я наўмысна не ўжываю словазлучэнне «марнуе час». Ён менавіта «інвестуе», сам таго не ведаючы, развівае, «прапампоўвае» сваю патэнцыйную адоранасць...?

Вышэйшая адукацыя — раскоша?

Ёсць два погляды на перспектыўныя прафесіі — з умоўнага «цяпер» і з «будучыні». У першым выпадку перспектыўная прафесія выступае сінонімам запатрабаванай на рынку працы цяпер. Але што будзе запатрабавана ў будучыні? Скажам, праз 10—15 гадоў? Такія прагнозы пастаянна змяняюцца. Па ацэнцы Сусветнага эканамічнага форуму, попыт будзе расці на аналітыкаў даных, спецыялістаў па машынным навучанні, ІT-распрацоўшчыкаў, спецыялістаў па кібербяспецы, прафесіяналаў па развіцці бізнесу.

Агульнасусветная тэндэнцыя на рынках працы і адукацыі такая, што чалавек не выбірае прафесію і адукацыю раз і назаўжды. Гэта толькі першы яго выбар, таму зрабіць яго становіцца крыху прасцей. Але заўсёды трэба мець на ўвазе, што фундаментальную адукацыю (медыцынскую ці інжынерную) цяжка ці амаль немагчыма атрымаць другой. Яны занадта энергазатратныя для атрымання. Таму, калі вы выбіраеце паміж некалькімі спецыяльнасцямі, лепш пачаць з фундаментальнай.

Ёсць меркаванне, што вышэйшая адукацыя — гэта раскоша, бо яна не патрабуецца нам для выжывання. З развіццём тэхнічных магчымасцяў не ўсе падлеткі бачаць сэнс вучыцца ў ВНУ чатыры-пяць гадоў: зарабіць грошы анлайн яны змогуць і без гэтага. Многія прасоўваюць свае блогі, акаўнты ў Іnstagram і іншых сацсетках і зарабляюць немалыя грошы на рэкламе.

Але трэба разумець, што сапраўдная вышэйшая адукацыя мае на ўвазе асаблівы склад розуму: гэта здольнасць чалавека працаваць з вялікімі аб'ёмамі інфармацыі, структураваць яе, што вельмі каштоўна, уменне самастойна эфектыўна вучыцца, гэта кола ўзаемаадносін і дзелавыя сувязі, якія застаюцца з вамі на ўсё жыццё.

Магчыма, у нейкай недалёкай будучыні мы будзем успрымаць універсітэт выключна як ступень для асобаснага развіцця і фарміравання канцэптуальнага погляду на свет, а не як месца для атрымання прафесіі, асабліва з улікам таго, што за жыццё нам давядзецца змяніць пяць—восем прафесій. Адукацыя становіцца ўсё больш падобнай на «канструктар» з ведаў, якія чалавек можа перасабраць самастойна. У найбліжэйшай будучыні людзі пачнуць адукоўваць сябе самі, рэальна ўсведамляючы, якія менавіта веды ім патрэбныя, а адукацыя стане бесперапынным працэсам.

Мяккія навыкі

Пакуль мы ўсе думаем, што ёсць ІТ-кампаніі і ўсе астатнія, свет вакол нас змяняецца. І сёння трэба вучыцца спалучаць тэхнічныя навыкі накшталт матэматыкі і камп'ютарных навук, паняційнае і сістэмнае мысленне, аналіз, сінтэз, алгарытмізацыю, логіку плюс дадаць да іх сацыяльныя і асобасныя навыкі, эмацыянальны інтэлект, здольнасць да камунікацыі, інтуіцыю, майстэрства весці перагаворы і абменьвацца думкамі.

А ўвогуле ТОП-навыкаў, насамрэч важных для работадаўцаў на сёння, выглядае наступным чынам: на першым месцы стаіць уменне вырашаць праблемы, здольнасць працаваць у камандзе, эфектыўная камунікацыя, лідарства, рабочая этыка, аналітычныя здольнасці і ініцыятыўнасць, увага да дэталяў, гнуткасць і адаптыўнасць. Пад увагу бяруцца і такія якасці, як крэатыўнасць, таварыскасць, арганізатарскія здольнасці... Так званыя мяккія навыкі (soft skіlls) пачынаюць важыць намнога больш, чым тэхнічныя.

Заўважана, што добрымі спецыялістамі становяцца часта выдатнікі-перфекцыяністы: яны пастаянна самаўдасканальваюцца, таму і дасягаюць высокіх вынікаў. Але для таго, каб працаваць кіруючым менеджарам, зусім неабавязкова мець добрыя акадэмічныя здольнасці — больш важна, каб чалавек быў камунікабельны. Здольнасць маніпуляваць іншымі людзьмі таксама можа спатрэбіцца. А для адкрыцця сваёй справы трэба быць ініцыятыўным і смелым. Між іншым, ініцыятыўнасць, прадпрымальніцкая жылка і здольнасць зарабляць грошы зусім не карэлююць з акадэмічнай адоранасцю.

Увогуле, ёсць розныя віды адоранасці: акадэмічная, мастацкая, практычная, духоўная, камунікатыўная, эмацыянальная, міжасобасная... Таму трэба да сябе прыслухацца, разабрацца ў асабістых якасцях, вывучыць свае схільнасці, здольнасці, улічваць асаблівасці памяці, увагі, мыслення, тэмпераменту. Да таго ж адоранасць забяспечвае магчымасці, а зусім не гарантыю больш высокіх дасягненняў. Ці зможаш ты імі правільна распарадзіцца, залежыць толькі ад цябе... Вось што КАТЭГАРЫЧНА не трэба рабіць — гэта перадаваць руль кіравання сваім жыццём іншым: бацькам, сябрам, настаўнікам. А ахвотных яго ўзяць заўсёды знойдзецца дастаткова...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

Як рыхтуе інжынераў заўтрашняга дня галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны

У Беларусі сёння няма ніводнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі выпускнікі БНТУ.

Эканоміка

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Эксперты: Беларускі рубель будзе мацнець, а эканоміка — расці

Выконваючы праграму па імпартазамяшчэнні, зараз можна зарабіць сапраўды вялікія грошы.

Грамадства

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У памяці народнай. У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку

У Баранавічах адкрылі мемарыял Героям Беларусі Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.