Вы тут

Аляксандр Аўчарэнка: Добра расце беларуская проза...


28 студзеня 2022 года, — 100 гадоў з дня нараджэння савецкага, рускага літаратуразнаўца, літаратурнага крытыка, доктара філалагічных навук Аляксандра Іванавіча Аўчарэнкі (1922 — 1988). Імя чалавека, вучонага, публіцыста, аднаго з самых яркіх даследчыкаў савецкай літаратуры трымаюць у памяці і ў Беларусі. У бібліяграфіі прац Аляксандра Аўчарэнкі асаблівае месца займаюць яго артыкулы, манаграфіі, дзе размова ідзе пра здабыткі беларускай савецкай літаратуры. 


Хаця б для «літаратуразнаўчай статыстыкі» — прозвішчы тых беларускіх пісьменнікаў, каго ён, спецыяліст па творчасці Максіма Горкага, Міхаіла Шолахава, Леаніда Лявонава, згадваў у сваіх працах: Іван Мележ, Іван Шамякін, Янка Брыль, Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Піліп Пястрак, Максім Танк, Андрэй Макаёнак, Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Васіль Быкаў, Іван Навуменка, Алесь Адамовіч, Алесь Асіпенка, Мікола Лобан, Іван Чыгрынаў, Лідзія Арабей, Міхась Стральцоў, Анатоль Кудравец, Аляксей Карпюк, Уладзімір Караткевіч, Макар Паслядовіч, Уладзімір Шахавец, Алена Васілевіч, Лідзія Арабей, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Алесь Савіцкі, Вячаслаў Адамчык, Мікола Капыловіч, Валянцін Мыслівец, Алесь Крыга, Іван Сяркоў, Уладзімір Карпаў, Аляксей Кулакоўскі... Тады, напрыканцы 1960-х — у 1970-я гады, ён ведаў і беларускую пісьменніцкую моладзь, яе творы: Янка Сіпакова, Яўгена Радкевіча, Алеся Масарэнку, Міколу Гіля, Алеся Жука, Леаніда Калодзежнага, Віктара Карамазава, Міхася Вышынскага... Пералік падаецца бясконцым. Калі і крытыкаваў каго, то рабіў гэта тонка, разумна, разлічваючы на рост і развіццё, на тое, што пэўныя падказкі дапамогуць пісьменнікам выйсці на новыя мастацкія дарогі. 

Здаецца, ён, маскоўскі літаратуразнаўчы мэтр, ведаў усё, што адбываецца ў беларускай нацыянальнай літаратуры. І зусім не выпадковымі падаюцца дзве кнігі Аляксандра Аўчарэнкі пра беларускую прозу — «Сучасны беларускі раман» (першае выданне — 1971 год; другое — 1978 год). Пачатак у абодвух выданняў аднолькавы: «Добра расце, хутка набірае сілу беларуская проза. Усё павялічваецца сузор’е таленавітых пісьменнікаў, якія ўпэўнена ўваходзяць у літаратуру са сваім бачаннем свету, сваімі тэмамі, сваёй манерай пісьма». Але другое выданне, відавочна, дапрацаванае, істотна, ці не ў паўтара разы, павялічанае. Першае выданне пабачыла свет у Выдавецтве Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта як «дапаможнік па курсу „Літаратуры народаў СССР“ для студэнтаў-завочнікаў філалагічных факультэтаў дзяржаўных універсітэтаў», другое — у маскоўскай «Вышэйшай школе» як дапаможнік «для студэнтаў філалагічных факультэтаў універсітэтаў». Рэцэнзентамі другога выдання выступілі беларускія калегі — кафедра беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і кандыдат філалагічных навук В. Каваленка (Інстытут літаратуры АН БССР). У прадмове да выдання 1978 года вучоны акрэслівае кола аўтараў, якія зацікавілі яго ў звязку з разглядам тэмы сучаснай беларускай прозы, сучаснага беларускага рамана: Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Аляксей Кулакоўскі, Янка Брылоь, Алесь Адамовіч, Уладзімір Карпаў, Тарас Хадкевіч. Асобна вылучаны раздзел пра творчасць маладых беларускіх пісьменнікаў. 

Вельмі шчымліва (і сучасна і для сённяшніх дзён! Для нашага беларускага агульнадзяржаўнага і агульнароднага мышлення) напісаў Аляксандр Аўчарэнка і пра легендарную кнігу А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі»): «На кожнай старонцы — чалавечая кроў, горкія слёзы. І як назваць кнігу пра гэта? Літаратура? Не, гэта нешта другое. Гэта — незагойны боль жыцця і яе вогненны загад людзям у зародку спыняць усё, што яму перашкаджае, загад, выкладзены вогненнымі ж словамі...»

Сорак гадоў Аляксандр Аўчарэнка адпрацаваў у Інстытуце сусветнай літаратуры. Амаль чвэрць стагоддзя — з 1965 па 1988 гады — загадваў сектарам Поўнага Збору твораў Максіма Горкага. У 1964 годзе літаратуразнаўца адзначаны прэміяй В. Бялінскага за кнігу «Публіцыстыка М. Горкага». Класіку рускай літаратуры прысвечаны і іншыя працы А. Аўчарэнкі — «Пра станоўчага героя ў творчасці М. Горкага» (1956), «М. Горкі і літаратурныя шуканні XX стагоддзя» (1971; другое выданне — 1978), «Ад Горкага да Шукшына» (1984)... У 1976 годзе вучоны выступіў рэдактарам грунтоўнага даследвання «Сусветнае значэнне творчасці Міхаіла Шолахава: матэрыялы і даследванні»... За кнігу «Ад Горкага да Шукшына» Аляксандр Іванавіч адзначаны Дзяржаўнай прэміяй РСФСР імя М. Горкага. 

... Праз 14 гадоў пасля смерці літаратуразнаўца (у нечым загадкавай і незразумелай) сям’я Аляксандра Іванавіча выдала яго кнігу «У коле Леаніда Лявонава: З запісак 1968 — 1988-х гадоў». І хаця зараз не так проста знайсці гэтае выданне — выйшла яно накладам 2000 асобнікаў у адным з прыватных маскоўскіх выдавецтваў, раю ўсім, хто лічыць думку важным складнікам нашага існавання ў свеце, пашукаць гэтую кнігу... У прадмове Вольгі Салаўёвай-Аўчарэнкі ёсць такія заўважныя словы, такая вось характарыстыка сабранага пад адной вокладкай: «Перад намі гутаркі двух людзей, якія думалі, , зацікаўленні якіх ахоплівалі ўвесь свет. Адзін з іх — член партыі, а другі — беспартыйны, але няма абмежаванасці ў іх падыходзе да тых ці іншых пытанняў. Яны добра бачаць усё, што адбываецца ў краіне і свеце. Крытэрыем ацэнкі здзяйсненняў для іх становіцца толькі адно — наколькі адпавядае яно інтарэсам народа, Радзімы. Стрыжнем усяго з’яўляецца патрыятычная, а не ідэалагаічная дамінанта. Пастаянны клопат пра лёс Расіі, рускіх. Прадчуванне трагічных катаклізмаў, абрушэнняў пранізвае сабой усе гутаркі двух сыноў свайго часу, верных сыноў Расіі». І яшчэ? «Асоба —мысляр, здрольнгая разабрацца ў абставінах, не паддацца ілжывай прапагандзе, на жаль, не пераважала ў савецкім грамадстве. Пэўна, у гэтым яго галоўная віна перад чалавекам». 

20 верасня 1979 года. Запісаныя Аляксандрам Аўчарэнкам словы Леаніда Лявонава: «... На Захадзе, ва ўсім свеце ўсё яшчэ не разумеюць, за што ўзяўся рускі народ. Не разумеюць, што рэалізуецца велізарнейшая, гіганцкая ідэя, лепей за якую няма. Але вось яна пачынае кампрамеціравацца. Усё болей і болей. Пісьменнік павінен пра гэта сказаць, бо калі пачнецца „гармонія распада“ — гэта будзе канец усяму. „Гармонія распада“ — што гэта такое? Разбурэнне свету па вельмі дакладна акрэсленых матэматычных формулах. Вось гарыць Зямля.. успыхвае і гасне Сонца... закіпае і пераўтвараецца ў пар чалавечы мозг... Гэта — Усяленная. Але распад грамадства, створанага воляй і крывёю многіх людзей, якія не шкадавалі сябе — не меней жахлівы...» Леанід Лявонаў, аўтар «Барсукоў», «Злодзея», «Дарогі на акіян» , «Рускага леса», пісьменнік, якога савецкая ўлада адзначыла шасцю ардэнамі Леніна, аўтар рамана «Піраміда», які пісаўся на працягу болей 40 гадоў і пабачыў свет у год смерці пісьменніка — у 1994 годзе, разважае пра лёс Сусвету, спрабуе ўбачыць Будучыню...

Цікавай падаецца і такая лявонаўская думка: «Сярод нашых маладых пісьменнікаў вельмі шмат таленавітых... Хацелася б, каб у іх ыбло болей павагаі да мыслярства, каб ім удалося знайсці алгебраічную формулу формулу нашай эпохі... сёння хацелася б, каб мне расказалі не толькі пра тое, што здарылася, але і чаму і як здарылася, генезіс мыслярства. Мне важна ведаць не толькі, што здарылася ўз лагшерах, але як магло гэта здарыцца, прычыну трагедыі чалавечых учынкаў. І паказаць гэта не ў плоскасцевым апісанні. Мастацтва магчымае да таго часу, пакуль у ім існуе квадратын корань з плюса ці мінуса адзінкі...

У нас пішуць шмат пра вайну. У вайне адбываюцца падзеі, якія лёгка напісаць. Вайна — арганізаванае бязладдзе... У адлюстраванні вайны галоўнае, што адбываецца ў чалавечым мазгу і сэрцы...»

«Расказваў, — з запіса А. Аўчарэнкі ад 28 кастрычніка 1981 года, — Леаніду Максімавічу пра сваю паездку ў ЗША. Слухаў уважліва, пасля ўспомніў:

Баба Ванга сказала мне: «Ты там нешта напісаў пра канец свету? Выкінь». — «Але ты ж ведаеш, што чакае людзей?» Яна рэзка адвярнулася, сказаўшы, што на палітычныя тэмы не размаўляе. Ізноў паўтарыў: бяздумны аптымізм небяспечны, трэба перасцерагчы народы. Песімізм куды карысней.

Калі я рыхтаваў урывак з рамана для «Москвы», то спадзяваўся, што яго перадрукуюць цэнтральныя газеты... Няўжо людзі не адчуваюць небяспекі? Хаця, мяне гэта ўжо не датычыцца... Паўтараю малітву: «Господи, даждь мне покой...»

Чытаючы такія развагі, яшчэ раз пераконваешся, у чым на самай справе сапраўдная задача мастацкай літаратуры... І дзённікавая кніга Аляксандра Аўчарэнкі «У коле Леаніда Лявонава...» бачыцца ці не галоўнай «манаграфіяй» яго жыцця. 

... 28 студзеня, у Інстытуце сусветнай літаратуры ў Маскве пройдзе Круглы стол, прысвечаны стагоддзю з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Аўчарэнкі. Болей як 10 дакладчыкаў раскажуць пра здзейсненае, спраўджанае вучоным на літаратуразнаўчай ніве. Канешне ж, хтосьці нагадае, што Аляксандр Аўчарэнка быў і добрым сябрам беларускай літаратуры, беларускіх пісьменнікаў. Помняць пра гэта і ў Беларусі. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».