Вы тут

Выступленне Андрэйчанкі на адкрыцці пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў


Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на адкрыцці сёмай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.


Фота: БелТА

Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Пачынае сваю работу сёмая пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Яе цэнтральнай падзеяй стане зварот кіраўніка дзяржавы з Пасланнем да беларускага народа і парламента.

Безумоўна, людзі чакаюць адкрытай і шчырай размовы. Сітуацыя ў свеце трывожная, і многіх непакоіць, ці зможа ўлада захаваць суверэнітэт, забяспечыць бяспеку і дабрабыт сваіх грамадзян.

Такая размова Прэзідэнта з краінай, яго адказы на гэтыя пытанні асабліва важныя напярэдадні канстытуцыйнага рэферэндуму, дзе кожнаму будзе прадастаўлена права вызначыць аблічча будучай Беларусі.

Дзяржава стварыла для гэтага ўсе ўмовы. Падрыхтоўка праекта абноўленай Канстытуцыі вялася максімальна адкрыта.

Па сутнасці, тэкст змяненняў — гэта прапановы саміх грамадзян, выказаныя на дыялогавых пляцоўках, у ходзе Усебеларускага народнага сходу.

Прайшло шырокае грамадскае абмеркаванне праекта, у краіне вядзецца маштабная інфармацыйна-растлумачальная работа.

Прынцыпова важна, што на ўсіх гэтых этапах дэпутацкі корпус быў у гушчы падзей.

У Палаце прадстаўнікоў разгледжана і прааналізавана каля 5000 прапаноў грамадзян. Нашы дэпутаты ўваходзілі ў склад Канстытуцыйнай камісіі. І цяпер парламентарыі актыўна працуюць з насельніцтвам у выбарчых акругах.

Толькі за апошнія два тыдні дэпутатамі праведзена звыш 1400 сустрэч з выбаршчыкамі і працоўнымі калектывамі, прыняты ўдзел у дзейнасці каля 400 дыялогавых пляцовак.

Выкананы сур’ёзны аб’ём работы. І я хацеў бы падзякаваць вам, паважаныя калегі, за прафесійны падыход да справы і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Мы, вядома, сёння на пасяджэнні разгледзім больш падрабязна пытанне аб выніках грамадскага абмеркавання праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі. Разам з тым ужо цяпер можна зрабіць выснову, што за апошнія гады беларускае грамадства пасталела ў палітычным плане.

Нашы сустрэчы праходзілі і ў завадскіх цэхах, і ў студэнцкіх аўдыторыях, і ў грамадскіх прыёмных. І ўсюды мы бачылі шчырую цікавасць да прапанаваных канстытуцыйных навацый.

Людзі навучыліся адрозніваць сапраўдных патрыётаў ад дэмагогаў, зразумелі сапраўдную цану тым пустым абяцанням, якія прывялі б краіну да катастрофы.

Час паказаў і згубнасць палітыкі заходніх краін, якая паставіла пад пагрозу ўсю сістэму рэгіянальнай бяспекі.

Як аказалася, моцная, незалежная і квітнеючая Беларусь нікому не патрэбна акрамя саміх беларусаў. Таму мы можам спадзявацца толькі на сябе і сіла наша — у адзінстве. Гэта думка аб’яднала абсалютную большасць удзельнікаў дыялогу.

Ацэньваючы праведзеныя дыскусіі ў цэлым, трэба сказаць, што людзі станоўча ўспрымаюць праект Канстытуцыі і разумеюць значнасць маючага адбыцца рэферэндуму.

Наша задача — прыкласці максімум намаганняў для таго, каб выбаршчыкі прыйшлі на ўчасткі для галасавання і выказалі сваю пазіцыю.

Разам з тым незалежна ад вынікаў рэферэндуму нам, паважаныя дэпутаты, трэба рыхтавацца да сур’ёзнай работы па ўсіх напрамках нашай дзейнасці. Вырашэнне многіх пытанняў эканомікі і сацыяльнай палітыкі, забеспячэння міру і правапарадку не церпіць адкладу.

У сваім Пасланні кіраўнік дзяржавы паставіць дакладныя задачы перад усімі дзяржаўнымі органамі, і нам неабходна будзе аператыўна ўключыцца ў іх рэалізацыю.-0-

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?