Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


І не меў, і... страціў

Пасля тэрміновай службы я мог (угаворвалі!) застацца на камсамольскай рабоце ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе, аднак мяне, дзе б ні быў, заўсёды цягнула дадому. Тут чакала вучоба, універсітэт, пасля якога планаваў працаваць у школе, вучыць дзяцей.


І вось мае намеры спраўджваюцца: тагачасны загадчык Пастаўскага райана прапаноўвае выкладаць гісторыю і геаграфію ў Васілінскай базавай школе.

Помню, і сама яна, і вёска (працягласць больш за пяць кіламетраў!) мне вельмі спадабаліся. Педкалектыў таксама сустрэў з прыязнасцю. Я палюбіў дзяцей, яны, здаецца, — мяне... Ідылія ды і толькі!

Парушаў яе хіба дэфіцыт, прычым на любыя тавары. У тыя гады, першыя пасля распаду СССР, паліцы крама пуставалі, купіць што-небудзь істотнае можна было толькі па талонах, якія размяркоўваліся ў працоўных калектывах.

Дык вось нашаму не выдзялялася чамусьці нічога.

Каляжанкі-жанчыны нерваваліся, абураліся... А таму дырэктар проста павінен быў (хоць і не любіў) ехаць у райцэнтр, абіваць там парогі — «шукаць справядлівасць»... І нават знайсці яе, бо назад вярнуўся з навіной: школа атрымае талон на залаты пярсцёнак.

У настаўніцкай адразу ж пачаліся дэбаты на тэму «хто яго зможа купіць?» Найбольшыя шансы — па ўсім выглядала — маюць ветэраны: дзве настаўніцы адпрацавалі ў нас па трыццаць з лішкам гадоў!..

Я маўчаў, бо ведаў, што шанцаў не маю, усіх іншых калег дырэктар спыніў кароткім: «Шчасліўчыка вызначыць лёс. Кожны выцягне адну паперку...».

Аднекуль тут жа з'явіўся капялюш.

Помню, што я таксама ўсунуў туды руку, нешта выцягнуў, паклаў у кішэнь і разгарнуў толькі потым, калі разабраўся з усімі справамі. На паперцы (глядзеў туды спехам) было адно слова: з першай літарай «Н». Я зразумеў: «Нічога»...

Такі ж «прысуд», як ні дзіўна, быў і ў іншых паперках, бо як ні пыталі, у каго ж запаветная, ніхто не прызнаўся: шчасліўчыка так і не знайшлі.

...Куды пазней разабраліся, што дырэктар школы — вялікі гумарыст — на ўсіх цыдулках напісаў слова «нічога» і толькі на адной, выйгрышнай, — «нешта». З капелюша гэта слоўка выцягнуў... я, але ж (паўтаруся) прачытаў не адразу, а талон трэ было забраць тэрмінова. Паколькі з нашай школы гэтага не зрабіў ніхто, права на пакупку пярсцёнка перадалі ў мясцовую бальніцу. Некаму пашанцавала, а я...

І не меў, і страціў. Вось як бывае.

Юрый Катовіч,

м. Андроны,

Пастаўскі раён


Яшчэ раз пра жанчын — такіх падобных і розных

У жыцці здараецца: нейкая адна сустрэча-размова, потым другая — і цэлы рой думак, нават высноў. Здаецца, правільных і ў той жа час...

Калі па парадку, то больш чым трыццаць гадоў я жыву ў Гомелі, а ўся мая вялікая радня — на Віцебшчыне. Таму, як толькі з'яўляецца вольны час, адпраўляюся ў «турнэ»: некалькі дзён гасцюю ў самім Віцебску ў старэйшай сястры і пляменнікаў, потым — у Лепелі ў малодшай... Дамоў вяртаюся праз Оршу — так і танней, і зручней...

Ды вось тым разам сяджу на вакзале, чакаю цягніка на Гомель, пазіраю на табло, а заадно бачу, што ў мой бок і досыць рашуча крочыць жанчына-весялушка — у модным кароткім пухавічку, у цёплай шапцы і... туфельках. Прыпыняецца, пытаецца ў мяне, ці далёка да горада Масты? Кажу ёй, што ні разу там не была — не ведаю. Весялушка адразу ж: «І я не была. А цяпер во еду... Хачу з мужчынам пазнаёміцца».

— ?!

І далей, амаль без паўзы, гаворыць, што з першым мужам мала пажыла — развялася, сына гадуе, з другім — таксама не склалася: у яго, маўляў, на рабоце ўзніклі праблемы. «Тапіць» у гарэлцы стаў, а потым — яшчэ і пагульваць. Урэшце сабраў свае рэчы ды з'ехаў — кінуў...

— Дык я вось яму назло па інтэрнэце спісалася з мужчынам, ён запрасіў, каб я прыехала, абяцаў, што будзе сустракаць...

— І вы так лёгка паверылі? — здзівілася я. — А калі возьме і не сустрэне? Калі нейкім бандытам акажацца? Ці п'яніцам-гулякам, як папярэдні?

— Усё можа быць, — задумалася раптам жанчына. — І ў ногі холадна... Значыць, нікуды я не паеду. Пайду білеты здам.

Пасля гэтых слоў яна так хутка сарвалася з месца, што я нават слова не паспела сказаць ды аб нечым падумаць, бо амаль тут жа побач са мной з'явілася элегантная пара з чамаданам на колцах. Падкаціўшы і паставіўшы яго, прыгожы, рана пасівелы мужчына далікатна пацалаваў сваю спадарожніцу (мне здавалася, жонку?) і рушыў на выхад. Жанчына, гледзячы ўслед, ледзьве не плакала. «З чаго б? — мільганула думка. — Пасварыліся ці што? А мо... ніякія яны не сужэнцы? Мо курортны раман?»

Быццам пачуўшы мае пытанні, жанчына стала тлумачыць, што гэта — родны брат яе мужа — можна сказаць, былога, бо той сышоў з сям'і — кінуў яе, «старую» жонку... У яго цяпер іншая — маладая, і яны чакаюць дзіця...

— Як пачула пра гэта, — з плачам гаварыла жанчына, — думала, звар'яцею! Ні есці, ні піць, ні спаць не магла! Вы не ўяўляеце, як гэта крыўдна!.. Да сястры во еду — у Санкт-Пецярбург. А па дарозе да мужавых бацькоў хачу завітаць. Яны пажылыя і вельмі добрыя людзі. Пра сынавы «подзвігі» пакуль не чулі...

Расказваючы аб гэтым, жанчына нервова, па адной камячыла цыгарэты, круціла ў руках запальнічку, выціраючы слёзы, размазвала макіяж, але і без яго заставалася досыць прыгожай.

А таму я зусім не падманвала яе, калі казала, што не трэба адчайвацца, што новая шчаслівая сям'я можа быць не толькі ў яе былога, але і ў яе самой, прыводзіла прыклады (і з жыцця, і з кінафільмаў-раманаў), калі сужэнцы вярталіся...

— Думаеце, мне можна спадзявацца? — павесялела крыху жанчына. — Тады я нічога не скажу ягоным бацькам. Хай думаюць, што ўсё ў нас добра, хай не хвалююцца.

Трохі паспакайнеўшы, жанчына выцягнула люстэрачка, стала выціраць вочы. У гэты час па гучнай сувязі аб'явілі пасадку на цягнік, і непадалёк ад нас зноў застукалі... абцасы.

— Я паеду ў Масты! — мімаходзь і ўжо нам абедзвюм пракрычала весялушка ў туфлях.

...Жанчыны — дзве — такія розныя і такія падобныя! Адна з пакінутых згодная спадзявацца і чакаць свайго былога мужа, другая шукае новага. Абедзве хочуць шчасця.

Альвіна Чайкоўская,

г. Гомель


Вочкі глядзяць, ды трасцы з'ядзяць

У асобныя крамы цяпер — як той у музей — толькі паглядзець. Кошт печаных «арэшкаў» нядаўна ўразіў — 50 рублёў за кілаграм! Як быццам не з цеста яны? Падумаўшы так, успомніла...

Год 1968-ы. Я працую ў сельскай бібліятэцы, абыходжу двары, складаю спісы жыхароў, бо яны ж павінны стаць чытачамі!

Не буду казаць, што гэты занятак віталі ўсе: летам вяскоўцам зусім не да таго — працы хапае, а вось зімою кнігі бралі з ахвотай. Большасць — для таго каб чытаць, хто-ніхто, на жаль, — каб патэльню паставіць. Але ж ім пра гэта і слова не скажы, бо ў адказ пачуеш: «А я не прасіў мне кнігі прыносіць»...

Крыць няма чым, бо яно і сапраўды: сама насіла (такая была «ўстаноўка»), а заадно — нешта новае чула, нешта бачыла...

З марозу, помню, у адну хаціну зайшла і вачам не веру: каля печы, на ўслончыку поўная міска трускалак стаіць. Прычым ягады — адна ў адну: буйныя, прыгожыя, быццам толькі што з градкі...

Не паспела надзівіцца, як гаспадыня ўжо тлумачыць: «Гэта ж Лена мая замуж сабралася. Хоча, каб сталы на вяселлі былі не толькі багатыя, але і прыгожыя. Вось мы і падумалі, што грыбочкамі ды арэшкамі мы нікога не здзівім, а калі клубніц напячы... Фарба з Вялікадня ў нас засталася. І бульбы поўны склеп... Наварылі яе, натаўклі, яек набілі... Света, малодшая дачка, клубніц наляпіла — пафарбавалі... Ніводнай пакуль не з'елі — на вяселле беражом».

...І вось яно пачалося. Гаспадар з гаспадыняй глядзяць, каб хаця ўсё добра было: каб музыкі гралі, каб госці выпівалі ды закусвалі, бо ёсць жа чым — выбар багаты.

Бачаць, да клубніц шмат хто цягнецца (яно і зразумела: ягады, зімой...). А возьме потым на зуб і... назад на талерку, альбо ў кішэнь, калі культурнейшы, калі не — то проста пад стол, бо ласунак той — нібы з каменю!

...Пасля гэтай бяседы ў нашай акрузе, ну вядома ж, безліч іншых было — з рознымі прысмакамі. Трускалак з бульбы не рабіў ніхто.

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».