Вы тут

Вучэнне «Саюзная рашучасць — 2022», якое пройдзе з 10 да 20 лютага, мае выключна абарончы характар


Вучэнне «Саюзная рашучасць — 2022», якое пройдзе з 10 да 20 лютага, мае выключна абарончы характар і не складае ніякай пагрозы. Аб гэтым падчас брыфінгу для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і ваенна-дыпламатычнага корпуса заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Віктар ГУЛЕВІЧ. Акрамя таго, прадстаўнік абароннага ведамства прыадкрыў некаторыя аспекты падрыхтоўкі і правядзення праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы, у межах якой запланавана сумеснае беларуска-расійскае вучэнне.


— У апошні час адным з найбольш часта сутракаемых слоў, якія мы чуем з вуснаў шматлікіх палітыкаў, прадстаўнікоў ваенна-палітычных саюзаў, міжнародных арганізацый і дзяржаўных структур, а таксама кіраўнікоў дзяржаў, з'яўляецца слова «заклапочанасць», — адзначыў Віктар Гулевіч. — На жаль, у адносінах да Рэспублікі Беларусь, часта гэтыя выказванні носяць неабгрунтаваны характар і служаць толькі для нагнятання негатыўных працэсаў у міжнародных адносінах. Разам з тым занепакоенасць, якую абазначае наш бок, проста ігнаруецца, а ў некаторых выпадках яшчэ і ўзмацняецца правакацыйнымі дзеяннямі каля нашых граніц і адкрытымі мілітарысцкімі заявамі.

Па словах начальніка Генштаба, падрыхтоўка праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы адбываецца на фоне складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. «Апошнія падзеі ў Казахстане паказалі ўзрослую ролю калектыўных ваенна-палітычных саюзаў у забеспячэнні нацыянальнай бяспекі дзяржаў, — заўважыў ён. — Не з'яўляецца выключэннем і Рэспубліка Беларусь, якая ўваходзіць у Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы». Першы намеснік міністра абароны акцэнтаваў увагу на тым, што аналіз асаблівасцяў развіцця канфліктаў, якія ўзнікаюць, і характару выкарыстаных пры гэтым тэхналогій яшчэ раз пацвердзіў правільнасць прынятага рашэння аб правядзенні пазапланавых мерапрыемстваў па падтрымцы гатоўнасці ваеннага кампанента Саюзнай дзяржавы да аператыўнага рэагавання на магчымае ўзнікненне крызісных сітуацый.

Як вядома, задума сумеснай праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы была зацверджана Прэзідэнтам Беларусі. Галоўным вынікам запланаваных мерапрыемстваў стане ацэнка здольнасці органаў ваеннага кіравання і войскаў (сіл) выканаць задачы па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Праверка будзе ажыццёўлена ў два этапы. На завяршальным адбудзецца сумеснае беларуска-расійскае вучэнне «Саюзная рашучасць — 2022», тэмай якога стане папярэджанне і адбіццё агрэсіі падчас вядзення абарончай аперацыі, а таксама супрацьдзеянне тэрарызму і абарона інтарэсаў Саюзнай дзяржавы. Вучэнне з'яўляецца завяршальным этапам сумеснай праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы і накіравана найперш на павышэнне навучанасці войскаў.

— Пры распрацоўцы задумы праверкі і непасрэдна яе другога этапу выкарыстаны адзін з магчымых варыянтаў развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі, якая прадугледжвае абвастрэнне міжнародных супярэчнасцяў да ўзроўню, здольнага прывесці да развязвання агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы, — удакладніў Віктар Гулевіч. — У тым ліку быў улічаны аналіз развіцця падзей, якія адбываліся вакол нашай краіны ў 2020 годзе. Усе недружалюбныя пасылы і неабгрунтаваная канцэтрацыя войскаў, а таксама развіццё крызіснай сітуацыі ў Рэспубліцы Казахстан у пачатку бягучага года.

Нягледзячы на пазапланавасць праверкі і прыцягненне да яе органаў ваеннага кіравання, злучэнняў і вайсковых часцей, ва Узброеных Сілах у гэты перыяд працягваюць выконвацца мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі ў адпаведнасці з Планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл у бягучым навучальным годзе.

— Вучэнне, якое будзе праводзіцца ў межах праверкі, носіць выключна абарончы характар і не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці, — падкрэсліў начальнік Генштаба. — Яно дазволіць на практыцы ўдасканаліць механізм сумеснага выкарыстання абароннай інфраструктуры і праверыць гатоўнасць і здольнасць прызначаных сіл выканаць задачы па прызначэнні. Пасля заканчэння праверкі вайсковыя часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, што адбывалася пасля ўсіх папярэдніх вучэнняў.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: БелТА

Загаловак у газеце: З улікам ваенна-палітычнай абстаноўкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.