Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Дабрабыт магчымы толькі ў такой дзяржаве, дзе пануюць мір і згода


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды. Героі дня, як заўсёды, медыкі, дзеячы навукі і мастацтва, спецыялісты ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці і іншых сферах дзейнасці. Сімвалічна, што ўзнагароды знайшлі сваіх герояў напярэдадні важнай палітычнай падзеі — Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.


«Мы, беларусы, мірныя і працавітыя людзі, глядзім у будучыню з аптымізмам. Бо дакладна ведаем: усё ў нашых руках. Вашы дасягненні — найярчэйшы таму доказ. Практычна за кожным стаіць дружны працоўны калектыў, дзе, я перакананы, падрастаюць новыя прафесіяналы, якіх у будучыні мы абавязкова ўбачым тут. Інакш і быць не можа», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да медыкаў. Ён падкрэсліў, што сёння беларуская ахова здароўя не толькі трымае вірусны ўдар, але і працягвае аказваць планавую дапамогу па ўсіх напрамках. «З такімі дактарамі, якія аддаюць сэрца і душу для выратавання людзей, нам нічога не страшна», — канстатаваў ён.

Прэзідэнт падзякаваў навукоўцам, чые распрацоўкі ў розных сферах дапамагаюць укараняць найноўшыя тэхналогіі і паспяхова канкурыраваць на рынку. Выказаў падзяку выкладчыкам, якія закладаюць фундамент ведаў, на якім вырастаюць высакакласныя спецыялісты.

«Удзячны тым, хто сваім прафесійным шляхам абраў захаванне гістарычнай памяці, развіццё культуры і мастацтва, дапамагае нам не адрывацца ад родных каранёў, уносіць сапраўды бясцэнны ўклад у духоўны код нашага народа», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адрасаваў словы ўдзячнасці і беларускім аграрыям. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што гэта сціплыя і працавітыя людзі, якія сваёй працай кормяць усю краіну. 

«Дзякуй за службу»

«Але ўвесь пералічаны дабрабыт магчымы толькі ў такой дзяржаве, дзе пануюць мір і згода. Яны — як паветра. Калі ёсць — не заўважаеш. Сярод узнагароджаных сёння шырока прадстаўлены людзі ў пагонах, пад абаронай якіх дзяржаўная мяжа, бяспека краіны і жыццё кожнага з нас. Дзякуй за службу, вернасць і рашучасць у супрацьстаянні ўсім вонкавым і ўнутраным пагрозам», — сказаў Аляксандр Лукшэнка.

Сярод узнагароджаных і альпіністы, якія ўзнялі беларускі сцяг і копію Сцяга Перамогі на Эверэст. Прэзідэнт прызнаўся, што шчыра рады асабліва падзякаваць гэтым людзям. «Гэта глыбока сімвалічна: у найцяжэйшых умовах пранесці каля сэрца на найвышэйшую вяршыню планеты самае дарагое і каштоўнае. Эмоцыі, якія беларусы адчувалі, гледзячы на гэтыя палотнішчы, у поўнай меры параўнальныя з пачуццём вялікага гонару за краіну ў момант нашых спартыўных перамог», — падкрэсліў ён. 

Дзяржаўную ўзнагароду Прэзідэнт уручыў і прадстаўніку айчыннай зборнай на алімпіядзе ў Токіа Максіму Недасекаву. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі народ чакае, што і ў Пекіне, на зімовых Алімпійскіх гульнях, якія стартуюць праз тыдзень, беларускі сцяг не раз узнімецца над стадыёнамі Паднябеснай.

«Спадзяюся, што і сённяшняя цырымонія натхніць на новыя здзяйсненні. Ад усяго сэрца віншую вас з заслужанымі ўзнагародамі. Жадаю здароўя, шчасця і новых дасягненняў на карысць Беларусі», — пажадаў Аляксандр Лукашэнка.


Каментарый у тэму

Мы будзем працягваць быць разам і разам развівацца

Сваімі эмоцыямі і ўражаннямі ад атрымання дзяржаўных узнагарод з журналістамі падзяліліся героі дня. 

Ларыса Бібік, намеснік дырэктара па навуковай рабоце дзяржаўнай установы «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць — герой» цяпер мае ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь».

«Прадстаўляючы свае калектывы, мы ўдастоіліся асаблівай увагі. А значыць, мы павінны быць яшчэ больш адказнымі і перад тымі, хто быў да нас і перад тымі, хто будзе пасля нас. Я думаю, што кожны ў сваёй сферы працаваў сумленна, таму быў заўважаны», — падкрэсліла яна. Карыстаючыся выпадкам, Ларыса Рыгораўна запрасіла ўсіх часцей наведваць Брэсцкую крэпасць. У Год гістарычнай памяці гэта асабліва важна.

Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа Максім Недасекаў да медалёў ужо прывык, але ордэн Пашаны атрымлівае ўпершыню. «Для мяне гонар тое, што сам Прэзідэнт узнагароджвае спартсменаў за іх дасягненні. Прачынаючыся гэтай раніцай, я разумеў, што ў мяне ўжо мой першы ордэн», — падзяліўся ён. Максім пажадаў маладым спартсменам поспехаў напачатку кар’еры і прызнаўся, што далей будзе прасцей. Спыняцца на дасягнутым Максім не плануе, наперадзе — зімовы чэмпіянат свету і шлях да самай галоўнай узнагароды — залатога алімпійскага медаля.

У маі 2021 года на самай высокай кропцы планеты — гары Эверэст быў узняты беларускі сцяг і Знамя Перамогі. Гэта стала магчымым, дзякуючы міжнароднай камандзе альпіністаў — Эдуарду Кубатаву (Кіргізія), Вадзіму Фралову (Беларусь) і Георгію Шулепаву (Рэспубліка Комі). На жаль, беларус Вадзім Фралоў захварэў і на вышыні 6400 метраў быў вымушаны пакінуць гару. Але сябры паднялі беларускі сцяг на вяршыню разам са Сцягам Перамогі. За гэта альпіністы ўзнагароджаныя ордэнам Францыска Скарыны. 

«Я зараз адчуваю неверагодныя пачуцці за беларускі народ. Я ўпершыню ў Мінску. Я ўбачыў прыгожы горад, убачыў прыгожую краіну, убачыў сапраўдны Палац Незалежнасці. Я вельмі ўражаны, і я па-добраму зайздрошчу таму, што тут убачыў. Я здзяйсняў узыходжанне не дзеля ўзнагарод, не дзеля ўшанаванняў, а дзеля той місіі, якую мы вызначылі — падняць Сцяг Перамогі. Але калі я ўбачыў, што яна ацэнена высокай дзяржаўнай узнагародай, я быў удзячны беларускаму народу, Прэзідэнту Беларусі за такую ўвагу і за такую неверагодную ацэнку. Я, вядома, не чакаў гэтага, і для мяне гэта было дзіўна», — падзяліўся Эдуард Кубатаў.

Узыходжанне на Эверэст і ўзняцце Сцяга Перамогі ён назваў сігналам свету аб тым, што гісторыя, Вялікая Перамога забыты не будуць. «Гэта сігнал да таго, што мы будзем працягваць быць разам і разам развівацца. Шмат інсінуацый наконт гісторыі, шмат рэчаў рэвізійнага характару. Але мы ведаем сваю гісторыю, мы ведаем, праз што прайшоў наш народ, і мы будзем пра гэта памятаць. Калі мы гаворым аб Вялікай Айчыннай вайне, мы гаворым аб яе ахвярах. Беларусь, мне здаецца, тая краіна ў якой памяць аб вайне будзе заўсёды. Кажуць, што Мінск быў разбураны на 98 працэнтаў і тое, як цяпер ён адноўлены і краіна развіваецца — гэта велізарная каштоўнасць, трэба берагчы гэта і працягваць рухацца наперад», — сказаў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».