Вы тут

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці


Калі ў жыхароў Бераставіччыны запытаць, якія цікавыя падзеі тут адбываюцца, яны абавязкова назавуць фестываль радыёкіраваных мадэляў. Захапляльны конкурс і адначасова свята збіраюць удзельнікаў з усяе Беларусі і замежжа. Фестываль стаў сапраўдным брэндам раённага цэнтра і нават унесены ў каляндар спартыўных мерапрыемстваў краіны.


Фота: pixabay.com

Арганізатарам фестывалю шмат гадоў з'яўляецца народны аматарскі калектыў «Вінт», якім кіруе апантаны гэтай справай Аляксандр Унуковіч. Ён расказаў, што сёлета, у Год гістарычнай памяці, удзельнікі гуртка збіраюцца пашырыць лінейку авіямадэляў ваеннай авіяцыі, а таксама заняцца вывучэннем іх гісторыі. А яшчэ ў клуба ёсць ідэя стварыць пошукавы атрад і навесці парадак на былым ваенным аэрадроме.

У гонар лётчыкаў

Аляксандр Унуковіч прызнаецца: ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома. Праўда, лёс яго аказаўся трагічны.

Перад вайной тут стаялі савецкія самалёты. Іх немцы пачалі бамбіць у першую чаргу. Па некаторых звестках, на аэрадроме ішлі рамонтныя работы, таму самалёты стаялі без паліва. Сваю ролю адыграў і летні перыяд — пара водпускаў. Таму і экіпажы не былі ўкамплектаваныя. Хадзіла нямала чутак аб тым, што ўсе самалёты былі разбіты проста на зямлі, ніводны не ўзляцеў. Аказалася, што гэта не так.

— Ёсць дакументы аб тым, што адзін з першых паветраных таранаў у першыя дні вайны адбыўся тут, над пасёлкам Пагранічны. — расказаў Аляксандр. — Лётчык ляцеў з Беластока, у яго скончыліся боепрыпасы ў нашым раёне, і ён здзейсніў таран. Сам выжыў, на іншым самалёце з нашага аэрадрома паляцеў.

Мадэлі для паветранага бою

Мадэлі самалётаў, як правіла, робяцца для ўдзелу ў спаборніцтвах. Тут свая спецыфіка, пэўныя класы, дзе ёсць адмысловыя патрабаванні. Напрыклад, мадэлі самалётаў паветранага бою Другой сусветнай вайны павінны быць падобныя на сапраўдныя баявыя. Пры гэтым ёсць абмежаванні па вазе.

Каб стварыць мадэль, удзельнікі гуртка знаёмяцца з рознымі гістарычнымі фактамі, якія датычацца паветраных баёў. «Гэта, з аднаго боку, цікава, з іншага — садзейнічае патрыятычнаму выхаванню», — упэўнены Аляксандр. Захапляльны і сам працэс работы над самалётам: ад чарцяжа праз 3D-мадэляванне да вырабу.

Калі раней асноўным матэрыялам было дрэва, то цяпер перавага аддаецца больш лёгкім, напрыклад, пенапласту і пластыку. Яны апрацоўваюцца на фрэзерным станку, які таксама зроблены членамі аматарскага калектыву «Вінт». Ёсць свой 3D-прынтар, які друкуе філаментам з... пластыкавых бутэлек. Дарэчы станок для вырабу філамента таксама ўдасканалены гуртоўцамі. Члены народнага аматарскага аб'яднання часцей аддаюць перавагу самалётам Вялікай Айчыннай вайны.

Звяртае на сябе ўвагу ярка-чырвоная мадэль. Аказваецца, яна з'явілася невыпадкова і сімвалізуе гераізм ваеннага лётчыка-віртуоза Аляксея Алёхіна. У 1944 годзе ён лятаў на манаплане-знішчальніку Ла-7, яго механік за ноч пафарбаваў у ярка-чырвоны колер. Пасля чаго савецкага аса нямецкія лётчыкі ахрысцілі «чырвоным баронам».

— Мы не толькі робім авіямадэлі, але і вывучаем па іх гісторыю бераставіцкага краю. Калісьці на ўзбраенні мясцовай вайсковай часці былі незвычайныя манапланы І-16. Мы стварылі яго зменшаную копію, — дадае Аляксандр Унуковіч.

Брэндавы фестываль — ад трох гадоў і вышэй

Захапленне авіямадэлямі стала сямейным хобі Унуковічаў. Больш за тое, сын абраў сабе прафесію, звязаную з беспілотнай авіяцыяй. На думку Аляксандра, гэта перспектыўны кірунак у эканоміцы краіны. Дачка таксама займаецца ў клубе.

Аляксандр успамінае, як першакласнікам прыйшоў у авіямадэльны гурток. Праўда, узялі не адразу, бо палічылі, што ён яшчэ малы і не асіліць гэтую справу. Тады хлопчык самастойна па кнізе зрабіў свой першы самалёт і з ім прыйшоў у гурток. А вось мара стаць лётчыкам не спраўдзілася. Аляксандр не шкадуе, бо здолеў увасобіць яе ў сваім захапленні і перадаць дзецям. Сярод членаў гуртка нямала навучэнцаў Бераставіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, дзе Унуковіч працуе старшым майстрам.

Мясцовыя жыхары ведаюць яго і як арганізатара аднаго з самых відовішчных фестываляў раёна «Бераставіца збірае сяброў». Сюды кожнае лета прыязджаюць авіямадэлісты з усёй Беларусі, ёсць і замежныя ўдзельнікі. Сёлета фестывалю споўніцца дзесяць гадоў. Брэндавае свята заўважылі і турысты. Яны разбіваюць палатачны лагер і сочаць за ходам спаборніцтваў. Аказваецца, аматараў гэтай справы ў Беларусі нямала. Прычым хобі для многіх застаецца на ўсё жыццё.

— На наш фестываль радыёкіраваных мадэляў часта прыязджаюць былыя чэмпіёны Беларусі па планерным спорце, якія займаюцца з 70-х гадоў. А самаму малому ўдзельніку было каля трох гадоў, ён таксама запускаў самалёт, які зрабіў яго бацька. Мадэліст — гэта той, хто кіруе. Неабавязкова ўдзельнік спаборніцтваў павінен быць канструктарам — ён можа і на чужым самалёце лятаць. І гэта не так проста. Бо ёсць розныя тэхнікі: гоначная, пілатажная, фрыстайл. Ёсць мадэлі-копіі, ёсць эксперыментальныя мадэлі — такіх няма ў сапраўднай авіяцыі.

Дарэчы, гурток «Вінт» мае шырокі спектр дзеянняў. Нядаўна тут заняліся беспілотнымі праектамі. Ёсць ідэі і па распрацоўцы новых станкоў для спрашчэння тэхналогіі вырабу. Вядзецца пошук новых матэрыялаў для канструявання радыёкіраваных мадэляў — самалётаў, верталётаў, караблёў і нават робатаў.

Не толькі самалёты

А яшчэ гурткоўцы — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Напрыклад, сёлета дэманстравалі спецыяльны прыбор для аўтаматычнага доступу ў памяшканне. Ён асабліва актуальны падчас пандэміі, бо дазваляе бескантактна кантраляваць тэмпературу цела чалавека, які ўваходзіць у памяшканне. Калі тэмпература ў норме, ён прапануе прадэзынфіцыраваць рукі, аб чым падаецца адпаведны гукавы сігнал. Дзверы адчыняюцца аўтаматычна, не трэба брацца за ручкі. Калі тэмпература не ў норме ці не прадэзынфіцыраваны рукі, не атрымаецца прайсці далей. Пакуль прыбор існуе ў адным экзэмпляры.

Удзельнікі народнага аб'яднання неаднаразова выходзілі пераможцамі абласнога конкурсу «Тэхнаёлка». Сёлета іх экспанаты дэманстраваліся і на заключным рэспубліканскім этапе. А яшчэ работы гурткоўцаў займалі прызавыя месцы на злётах рацыяналізатараў і вынаходнікаў. «Любы прадмет можна дапрацаваць, нешта новае знайсці, каб развівацца. Заняткі ў такіх гуртках садзейнічаюць развіццю дзяцей, яны пачынаюць па-іншаму мысліць. Прыемна, што тэхнічная творчасць адраджаецца», — заўважае суразмоўнік.

Цяпер даволі моднай стала робататэхніка. Прычым усе дэталі можна купіць гатовыя — толькі складай. «Вінт» пайшоў па іншым шляху. Тут не карыстаюцца гатовымі канструктарамі, а робаты распрацоўваюцца і робяцца з нуля: і корпус, і механіка, і алгарытм работы. Так на свет з'явіўся робат-ёлка, што танцуе і спявае.

— У нас ёсць распрацоўка для зваршчыкаў, у ліцэі маецца такая спецыяльнасць. Для таго каб іх лягчэй вучыць, у маску зваршчыка мантуецца відэакамера для дыстанцыйнага кантролю. Ідэя ў тым, каб вачыма майстра паказаць навучэнцам, як правільна варыць шво. Працэс бачны на экране, — распавядае кіраўнік гуртка.

На злёце рацыяналізатараў і вынаходнікаў падчас дэманстрацыі гэтай мадэлі адзін з членаў журы, прадстаўнік буйнога завода, прапанаваў аформіць патэнт на распрацоўку. Магчыма, ідэя бераставіцкіх гурткоўцаў атрымае практычны працяг і шырокае распаўсюджанне.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: «Вінт» у небе і на зямлі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.