Вы тут

Лукашэнка: Мы заўсёды самі прымалі рашэнні, вызначалі шляхі развіцця


Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту заўсёды прыцягвае да сябе вялікую цікавасць і ў нашай краіне, і за яе межамі: як правіла, падчас яго кіраўнік дзяржавы абазначае арыенціры, па якіх Беларусь жыве ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Але Пасланне, якое прагучала ўчора і якое небеспадстаўна назвалі ў сеціве «магутнай прамовай» і «гістарычным Пасланнем», несумненна, выклікала большы інтарэс, чым звычайна. Яно прагучала перад рэферэндумам па новай рэдакцыі Канстытуцыі, калі неабыякавасць да грамадска-палітычнага жыцця праяўляецца ў беларусаў як ніколі. «Трэба паслухаць, што скажа Бацька», — неаднойчы даводзілася чуць на гэтым тыдні ад знаёмых і незнаёмых людзей.

Пасланне сапраўды атрымалася незвычайным. Акрамя парламентарыяў, на яго запрасілі максімальна прадстаўнічую аўдыторыю. Гэта дэпутаты і кіраўнікі, вучоныя і практыкі, урачы і педагогі, рабочыя і аграрыі, ваенныя, медыйныя людзі, прадстаўнікі творчых прафесій, пенсіянеры і моладзь, людзі з усіх куткоў нашай краіны.Такім чынам, па словах Аляксандра Лукашэнкі, была закладзена новая традыцыя, фармат будучых зваротаў Прэзідэнта (калі будзе падтрымана новая Канстытуцыя) — ужо не да парламента, а да Усебеларускага народнага сходу.

Яшчэ адну асаблівасць Прэзідэнт патлумачыў так: «Я хацеў бы надаць новае гучанне гэтаму Пасланню і падтэкстам назваць яго як тры пытанні да беларускага народа. Мы прывыклі да таго, што беларускі народ, абраўшы свайго Прэзідэнта, мае права спытаць з яго, крытыкаваць, як толькі гэта магчыма, крыўдзіцца на яго, у радасці праводзіць час. Але, напэўна, і беларускі Прэзідэнт мае права ў пэўныя перыяды нашай гісторыі, асабліва вострыя перыяды, задаць тры хвалюючыя пытанні свайму народу. Пытанні, якія хвалююць Прэзідэнта і наша грамадства»...

Чытайце, шукайце адказы на гэтыя пытанні. Гэта патрэбна краіне. Гэта патрэбна кожнаму з нас.


«Мы справіліся дзякуючы адзінству»

«Папярэдні год быў Годам народнага адзінства. Ён паказаў усяму свету з'яднанасць і стойкасць беларусаў. Што мы можам жыць сваім розумам, даражыць нашымі каштоўнасцямі і разам ствараць новыя. Мы вытрымалі шэраг сур'ёзных выпрабаванняў, перш за ўсё звязаных з каранавірусам, санкцыямі, хвалямі міграцыйнага крызісу. Ужо цяпер зразумела: мы справіліся толькі дзякуючы адзінству.

Cённяшнія ўмовы вымушаюць нас быць яшчэ больш сабранымі і мэтанакіраванымі. Літаральна на маршы выбудоўваць доўгатэрміновыя механізмы захавання міру і бяспекі на беларускай зямлі і ў нашым рэгіёне. Фарміраваць новыя кропкі росту ў эканоміцы, а не толькі адаптавацца да змяненняў, якія адбываюцца.

Знаходзячыся ў добрай форме і ўпэўнена гледзячы ў будучыню, мы падышлі да найважнейшага перыяду нашай сучаснай гісторыі — абнаўлення палітычнай сістэмы, новага ўзроўню ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадства. Усвядоміўшы, што адбываецца ў свеце ў 2020-м, 2021 годзе, многія з нашых нават прыхільнікаў страпянуліся і спыніліся. Задаюць пытанне: а навошта? Затым, каб не спыніцца і не ўпасці. Паўтараю: затопчуць. Гуляць трэба на апярэджанне. Працаваць трэба на апярэджанне. І, можа, тое, што сёння здаецца некаму дзіўным, заўтра будзе запозненым».

Няўхільна прытрымліваючыся рашэнняў VІ Усебеларускага народнага сходу, мы ўвесь 2021 год старанна і скрупулёзна рыхтавалі праект новай Канстытуцыі, якая ў поўнай меры адпавядае запатрабаванням грамадства. І сёння на ўсенародны рэферэндум вынесены праект абноўленага Асноўнага Закона. Гэта амаль праз 5 гадоў работы над Асноўным Законам. Ён не ў 2020-м, 2021 годзе да нас прыйшоў. Журналісты сёння малайцы, паказалі вытокі фарміравання новых змяненняў у цяперашнюю Канстытуцыю. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта трэба для таго, каб не спазніцца. Рэалізоўваючы высокі крэдыт даверу, які народ даў Прэзідэнту, разлічваю на актыўную падтрымку грамадзянамі нашай краіны пазіцыі дзяржавы ў такі адказны момант. Гэта датычыцца не толькі галасавання на рэферэндуме, але і тых дынамічных пераўтварэнняў, якія нам разам спатрэбіцца зрабіць. Усё, што будзе пасля прыняцця новай Канстытуцыі, калі яна будзе прынята, — работы будзе яшчэ больш, чым перад рэферэндумам. Творчай работы. Работы найбуйнейшых прававедаў, сацыёлагаў, палітолагаў, журналістаў, усяго народа. Мой заклік — быць гатовымі да напружанай работы, якая дасць магчымасць не толькі захаваць краіну ў жорнах новага перадзелу свету, але і пабудаваць нашу будучыню. І, самае галоўнае, будучыню нашай краіны і нашых дзяцей».

«Беларусь, знаходзячыся на стыку цывілізацый, — у эпіцэнтры»

«Сёння зразумела нават скептыкам: ранейшая сістэма светаўладкавання адыходзіць у мінулае. Фактычна ўжо сышла. Мы з'яўляемся сведкамі перафарматавання сусветнай палітыкі, эканомікі, культуры.

Паўсюдна крытычна павялічваецца ўзровень агрэсіі. Правакацыйная рыторыка стала нормай. Міратворчыя ініцыятывы кладуцца пад сукно. Буйныя ядзерныя дзяржавы спрабуюць выбудаваць новыя дамоўленасці, разумеючы, што трэцюю сусветную планета наўрад ці зможа перажыць.

Але знайсці кампраміс пакуль не атрымліваецца. Грамадскую думку рыхтуюць да непазбежнасці вайны. Людзей прымушаюць жыць з такой думкай. Па сутнасці, вырашаецца лёс чалавецтва: або новыя дамоўленасці, або далейшая эскалацыя і новая сусветная вайна!

Гэта адбываецца таму, што ў свеце не хапае харчавання, ідзе жорсткая барацьба за рэсурсы, рынкі збыту.

У маштабах планеты падарваны давер адно да аднаго. Рэанімаваны даўнія спрэчкі і супярэчнасці. Памежныя інцыдэнты, лакальныя канфлікты, кібератакі, бітвы вакцын — усё гэта рэаліі сённяшняга дня. І Беларусь, знаходзячыся на стыку цывілізацый, — у эпіцэнтры гэтых працэсаў.

На Захадзе ўмацоўваецца ваенная інфраструктура наступальнага характару — ваенныя гэта бачаць. Паблізу граніц Саюзнай дзяржавы размяшчаюцца войскі НАТА, актывізаваны палёты амерыканскіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў — больш за 30 вылетаў у суткі. У сумежных краінах вядуць размову аб размяшчэнні носьбітаў ядзернай зброі».

«Такая эскалацыя ўздоўж нашых граніц недапушчальная»

«Нашы заходнія суседзі, Польшча і Літва, актыўна дзейнічаюць у рэчышчы палітыкі Вашынгтона. Для іх гэта стратэгія выжывання. Альтэрнатыва — назаўжды застацца маркотнай ускраінай Еўропы.

Спрабуючы выгадна прадаць свае палітычныя авантуры, літоўцы ідуць уразнос, прытым на шкоду самім сабе. Ва ўгоду Штатам кінулі пальчатку нават вялікаму Кітаю, увязаліся ў супрацьстаянне з Расіяй. Амерыканцам ужо даводзіцца іх стрымліваць.

Але спробы дагадзіць куратарам — на мяжы знішчэння ўласнай дзяржаўнасці.

У гэтых абставінах мы зыходзім з таго, што з Літвой трэба размаўляць жорстка, але прагматычна, прымушаючы да выканання дагаворных абавязацельстваў, адказваючы на іх дзеянні суразмерна.

Я проста хачу па-чалавечы сказаць нашым сябрам, нашым блізкім, родным літоўцам: не дай бог вы развяжаце вайну разам з іншымі балтыйскімі дзяржавамі, гэта будзе азначаць канец вашай і дзяржаўнасці, і вашага развіцця. Зноў жа, гэта не пагроза. Гэта папярэджанне. І я гэта папярэджанне адрасую не кіраўніцтву балтыйскіх дзяржаў, а народам.

Польшча здаўна спрабуе рэалізаваць амбіцыі лідарства ва Усходняй Еўропе. Але лідарства разумее не як адказнасць і магчымасць быць сувязным звяном у рэгіёне, а як супрацьборства з Расіяй, у тым ліку праз умяшанне ва ўнутраныя справы яе суседзяў. Дзейнічае безапеляцыйна і бесцырымонна.

Фінансавала і забяспечвала рэсурсамі радыкальную апазіцыю, гадамі стварала каардынацыйныя цэнтры нядаўна праваленага мяцяжу. У надзеі на рэванш прытуліла ў сябе збеглых з Беларусі, фарміруе інфраструктуру для іх падтрымкі...

Але найбольшую асцярогу выклікае нават не гэта. Беспрэцэдэнтная мілітарызацыя дзяржавы, якая праводзіцца Варшавай, нарошчванне ваенных рэсурсаў, запланаванае двухразовае павелічэнне колькасці арміі — усё гэта наўрад ці ў мірных мэтах.

Пазіцыя Беларусі адназначная: такая эскалацыя ўздоўж нашых граніц недапушчальная...

Усё большую трывогу выклікае нарастанне напружанасці на паўднёвым напрамку. Украіна становіцца прадметам закуліснага гандлю. Украінцаў штурхаюць у полымя канфлікту, ламаюць іх свядомасць, мэтанакіравана рыхтуюць да агрэсіі. Фарміруюць варожае стаўленне да брацкіх народаў, у тым ліку да беларусаў. Для Захаду важна ўтапіць у крыві расійска-ўкраінскае, наша славянскае брацтва.

Але мы — родныя славянскія народы, выхадцы з адзінай купелі хрышчэння. Нашы карані — з глыбіні стагоддзяў. Гэта трэба зберагчы, чаго б яно ні каштавала. Бо брацтва значна вышэйшае, чым надуманыя крыўды і местачковыя палітычныя амбіцыі. Нашы непарыўныя сувязі — аснова агульнай бяспекі і выжывання. Мы вернем нашу Украіну ў лона нашага славянства. Мы гэта абавязкова зробім».

«Мы хочам мірна жыць і працаваць»

«У нашым грамадстве (не з падачы нашай улады і маёй падачы) бытуе пытанне нумар адзін: дык будзе вайна ці не? Мы сабраліся для таго, каб шчыра абмеркаваць праблемы нашай дзяржавы і сумленна і адкрыта адказаць на ўсе пытанні. Дык будзе вайна ці не? Так, яна будзе. Але толькі ў двух выпадках.

Адзін з іх — калі супраць Беларусі будзе ўчынена прамая агрэсія і развязана гарачая вайна. Мы ўсе як адзін і нават тыя, хто не хоча, станем на абарону нашай зямлі і нашай Айчыны. Стагоддзямі наш народ змагаўся за сваю зямлю, незалежнасць і суверэнітэт. Мы дабіліся гэтай незалежнасці. Сёння момант, калі трэба гэту незалежнасць абараніць.

Другая падстава для вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі — магчымае нападзенне на саюзніка — Расію. Тады Беларусь падключыцца да абароны Расіі ў рамках саюзных дамоўленасцяў.

Хачу адказаць калектыўнаму Захаду, ці будуць войскі на тэрыторыі Беларусі. Для іх гэта пытанне вельмі важнае. Калі на нашу краіну будзе ўчынена агрэсія, тут будуць сотні тысяч расійскіх войскаў, якія з сотнямі тысяч беларусаў будуць адстойваць гэту свяшчэнную зямлю.

Але беларусы не прымаюць войнаў і ніколі не будуць іх ініцыіраваць. Як чалавек, які ведае цану неймаверна цяжкага жыцця (такіх у зале нямала), хачу сказаць: мы катэгарычна не прымаем вайну. Вайна — гэта вельмі дрэнна, гэта страшна. Жыццё сёння зусім іншае, чым у 1941-м. Тады людзі жылі прасцей, не было таго камфорту, у якім сёння жывём мы. І не дай бог вайна, то самае простае, што нам давядзецца зрабіць — павылазіць з гэтага камфорту і жыць у жудасных умовах, пераносіць увесь цяжар ваеннага часу. Хто гэтага хоча? Ніхто! Ніхто ў свеце гэтага не хоча. Але кіраўнікі некаторых краін, забыўшыся пра гэта, ашалелі наогул. Яны ў гэтай вайне думаюць перамагчы. Перамогі ў гэтай вайне не будзе. Прайграем усе. Таму мы не хочам вайны. Мы наваяваліся. Мы хочам мірна жыць і працаваць».

Беларусь ніколі не стварала праблем сваім суседзям і іншым дзяржавам. І ніколі іх ствараць не будзем. Не толькі таму, што мы мірныя людзі, а таму, што нам гэта проста не трэба. Мы не збіраемся перадзяліць свет. Па-першае, нам гэта не трэба. Па-другое, мы на гэта не здольныя, не валодаем такім рэсурсам».

«Хочаш міру — рыхтуйся да вайны»

«Ці павінны мы ва ўсёй гэтай сітуацыі рэагаваць і нарошчваць свае абарончыя магчымасці? Адказ відавочны. Хочаш міру — рыхтуйся да вайны...

Але мы не жадаем вайны. Мір — гэта абсалютная каштоўнасць для беларусаў. І для яго захавання нам усім неабходна прыкласці намаганні.

Па-першае, захаваць адзінства грамадства і дзяржавы. Краіна здольная эфектыўна супрацьстаяць агрэсіі, толькі калі яна маналітная. Як мы ведаем, класічныя войны ўжо не вядуцца. У модзе — гібрыдныя, калі нападу папярэднічаюць распальванне ўнутранага канфлікту, кібератакі, спробы паралізаваць сістэму дзяржаўнага кіравання, дэзарыентаваць грамадства. Менавіта гэтыя стадыі праходзілі перад актамі агрэсіі Югаславія, Ірак, Лівія. Па такім жа сцэнарыі дзейнічаюць і супраць нас. Успомніце, менавіта на піку мяцяжу жніўня 2020 года паўстала пагроза рэальнага ваеннага ўварвання, рэальнай гарачай вайны...

Па-другое, неабходна вывесці на якасна новы ўзровень сістэму забеспячэння нацыянальнай бяспекі, асабліва ў сферы абароны. Павышаць аснашчанасць воінскіх часцей узбраеннем і тэхнікай, навучаць асабовы склад войскаў сучасным метадам і спосабам адбіцця пагроз, развіваць тэрытарыяльную абарону...

ДА ВАС, БЕЛАРУСКІ НАРОД, МАЁ ПЕРШАЕ ПЫТАННЕ. АЛЕ НЕ САМАЕ ГАЛОЎНАЕ. ЦІ ГАТОВЫЯ ВЫ, БЕЛАРУСЫ, ПЛАЦІЦЬ ЗА ЎЛАСНУЮ АБАРОНУ, ЗА ЎЛАСНУЮ ДЗЯРЖАВУ? ПАДУМАЙЦЕ НАД ГЭТЫМ.

Наша армія кампактная, манеўраная, баяздольная. Яе моц будзем умацоўваць. Ракетная вытворчасць, стварэнне беспілотнай авіяцыі, стралковай зброі і боепрыпасаў, сучасных сродкаў сувязі і аўтаматызацыі, ваеннай оптыкі і іншай прадукцыі беларускага ваенпрама ўжо пастаўлены на паток... Калі Беларусь не будзе мець і не будзе ўмець вырабляць элементарнае ўзбраенне і боепрыпасы, спадзеючыся на тое, што яго можна будзе недзе купіць ці нехта яго падорыць, гэта нясе вялікую рызыку. Таму пастаўлена задача: вырабляць усё неабходнае для абароны нашай Айчыны, для Узброеных Сіл і тэрытарыяльнай абароны (гэта вельмі важна: каля 300 тысяч чалавек будзе мабілізавана ў войскі тэрытарыяльнай абароны, іх трэба ўзброіць уласнай зброяй і боепрыпасамі). Больш за тое, мы замахнуліся на самае сучаснае ўзбраенне, у тым ліку ракетнае, у тым ліку з дапамогай нашых саюзнікаў.

Па-трэцяе, трэба больш актыўна развіваць узаемадзеянне з Расіяй і іншымі нашымі саюзнікамі па АДКБ. Прыклад Казахстана паказаў, наколькі аператыўна АДКБ можа рэагаваць на пагрозы бяспецы на еўразійскай прасторы... Сілы калектыўнай бяспекі сталі ключавым фактарам стабілізацыі абстаноўкі. Новая Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы істотна ўзмоцніць гарантыі міру ў нашым рэгіёне....

Трэба заўсёды памятаць, што мы — міратворцы. Не раз удзельнічалі ва ўрэгуляванні канфліктаў на постсавецкай прасторы, прапаноўвалі ўсе наяўныя рэсурсы, каб звесці за сталом перагавораў Арменію і Азербайджан (памятаеце, мінскі фармат), бакі супрацьстаяння ў канфлікце на ўсходзе Украіны, карпатліва выбудоўвалі архітэктуру пояса добрасуседства.

Беларуская ініцыятыва аб запуску новага перагаворнага працэсу «Хельсінкі-2», у прасоўванне якой было ўкладзена шмат намаганняў, ужо падхоплена еўрапейскімі палітыкамі. Аднак яе аўтарства на Захадзе сарамліва замоўчваецца. Гасподзь з вамі. Мы вам аддадзім бясплатна гэтую ініцыятыву. Галоўнае, каб яна была рэалізавана.

Мы былі донарам стабільнасці і міру ў рэгіёне. Але ў 2020-м з нас пачалі ляпіць агрэсара. Нашто? Каму гэта трэба было тады і трэба зараз? Захад зрабіў усё, каб Беларусь перастала быць крыніцай міру ў гэтым рэгіёне. Таму нас не трэба папракаць тым, што адбываецца. Вы гэтага хацелі. Нягледзячы ні на што, мы будзем настойлівымі і паслядоўнымі на шляху да міру. Бо калі разгарыцца канфлікт, ён не зможа застацца лакальным — будзе палаць увесь рэгіён».

«Чарговая праверка на трываласць»

«Характэрнай рысай сучасных гібрыдных атак з'яўляецца правакаванне каскаду штучных крызісаў. Сітуацыя з мігрантамі каля нашай заходняй граніцы — чарговая праверка на трываласць. А яшчэ раней больш дробная правакацыя з самалётам, чым яна скончылася — вы ведаеце. Калі глядзець глабальна, так званае вялікае перасяленне народаў — не што іншае, як эфект бумеранга, справакаваны варварскімі дзеяннямі заходніх палітыкаў на Усходзе. Людзі пабеглі ад войн, голаду і разрухі, пачалі шукаць будучыню для сваіх дзяцей. Успомніце зыход бежанцаў у Еўропу ў 2015 годзе. І зараз яны ідуць праз Турцыю, Грэцыю, Італію, Балканы, тонуць у Міжземным моры і Ла-Маншы. Захад даў мільёнам людзей ілжывую надзею, а ў выніку пабудаваў заслон на шляхі ўз'яднання сем'яў. Колькі за гэтым цынізмам на граніцы паламаных лёсаў і чалавечых жыццяў...

Ніякія загароджы не стрымаюць маштабных плыняў мігрантаў, паколькі праблема застаецца не вырашанай у корані.
І Беларусь — усяго толькі транзітны пункт у гэтых траекторыях.

Міграцыйны крызіс агаліў нежаданне нашых заходніх суседзяў дамаўляцца, слухаць разумныя довады. І ў сваёй жорсткасці яны перасягнулі варварства Сярэднявечча. Іх праславуты прыярытэт правоў чалавека аказаўся ўсяго толькі пыхлівай рыторыкай.

Беларусы, наадварот, прадэманстравалі свету сапраўдныя чалавечыя якасці. Далі часовы прытулак на граніцы, накармілі і не далі змерзнуць. Нашы пагранічнікі праявілі вытрымку і не паддаліся на правакацыі. Мы ўсведамляем спецыфіку гібрыднага ўздзеяння і разумеем, што дадзены інцыдэнт не апошні.

Прыклад Беларусі сведчыць аб неабходнасці выбудоўвання прававой і гуманітарнай асновы для вырашэння такіх крызісаў. Гэта трагедыя народаў Усходу, выпрабаванне для заходняга грамадства і яго каштоўнасцяў, хоць бы дэклараваных, праверка на чалавечнасць».

«Санкцыі — гэта інквізіцыя нашага часу»

«Яшчэ адзін фронт атакі на Беларусь — санкцыі. Не думайце, што гэта выклік толькі для нас. Гэта сусветная тэндэнцыя, трэнд, фактычна тэхналогія глабальнай экспансіі. Санкцыі — традыцыйная практыка сусветнага манапаліста: ЗША і іх саюзніка — Еўрапейскага саюза. Менавіта такім чынам заўсёды спрабавалі вырашаць пытанні з канкурэнтамі. Так яны змагаюцца супраць Кітая, Расіі, Ірана, Венесуэлы, Сірыі, а зараз і Беларусі. Сёння паўсвету ахоплена іх санкцыямі. Атакуючы нас, спрабуюць выціснуць з рынку нашы флагманы прамысловасці.

Санкцыі пачынаюць выкарыстоўваць як элемент гібрыднай вайны. Па сутнасці, выбудоўваюць алгарытм: санкцыі — унутраны мяцеж — ваеннае ўварванне.

Вынайшлі модны тэрмін «разумныя санкцыі». Нібыта яны ўздзейнічаюць выбарча — толькі на ўладу. Насамрэч Захад метадычна і цынічна намацвае болевыя кропкі эканомікі, праводзіць сапраўдныя антыгуманныя эксперыменты. У канчатковым выніку пакутуюць людзі.

Наша ацэнка такіх дзеянняў катэгарычная. Санкцыі — гэта інквізіцыя нашага часу, непрыкрытае парушэнне нормаў міжнароднага права. Адпаведная пазіцыя замацавана ў рашэнні беларускага Канстытуцыйнага Суда, і мы будзем з гэтага зыходзіць. А тыя так званыя суайчыннікі, якія заклікаюць да санкцый, здзяйсняюць злачынства супраць дзяржавы і ўласнага народа. І яны за гэта адкажуць паводле закона, дзе б ні знаходзіліся.

Захад дабіўся зваротнага эфекту — рашуча настроіў супраць сябе нашых грамадзян, нават тых, якія верылі ў яго. Маштабныя сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя летась, паказалі, што грамадства не прымае дыктату звонку, рашуча не прымае такія спосабы ўздзеяння. А за ўведзеныя санкцыі супраць Беларусі якраз і выступаюць праславутыя «тры працэнты». Людзі ведаюць, што дзяржава заўсёды іх абароніць. Так і будзе. Зробім усё, каб просты чалавек не адчуў на сабе негатыўных наступстваў знешняга ціску. Гэта найважнейшая задача, якая пастаўлена перад нашым урадам.

Рэакцыя на санкцыі можа быць толькі адна — мабілізацыя, пошук новых магчымасцяў для развіцця. Іншага не дадзена. І мы гэтыя новыя кропкі выявілі. За кароткі перыяд станаўлення мы змаглі пабудаваць экспартна арыентаваную эканоміку. Няўжо нехта думае, што Беларусь не зможа ў яшчэ большым аб'ёме асвоіць азіяцкія, афрыканскія, паўднёваамерыканскія і іншыя рынкі далёкай дугі? Тым больш таго, што мы вырабляем, у тым ліку харчавання, катастрафічна не хапае ў свеце. Дынаміка тавараабароту з Кітаем і іншымі краінамі гэтых рэгіёнаў — на гэта адказ».

«Пандэмія выразна прадэманстравала безальтэрнатыўнасць моцнай дзяржавы»

«Сёння каранавірус стаў з'явай кіраванай, два з лішнім гады таму я вам пра гэта казаў, што такое будзе. У яго з'явіліся свае бенефіцыяры. Мільярдэры ва ўсім свеце значна нарасцілі багацце, прыкметна павялічыўся разрыў паміж вельмі багатымі і астатнім насельніцтвам. Багатыя сталі яшчэ багацейшымі, а бедныя — яшчэ бяднейшымі. Па звестках Давоскага форуму, найбольшы прыбытак атрымалі ўласнікі вытворчасцяў ІT-індустрыі і фармакалогіі. Цяпер гэта звязаныя бізнесы. Іншымі словамі, загналі ўсіх па дамах, далі гаджэты, падмянілі рэальнасць метасусветам і шпігуюць лекамі. Хіба гэтая мафія адмовіцца ад трыльёнаў свайго прыбытку? Таму і далей нагнятае паніку, а вакцыны становяцца элементам вялікай палітыкі.

На Захадзе разгарнуліся сапраўдныя вакцынныя войны. «Спадарожнік V» не прызнаюць, да «Сінафарм» ставяцца насцярожана, адначасова навязваюць уласны прадукт — «Пфайзер». А па факце дзеляць рынкі і сартуюць людзей.

Пандэмія выразна прадэманстравала безальтэрнатыўнасць моцнай дзяржавы ў барацьбе з крызісам і яго наступствамі. Беларусь не паддалася штучна раздзьмутай масавай істэрыі. Не спыніла эканоміку, не закрыла межы, не паспадзявалася выключна на знешнюю дапамогу.

Нашай перавагай стала эфектыўная сістэма аховы здароўя, якую мы бераглі як зрэнку вока. Вось ён, прыклад таго, што мы, атрымаўшы незалежную краіну, пакінулі ўсё найлепшае з таго, што было. Гэта не мы такія героі, стварылі такую сістэму аховы здароўя. Нам хапіла розуму захаваць усё лепшае, што было за савецкім часам. У кожным раёне — тую ж невялікую інфекцыйную бальніцу, якая нас сёння ратуе. Мы захавалі выдатную адукацыю ў ахове здароўя. Да нас едуць вучыцца быць урачамі і плацяць за гэта дзясяткі мільёнаў долараў. У нас добрая адукацыя і — як вынік — добрыя ўрачы.

У перыяд пандэміі ў краіне закупілі ўсё неабходнае, мабілізавалі прадпрыемствы на вытворчасць кіслароду, калі яго раптам аказалася недастаткова, і пры гэтым не перапынілі планавага лячэння людзей. На пераадоленне пандэміі і яе наступстваў толькі ў сферы аховы здароўя ўжо патрачана больш як $2 млрд. Больш за два, калі ўзяць усе крыніцы.

Наведваючы «чырвоныя зоны», размаўляючы з урачамі і пацыентамі, я неаднаразова пераконваўся ў высокім прафесіяналізме і дакладных дзеяннях медыкаў. Мы падтрымалі нашых медыкаў, у тым ліку матэрыяльна, і будзем падтрымліваць, як бы гэта ні было дорага...

Сітуацыі з татальнымі лакдаўнамі і ковід-абмежаваннямі паказваюць глыбіню расколу паміж заходнімі элітамі і народам. Мы ж навучыліся жыць з пандэміяй без надзвычайных крокаў. З першых дзён мы змаглі адаптавацца да новых умоў і
ў максімальна сціснутыя тэрміны знайсці інавацыйныя рашэнні гэтай праблемы без істэрык і мітусні.

Сёння ўжо Захад і Расія не саромеюцца: слова ў слова паўтараюць тое, што я казаў два гады таму. Што трэба для таго, каб пераадолець COVІD? Першае — не павінна быць панікі, і другое — вакцына. Хто толькі нас за гэта ні крытыкаваў, а сёння ўвесь свет ідзе па беларускім шляху. І яны не могуць нам дараваць тое, што сёння самі змушаныя гэты шлях паўтараць, прызнаючы такім чынам нашу правату. Але які цынізм: укараняючы ў барацьбе з вірусам беларускі досвед, працягваюць нас за гэты адмысловы шлях лячэння душыць. Гэта адна з прычын ціску на нас.

Наша рэагаванне на пандэмію каранавіруса выразна паказвае, што мы можам не толькі з годнасцю выходзіць са складанасцяў, але і задаваць новы тон у пераадоленні глабальных праблем. Гэта пацвярджэнне суверэннай палітыкі Беларусі. Мы заўсёды самі прымалі рашэнні, вызначалі шляхі развіцця. І так будзем рабіць заўсёды, абапіраючыся на нашы перакананні і каштоўнасці».

Крыніца нашых каштоўнасцяў — гістарычная памяць

«Каштоўнасці — гэта код нацыі. Тое, без чаго не будзе нас, беларусаў.

Жыццяздольнасць нацыі напрамую залежыць ад глыбіні і багацця духоўнай спадчыны, якую мы прымножым і перададзім будучым пакаленням. Наш арыенцір — не грамадства спажывання, а грамадства адукаваных і свядомых грамадзян, асэнсавана ўцягнутых у стварэнне роднага дома — Беларусі.

У нашай традыцыі прыярытэт грамадскіх інтарэсаў над асабістымі. Хоць нас доўгі час «апраменьвалі» наймагутнейшым уплывам ідэй індывідуалізму і спажывецтва, гэта робяць і цяпер. У ментальнасці беларусаў — шанаванне старэйшых і павага да дзяржавы. Але нашу моладзь мэтанакіравана падштурхоўваюць да канфлікту пакаленняў, усёдазволенасці і анархіі.

Беларусы разабраліся, што ім трэба. Каштоўнасная ўстойлівасць стала асновай для згоды. Нам трэба будаваць дзяржаву, зыходзячы з нашых ментальных традыцый. Гэта фарватар дзяржаўнага развіцця. Як толькі адхілімся ад яго, прымерым на сябе чужыя лякалы — звалімся ў бездань...

Мы не заўсёды надавалі значэнне сваім каштоўнасцям, а некаторыя нават лічылі іх архаічнымі, ідэалізавалі чужое. Але ў сённяшнім зменлівым і штучным свеце аказалася, што мы са сваім кансерватыўным і традыцыйным мысленнем знаходзімся ў значна больш устойлівай пазіцыі. Галоўнымі слупамі нашага каштоўнаснага падмурка выступаюць імкненне да міру і адзінства, нацыянальна-дзяржаўная ідэнтычнасць, пераемнасць і баланс культур, гарманічнасць этнаканфесійных адносін, шанаванне сям'і як саюза мужчыны і жанчыны.

Крыніца нашых каштоўнасцяў — гістарычная памяць. У найскладанейшых умовах загартаваліся нашы шматвяковыя духоўна-маральныя арыенціры, сфарміраваўся сапраўдны беларускі характар. Сёння мы больш гаворым аб Вялікай Айчыннай вайне, але гэта не азначае забыццё або непрыманне іншых этапаў развіцця нашай дзяржаўнасці. На працягу гэтага года мы павінны да гэтага вярнуцца, каб паказаць усім, а асабліва нашым дзецям і моладзі, — хто мы і адкуль, што мы прайшлі і колькі страцілі чалавечых жыццяў, імкнучыся да нашай незалежнасці.

Менавіта таму бягучы год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці. Ён насычаны знакавымі для Беларусі датамі і юбілеямі, звязанымі з гісторыяй, навукай, культурай. Погляды і версіі, якія насаджаюцца, не павінны закрываць памяць аб мінулым.

Паглядзіце, як скажаецца гісторыя ў найбліжэйшых суседзяў. На вуліцах еўрапейскіх сталіц, вызваленых Чырвонай Арміяй, праходзяць маршы малойчыкаў з фашысцкай свастыкай, нацыстаў ушаноўваюць як герояў, ладзяць паходныя шэсці ў іх гонар, зносяць помнікі савецкім ваярам-вызваліцелям. Ці маглі мы ўявіць такое некалькі дзясяткаў гадоў таму?

Мы працягнем адкрываць старонкі гісторыі Беларусі. Нельга не адзначыць важнасць і актуальнасць ініцыятывы Генеральнай пракуратуры па маштабным расследаванні злачынстваў супраць беларускага народа. Сёння выяўляюцца новыя факты гітлераўскай акупацыі. Гаворка ідзе аб мэтанакіраванай нацысцкай палітыцы генацыду на тэрыторыі Беларускай ССР. Яе крывавы вынік — знішчэнне больш як 3 мільёнаў жыхароў Беларусі.

Вельмі важна, каб сабраны масіў сведчанняў відавочцаў ваенных злачынстваў, вынікаў экспертыз і раскопак не лёг мёртвым грузам на архіўныя паліцы. Нельга дапусціць сцірання злачынстваў фашыстаў і іх памагатых з памяці гісторыі. Гучней за тысячы слоў аб іх злачынствах расказваюць помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Чырвоны Бераг і іншыя гаротныя месцы на нашай зямлі...

Мы будзем дамагацца прызнання і асуджэння генацыду беларускага народа на міжнародным узроўні».

«Расставіць акцэнты ў мінулым для абароны будучыні»

«Надышоў час расставіць акцэнты ў мінулым для абароны будучыні. Мы зрабілі яшчэ адзін крок. Новы статус лёсавызначальнай для нас даты — 17 верасня — стаў актам гістарычнай справядлівасці. Цяпер гэтае свята заслужана стаіць нароўні з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці.

І гэта не проста даніна памяці, памяці ўз'яднання нашага народа пасля дзесяцігоддзяў замежнай акупацыі. Мы ўвекавечылі сімвал, важны для разумення геапалітычных пагроз, якія і праз сотню гадоў не страчваюць сваёй актуальнасці.

Мы павінны памятаць, а нашы дзеці павінны ведаць, калі і як перакройваліся беларускія межы, каб дагадзіць чужым нацыянальным інтарэсам, і як гэта — жыць на роднай зямлі, але ў чужой дзяржаве.

Разважаючы над гэтым, вось пра што хачу сказаць. Стагоддзямі, намаганнямі многіх пакаленняў, цярністым шляхам — часам цаной жыцця беларусы ішлі да набыцця нацыянальнай дзяржавы. Так, нашаму пакаленню не прыйшлося плаціць за суверэнітэт крывёй. Бог нам дапамог. А сёння мы павінны абараніць незалежнасць. Бо другога шанцу стварыць сваю дзяржаву не будзе.

Таму ў Год гістарычнай памяці мы зробім так, каб новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства — яшчэ мацней загучала фактамі, падзеямі, імёнамі.

Гэта будзе наш адказ дамарослым рэваншыстам, якія мараць разбурыць сістэму, што вось ужо 28 гадоў забяспечвае незалежнасць дзяржавы, цэласнасць нашых граніц і нацыянальнае адзінства».

«Нас нястомна спрабавалі хістаць»

«У жніўні 2020-га была зроблена спроба назаўжды перапыніць эвалюцыю беларускай нацыі, перакрэсліць наша развіццё, адкінуць назад. Да ўлады хацелі прыйсці сквапныя, выключна цынічныя, беспрынцыпныя людзі, прасякнутыя пагардай да Беларусі. Каб у канчатковым выніку растварыць яе, паставіць на калені і падпарадкаваць знешняму ўплыву. Менавіта так, як сёння метадычна знішчаюць Украіну.

Некаторыя эксперты, аналізуючы падзеі жніўня 2020-га, дапускаюць, што да іх маглі прывесці ўнутраныя прычыны — незадаволенасць грамадства, сістэмныя памылкі і таму падобнае. Але давайце маштабуем гістарычную карту і ўважліва зірнём на перыяды да і пасля. Што мы ўбачым?

Доўгі час Беларусь будавала ўласную незалежную палітыку, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы. Мы былі адкрытыя ва ўсім.
І запазычалі ў іх усё, што прымальна для нас. Акрамя адзінага пункта — нашых каштоўнасцяў і ідэалаў. Яны былі і застануцца непарушнымі. Навязваць нам чужы шлях катэгарычна недапушчальна!

Свабодная і суверэнная Беларусь не ўпісвалася ў планы многіх геастратэгаў на Захадзе. Таму нас нястомна спрабавалі хістаць праз «каляровыя рэвалюцыі» ў 2006, 2010, 2011 гадах... Усе гэтыя націскі беларускі народ рашуча адбіваў і станавіўся толькі мацнейшым.

Падрыхтоўка мяцяжу 2020 года ажыццяўлялася на парадак больш магутна, з улікам ранейшых няўдач. Мы адназначна расцэньваем падзеі, якія адбыліся, як шматэтапную і скаардынаваную тэхналогію. Рэалізавалася яна адначасова па некалькіх напрамках.

Па-першае, ідэалагічная экспансія. Захад праз розныя адукацыйныя праграмы і семінары спрабаваў навязваць нашым людзям так званыя дэмакратычныя каштоўнасці, абяцаў Беларусі агульнаеўрапейскую ідылію.

Па-другое, фінансаванне. Ужо дакладна вядома: на разбурэнне Беларусі было кінута больш за 6 мільярдаў долараў ЗША. Вельмі хацелася скончыць з намі раз і назаўжды.

Па-трэцяе, інфраструктура. Па ўсёй краіне стваралі сетку спячых ячэек з так званых недзяржаўных арганізацый, асобных СМІ, тэлеграм-каналаў і блогераў. Ва ўмовах «дыктатуры», як нас там любяць называць, падобных антыдзяржаўных структур развялося тысячы. Усе гэтыя нібыта эколагі, праваабаронцы, псеўдажурналісты спрабавалі знішчыць дзяржаву. Пры гэтым нідзе больш не працавалі, жыцця працоўнага чалавека не ведалі. Аднак нядрэнна жылі за кошт заходніх фондаў.

Непасрэдна напярэдадні выбараў перайшлі ўжо да мяккага палітычнага ціску. Успомніце, колькі разнастайных візіцёраў зачасціла да нас перад выбарамі...

Пацярпеўшы няўдачу, Захад перакрэсліў усе дасягнутыя раней дамоўленасці, і падпісаныя пагадненні, і шматлікія абяцанні. У ход пайшлі інфармацыйныя маніпуляцыі, заклікі да гвалту, падрыхтоўка баевікоў і тэрарыстаў, увоз зброі і боепрыпасаў. Ну і, нарэшце, арганізацыя зусім не мірных пратэстаў у жніўні 2020-га, якія ў выніку перараслі ў злачынныя формы самага радыкальнага кшталту...

Але, на шчасце, беларусы, як і ў самыя цяжкія часы гісторыі, праявілі палітычную мудрасць і дальнабачнасць, вызначыўшы свой выбар на стагоддзі».

«Праблемы, з якімі мы сутыкнуліся, маюць ярка выяўленае знешняе паходжанне»

«Мы, вядома, не адмаўляем, у краіне ёсць нейкая доля грамадзян, якія хацелі б іншай формы дзяржаўнага праўлення і ўладкавання, іншай улады. Гэта нармальна: дзяржаўная ўлада не шакалад «Прэзідэнт», каб усім падабацца. Яны, як правіла, заўсёды галасуюць супраць. Ад выбараў да выбараў гэтая частка вар'іруецца ў межах 10 працэнтаў. Немалая меншасць, і яе меркаванне мы таксама будзем улічваць. Улічваць і адэкватна рэагаваць.

Але гэта не датычыцца тых, каму хочацца разгулу бандытызму і анархіі. Давайце на хвіліну ўявім, што магло адбыцца, калі б у выніку так званага пратэснага галасавання да ўлады раптам прыйшлі сёлетнія збеглыя.

У сваёй праграме яны хацелі пад выглядам шырокамаштабнай прыватызацыі і развіцця рынку зямлі правесці рэструктурызацыю, частковую і поўную прыватызацыю вялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў, а, па сутнасці, кантраляваны распродаж сельгасугоддзяў і флагманаў прамысловасці. Усё было падзелена. Каму і на якіх умовах, мы ўжо цудоўна бачым. Тым, хто іх корміць сёння.

Яны прапаноўвалі далучыць Беларусь да будучай сістэмы паставак звадкаванага газу з ЗША ва Усходнюю Еўропу. Да чаго б
гэта прывяло? Паглядзіце на цяперашнія спотавыя кошты на газ. І якая чарга выстраілася сустракаць амерыканскія танкеры. Знайшлося б там месца Беларусі, калі сваім не хапае?

Яны прапаноўвалі «аптымізаваць» колькасць устаноў і супрацоўнікаў у сферы адукацыі і аховы здароўя, скараціць залішнюю колькасць бальнічных ложкаў. У выніку мы б атрымалі параліч усёй сацыяльнай сферы, масавую смяротнасць ад рознага роду хвароб.

Яны цягнулі Беларусь у НАТА, прапаноўвалі поўнасцю перайсці на натаўскія стандарты, накіроўваць беларускіх ваенных у адукацыйныя ўстановы і цэнтры краін Альянсу. Гэта прывяло б да вялізных выдаткаў на ўзбраенне і ў канчатковым рахунку — да ракет пад Смаленскам. Вы думаеце, Расія спакойна б на гэта глядзела?

Больш за тое, яны хацелі адмовіцца ад рускай мовы, прысягнуць экстрэмісцкім сімвалам, арганізаваць масавы знос помнікаў. Як вынік — распальванне грамадзянскага супрацьстаяння і разгул нацыяналізму. Адзін з пунктаў — царкоўны раскол па ўзоры ўкраінскай аўтакефаліі.

Відавочна, што людзі не змірыліся б з гэтым і мы атрымалі б бесперапынны канфлікт. Такое маладое грамадства, як наша, проста не перажыло б такога разбуральнага ўдару.

Выкладзеныя факты пацвярджаюць: усё, што мы прайшлі і перажылі, — гэта не спантанныя атакі на ўладу або асабіста Прэзідэнта і не іх эмацыянальны парыў.

Гэта — паслядоўная і мэтанакіраваная палітыка супраць беларускай дзяржаўнасці, нашага народа і яго будучыні. Супраць краіны — заснавальніка ААН, рэгіянальнага міратворца, важнага звяна спалучэння Захаду і Усходу. Краіны, якая яшчэ не загаіла раны Вялікай Айчыннай вайны, прыняла на сябе асноўную долю попелу Чарнобыля.

Гэта толькі пацвярджае тое, пра што я неаднаразова казаў раней: праблемы, з якімі мы сутыкнуліся, маюць яскрава выяўленае знешняе паходжанне.

Калі б мы, як некаторыя постсавецкія рэспублікі, паддаліся ліхаманцы змяняльнасці ўлады, дапусцілі шараханні ў палітыцы і ідэалогіі, то некіравальнае пікіраванне было б ужо не спыніць. Нас чакалі б міграцыя, раз'яднанасць народа, дысфункцыя эканомікі, рост злачыннасці, страта сацыяльнай дзяржавы — жылі б па прынцыпе: хто можа, той выжывае. І ўсё гэта незваротна, на стагоддзі, калі не назаўжды!»

«Грамадзяне адчулі сваю адказнасць за будучыню»

«Для захавання краіны, яе незалежнасці і суб'ектнасці, прагрэсіўнага руху наперад дзяржава прапанавала стваральную кансалідацыю ўлады і грамадства.

За мінулы год прынята 22 заканадаўчыя акты, накіраваныя на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі нашай краіны. Мы ўзмацнілі прававыя механізмы абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу.

Выдадзены адпаведны Дэкрэт, нормы якога ўключаны ў праект канстытуцыйных змен. Папярэдзілі нарастанне экстрэмізму, навялі парадак на вуліцах. Скарэкціравалі атрыманне і выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі. Удасканалілі падыходы да дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павысілі адказнасць за паводзіны ў віртуальнай прасторы, прынялі меры па забеспячэнні захаванасці персанальных звестак.

Так, прававое асяроддзе стала больш жорсткім, чым было раней. Але гэтыя новыя правілы знізяць уразлівасць нашага грамадства, створаць платформу для развіцця. Урэшце абароняць людзей ад нестабільнасці.

На аснове рашэнняў шостага Усебеларускага народнага сходу прынята і рэалізоўваецца Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады. За мінулы год выпрацаваны прававыя механізмы, якія даюць магчымасць удасканаліць сістэму адукацыі, падатковае заканадаўства, зямельныя адносіны, жыллёвую сферу, турыстычную галіну, сістэму кіравання дзяржаўнай маёмасцю. Рэалізоўваюцца прагрэсіўныя падыходы да развіцця інавацыйнай сферы, высокатэхналагічнага прадпрымальніцтва ў рэгіёнах. Пашыраны меры падтрымкі шматдзетных і сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян пры будаўніцтве жылля, у сферы пенсіённага забеспячэння.

Людзі ацанілі нашыя дзеянні. Сацыялагічныя апытанні паказваюць высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, адзінства і згуртаванасці. Відавочныя падтрымка сацыяльнай палітыкі, адабрэнне інтэграцыйных працэсаў, нашай пазіцыі па сусветных праблемах.

Многія кардынальна перагледзелі свае погляды, зразумелі, што незалежная Беларусь — найвышэйшае дабро і нам нельга яе страціць. Грамадзяне адчулі сваю адказнасць за будучыню, усвядомілі каштоўнасць міру.

«Мая вам парада: дадому, кайцеся»

«Многія збеглыя расчараваныя тым жыццём, у якім яны апынуліся. Нават на самым версе. Грошай няма, офісы іх дзеянні фінансаваць не жадаюць, патрабуюць радыкальных мер: заб'яце кагосьці ў Беларусі, пакажаце здымак — заплацім. Яны мусілі гэта разумець. Які б ні быў Зянон Пазняк, ён іх пра гэта папярэджваў. Пачынаецца ўсё з малога, а скончыцца гэтым. Рэакцыя на такія злачынствы будзе самай жорсткай.

Што рабіць? Іх сваякі плачуць: тут у іх засталася ўласнасць. Мы блізка падышлі да вырашэння гэтых пытанняў. А што вы думаеце? Тут у мяне кагосьці будуць забіваць, спальваць, а я буду глядзець на гэта скрозь пальцы? Мы ім пакуль накіравалі сігнал, і яны заварушыліся: як быць, што рабіць? Мая вам парада: дадому, кайцеся і станавіцеся на калені! Далей будзе горш. Таму дадому, на каленях, паўзком!

Калі не можаце самі (твар трэба захаваць, яшчэ чагосьці), вопыт ёсць у літоўцаў і палякаў: няхай яны вас на граніцу падкінуць нам, як збеглых, а мы вас забяром.

Дома давядзецца заплаціць штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду. «Хоць бы часткова: за тое, што вы нарабілі, не хопіць ні вашай уласнасці, ні ўсяго таго, што вы заробіце наперад за сваё жыццё. Тыя, хто заслужыў гэта па законе, адсядзяць у месцах не аддаленых. Мы створым грамадскую камісію і будзем арыентавацца на рашэнне гэтай камісіі. Туды ўвойдуць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нашы парламентарыі — дэпутаты і сенатары. І мы гатовыя вырашаць гэтую праблему. Але прымушаць калектыўны Захад бегаць вакол Лукашэнкі і крычаць «Палітвязні, палітвязні! Свабоду палітвязням!» — ну і крычыце! Вы ўжо два гады крычыце, які вынік?»

«Патрэбны ініцыятыва, уменне браць на сябе адказнасць»

«Дзеючы Асноўны Закон, па сутнасці, выканаў сваю гістарычную місію. У свой час мы адвялі народ ад прорвы — першая мая праграма, больш я нічога не абяцаў. Тады, у сярэдзіне 1990-х гадоў, народ трэба было адвесці ад прорвы. Мы не толькі адвялі, але і сфарміравалі сваю ўласную дзяржаву. Беларусь навекі заняла, як сказаў паэт, свой «пачэсны пасад між народамі». Цяпер час ісці далей.

У новых канстытуцыйных рэаліях імкліва змяняцца належыць і нашай дзяржаве, і грамадскім інстытутам. Час, калі крытэрыем поспеху была адсутнасць правалаў і няўдач, прайшоў беззваротна. Сучасная сістэма кіравання павінна стаць манеўранай, наступальнай, праактыўнай — арыентаванай на апярэджанне і эфектыўнае вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць.

Патрэбны ініцыятыва, уменне браць на сябе адказнасць, чуць грамадства. Гэта трэба ўлічваць пры ўдасканаленні сістэмы кадравай палітыкі ў дзяржаве, а тут у нас яшчэ шмат недахопаў. Па-новаму павінны заявіць аб сабе і дэпутаты ўсіх узроўняў, тым больш што іх выбары ўпершыню пройдуць у фармаце адзінага дня галасавання.

Доўгі час мы вывучалі і дэталёва распрацоўвалі пытанне партыйнага будаўніцтва. Мы не станем фарсіраваць гэты працэс, але займацца ім прыйшоў час. Сёння бачныя значныя рэзервы ў здаровых сілах грамадства, якія гатовы генерыраваць і ўвасабляць у жыццё канструктыўныя ідэі. І гэта не толькі найбуйнейшыя грамадскія аб'яднанні: прафсаюзы, «Белая Русь», БРСМ, але і новыя патрыятычныя арганізацыі, канструктыўныя ініцыятывы па ўсёй краіне. Па сутнасці, яны фарміруюць ядро грамадзянскай супольнасці.

У найбліжэйшы час будзе прыняты закон, які вызначыць, што такое грамадзянская супольнасць і што складае яе сутнасць, структуру. Мы дакладна дадзім адказ на гэтае пытанне, каб асновай грамадзянскай супольнасці не сталі спячыя нацмэнаўскія ячэйкі, якія ў 2020 годзе хацелі перавярнуць краіну. Канструктыўныя грамадскія арганізацыі павінны запоўніць пустэчы ў тых сферах, дзе раней гняздзіліся так званыя замежныя агенты».

«Трэба вучыцца жыць паводле закона»

«Некаторыя асцерагаюцца, што ў выніку абнаўлення Канстытуцыі і замацавання статусу УНС узнікне нейкае двоеўладдзе. Я нядаўна сказаў, што надышоў перыяд, калі нам з вамі трэба навучыцца жыць паводле закона. Калі мы будзем свята выконваць Канстытуцыю і законы, якія прымем у развіццё Канстытуцыі, ніколі ніякага двоеўладдзя не будзе. Але ўзаемны кантроль павінен быць (гэта я вам гавару як Прэзідэнт), таму што мы не ведаем (ні я, ні вы), хто будзе наступным прэзідэнтам. Адурманіць народ можна. Цяжка ўжо беларускі народ адурманіць — не дай бог.

Усебеларускі народны сход будзе мець паўнамоцтвы, якія не перасякаюцца з паўнамоцтвамі іншых галін улады. Больш за тое, каб не спарадзіць канфлікт, ва УНС будуць удзельнічаць і дэпутаты, і сенатары, і кіраўнік дзяржавы, і мясцовыя органы ўлады. Мы разам будзем збірацца тут і вызначаць шляхі нашага развіцця. Але калі камусьці захочацца з гэтых шляхоў звярнуць, мы дадзім гэтаму адпор — законна, не на вуліцах. Вось у чым сэнс. УНС — гэта не надуманая форма ўлады, не з космасу ўзятая структура. Гэтае народнае веча ўжо ратавала краіну ў папярэднія гады, навучыла тых, хто хацеў разбурыць дзяржаву, а таму заслужыла канстытуцыйны статус.

Унесеныя ў Канстытуцыю змяненні і дапаўненні адпавядаюць глыбінным запытам грамадства. Гэта таксама пацвярджаюць вынікі сацыялагічных даследаванняў, па якіх аб неабходнасці абнаўлення Асноўнага Закона заяўляе каля 60 працэнтаў грамадзян. Яны лічаць найбольш важным захаванне асноўных сацыяльных гарантый (ахова здароўя, падтрымка пажылых, працоўныя месцы, адукацыя і гэтак далей), гарантаванне бяспекі, пашырэнне рэальных правоў і свабод грамадзян.

Несумненна, у Канстытуцыі павінен быць замацаваны прыярытэт такіх базавых запатрабаванняў і абавязкова будзе замацаваны. Калі мы ад гэтага адмовімся, то перакрэслім усю гісторыю апошняй чвэрці стагоддзя, калі мы стваралі суверэнную, незалежную дзяржаву. Гэта наш здабытак, наша перавага. Адмовіцца ад яго мы не можам. І не адмовімся.

Дынаміка грамадскіх адносін задае новыя стандарты жыцця. Нараўне з базавымі патрэбамі існуюць каштоўнасці найвышэйшага парадку: самарэалізацыя, самапавага, свае месца і голас у свеце. Усё гэта максімальна ўлічана ў праекце, які выносіцца на рэферэндум».

«Місія маладых — надаць краіне імпульс»

«Асаблівыя чаканні мы звязваем з моладдзю. Важна, каб яна рухала краіну наперад, але пры гэтым абапіралася на вопыт старэйшых пакаленняў і традыцыі. Наша моладзь падзяляе каштоўнасці старэйшых, але жыве ўжо ў іншай сферы — лічбавай. Імкнецца да прагматычных мэт, хуткага прафесійнага росту, гатова інтэнсіўна працаваць і развівацца.

Што патрэбна сучаснаму маладому чалавеку? Як і ва ўсе часы — упэўненасць у заўтрашнім дні, магчымасць атрымаць адукацыю, працаўладкавацца, стварыць сям'ю. Усе інстытуты дзяржавы павінны працаваць на гэта.

Моладзь — гэта не толькі будучыня, але і наша сучаснасць. Маладыя людзі сёння з'яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі сацыяльнага і палітычнага жыцця краіны. Маладыя людзі павінны разумець, што нішто не ўзнікае з ніадкуль і не даецца проста так. Вынік прыходзіць праз напружаную працу. Лёгкага хлеба не бывае. Чакаем ад моладзі цвёрдасці, дзёрзкасці і самааддачы ў імя агульнага дабрабыту. Мы стварылі дзяржаву, утрымалі яе, прымножылі атрыманую спадчыну. Місія маладых — захаваць яе і надаць краіне імпульс».

«Палітыка краіны пабудавана на простых і зразумелых прынцыпах»

«Беларусь адбылася як сацыяльная дзяржава. У краіне створаны трывалы, бесперабойны механізм дапамогі і клопату аб людзях, узаемападтрымкі, забеспячэнні сацыяльнай справядлівасці. На гэтым выхоўваецца грамадства.

Палітыка краіны пабудавана на простых і зразумелых прынцыпах. Першы прынцып — справядлівасць. Мы адчулі, наколькі ён важны. Яшчэ тры-чатыры гады таму я сказаў, што попыт на справядлівасць з'явіўся і будзе ўзрастаць. Рэалізацыя гэтага прынцыпу дазволіла забяспечыць збалансаванае размеркаванне сацыяльных даброт, роўны доступ, наколькі гэта магчыма, да іх кожнага беларуса. Другі прынцып — адказнасць. Дзяржава паслядоўна выконвае абавязацельствы перад грамадствам, гарантуючы ўсебаковую і маштабную падтрымку на працягу жыцця чалавека. Трэцім прынцыпам з'яўляецца клопат. Выяўляецца ён у шырокай і разгалінаванай сістэме сацыяльнай дапамогі ўразлівым катэгорыям насельніцтва і людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.

У адпаведнасці з прынцыпамі справядлівасці, адказнасці і клопату ў Беларусі рэалізоўваецца шырокі пакет сацыяльных мер і гарантый. Гэта бясплатныя адукацыя і ахова здароўя, пенсіённае забеспячэнне, падтрымка ўразлівых катэгорый насельніцтва, дапамогі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей. Беларусь уваходзіць у 50 найлепшых краін па паказчыках эфектыўнасці нацыянальных сістэм аховы здароўя, апярэджваючы ЗША і Расію. Знаходзіцца ў ліку 25 найлепшых краін у рэйтынгу камфортных умоў для мацярынства.

Праграмай сямейнага капіталу з 2015 года скарысталася больш за 107 тыс. шматдзетных сем'яў, а іх колькасць за апошнія 10 гадоў павялічылася ўдвая. Дзяржава бярэ на сябе значную частку расходаў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: капітальны рамонт жыллёвага фонду, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, бягучы рамонт дарог, паркаў, сквераў. Субсідзіруюцца выдаткі на праезд у грамадскім транспарце. Напрыклад, па Мінску — у памеры больш за 50 % ад яго поўнага кошту.

У 2022 годзе сацыяльны блок выдаткаў кансалідаванага бюджэту не толькі захаваны, але і істотна прырос, склаўшы амаль палову (каля 50 %) усіх расходаў. Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава рэальна клапоціцца аб патрэбах грамадзян. Павышэнне іх дабрабыту застаецца ў ліку прыярытэтаў.

Каля 70 працэнтаў усіх расходаў у ахове здароўя застанецца за дзяржавай, а гэта амаль Br9 млрд. Не менш будзе патрачана на адукацыю — таксама каля Br9 млрд. Каб было больш зразумела: уклад дзяржавы ў бюджэт сям'і за год навучання аднаго дзіцяці ў гарадской школе — Br2,3 тысячы, а ў сельскай, дзе навучэнцаў менш, — Br5,2 тысячы.

Расходы на заработную плату бюджэтнікаў павялічацца амаль на Br2 млрд. Ужо з 1 студзеня павышана базавая стаўка, а дапамога на аздараўленне для работнікаў бюджэтных арганізацый павялічана з паловы да цэлага акладу. Таксама мэтавым чынам прадугледжана Br600 млн на ўстанаўленне новых надбавак. У прыватнасці, настаўнікам — за класнае кіраўніцтва і куратарства. Дадатковыя надбаўкі за работу ў галіне будуць устаноўлены для работнікаў сфер сацабслугоўвання, фізкультуры і спорту, культуры».

Не будуць пакінуты без увагі і тыя, хто ў мінулым заклаў падмурак нашай сучаснасці. Працягнем рэгулярную індэксацыю пенсій і штогадовыя выплаты ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваным да іх».

Краіну не пабудаваць на ўтрыманстве і абыякавасці

Сацыяльная дзяржава, на жаль, мае і адваротны бок: зніжае матывацыю асобных грамадзян да працы і развіцця. Таму часта чуем: калі нешта зроблена дрэнна, вінавата дзяржава, пойдзем да Прэзідэнта. Бо нездарма мы акцэнтавалі ўвагу на праблеме ўтрыманства. Гэтая з'ява для нас катэгарычна непрымальная. Краіну не пабудаваць на ўтрыманстве (прычым любым — сацыяльным, эканамічным) і абыякавасці. Але да кожнай сітуацыі павінны быць свае падыходы і шляхі вырашэння праблем. Нельга сёння раптоўна адмяніць падтрымку, ільготы і гэтак далей. Гэтага не будзе ніколі, пакуль я Прэзідэнт і вы са мной працуеце. Гэта наша дасягненне, і мы павінны гэта захаваць.

Сёння час адаптыўнай сацыяльнай палітыкі. Падтрымліваючы пенсіянераў і развіваючы пенсіённую сістэму, важна не забываць і аб тых, каму трэба ў цяперашнія складаныя часы рухаць краіну наперад, — працоўным авангардзе. Таму патрэбны гнуткасць жыллёвай палітыкі, сістэмы аплаты працы, вызначэнне аптымальных суадносін часу працы і адпачынку.

Асноўны акцэнт сацыяльнай палітыкі будучыні мы бачым у забеспячэнні дэмаграфічнай бяспекі. Патрэбны рашэнні для стварэння маладым мамам больш камфортных умоў, каб сумяшчаць працу і сям'ю, атрыманне адукацыі. Для татаў таксама.

Для павелічэння працягласці жыцця выведзена на новы ўзровень ранняя дыягностыка захворванняў. Вельмі важная праблема, задачы мною пастаўлены і будуць кантралявацца бескампрамісна. Кожнаму беларусу будзе дадзены мінімум адзін вольны ад працы дзень за год для комплекснага амбулаторнага абследавання. Адпаведныя змены ў заканадаўства падрыхтаваны...

У мэтах выяўлення анкалагічных, эндакрынных, сардэчна-сасудзістых і імунных захворванняў будуць укараняцца тэхналогіі штучнага інтэлекту. Дыягнастуем на ранніх стадыях — зможам эфектыўна лячыць. Асабліва анказахворванні».

Клапаціцца аб сваім здароўі павінен кожны

«Асаблівая ўвага — вытворчасць новых айчынных лекавых прэпаратаў. Шмат перспектыўных распрацовак, як мне дакладваюць, пыляцца на паліцах. Сярод іх і такія, што не маюць сусветных аналагаў.

Ад Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук патрабуецца актыўная стратэгія па вывадзе на рынак беларускіх лекаў, вакцын, медыцынскага абсталявання, пастаяннае садзейнічанне распрацоўшчыкам і вытворцам, у тым ліку праз дзяржзаказ. Пазіцыя не павінна зводзіцца да ролі шлагбаума — прапушчу/забараню. Працуйце на апярэджанне.

Калі вучоны, навуковы калектыў стварылі эфектыўныя прэпараты, метады лячэння, то павінны атрымаць гарантаваны працэнт ад укаранення і рэалізацыі. Нават калі распрацоўка вялася за кошт дзяржаўнага фінансавання, каб зацікавіць здзяйсняць прарыўныя адкрыцці.

Не магу не сказаць аб неабходнасці грамадзян прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Так, у нас якасная бясплатная медыцына. Яна такой і застанецца. Але нават самая лепшая медыцына не здольная даць гарантыі. Чалавек сам павінен весці здаровы лад жыцця, правільна харчавацца, своечасова звяртацца да ўрачоў, займацца фізічнай культурай і спортам, нагружацца.

Мяне здзівіла, калі на апошнім пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі па выніках абмеркавання праекта Асноўнага Закона прагучала прапанова выдаліць артыкул аб клопаце чалавека аб уласным здароўі. Як гэта — выдаліць? Як можна пазбавіць чалавека законна клапаціцца аб сваім здароўі? Кажуць, хвалююцца, што медыцына будзе платная. Яшчэ раз паўтараю: наша медыцына, якая ёсць, яе бясплатны характар выдатна прадэманстраваў сваю сілу. Не было б гэтага, з ковідам бы змагаліся як на Захадзе: пакуль грошы не заплаціш, ніхто лячыць не будзе. Я гэта цудоўна разумею, таму мы ніколі не пойдзем на тое, каб знішчыць бясплатную ахову здароўя. Мы будзем яе ўдасканальваць і развіваць.

Але пры гэтым кожны чалавек павінен клапаціцца аб сваім здароўі, інакш без гэтага пандэмія не завершыцца».

Спорт хай застаецца спортам

«Даводзіцца канстатаваць, што спорт высокіх дасягненняў сёння атручаны палітыкай. Байкот будучай Алімпіяды вяртае свет у рэаліі халоднай вайны. Для нас Алімпіяда ў Кітаі, наадварот, — гарантыя таго, што спорт застанецца спортам, а нашы атлеты змогуць змагацца без ціску.

За спартсменаў, якія будуць адстойваць гонар Беларусі, будзе хварэць уся краіна. Выступаючы на спаборніцтвах, кожны з вас павінен разумець, што з вамі — сэрцы ўсіх беларусаў. Сёння як ніколі грамадству патрэбны сапраўдныя героі, патрыёты сваёй роднай зямлі. І вы павінны паказаць вынік, чаго б вам гэта ні каштавала».

Незалежнасць каштуе дорага

«Нашы грамадзяне адзіныя ў імкненні да суверэнітэту і незалежнасці. Але незалежнасць каштуе дорага ў літаральным сэнсе гэтага слова. Гэта абарона і бяспека, уласная фінансавая сістэма, развітыя і эфектыўныя дзяржаўныя інстытуты — усё вельмі дорага. І ў мяне да вас наступнае пытанне,

ПАВАЖАНЫЯ БЕЛАРУСЫ: ВЫ ГАТОВЫ ПЛАЦІЦЬ ЗА ГЭТУЮ ДАРАГУЮ РЭЧ, ІМЯ ЯКОЙ — СУВЕРЭНІТЭТ І НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ?

Незалежнасць — гэта ўмова для захавання нацыі, магчымасць вызначаць сваю будучыню. І мы гэтае права нікому аддаць не павінны», — заявіў ён.

«Перш чым адказваць, падумайце. Я знайду магчымасць арганізаваць такую форму, каб атрымаць ад вас адказ на гэта пытанне».

Без моцнай эканомікі не будзе Беларусі як самастойнай дзяржавы

«У нас створаны ўсе магчымасці для таго, каб зрабіць Беларусь краінай, якая дынамічна развіваецца. Сутнасць нашай эканамічнай мадэлі — эвалюцыйныя пераўтварэнні, захаванне разумнага ўзроўню ўдзелу дзяржавы ў вытворчасці тавараў і паслуг, справядлівае размеркаванне даброт.

На VІ Усебеларускім народным сходзе народ выказаўся за захаванне такога эканамічнага курса. Мы яго прынялі. Гэты курс забяспечваецца агульнымі намаганнямі і ўкладам кожнага ў эканоміку і бюджэт краіны.

Без моцнай эканомікі не будзе Беларусі як самастойнай дзяржавы. Негатыўныя прыклады іншых краін гэта пацвярджаюць.

Не спраўдзіўся ні адзін са змрочных прагнозаў так званых незалежных экспертаў і міжнародных фінансавых інстытутаў. Мы перасягнулі планавыя паказчыкі 2021 года па ВУП. Лакаматывам выступіла прамысловасць, якую мы не спынілі. Як вынік — небывалы за 10 гадоў тэмп росту вытворчасці (107 працэнтаў). Ажыўленне сусветнай эканомікі срадзіла вялікі попыт на беларускія тавары, таму што мы не спыніліся. Айчынныя прадпрыемствы выкарысталі такую знешнюю кан'юнктуру, атрымаўшы нядрэнныя фінансавыя вынікі і практычна поўнасцю разгрузіўшы склады. У цэлым атрымана больш як Br16 млрд толькі чыстага прыбытку.

Аналагічная тэндэнцыя і ў АПК: экспарт галіны дасягнуў максімальнага аб'ёму за апошнія 10 гадоў. Мы атрымалі добры прыбытак і ад сельскай гаспадаркі, і ад лесапрадуктаў. Гэтыя дзве галіны, якія працуюць на мясцовай аднаўляльнай сыравіне, забяспечваюць чвэрць знешнегандлёвых паставак. А колькі папрокаў я выслухаў у сувязі з маштабнымі інвестыцыямі ў сельскую гаспадарку, і асабліва ў дрэваапрацоўку. А іншага шляху не было. Гэта наш рэсурс, і мы яго павінны перапрацоўваць.

Сёння ў эканоміцы вытрымліваюцца ўсе тры ключавыя індыкатары збалансаванага росту. Валютны курс стабільны, рост золатавалютных рэзерваў апярэджвае прагнозы, прафіцыт знешняга гандлю максімальны з 2012 года (плюс $4 млрд). Усё гэта дало магчымасць нават ва ўмовах санкцый скараціць знешні дзярждоўг.

Як заканамерны вынік — захавалі станоўчую дынаміку рэальных даходаў насельніцтва (102 працэнты), рэальнай зарплаты (амаль 105 працэнтаў). Не ўрэзалі ніводнай сацыяльнай праграмы, пабудавалі на 14 працэнтаў больш жылля з дзяржпадтрымкай. Увогуле, уведзены ў эксплуатацыю 45 тыс. новых кватэр.

Такую дынаміку неабходна забяспечыць, нягледзячы на санкцыі.

Мы многае, калі не ўсё, зможам зрабіць самі. Гэта ўмова захавання нашага суверэнітэту. Патрэбна толькі сістэмная і ўпарадкаваная работа па забеспячэнні эканамічнай самадастатковасці краіны. Найпершая задача — як мага хутчэй адысці ад залежнасці і замяніць беларускімі аналагамі ключавыя кампаненты для рэальнага сектара эканомікі. Я гавару аб імпартазамяшчэнні: ад рухавікоў для БелАЗа, рэдуктараў, гідраўлікі да ковіднай вакцыны і айчынных мікрасхем. Усё гэта ў нас ёсць.

Намечаныя планы па імпартазамяшчэнні з'яўляюцца асновай выжывання большасці галін, дадуць магчымасць адысці ад санкцыйнай уразлівасці. Пытанню імпартазамяшчэння будзе ўдзелена Прэзідэнтам першарадная ўвага ў гэтай пяцігодцы.

Але хачу перасцерагчы: знешнегандлёвы цуд не будзе доўжыцца вечна. Заробленыя на добрай кан'юнктуры грошы мы ні ў якім разе не павінны патраціць толькі на спажыванне. Крытычна важна выкарыстоўваць іх на павышэнне канкурэнтаздольнасці там, дзе мы не дасягнулі сучаснага ўзроўню развіцця. Інвестыцыі — адзіная бяспечная крыніца эканамічнага росту. Бягучы стан спраў лічу недапушчальным. У найкарацейшыя тэрміны трэба запусціць новы інвестыцыйны цыкл».

Пераадоленне міжрэгіянальных адрозненняў — прыярытэт дзяржпалітыкі

Сфарміраваны ў рамках праграмы на пяцігодку пералік праектаў павінен быць абавязкова рэалізаваны, асабліва ў рэгіёнах. Менавіта там трэба зрабіць прарыў. Гэтага чакаюць. 30 гадоў асноўныя рэсурсы спажывалі Мінск і буйныя абласныя гарады. Мы сур'ёзна завінаваціліся людзям на месцах. Да канца пяцігодкі стандарт якасці жыцця павінен ісці менавіта адтуль — з раённых цэнтраў, маленькіх пасёлкаў, аграгарадкоў. Пераадоленне міжрэгіянальных адрозненняў застанецца прыярытэтам дзяржпалітыкі. А для гэтага трэба больш актыўна ствараць стымулы, каб людзі імкнуліся жыць на ўсёй тэрыторыі, а не толькі ў Мінску. Трэба рацыянальна размяркоўваць прадукцыйныя сілы па краіне. Задача мясцовым органам улады і ўраду — у кожным раённым цэнтры павінна быць вытворчасць на 100—150 чалавек, арыентаваная не толькі на ўнутранае спажыванне, але і на экспарт, каб утрымаць там людзей.

Ключавое значэнне ў гэтым напрамку будуць мець канцэпцыя рэгіянальнага развіцця і прынятая ў верасні праграма інавацый. Яна прадугледжвае стварэнне на месцах каля 100 новых вытворчасцяў і рост да $18 млрд экспарту самых высокатэхналагічных тавараў.

У якасці прыкладу можна прывесці Петрыкаўскі ГАК. Гэта штуршок да развіцця амаль усяго Палесся. Людзі там знойдуць работу. Нам патрэбны такія прадпрыемствы і ў іншых раённых цэнтрах.

Вывучыўшы ўсе нюансы за перыяд трылогіі «Малая радзіма», у пяцігадовай праграме мы вызначылі, што адпраўным узроўнем рэгіянальнай палітыкі павінны стаць 11 гарадоў па 80 тысяч чалавек і больш. Гэта будучыя лідары росту. За папярэднія два гады ўжо зроблена нямала, але далёка не ўсё. І ад урада з губернатарамі я чакаю планаў далейшых дзеянняў.

Застаецца на маім асабістым кантролі і задача адыходзіць ад празмернага будаўніцтва жылля ў сталіцы. Будзем будаваць жыллё далей для нармальнага размяшчэння прадукцыйных сіл. Бо хутка задыхнёмся ад смецця і гару».

Масты і дарогі

«Неабходна ўлічыць урок з мостам на Нямізе. Тым больш ён не першы. А праверка ж была праведзена ў сакавіку мінулага года. Стан усіх маставых збудаванняў павінен быць на пастаянным кантролі.

Таму асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць рэканструкцыі мастоў. Мы абследавалі масты і ведаем, дзе маставыя пераходы трэба неадкладна мадэрнізаваць. Трэба гэта зрабіць у што б там ні стала.

Мэта — выканаць праграму «Дарогі Беларусі»: адрамантаваць і пабудаваць за пяцігодку не менш як 7 тыс. км мясцовай сеткі і 5 тыс. км рэспубліканскай. Рэспубліканскія і іншыя значныя дарогі больш-менш прыведзены ў парадак, іх стан трэба толькі падтрымліваць. Цяпер усе сілы кінуты на мясцовыя дарогі. Людзі скардзяцца, што мясцовыя дарогі ў дрэнным стане, асабліва ад абласных цэнтраў да раёнаў і ад раёнаў да аграгарадкоў. Гэтую задачу неабходна мэтанакіравана і метадычна вырашаць.

Пакуль тэмпы нядрэнныя. У мінулым годзе выкананы рэканструкцыя і рамонт на 750 км рэспубліканскіх дарог і больш як 1300 км мясцовых. Уведзены ў эксплуатацыю ўчасткі аўтамабільных дарог да горада Смалявічы, частка трасы Мінск — Мікашэвічы. Адрамантавана 46 дарожных збудаванняў на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах. Вядуцца будаўніцтва паўднёва-заходняга абходу Магілёва, рэканструкцыя моста праз Заходнюю Дзвіну на пад'ездзе да Наваполацка і яшчэ 13 буйных маставых збудаванняў.

Неабходна звярнуць увагу і на тое, што паблізу дарог трэба ствараць рабочыя месцы — запраўкі, рэстараны, кафэ, майстэрні, гасцініцы. Калі патрэбны адзін сістэмны дакумент на маім узроўні, уносьце яго, каб было адно рашэнне і людзі больш не хадзілі па дазволы.

Не зніжаць увагі да аграгарадкоў

«Неапраўдана зніжана ўвага мясцовых улад да аграгарадкоў. Разам з тым дзякуючы каласальнай рабоце ідэя іх стварэння матэрыялізавалася амаль у 1,5 тыс. населеных пунктах, у сельскай мясцовасці створаны якасна новыя ўмовы жыцця. Прыгожыя катэджы на месцы струхлелых дамоў, дагледжаныя падворкі, заасфальтаваныя вуліцы, газ, водазабеспячэнне і іншая неабходная інфраструктура сталі прыцягваць тысячы людзей, якія гатовы працаваць на зямлі, ствараць сем'і, гадаваць дзяцей. Упэўнены: развіццё аграгарадкоў і перспектыўных сельскіх населеных пунктаў павінна прадаўжацца. Кірунак дакладна вызначаны: у далейшым пабудова «вёсак будучыні» будзе праходзіць па правобразе Копысі Аршанскага раёна.

Неабходна выкарыстоўваць энергію людзей, захопленых ідэяй развіцця сваёй малой радзімы да стандарту невялікіх гарадоў. Напрыклад, у аграгарадку Ціхінічы ў Гомельскай вобласці мадэрнізавана і вытворчая база, і сацыяльная інфраструктура. Тут не ставіцца пад сумненне прывабнасць сельскага ладу жыцця і працы.

Ураду, мясцовым органам улады трэба больш сістэмна падыходзіць да гэтай работы, а не зводзіць намечаныя мерапрыемствы пераважна да добраўпарадкавання і малазначных рамонтаў. Выпрацуйце адзіныя крытэрыі да вызначэння «вёскі будучыні» і канкрэтныя меры, якія дадуць магчымасць дасягнуць стратэгічнай мэты.

Сяло заўсёды будзе ў фокусе ўвагі і падтрымкі дзяржавы: беларуская аграрная палітыка і ў далейшым будзе зыходзіць з таго, што сельская гаспадарка з'яўляецца шматфункцыянальнай сістэмай, якая забяспечвае не толькі харчовую бяспеку, але і асваенне тэрыторыі краіны, захаванне самабытнай сельскай культуры, далучэнне да працы моладзі.

У перспектыве — стварэнне буйных аграпрамысловых комплексаў (па прыкладзе Віцебскай вобласці), а таксама аб'яднанняў, якія будуць забяспечваць поўны цыкл — вытворчасць і яго ўласнае забеспячэнне, перапрацоўку, рэалізацыю прадукцыі. Гэта паўплывае і на развіццё тэрыторый.

Таксама ў далейшым неабходна падтрымліваць практыку стварэння аграрных карпарацый. Але як інструмент развіцця, а не адтэрміноўкі даўгоў і аднясення вырашэння праблем на потым. Аднак кампанейшчыны быць не павінна. Не кожнаму прадпрыемству падыдзе ўніверсальнае лякала. Напрыклад, невялікі СВК «Ларынаўка» Аршанскага раёна (усяго 2651 га сельгасугоддзяў) вызначыў сваю стратэгію і дэманструе эфект работы на кантрактнай аснове. За мінулы год надой на карову тут склаў 12 т, ураджайнасць збожжавых — 75 ц/га. Сярэднямесячная зарплата — больш за Br2 тыс. Гэта — узровень сталіцы. Невялікае прадпрыемства, няхай жыве і развіваецца.

Пасля заканчэння рэалізацыі праграмы адраджэння і развіцця вёскі прайшло больш як 10 гадоў. Тады мы талакой мадэрнізавалі не толькі вытворчую, але і сацыяльную інфраструктуру. Аднак час ідзе, умовы мяняюцца. Патрэбны свежыя рашэнні.

Для ахвотных будаваць прыватнае жыллё ў вёсцы створаны адпаведныя ўмовы. На 75 працэнтаў тэрыторыі краіны атрымаць участак не з'яўляецца праблемай. Кадастравы кошт зямлі там ніжэйшы за Br100 за сотку. Вызначаны амаль 22 тысячы свабодных участкаў, якія можна набыць хоць сёння. Пры гэтым трэба адзначыць вялізны патэнцыял у старых пустых хутарах і вёсачках, землі якіх можна атрымаць практычна бясплатна. Аднак у гэтым напрамку пакуль не відаць работы райвыканкамаў і асабліва сельвыканкамаў. Асаблівы кантроль.

Сюды прыязджаюць людзі з Расіі, Украіны, заходніх краін, каб жыць на гэтых участках. Між тым беларусы не дастаткова актыўныя ў гэтым плане. Да паўгектара можна ў вёсцы атрымаць. Не сабе, дык дзецям застанецца.

Мы прынялі самыя радыкальныя рашэнні па зносе старых і закінутых дамоў у вёсках. Яшчэ раз — асаблівы кантроль.

Пры гэтым землі сельгаспрызначэння і ляснога фонду недатыкальныя. Гэта ўласнасць і галоўны здабытак народа».

«Час распранацца і працаваць!»

ТРЭЦЯЕ ПЫТАННЕ — ЦІ ГАТОВЫЯ ВЫ БЫЦЬ ІНІЦЫЯТЫЎНЫМІ І ПРАЦАВАЦЬ НА СЯБЕ?

Ці гатовы беларусы сёння адарвацца па-сапраўднаму, адвязацца, паставіць перад сабой, перад сваёй сям'ёй задачу і папрацаваць хаця б на сябе. А ўсё астатняе, што ад дзяржавы, мы захаваем. І як толькі гэты ўнутраны патэнцыял нашага народа, кожнага беларуса задзейнічаем, мы ў два разы будзем багацейшымі. Час распранацца і працаваць!

У Беларусі была, ёсць і будзе рыначная эканоміка з разумным удзелам дзяржавы ў тых сферах, дзе без яе не абысціся. Работа прадпрыемстваў-манапалістаў, кантроль за цэнамі, агульнай інфляцыяй, будаўніцтва інфраструктуры, медыцына, адукацыя, навука і гэтак далей».

«Супраць неабгрунтаванай інфляцыі мы павінны знаходзіць рычагі і дзейнічаць»

«Жадаю закрануць галоўную праблему, аб якой гаворыць насельніцтва, — рост цэн. Нядаўна прызначаны новы міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Усяму сацыяльнаму блоку і прэм'ер-міністру даручана прыняць катэгарычныя меры па недапушчэнні неабгрунтаванага росту цэн. Дзейнічайце, з вас будзе самае жорсткае патрабаванне. Некалі я даручыў дэпутатам, прафсаюзам, нашым народным кантралёрам інфармаваць нас своечасова. Ураду трэба належна арганізаваць гэтую работу. Любая скарга на цэны — я буду прымаць адпаведныя меры.

Рост цэн звязаны са знешнімі фактарамі, у тым ліку з лакдаўнам і прыпынкам вытворчасцей у многіх краінах з-за пандэміі. Інфляцыя ў сусветнай эканоміцы стала нарастаць. Мы можам спыніць гэта? Не. Але супраць неабгрунтаванай інфляцыі мы мусім знаходзіць рычагі і дзейнічаць.

Хуткасць змен у свеце каласальная. У такіх умовах ад кожнага з нас неабходны максімальная канцэнтрацыя намаганняў, стараннасць і дысцыпліна. Патэнцыял узгодненай працы трэба мабілізаваць неадкладна, асабліва ў эканамічнай сферы.

Эканоміка — справа не толькі ўрада, Нацбанка і мясцовых улад. Праваахоўная сістэма таксама завязана на рэалізацыі гаспадарчых задач. Трэба спыніць усялякія непатрэбныя праверкі. Не перашкаджайце людзям працаваць, але з каго трэба спытаць, спытаеце. Пытанні карупцыі ніхто не здымаў.

Непахісным пастулатам павінна быць справядлівасць правасуддзя. Патрабую, каб следства вялося максімальна адказна, падазраваныя ў эканамічных злачынствах браліся пад варту толькі ў выключных выпадках».

«Мы літаральна разумеем адзін аднаго з паўслова»

«Партнёр нумар адзін для нас — Расія, з якой паслядоўна рухаемся па шляху эканамічнай інтэграцыі. Практычна палову нашых тавараў экспартуем у гэтую краіну. Мы развіваем супрацоўніцтва як на двухбаковай аснове ў рамках Саюзнай дзяржавы, так і ў складзе інтэграцыйных аб'яднанняў: Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Для Беларусі асабліва важна развіваць узаемадзеянне з Расіяй у энергетыцы. У мінулым годзе сумесна пабудавалі і ўвялі ў дзеянне першую Беларускую атамную электрастанцыю, якая з'яўляецца гарантам энергетычнай бяспекі нашай краіны. І пасля выхаду на праектныя магутнасці будзе вырабляць 50 % электрычнай энергіі. На пяць мільярдаў кубоў менш будзем закупляць прыроднага газу для вытворчасці электраэнергіі.

Для параўнання: ва Украіне 50 працэнтаў электраэнергіі таксама атрымлівалі на 15 атамных энергаблоках, пабудаваных у савецкія часы. Больш за тое, на фоне газавага крызісу прагрэсіўная Еўропа рэзка разгортваецца ў бок мірнага атама, аб'яўляе аб інвестыцыях 500 мільярдаў еўра да 2050 года ў новую праграму ядзернай энергетыкі. А памятайце, нашы мярзотнікі бегалі, хацелі быць прэзідэнтамі, крычалі: «Атамную станцыю закрыем!» І ўсе крычалі, што 10 мільярдаў Еўропа нам дасць, а мы гэтую атамную станцыю закрыем. І тады я сказаў: «Не, мы яшчэ і другую атамную станцыю пабудуем». А сёння ўсе хочуць пабудаваць: і Польшча, якая Літву падтрымлівала, хоча чатыры энергаблокі пабудаваць, і нават тая ж Літва сёння думае аб тым, каб пабудаваць атамную станцыю. Толькі галаву не трэба губляць і не трэба згортваць супрацоўніцтва са сваімі суседзямі, каб зарабіць грошы на гэтую атамную станцыю. Гэта значыць, мы правільна тады паступілі.

У знешнегандлёвым абароце Расіі Беларусь займае 4-е месца. У кааперацыйных сувязях задзейнічана каля 7 млн расіян, а з сем'ямі — больш за 15 млн чалавек.

Але не толькі і не столькі эканоміка фарміруе брацкія адносіны. Яны значна багацейшыя, шматграннейшыя, ярчэйшыя. Першаасновай адзінства нашага лёсу выступаюць крэўныя сувязі, культурная спадчына, гістарычная памяць. Мы не проста размаўляем на адной мове, мы літаральна разумеем адно аднаго з паўслова. Гэта вынік тысячагадовай гісторыі нашых народаў. Навошта ж гэта ўсё губляць?

І не трэба сёння папракаць Расію, што яна хоча паглынуць Беларусь. Няма такіх мэт. Беларусь і Расія, будучы незалежнымі дзяржавамі, здольныя выбудаваць такую сістэму супрацоўніцтва, што ёй пазайздросціць любое аб'яднанне.

У канцы 2021 года Беларусь і Расія зацвердзілі 28 саюзных праграм, асноўная мэта якіх — стварэнне новых вытворчасцяў і кампетэнцый у ключавых сектарах, прамысловая кааперацыя нашых краін з фарміраваннем устойлівага ядра базавых тэхналагічных ланцужкоў... Паводле самых сціплых ацэнак, прырост ВУП Беларусі толькі за кошт інтэграцыі з Расіяй складзе больш за 2 працэнты».

«Наша зацікаўленасць у выбудоўванні нармальных добрасуседскіх, узаемавыгадных адносін»

«Адносіны з Расіяй закладваюць стандарты для работы з дзяржавамі — членамі ЕАЭС і СНД. Беларусь таксама нацэлена на захаванне і пашырэнне існуючых цесных гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў з постсавецкімі рэспублікамі...

Раней ураду і МЗС даручалася перагледзець прыярытэты Беларусі на карысць тых рэгіёнаў свету, якія маюць вялікі патэнцыял і ўзаемную цікавасць. Найважнейшым фактарам супрацоўніцтва ў Азіі для нас з'яўляецца сяброўства з Кітаем. У студзені адзначылі знакавую вяху на гэтым шляху — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. У канцы мінулага года мной была прынята Дырэктыва па паглыбленні стратэгічнага супрацоўніцтва з Кітаем па шырокім спектры напрамкаў. Плануецца рэалізацыя некалькіх дзясяткаў канкрэтных праектаў у сферах палітыкі, эканомікі, адукацыі, навукі і тэхналогій.

Кітай стаў адным з найважнейшых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі. Назаву толькі некаторыя параметры: гадавы абарот ужо перавышае $5,5 млрд, рэалізаваны 23 інвестпраекты на мільярды долараў. Да 2025 года мы плануем экспартаваць у Кітай беларускія тавары на суму да $3 млрд.

Будзе развівацца і галоўны беларуска-кітайскі праект — індустрыяльны парк «Вялікі камень». Нягледзячы на ўсе складанасці 2021 года, у парк прыйшлі 20 рэзідэнтаў з 6 краін. Аб'ём інвестыцый склаў мільёны долараў. Частка вытворчасцяў фарміруюць абсалютна новыя кампетэнцыі і магчымасці для Беларусі.

Беларусь таксама накіравана на ўмацаванне палітычных і эканамічных сувязяў у адносінах з іншымі дзяржавамі Азіі: Індыяй, Пакістанам, В'етнамам. Плануецца актывізаваць работу з Інданезіяй, Малайзіяй, Тайландам. І што, гэтыя санкцыі нас спыняць? Ды нам няшмат трэба прадаць на экспарт. А мільярды людзей жывуць у гэтых краінах. Наша прадукцыя там карыстаецца попытам. Толькі не трэба спыняцца, трэба працаваць над вялікім аб'ёмам гэтай прадукцыі і, галоўнае, якасцю.

Акрамя таго, развіваюцца адносіны з краінамі Блізкага Усходу, афрыканскімі дзяржавамі, Лацінскай Амерыкай з акцэнтам на эфектыўную эканамічную дыпламатыю. Зацікаўлены ў развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва з Турцыяй як найважнейшым рэгіянальным цэнтрам сілы. Трэба аддаць належнае, Турцыя, член НАТА, паводзіць сябе прыстойна. Тое, што абяцаюць, выконваюць.

Зразумела, захоўваецца наша зацікаўленасць у наладжванні нармальных добрасуседскіх, узаемавыгадных адносін з Захадам. Беларусь заўсёды разумела важнасць канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амерыкі і краінамі Еўропы для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага развіцця, дабрабыту грамадзян, стабільнасці і бяспекі ў нашым рэгіёне і свеце ў цэлым.

Не Беларусь выступіла ініцыятарам абвастрэння. І сёння застаёмся верныя сваім перакананням, гатовы вярнуцца да мірнага стваральнага ўзаемадзеяння. Але ў гэтай партыі мяч на іх баку.

Сёння да мяне паступае шмат сігналаў з Польшчы, Літвы, Злучаных Штатаў Амерыкі: «Давайце аднаўляць адносіны. Але нам трэба захаваць твар». Адказ адзін: «Давайце. Мы дапаможам вам захаваць твар»...

Беларусь гатова супрацоўнічаць з Захадам, але толькі калі ён сам хоча развіваць адносіны, не парушаючы яе суверэнітэт і не прымушаючы выбіраць паміж ім і Расіяй. Заўсёды з Расіяй, таму што ў Беларусі няма той групы людзей і таго чалавека, які можа згарнуць нашы адносіны з Расіяй. Мы заўсёды будзем будаваць узаемавыгадныя, брацкія, самыя цёплыя адносіны з гэтай краінай».

«Ісці сваім шляхам»

«Азіраючыся вакол і аналізуючы сучасныя тэндэнцыі, мы разумеем, наколькі ўразлівым можа быць свет і як хутка, раптоўна можна страціць тое, што стваралася стагоддзямі. Ва ўмовах глабальнай нявызначанасці беларуская стратэгія развіцця можа быць толькі адна: ісці сваім шляхам, думаць сваёй галавой, жыць уласным розумам, будаваць будучыню на трывалым падмурку народнага адзінства.

Усе беларусы, хто згодны са мной ці не, памятайце: іншай зямлі ў нас не будзе. Гэта — Богам дадзеная, іншай зямлі не заваюем і не трэба. Гэту трэба асвоіць. Іншай зямлі для захавання і будаўніцтва нашай дзяржавы таксама не будзе

Краіна ўпэўнена рухаецца наперад, у яе ёсць неабходныя для гэтага рэсурсы, воля, сілы, падтрымка саюзнікаў і партнёраў. Я ганаруся ўсімі вамі! Не толькі тымі, хто сядзіць у гэтай зале, але вамі — перш за ўсё. Вы — найлепшыя, вы — эліта нашай краіны. Беларусы пераадолелі кінутыя выклікі, сталі мацнейшыя, мудрэйшыя. Зразумелі: сіла ў адзінстве і нам ёсць за што змагацца і ёсць што губляць.

Мы зберажом і прымножым матэрыяльную і духоўную спадчыну пакаленняў, перададзім нашчадкам суверэнную і незалежную дзяржаву, наш агульны дом, дзе яны заўсёды будуць адчуваць сябе ў бяспецы і камфорце. Гэта і ёсць наш шлях! І праўда (а ў ёй сіла) — на нашым баку!

Гэты палітычны год, нягледзячы на ўсе цяжкасці, стане годам абнаўлення і пазітыўных пераўтварэнняў, нягледзячы ні на якія санкцыі. Вось пабачыце. Гэта напоўніць новым зместам беларускую мадэль развіцця, разняволіць рэзервы ва ўсіх сферах жыцця. Я перакананы, што за мяжой будуць вучыцца ў Беларусі, пераймаць беларускую мадэль развіцця, у аснове якой — справядлівасць і чалавечнасць.

Мы смела гаворым пра будучыню, таму што чэрпаем сілы з вечных вытокаў, якія сфарміравалі непаўторнае аблічча і шлях беларускай нацыі. Мы багатыя нашай гісторыяй. Пераемнасцю каштоўнасцяў, традыцый, звычаяў, уяўленняў аб дабры і зле, аб належным і непрымальным. Мы ўзгадаваны нашай зямлёй — непаўторнай беларускай прыродай, лясамі, азёрамі, палямі, чыстым паветрам. Гэта сапраўды ідэальнае месца для жыцця чалавека. І гэта заўжды будзе з намі».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».