Вы тут

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам


У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы, якія былі зацверджаны на Вышэйшым дзяржсавеце мінулай восенню. Але не толькі гэта стала тэмай нашай гутаркі з начальнікам упраўлення Расіі Міністэрства замежных спраў Беларусі Алегам ІВАНОВЫМ.


«Трэба ставіць амбіцыйныя мэты»

— Алег Мікалаевіч, што ўваходзіць у кола кампетэнцый вашага ўпраўлення?

— Мы курыруем усё, што звязвае нашы інтарэсы з Расійскай Федэрацыяй: супрацоўніцтва ў цэлым — як на двухбаковым трэку, так і ў рамках інтэграцыйных структур у шматбаковых фарматах: СНД, ЕАЭС, АДКБ.

Толькі наша ўпраўленне займаецца Саюзнай дзяржавай. Не ўсе ўсведамляюць, што гэта інтэграцыйная структура па сваім бюджэце не саступае бюджэту СНД, мае свой апарат, рэальныя праграмы і праекты ў эканоміцы, якія ствараюць вельмі добрыя прадукты. Адным з недахопаў Саюзнай дзяржавы з'яўляецца слабы піяр сваёй дзейнасці. Таму мы выносім на парадак дня стварэнне інтэграцыйнага медыяхолдынга. Гэта будзе камерцыйны праект. Калі мы яго рэалізуем у найбліжэйшы час, будзе вельмі здорава, бо і Саюзная дзяржава, і ў цэлым нашы ўзаемаадносіны з Расіяй маюць патрэбу ў большым піяры, чым гэта ёсць цяпер.

Французы кажуць: «Les affaіres sont les affaіres» — справа ёсць справа, але на торце павінна быць вішанька. Тое, што мы робім у рамках Саюзнай дзяржавы — вельмі добра, але людзі павінны бачыць, да чаго інтэграцыя вядзе і чым займаюцца нашы структуры.

Цяпер у кола распараджэння ўпраўлення дадаліся 28 інтэграцыйных праграм, падпісаныя мінулай восенню. Гэта галіновыя праграмы, аснова іх выканання ляжыць на тых ведамствах, у кампетэнцыю якіх яны ўваходзяць. Разам з тым, патрэбная не проста каардынацыя, але агульнае бачанне развіцця.

Нядаўна, напрыклад, адбылася вельмі цікавая нарада ў нашым МАРГу па стварэнні наднацыянальнай беларуска-расійскай біржы — прынцыпова новы кірунак, які патрэбны бізнесу. Падчас нарады высветлілася, што нацыянальныя заканадаўствы не дазваляюць нам аб'ядноўвацца так, як таго хацелі б спецыялісты. Наша роля ў гэтай сітуацыі — стварыць міжнародна-прававы «парасон», які дазволіць рухацца наперад. Асабліва гэта важна, калі мы будзем прыцягваць да двухбаковых праграм і праектаў іншыя краіны. Бо Саюзная дзяржава, як і ўсе інтэграцыйныя аб'яднанні на постсавецкай прасторы — СНД, АДКБ, ЕАЭС, адкрытая для далучэння, гэтак планавалася ад самага пачатку. Ніхто ніколі тут не ставіў цвёрдых рамак па абмежаванні членства.

Некаторыя з 28 праграм маюць рамачную форму, якая толькі паказвае кірунак руху. Тая ж біржа будзе развівацца і будзе адкрытая для ўсіх, каму гэта цікава. Разумею, што мы не адразу выйдзем на ўзровень Лонданскай біржы або Нью-Ёркскай, але трэба ставіць перад сабой вельмі амбіцыйныя мэты. Мне вельмі падабаецца выказванне пра тое, што дарогу адужае той, хто ідзе па ёй. Каб нечага дасягнуць, трэба не баяцца рушыць наперад.

— Адміністрацыйна-прававы «парасон» — гэта тыя прыкладна 400 заканадаўчых актаў, якія патрэбныя для рэалізацыі 28 падпісаных мінулай восенню праграм?

— Так. Лічба названая зыходзячы з работы ў ЕАЭС. Іх можа быць 320 або 510, гэта залежыць ад таго, што нам спатрэбіцца мяняць для рэалізацыі дадзеных праграм.

— Здавалася, што ўжо шмат зроблена па набліжэнні заканадаўстваў у рамках ЕАЭС. І зноў перад намі тыя ж задачы...

— Я вам больш скажу: ЕАЭС будаваўся зыходзячы з нормаў, прынцыпаў і правілаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Мы тут не адкрылі Амерыку. І ўсё роўна спатрэбілася шмат часу, каб знайсці кампраміс паміж нацыянальнымі інтарэсамі і гэтымі нормамі, прынцыпамі і правіламі. Тое самае і тут.

Лічыце адменай роўмінгу

— А некаторыя пытанні, як, напрыклад, адмена роўмінгу, увогуле аказалася складана вырашыць...

— Трэба заўважыць, што сёння роўмінгам карыстаюцца не так, як, скажам, пяць гадоў таму, або дзесяць, калі гэта сапраўды было актуальна. Рашэнне аб адмене роўмінгу было прынята ў 2019 годзе, у 2020-м пачалася тэхнічная работа і да канца года былі зніжаны тарыфы на сеткавы трафік у 20 разоў (з 15 да 0,5 цэнта) і ад двух да 20-цікратнай велічыні была зніжана абаненцкая плата для карыстальнікаў роўмінгу. Аператары прапануюць лічыць гэта адменай роўмінгу.

— Напэўна, лагічна, калі нацыянальны бізнес шукае падтрымкі ў сваёй дзяржавы.

— Разам з тым, усе разумеюць, што здаровая канкурэнцыя ідзе на карысць развіццю эканомікі. Так, вытворцы спрабуюць апеляваць да заканатворцаў. Акрамя таго, у нас, у адрозненне ад Расіі, скажам, больш сацыяльна арыентаваная дзяржава. Бізнес нясе значную сацыяльную нагрузку. Знаходзіць разумны баланс паміж нашымі сацыяльнымі абавязацельствамі і міжнароднымі, нават у рамках двухбаковых адносін, дастаткова складана.

Яшчэ адзін адчувальны аспект — удзел у дзяржаўных закупках. У Расіі ёсць магчымасць стымуляваць сваіх вытворцаў. Паступленні ў яе дзяржаўны бюджэт за кошт сыравіннага экспарту дастаткова высокія. І тут мы зноў апынаемся ў няроўных умовах. Расійскія вытворцы, якія атрымліваюць датацыі ў рамках дзяржпраграм, маюць перавагі. Паўстае пытанне: уключацца ў гэтыя праграмы альбо шукаць іншы шлях для ліквідацыі няроўных умоў.

Чамусьці лічыцца, што рыначнасць эканомікі Расіі вышэйшая за беларускую. Але абарона свайго вытворцы там таксама вельмі жорсткая. Напрыклад, 1 студзеня прынята рашэнне аб забароне вывазу лесу з Расіі. Нават у краіны ЕАЭС. Хоць мы дамаўляліся пра адзіную прастору для руху тавараў.

Мы рухаемся ў адным кірунку (сацыяльная арыентаванаcць дзяржавы, свабода прыватнай ініцыятывы, развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва), тым не менш, заканадаўства ў некаторых сферах разыходзіцца дастаткова выразна.

Мы заўсёды ганарыліся тым, што сацыяльнае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі можа з'яўляцца ўзорам інтэграцыйных трэндаў. Першапачаткова стваралі роўныя магчымасці для работы, жыцця, вучобы, сацыяльнай абароны, медыцынскага абслугоўвання і падобнае. Аднак рэгуляванне некаторых сацыяльных аспектаў разышлося настолькі моцна, што патрэбныя ўжо палітычныя рашэнні, каб іх наблізіць. Напрыклад, у Расіі страхавая медыцына, а ў нас захоўваецца дзяржаўная бясплатная.

Разам з тым, летась наш тавараабарот перавысіў паказчык дапандэмійнага 2019 года. Гэта сведчыць пра тое, што нам удаецца здымаць бар'еры, якія ўзнікаюць.

Калі гучаць папрокі ў тым, што ў справе будаўніцтва Саюзнай дзяржавы гадамі размовы пра адно і тое ж, але нічога не робіцца, — гэта няпраўда. Работа ідзе ўвесь час. Але ў некаторых галінах гэта разнахуткаснае развіццё, у некаторых — адрозніваюцца шляхі. На мой погляд, адна з асноўных асаблівасцяў у тым, што мы, беларусы, адразу абазначылі сацыяльную арыентаванасць развіцця і эканомікі і ў цэлым дзяржавы. Пад гэта будавалася заканадаўчая база. І ўсё ж такі, законы глабалізацыі — універсальныя. Яны прымушаюць набліжацца, тым больш нас, тым больш ва ўмовах знешняга ціску.

Урок на будучае

— Аднак беларусам па-ранейшаму свабодна не перасекчы расійскую граніцу на аўтамабілі.

— Мы ўвесь час працуем над пашырэннем спіса катэгорый, для якіх адкрытыя аўтамабільныя зносіны. Цяпер на работу ў Расію могуць прыязджаць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Акрамя таго, паступова аднаўляюцца пасажырскія маршруты, якія былі даўно закрытыя, — нядаўна зноў пачаў ездзіць цягнік паміж Мінскам і Мурманскам. Першымі былі адкрыты авіязносіны.

— Яшчэ адно цяжкае для разумення абывацеля пытанне — непрызнанне ў Расіі беларускіх сертыфікатаў аб прышчэпках ад ковіду.

— Так атрымалася з-за таго, што ў нас уласныя база даных і лічбавыя падыходы да тэмы ковіду. У расіян гэта зроблена на прынцыпова іншых платформах. Цяпер вядуцца перагаворы пра спалучальнасць беларускай і расійскай платформаў, пра тое, каб у Расіі прызнавалі нашы QR-коды аб вакцынацыі, нашы пасведчанні аб прышчэпках. Мяркую, пытанне будзе вырашана. Яно ляжыць не ў палітычнай плоскасці. Гэта ўрок на будучае: як толькі пачалася пандэмія, трэба было дамовіцца аб распрацоўцы адзінай платформы.

Вось чаму мы сёння, пры стварэнні той жа біржы, кажам пра адзіную софт-платформу — праграмнае забеспячэнне павінна быць адным адразу.

Патрэбныя яшчэ сябры

— Вы казалі, што знешні ціск садзейнічае набліжэнню дзвюх краін...

— Так, ва ўмовах санкцыйнага ціску ступень інтэграцыі ўзрастае. Наглядны прыклад — пераарыентацыя патокаў нашых грузаў на расійскія экспартныя тэрміналы. Калі б гэта не было зроблена дастаткова хутка, для нас адмова Літвы была б балючай. Гэта толькі адзін з кірункаў. Беларусь — экспартаарыентаваная краіна, і да нядаўняга часу была прывабным лагістычным хабам, у тым ліку для перавалкі грузаў з Кітая ў Еўропу. Пасля 2020 года ўся гэта лагістыка паўстала пад пытаннем. Таму хуткая дамоўленасць з Расіяй многае значыць.

— Але ці расіяне не былі зацікаўленыя, каб мы выкарыстоўвалі іх марскія парты?

— Адной толькі зацікаўленасці мала. Патрэбныя магчымасці: прапускная здольнасць чыгункі, дастатковая колькасць вагонаў, прымальныя тарыфы. Расіяне гатовыя нам дапамагчы, але для таго каб дапамога была эфектыўнай, патрэбная платформа. Наш уваход у расійскія лагістычныя схемы — добра. Мы прапрацоўваем лагістычныя транспартныя калідоры з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход праз Беларусь, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы.

— Гэта і ёсць тое самае плячо, якое нашай краіне падставіла Расія ў складаны для нас час?

— Так. Калі згадаць выказванне, якое прыпісваюць Аляксандру ІІІ: «У Расіі толькі два саюзнікі — яе армія і флот», то сёння гэта не працуе ні для адной краіны. Нават для такой супердзяржавы як Расія. Патрэбныя яшчэ сябры. Так, мы непараўнальныя па тэрыторыі, па эканамічнай сіле, але як мы можам разлічваць на плячо Расіі, так і яна можа разлічваць на нас у шэрагу выпадкаў. І яна гэта робіць. Тыя ж лагістычныя калідоры — яны задумваюцца і для расійскага экспарту на Захад, і для атрымання грузаў адтуль.

— Відавочна, што Расія даражыць добрымі адносінамі з Беларуссю. Але як у дадзенай сітуацыі не трапіць у залежнасць ад Расіі там, дзе мы таго не жадаем?

— У адносінах з Расіяй у нас няма так званых чырвоных ліній. Але мы праводзілі, праводзім і будзем праводзіць палітыку незалежнай суверэннай дзяржавы, і гэта не зменіцца. Па-першае, гэта закладзена ў нашых асноўных дакументах, такіх як Канстытуцыя. Да таго ж ужо вырасла пакаленне людзей, для якіх вяртанне ў любыя імперскія абдымкі, ці то заходнія, ці то ўсходнія, непрымальныя. Мае дзеці не бачаць сябе ў іншай краіне, акрамя незалежнай Беларусі. Гэта датычыцца ўсёй сучаснай адукаванай моладзі, і змяніць тое ў цяперашніх умовах немагчыма. Які б ні быў знешні ціск.

Калі ў Расіі гучаць заклікі наконт таго, што надышоў час пераходзіць да наступнай стадыі інтэграцыі: адзіная валюта, саюзны парламент, як вянец — адзіная Канстытуцыя, разважны расіянін, пачынаючы ад кіраўніцтва краіны і заканчваючы палітыкамі, разумее, што гэта не проста нерэальна, але такія заклікі не нясуць пазітыву. Расіяне цудоўна разумеюць, што лішні ціск па законах фізікі выклікае лішняе супраціўленне. Вядома, палітычных дыскусій на гэту тэму ніхто не адмяняў. Асабіста я не лічу, што ў спрэчках нараджаецца ісціна, але абмяркоўваць, дыскуціраваць можна і, напэўна, трэба. Тым не менш, размова пра больш глыбокую палітычную інтэграцыю пакуль не ідзе. І пытанне такое расійскім бокам не ставіцца.

І ў 1990-х, і цяпер мы кажам, што працэс набліжэння павінен быць паэтапным. І пачынацца ўсё павінна з эканомікі, з таго, што можна патрымаць у руках. Па меры развіцця эканамічных прадпасылак будуць далейшыя інтэграцыйныя крокі.

Тая ж біржа: спачатку трэба вызначыць, чаго мы хочам. Потым — стварыць адпаведнае заканадаўства, аб'яднаць тэхнічную базу. Пасля мы можам казаць, што кіраўніцтва гэтай біржы будзе выступаць у якасці наднацыянальнага органа. Любыя палітычныя праекты жыццяздольныя тады, калі маюць эканамічны базіс. У савецкай гісторыі шмат таму пацвярджэнняў.

Той жа саюзны парламент, пра які цяпер успомнілі, прадугледжвае адзіныя выбары, гэта значыць, гаворка фактычна пра грамадзян адной краіны. Пра што не проста дачасна казаць, нам да адзінага грамадзянства крочыць яшчэ вельмі доўга.

Непахіснай засталася ўстаноўка на суверэннае развіццё краіны і ў праекце Канстытуцыі, які выносіцца на рэферэндум.

Мы не адмаўляем магчымасць стварэння нейкіх палітычных надбудоў у рамках Саюзнай дзяржавы, але не ставім ніякіх часавых рамак. Сёння ў нас ёсць дакладная работа па 28 праграмах. У грамадства маецца запыт на кааперацыйныя сувязі, партнёрскія адносіны ў бізнесе, саюзніцкія — на знешнім контуры.

«Чым лепш разумеем, хто мы, тым больш выразна — чаго хочам»

— Летась, ва ўмовах сусветных абмежаванняў, выкліканых пандэміяй, нарадзіўся вельмі цікавы вопыт выкарыстання саюзнага патэнцыялу ў сферы спорту. У нас даўно праводзіліся спаборніцтвы на Кубак Садружнасці, летась правялі па барацьбе — узялі ўдзел 16 камандаў! Атрымалася вельмі прадстаўнічае мерапрыемства. Усе засталіся задаволеныя і пажадалі працягнуць і пашырыць спектр. Так наша двухбаковае ядро абрастае вонкавай прывабнасцю. Гэта сведчыць аб тым, што саюзніцкія адносіны — не толькі палітычны праект, але гэта сапраўды цікава.

Беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ахоплівае практычна ўсе сферы жыцця і развіцця грамадства. Мы рыхтуем вельмі добрую касмічную праграму з удзелам беларускага касманаўта. Акрамя таго, абмяркоўваем праграму па стварэнні касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з унікальным распазнаваннем. Гэта працяг справы, распачатай двойчы Героем Савецкага Саюза Пятром Клімуком (я знаёмы з ім асабіста — вельмі харызматычны чалавек!), і разам з тым — выхад на зусім іншы ўзровень кааперацыі, дзе ўсё адразу будуецца на адзіных прынцыпах. Супрацоўніцтва ў такіх сферах паказвае, што мы паўнацэнныя партнёры.

Самае галоўнае — ёсць гатоўнасць вырашаць пытанні. Важнае разуменне абодвух бакоў, што наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам. Гэта і папярэджвае завышаныя чаканні, і не дазваляе гарачым галовам выязджаць на «сустрэчку». Бо калі ты парушаеш правілы дарожнага руху, то ствараеш праблемы не толькі іншым удзельнікам, але і сабе.

— Ці не запаволіць рэалізацыю 28 саюзных праграм унутрыпалітычная перабудова нашай краіны па выніках рэферэндуму?

— Гэта паралельныя працэсы, падобна да таго, як расце дрэва, на якім адначасова распускаецца лісце і спее плод. Гэтыя працэсы нават узаемазвязаныя. Унутранае развіццё нашага грамадства і інтэграцыйнае ўзаемадзеянне з Расіяй — працэсы, якія могуць даваць сінергетычны эфект. Чым лепш разумеем, хто мы і дзе, тым больш выразна разумеем, чаго хочам ад нашых партнёраў. Сінергічнасць тут яшчэ і ў разуменні таго, што лепш рухацца ў адным кірунку. Расіяне, калі ўступаюць у кааперацыйныя сувязі, нешта бяруць ад нас. Мы нездарма ганарымся сваім інтэлектуальным патэнцыялам. Калі прадукт, створаны ў нашай сістэме, выкарыстоўваецца за мяжой — гэта дабаўленая вартасць. І часта прадукт можа выспець толькі ва ўмовах уласнай сістэмы.

— У сферы беларуска-расійскага супрацоўніцтва важнае месца займаюць зносіны паміж рэгіёнамі.

— Рэгіянальнае ўзаемадзеянне — дадатковы элемент, на які ў меншай ступені ўплываюць палітычныя ўзаемаадносіны і нават пандэмійныя абмежаванні.

У 2022 годзе Беларусь ужо наведаў кіраўнік Рэспублікі Тыва. Хутка адбудуцца візіты кіраўнікоў Санкт-Пецярбурга і Чувашыі.

Сёлета ў Гродне мы будзем праводзіць ужо дзявяты Форум рэгіёнаў дзвюх краін. У леташні пандэмійны год у рамках рэгіянальнага форуму было падпісана кантрактаў на 800 мільёнаў долараў. Гэта значыць да тых традыцыйных сувязяў, якія былі заўсёды паміж краінамі, форум дадаў амаль мільярд. Толькі летась 33 беларускія дэлегацыі наведалі расійскія рэгіёны і 34 расійскія дэлегацыі прыязджалі да нас. Сёлетні форум плануецца правесці ў вочным фармаце. Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, упершыню адбудзецца маладзёжны форум. Жыццё пакажа, наколькі ён будзе запатрабаваны, але тое, што ўвесь час з'яўляюцца новыя элементы, якія потым пераймаюць іншыя краіны, пра многае сведчыць. Цяпер рэгулярна праходзяць расійска-казахстанскія форумы, узбекска-таджыкскія...

Форумы ствараюць умовы для жывых зносін, што не заменяць ніякія сучасныя камунікацыйныя тэхналогіі. Калі ты глядзіш чалавеку ў вочы, размаўляеш з ім непасрэдна, верагоднасць дасягнення дамоўленасці большая, чым пры зносінах праз экран манітора. Акрамя таго, форум забяспечвае прававыя ўмовы, што таксама вельмі важна.

На рэгіянальных форумах часам развіваюцца гарызантальныя сувязі і ў іншых сферах, напрыклад, па падрыхтоўцы спецыялістаў. Мы мала ведаем пра ўральскія ВНУ, або расіяне — пра нашу сельгасакадэмію ў Горках. А яны не горшыя за сталічныя і маюць свае перавагі. Яшчэ з савецкіх часоў быў папулярны тэрмін «народная дыпламатыя». Рэгіянальныя сустрэчы паказваюць, што гэта якраз працуе.

— З канца мінулага года стала вядома пра змену расійскага пасла ў нашай краіне. Навіна была хутка падхопленая СМІ...

— У дыпламатыі не заведзена абмяркоўваць новага пасла да ўручэння даверчых грамат кіраўніку дзяржавы.

За апошнія тры гады гэта Барыс Грызлоў — чацвёрты расійскі пасол у нашай краіне. Ён дастаткова добра ведае беларускую праблематыку, бо шмат гадоў быў старшынёй Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. Таму, мяркую, яму не трэба ўваходзіць у курс спраў. Мне здаецца, ніводнаму расіяніну, як і беларусу, не трэба доўга ўваходзіць у курс спраў суседняй краіны.

— Да нядаўняга часу вы працавалі паслом у Таджыкістане, што думаеце пра сітуацыю ў гэтай краіне ў святле нядаўніх падзей у рэгіёне?

— У Таджыкістане вельмі цвёрдая цэнтральная ўлада плюс абсалютны давер да кіраўніцтва краіны. Так, у краіны дастаткова праблем, іх, у тым ліку, дадае паўднёвы сусед, з якім граніца 1400 кіламетраў. Але характэрна, што калі талібы прыйшлі да ўлады ў Афганістане, таджыкі, яшчэ да таго як бежанцы пачалі пераходзіць раку, разгарнулі для іх лагеры, падрыхтавалі коўдры і муку. І гэта не самы багаты народ. Рабілі без запрашэння заходніх карэспандэнтаў і заклікаў да Упраўлення вярхоўнага камісара па справах бежанцаў ААН. Пазней УВКБ падключылася, але грошай абяцаных так і не дало.

Паўднёвы сусед дадае Таджыкістану не столькі самі праблемы, колькі іх чаканне. Але ступень даверу насельніцтва да кіраўніцтва ў краіне вельмі высокая. Да таго ж, не магу сабе ўявіць там тое, што адбылося ў Казахстане, — двухкратнае павышэнне цаны на сацыяльна значны тавар. Не магу ўявіць сітуацыю, калі таджыкі выйдуць на вуліцу і выступяць супраць дзеючай улады. Так, там больш рэлігійных экстрэмістаў, чым у Казахстане, але, разам з тым, сілавыя ведамствы там не дапусцяць, каб іх білі палкамі або выганялі з будынка, і ўсе гэта ведаюць.

Таджыкі перажылі грамадзянскую вайну, таму добра разумеюць, што такое грамадзянскія беспарадкі. Памяць пра трагічныя падзеі — найлепшы стрымальны фактар. Таму там падобных хваляванняў не будзе.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.