Вы тут

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?


Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела. Цяпер у вялікіх гіпермаркетах варыянтаў гэтага найпрасцейшага, здавалася б, прадукту мноства, на любы смакт, колер і кашалёк. І не зразумела, купляючы дарагую соль, ты клапоцішся пра сваё здароўе або проста трапляеш у пастку, пастаўленую маркетолагамі. Давайце разбірацца.


Кухары адрозніваюць соль па паходжанні, спосабе здабычы і вытворчасці, памоле, колеры і смаку — так, і па смаку таксама (існуе нават такая прафесія — салявы самелье, эксперт у галіне солі з гастранамічнай спецыялізацыяй). Напрыклад, сёння дыетолагі рэкамендуюць выбіраць соль, у якой менш натрыю (у ідэале — не больш за 50-70 %), а яна — больш «кіслая» ў параўнанні са звыклай для нас. Колькасць натрыю непасрэдна ўплывае на смак солі: чым яго менш, тым больш выразна ў солі адчуваецца кіслінка. Замест натрыю ў солі з паніжаным утрыманнем гэтага рэчыва знаходзіцца хларыд калію. Калі натрый (а дакладней, яго лішак) павышае ціск, то паступленне ў арганізм калію, наадварот, зніжае яго. Так што не любая кухонная соль шкодная для гіпертонікаў. Аргумент на карысць выбару солі з паніжаным утрыманнем натрыю — тое, што згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, даросламу чалавеку на суткі можна ўжываць не больш за чайную лыжку (5 г) солі, і гэта звязана ў першую чаргу менавіта з паступленнем у арганізм натрыю. Але сучасны чалавек звычайна гэтую норму перавышае — прычынай таму і харчовыя звычкі, і «прыхаваная соль» практычна ва ўсіх магазінных прадуктах харчавання, якую мы проста не можам «палічыць». Справа ў тым, што соль робіць больш яскравым і выразным любы смак, так што яе часам дадаюць нават у салодкія прысмакі.

На ўпакоўцы солі з паніжаным утрыманнем натрыю нярэдка пішуць «Дыетычная», яна часцяком змяшчае, акрамя калію, яшчэ і магній, які падтрымлівае сэрца. Прадукт не самы танны ў сваёй катэгорыі: ад беларускіх вытворцаў — каля 2.90 за 350 г.

Класіка жанру

І ўсё ж размову пра соль пачаць варта з самай простай і звыклай кухоннай, або харчовай дробнай солі (на ўпакоўцы звычайна пішуць «Экстра»). У яе складзе няма ніякіх карысных рэчываў: мікраэлементы разбураюцца пры прамысловай апрацоўцы. Але і каштуе яна 47-55 капеек за кіло. Дзеля справядлівасці адзначым, што ў буйных крамах (дзе ёсць усё на свеце) такая соль у наяўнасці не заўсёды — не карыстаецца папулярнасцю ў сучаснага пакупніка.

Вырабляюць гэты від солі, награваючы натуральную соль да звыш 600 градусаў па Цэльсію, а таксама адбельваючы яе. Гэта значыць класічная соль, да якой усе мы прывыклі з дзяцінства, — гэта проста чысты хларыд натрыю: для арганізма дадзенае злучэнне не нясе ні шкоды, ні карысці, адзначаюць нутрыцыёлагі.

Небяспека такой солі — у дабаўках супраць злежвання. Часам вытворца нават не пазначае іх на ўпакоўцы, пры гэтым яны здольныя нанесці шкоду здароўю. Самай шкоднай спецыялісты называюць Е536, яна назапашваецца ў арганізме.

Так што лепш замест дробнага «пясочку» выбіраць «савецкую» класіку ў кардонным пачку — тую самую соль буйнога памолу, якой і сёння вопытныя гаспадыні аддаюць перавагу перад любой іншай. І якой прынята саліць сала, рыбу, выкарыстоўваць пры квашанні капусты і ў марынадах. Гэта каменная соль, яна лічыцца больш карыснай, чым дробная кухонная соль. Дарэчы, выкарыстоўваць пры кансервацыі буйную кухонную соль раяць не толькі гаспадыні «са стажам», але і прафесійныя кухары.

— Буйная соль заўсёды прыродная, дробная — рафінаваная, яна вычышчана ад прымесяў, — тлумачыць повар Ірына Агеева. — Буйная соль як прыродны прадукт змяшчае прымесі магнію і калію. Для большасці відаў саленняў цалкам падыдзе і дробная соль. Класічную каменную соль, на мой погляд, важна выкарыстоўваць толькі пры засолцы агуркоў — прымесь магнію дапамагае даўжэй захаваць прыгожы зялёны колер канчатковага прадукту. Справа ў тым, што пры выкарыстанні дробнай солі ў працэсе закісання зялёны пігмент вымываецца ў расол, а агуркі становяцца жаўтаватымі.

Затое смак дробнай солі гатунку «Экстра» ў кухараў лічыцца эталонам — ён чысты і салёны. Перасаліць ёю больш складана, чым любой іншай (калі будзеце памятаць, што гарачыя прадукты падаюцца менш салёнымі, чым астылыя, — таму кухары раяць саліць суп або другое, калі страва хоць трохі астыне). Буйная каменная соль можа ўтрымліваць пэўны працэнт прымесяў — надзвычай маленькія каменьчыкі, мікраскапічныя часціцы гліны. Адсюль шараваты колер і часам ледзь улоўны прысмак. Кошт каменнай солі — ад 67 да 84-87 капеек за кіло ў залежнасці ад памолу. Ёдаваная каменная соль абыдзецца ў суму ад 70 да 76 капеек.

Дарэчы, ёдаваная соль (звычайная соль, якую абагацілі ёдам) таксама цалкам падыходзіць для саленняў і кансерваў. Хоць многія гаспадыні лічаць інакш — з савецкіх часоў існуе думка, што загатоўкі з ёдаванай соллю «узрываюцца». Пры ёдаванні солі ў яе ў 1990-х дадавалі ёдыд калію, растлумачыла прадавец-кансультант аднаго з гіпермаркетаў «Гіпа». І банкі сапраўды «узрываліся», плюс такая соль надавала кансервам выразны прысмак ёду. Сёння соль з ёдыдам калію ўжо не робяць, замест яго ў ёдаваную соль дадаюць ёдат. Ні на смак, ні на колер, ні на захоўванне загатовак гэтая дабаўка не аказвае ніякага ўплыву. А яшчэ ёдат у параўнанні з ёдыдам калію больш устойлівы ў гарачым асяроддзі — а значыць, карысны ёд не знікае, калі вы пасоліце суп.

Даніна модзе

Марской солі аддае перавагу пакупнік, які імкнецца харчавацца правільна. Здабываюць марскую соль, як вынікае з назвы, з марской вады (а дакладней, з канцэнтраванага расолу). Ваду выпарваюць, а соль застаецца — потым яе дробняць, мелюць альбо прасейваюць, атрымліваючы розны «калібр» крупінак. Таксама соль вырабляюць з дапамогай вымарожвання яе з марской вады.

Марская соль змяшчае каля 97-98 % таго ж хларыду натрыю і 2-3 % карысных злучэнняў — у прыватнасці, ёд, фосфар, магній, цынк, калій жалеза. Ёду ў марской солі не настолькі шмат, як у ёдаванай, затое ёд у ёй натуральнага паходжання, ёдаваная ж соль абагачаецца сінтэтычным ёдам. Зрэшты, абодва гэтыя віды рэкамендуюцца людзям, якія пражываюць у рэгіёнах з ёдадэфіцытнымі глебамі. Смак марской солі не такі салёны, больш мяккі і мае прысмакі ў залежнасці ад месца паходжання. Дробная марская соль украінскай вытворчасці абыдзецца пакупніку прыкладна ў 2.70 за кілаграм, буйная (з Турцыі) каштуе ў сярэднім 4 рублі (ва ўпакоўцы 1500 г). Марская соль вытворчасці «Мозырсоль» прадаецца па цане 1.98 за кілаграм.

Гімалайская ружовая соль на самай справе хутчэй ласасінавага колеру. На ўпакоўцы пішуць, што колер — вынік высокага ўтрымання ў ёй жалеза. Бывае буйнога і дробнага памолу. Соль гэтая досыць дарагая, здабываецца ў перадгор'ях Гімалаяў (у асноўным на тэрыторыі Пакістана). Каштуе «модная соль» дробнага памолу 2.49 (Расія) або 4.49 (Пакістан) за 500 г, буйнога і супербуйнога памолу ў прыгожай шкляной бутэлечцы — 13-17 рублёў з капейкамі за 360 г. Крышталікі афарбаваныя нераўнамерна, у сальніцы такая соль выглядае вельмі маляўніча: сама па сабе — упрыгажэнне стала. Гімалайскай солі прынята прыпісваць карысныя ўласцівасці: зніжаць ціск, нармалізаваць крывятварэнне і сон, пазбаўляць ад мышачных спазмаў і падтрымліваць здаровы рН-баланс у клетках. Яе называюць імунамадулятарам і антыаксідантам. Дыетолагі кажуць, што гімалайская соль сапраўды ўтрымлівае 84 мікраэлементы, карысныя для здароўя. Але гэта магло б аказаць істотны ўплыў на стан арганізма, калі б мы елі соль сталовымі лыжкамі. Паколькі гэта немагчыма, паступленне гэтых рэчываў з соллю аказваецца настолькі мізэрным, што казаць аб станоўчым уплыве на здароўе ўвогуле не варта. Дарэчы, ёду ў гімалайскай солі якраз няма. Між тым, гэта галоўны дэфіцытны мікраэлемент для жыхароў нашай краіны, так што выбіраць звыклую ёдаваную соль не толькі больш танна, але і карысна.

Чорная соль. Ніколі не бачылі? А яна ёсць на прылаўках. Каштуе, праўда, вельмі нятанна. Прадаюць яе ў вялікіх гіпермаркетах, спецыялізаваных крамах усходніх прадуктаў, а таксама ў веганскіх аддзелах. Колер абумоўлены прымессю вулканічнай лавы, а таксама ўтрыманнем актываванага вугалю. Наогул, у яе складзе прысутнічаюць многія натуральныя ўключэнні. Працэс атрымання такой солі складаны — адсюль і кошт. Карысных элементаў у чорнай солі нават больш, чым у ружовай — каля сотні. Але зноў жа, паступаюць у арганізм яны з соллю ў мізэрных колькасцях. Так што здольнасць гэтай солі паляпшаць страваванне і выводзіць з арганізма яды і таксіны вельмі спрэчная. Затое тонкі пікантны прысмак, які яна надае стравам, — яе бясспрэчны плюс. Акрамя таго, яна выглядае вельмі цікава, прыцягвае ўвагу, таму яе любяць выкарыстоўваць у дарагіх рэстаранах у якасці элемента сервіроўкі. Набыць чорную соль можна па цане 25 рублёў 85 капеек за 600 г (вытворчасць — Пакістан).

Не соль, а прыправа

А вось сванская соль — гэта ўжо чыстай вады прыправа. Названая яна ў гонар грузінскага рэгіёна, дзе яе прыдумалі. Без сванскай солі грузінская жанчына не можа абысціся на кухні, расказвала мне некалі гаспадыня сталовай грузінскай нацыянальнай кухні «Генацвале» Ніно Кецбая. У складзе сванскай солі — уласна соль, буйная ці сярэдняга памолу (у працэнтных адносінах яе ў сумесі больш за ўсё, адсюль і назва), пажытнік блакітны, аксаміткі, каляндра, кмен, востры чырвоны перац, насенне кропу і часнок. Бывае так званая летняя і зімовая сванская соль. У нас прадаецца, зразумела, «зімовая» — у яе складзе сушаныя інгрэдыенты, у «летнюю» ж дадаюць свежыя травы і лісце кінзы замест каляндры. Яна ўтрымлівае масу карысных рэчываў і вітамінаў. Выкарыстоўваецца сванская соль для дасольвання ежы замест звычайнай солі. Купіць сванскую соль прасцей за ўсё на Камароўцы або іншых рынках, дзе ёсць аддзелы спецый. Абыдзецца яна ў сярэднім 5 рублёў за 80 г.

Вэнджаная соль — таксама своеасаблівая прыправа, якую выкарыстоўваюць замест звычайнай солі. Вырабляюць яе з марской солі, вэндзяць на драўняных стружках, травах і спецыях. Ніякай асаблівай карысці ад гэтага соль не набывае, але саліць ёю і першыя, і другія стравы, вядома, смачна. Спецыялісты здаровага харчавання рэкамендуюць чытаць інфармацыю на ўпакоўцы: вэнджаная соль павінна быць сапраўды вэнджанай. Ёсць і іншы спосаб атрымання такой солі — з дадаваннем «вадкага дыму». Гэты варыянт лепш не выбіраць. Каштуе марская соль натуральнага вэнджання ў сярэднім каля 48-55 рублёў за 600 г. Трохі таннейшая (25-30 рублёў за 600 г) — соль, запечаная з рознымі прыправамі (з часнаком, базілікам, іншымі прыправамі).

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчодры сезон. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, што пачым сёлета на сезонных сельгаскірмашах

Шчодры сезон. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, што пачым сёлета на сезонных сельгаскірмашах

Цэны на кірмашах сёлета сапраўды значна ніжэйшыя, чым на пастаянных рынках.

Здароўе

І зноў рыбін тлушч. У чым яго карысць, і як выбраць эфектыўныя капсулы?

І зноў рыбін тлушч. У чым яго карысць, і як выбраць эфектыўныя капсулы?

Кожны год навукоўцы знаходзяць новую суперсілу амегі.

Культура

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці  для іншых маладых кінематаграфістаў»

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці для іншых маладых кінематаграфістаў»

З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?