Здаецца, большасць з нас хоча выглядаць так, каб ім казалі «вау», да таго ж падабацца не толькі іншым, але і самім сабе на сто працэнтаў. Персанальная стылістка Лілія РЫХТЭР дапамагае з гэтым усім ахвотным: вучыць любіць сябе і падкрэсліваць уласную ўнікальнасць. Аб тым, як зрабіць апошняе, чаму важна ведаць асабісты тыпаж знешнасці і чым дапамагае разбор гардэробу, мы запыталіся ў спецыяліста.
Лілія па адукацыі менеджар-эканаміст, закончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Менеджмент», аднак у пэўны момант зразумела, што яе прызванне ў іншым.
— Адразу пасля вучобы я паехала ў родны Лунінец, працаўладкавалася ў райвыканкам. Паралельна займалася нарошчваннем веек, такое хобі з'явілася яшчэ ў студэнцтве, тады гэта таксама было папулярна. Да таго ж хадзіла на шопінг з сяброўкамі і любіла збіраць вобразы для сябе. Пасля дадалася работа з прычоскамі і макіяжам. Адкрыла свой бьюці-кабінет, можна сказаць, стала вядомай у горадзе. Занятак прыносіў грошы і быў па душы: дзяўчаты, якія прыходзілі да мяне, змяняліся і сыходзілі шчаслівыя. Праз некаторы час вырашыла, што хачу зарабляць толькі бьюці-паслугамі, і звольнілася. Аднак прайшло пару гадоў, і раптам адчула, што больш не развіваюся, пачаўся так званы творчы крызіс: нічога не натхняла, унутры была пустэча. Тады і прыйшла думка аб стылі. Нядоўга разважаючы, прайшла навучанне ў сталічнай анлайн-школе і з тых часоў працую менавіта ў гэтым кірунку.
Лілія ўпэўнена, што яе прыход у сферу стылю — вынік самаразвіцця і перамен, пачатак унутранага росту. Менавіта ў гэты перыяд наша гераіня стала больш прыслухоўвацца да сябе. Большая частка дзейнасці суразмоўніцы зараз — анлайн-кансультацыі, афлайн-шопінг, разбор гардэробу.
— Я працую праз сістэму тыпажоў знешнасці — гэта мой інструмент дапамогі жанчынам. Калі адзенне будзе адпавядаць вашаму тыпу фігуры, рысам твару і іншаму, вы будзеце выглядаць гарманічна і прыгожа як знешне, так і ўнутрана. Сістэма складаецца з чатырох частак — гамін, рамантык, натурал і драматык. Першая група ў перакладзе з французскай азначае «стройная, элегантная дзяўчынка». Таму мы адразу можам прывесці асацыяцыю. Гэта, як правіла, невысокія дзяўчаты з вялікімі вачыма, маленькімі вуснамі, мініяцюрнай фігурай. Другая катэгорыя — рамантыкі, для іх характэрная жаноцкасць і пачуццёвасць. У прычосках заўсёды павінны прысутнічаць мяккія плаўныя лініі, незалежна ад даўжыні валасоў і ўкладкі. Гэта дзяўчаты з «лялечнымі» вачыма, акуратнымі вуснамі, вузкімі плячамі, але шырокімі сцёгнамі. Ім важна падкрэсліваць талію, прымяняць у адзенні мяккія колеры, выкарыстоўваць лёгкія фактуры і тканіны. Наступны тыпаж — натуралы. У іх шырокія твары і бровы, прамыя доўгія стройныя ногі. Можна сказаць, што гэта эталонны вобраз жанчыны, які часцей за ўсё трансліруецца на шырокую аўдыторыю. Для іх у адзенні важна падкрэсліваць натуральнасць і лёгкасць. І апошны тыпаж — драматыкі. Гэта высокія дзяўчыны з доўгімі рукамі і нагамі, у іх тонкія вусны, часта доўгія насы, прамыя бровы, усюды прамыя лініі. На іх вельмі часта звяртаюць увагу, і яны самі любяць знаходзіцца ў цэнтры падзей. Ім варта выкарыстоўваць вертыкальныя лініі, быць выразнымі і яркімі. Але трэба сказаць, што чыстыя тыпажы сустракаюцца вельмі рэдка, таму пры складанні гардэробу ўлічваюцца розныя індывідуальныя моманты.
Лілія падкрэслівае, што важна звяртаць увагу не толькі на тып фігуры, знешнасць, але і на вобраз жыцця, мэты. Напрыклад, калі вы актыўная мама, то ў гардэробе павінна прысутнічаць больш зручнае адзенне, прасторнае, у стылі кэжуал. Калі вы займаеце кіраўнічую пасаду, стыль павінен быць іншы.
— Памятайце: як толькі мы яго мяняем, гэта абавязкова прыводзіць да змяненняў у жыцці. Ёсць нават такі выраз: 70 працэнтаў думак пра нас складваецца з таго, як мы выглядаем, 20 працэнтаў — як мы кажам, і толькі 10 — ад таго, што мы гаворым. Таму карыстайцеся вашым знешнім выглядам. Рэчы павінны вам служыць, вас упрыгожваць. Ёсць пэўны спіс таго, на што варта звярнуць увагу і лепш мець у сваім гардэробе. Гаворка ў першую чаргу аб базавым: гэта рэчы простага, зразумелага крою, з мінімальным дэкорам, якія складана аднесці да якога-небудзь пэўнага стылю. Своеасаблівы ліст паперы, на якім вы будзеце маляваць свой настрой. Існуюць розныя спісы такіх рэчаў, я прапаную мець прамыя сінія джынсы, класічныя штаны, белыя кеды, актуальны пінжак добрага крою, джэмпер або кашулю, белую футболку, якасны рэмень і сумку, паліто ніжэй калена, трэнч. А далей да гэтых рэчаў можна дадаваць іншыя, больш выразныя.
Што значыць быць стыльным і як знайсці свой стыль? — пытанне, якім задаюцца многія дзяўчаты...
— На яго фарміраванне ўплываюць розныя фактары: наш лад жыцця, мэты, асаблівасці фігуры і знешнасці (тыпаж і каларыт), нават смакавыя схільнасці. Аднак ёсць нейкія рэчы, якія ў нас перыядычна дубліруюцца. Напрыклад, адна і тая ж прычоска або дэталь у вобразе накшталт брошкі ці завушніц. Дык вось важна знайсці гэтую разыначку, каб вас запомнілі, каб хтосьці, прыгадваючы вас, дакладна прадстаўляў ваш вобраз і асаблівасці стылю. Напрыклад, калі мы кажам аб Рэнаце Літвінавай, у галаве адразу ўсплывае пэўны вобраз: вытанчанасць, рэтра-шык... А ў чым ваша індывідуальнасць?
Суразмоўніца папярэджвае: для таго, каб знайсці свой стыль, трэба вельмі шмат часу.
— Спачатку спытайце сябе: якая я? Тое, як выглядаю, ці адпавядае гэта таму, як сябе адчуваю? Ці падабаюся сабе? Наколькі добра сябе ведаю? У чым мне зручна? Знешнасць непарыўна звязана з нашым унутраным светам. Як зразумець, што тая ці іншая рэч або вобраз сапраўды падабаюцца, а не навязаны нам рэкламай, трэндамі і іншымі рэкамендацыямі тыпу «так трэба»? Падумайце, якія інтэр'еры вас прыцягваюць, якія карцінкі чапляюць вашу ўвагу, з якіх ліній яны складаюцца, у якім стылі выкананы, якія каляровыя спалучэнні сустракаюцца часцей за ўсё. Ежа, музыка, фільмы — усё гэта ёсць вы. Шмат хто з нас не ведае, чаго мы хочам. Для таго, каб з гэтым было прасцей, я раю стварыць папку ў Pіnterest і сабраць там карцінкі, якія натхняюць. Не толькі модныя вобразы, але і прадметы архітэктуры і іншае. А потым прааналізаваць іх — якія колеры, лініі, формы прыярытэтныя для вас, ці багата дэталяў або, наадварот, які характар і настрой перадаюць гэтыя выявы. Яны павінны быць звязаны з тым, як вы сябе адчуваеце ў дадзены момант, які вобраз жыцця ведзяце, у якой краіне жывяце. Магчыма, у папцы ёсць нейкія рэчы, абутак, прычоска, якія падабаюцца больш за ўсё. Трэба іх запомніць і ўжо падчас шопінгу звяртаць больш увагі.
Зараз у трэндзе мінімалізм, лаканічнасць формаў, сілуэтаў, зручнасць і камфорт, адзначае Лілія.
— Звярніце ўвагу на паліто-кашулю ў буйную клетку, акцэнтныя колеры накшталт ліловага, балотнага, сіняга. Да таго ж для многіх актуальнае пытанне «як выглядаць стыльна, маючы невялікі бюджэт». Лепш за ўсё выбіраць лаканічныя вобразы, тыя, дзе больш натуральныя колеры, якія выглядаюць высакародна, каб іх можна было паміж сабою міксаваць. Калі стаіць выбар паміж адной дарагой рэччу і некалькімі таннымі, калі гэта базавая рэч, якая павінна вам праслужыць доўга, бо дакладна не выйдзе з моды некалькі, а то і больш сезонаў, дык аддавайце перавагу першаму варыянту. А калі хочацца прымераць на сябе нейкі «гарачы трэнд», то няма сэнсу пераплачваць за тое, што можа састарэць у наступным сезоне.
— А што наконт разбору гардэробу? — пытаюся ў Ліліі. — Зараз гэта таксама вельмі папулярна, асабліва падчас пандэміі.
— Безумоўна, такі працэс важны, яго пажадана рабіць мінімум раз у паўгода. Пачатак новага сезона — удалы час. Магу параўнаць гэта з абнаўленнем жыцця. Многія маюць звычку назапашваць шмат непатрэбных рэчаў «на потым», а яно ніколі не надыходзіць. Таму трэба вучыцца расставацца са старымі рэчамі, якія ўжо не функцыянальныя, з састарэлым кроем, не падыходзяць вашаму ўнутранаму стану. Таксама гэта трэба рабіць для таго, каб убачыць, чаго вам не хапае ў сваім гардэробе. Як правільна арганізаваць яго разбор? Дастаём з шафы ўсе рэчы і складваем па групах: спадніцы са спадніцамі, джынсы з джынсамі і гэтак далей. Пасля аналізуем кожную па наступных пунктах: наколькі адзенне падыходзіць вам па колеры, фасоне, наколькі зношанае, ці ўвогуле падабаецца, ці адпавядае пажаданай стылістыцы і вобразу жыцця. Так фарміруецца базавы гардэроб. Ён — аснова. Гэта павінны быць неакцэнтныя рэчы, бо з іх не пабудуеш шмат спалучэнняў адзення. Далей складаеце спіс пакупак. Калі не хапае базавых рэчаў, то спачатку ўносім у шопінг-ліст менавіта іх. Калі іх шмат, то падумайце, якія акцэнтныя рэчы жадаеце набыць. Спытайце, як хочацца сябе выяўляць, што трансліраваць. І ўжо тады адпраўляйцеся ў краму.
Каб схаваць недахопы фігуры і падкрэсліць яе вартасці, трэба ўмець сябе ўдала прыпаднесці, лічыць Лілія.
— Па-першае, аб'ектыўна ацаніце сябе. Зрабіце замеры і вызначце, дзе ў вас канцэнтруюцца аб'ёмы. Потым выбераце, што хочаце карэкціраваць. Самыя частыя праблемныя зоны — шырыня плячэй, жывот, аб'ём сцёгнаў, грудзей, даўжыня ног. З гэтага спіса вылучыце два-тры моманты, якія патрабуюць візуальнай карэкцыі. Каб схаваць недахопы з дапамогай адзення, можна выкарыстоўваць чатыры групы інструментаў: вертыкалі і гарызанталі; светлае і цёмнае; прынт, розныя ўпрыгажэнні і ўзоры; абцягванне і вольны сілуэт. Дарэчы, магу сказаць, што з цягам часу запыты і перавагі дзяўчат наконт вызначэння стылю кардынальна змяніліся. Калі раней многія хацелі чагосьці новага, незвычайнага, то цяпер амаль усім важна, каб было зручна, функцыянальна, з мінімальным наборам рэчаў, але каб яны паміж сабой спалучаліся і, вядома ж, каб гэта было прыгожа і гарманічна.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота з архіва гераіні
Спрошчаным парадкам могуць скарыстацца каля 35 тысяч уладальнікаў такіх будынкаў.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.