Вы тут

Чытаць і слухаць: чым парадуюць пісьменнікі беларускіх дзяцей і іх бацькоў?


Кнігавыдаўцы няспынна падбіраюць новыя ключы да сэрцаў сваёй аўдыторыі. Але ўжо даўно нікога не здзівіш толькі добрым сюжэтам, яркімі ілюстрацыямі і цікавымі героямі. Таму выдавецтвы і пісьменнікі шукаюць і прыдумваюць свае хады і падыходы да чытача, каб сярод мноства прапаноў у кніжнай краме пакупнік абраў менавіта іх выданне. Сваімі поглядамі на гэты працэс нядаўна падзяліліся на сустрэчы з журналістамі вядомыя аўтары выдавецкага дома «Звязда» і прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Распавялі таксама пра навінкі і навіны, якія ў хуткім часе парадуюць беларускіх дзяцей і іх бацькоў.


— Цяпер пачынаецца літаратурны год. І пісьменнікі вельмі старанна працуюць у розных напрамках: і ў прозе, і ў паэзіі. А дзіцячая літаратура ў нас заўсёды прадстаўлена больш шырока. Прыемна, што сёння мы пачынаем літаратурны год менавіта з гаворкі пра дзіцячую літаратуру. Значнасць гэтага жанру складана пераацаніць, бо кнігі для дзяцей — гэта тыя кнігі, на якіх выраслі і ўсе дарослыя. І ўжо з вышыні пражытых гадоў разумеем, як важна з маленства прывучаць дзяцей да чытання, да кнігі, — зазначае пісьменніца, першы намеснік Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ. — Мы бачым, якая прыхільнасць у падрастаючага пакалення да інтэрнэту і гаджэтаў. Мы тое, безумоўна, ухваляем, але разам з тым разумеем, што менавіта кніга, чытанне — гэта тое, што робіць асобу сапраўднай. Гэта тое, з чаго чалавек пачынае сваё разуменне свету, разуменне вытокаў, з якіх складаецца ўсё ў жыцці. І таму сёння вельмі прыемна не проста гаварыць пра дзіцячую літаратуру і не проста пра кнігі для дзяцей, а менавіта канцэнтраваць увагу на сучасных ноу-хау дзіцячай літаратуры.

Захапіць сучаснага юнага чытача нават самай яркай і прыгожай кнігай не заўсёды атрымліваецца. Трэба шукаць іншыя падыходы, спосабы ўздзеяння, каб аўдыторыя цікавілася кнігай. 

І тут кожны можа прыгадаць свае прыклады, якіх аўтараў і творы мы выбіраем сваім дзецям. Так, многім вядомая Кацярына Хадасевіч-Лісавая на кожнай сваёй сустрэчы з чытачамі ладзіць дзецям спатканне з героямі яе кніг. Трэба адзначыць, такі падыход сапраўды спрацоўвае, бо асабліва маленькія чытачы хутчэй прыслухаюцца да казачных герояў, чым да дарослых. І ўвогуле, калі кніга і расповед пра яе ўключаюць у сябе пэўны інтэрактыў для аўдыторыі, то цікавасць узрастае. 

Вельмі важна, каб заставаліся ў змесце і ў вобразах кніжных герояў нязменныя акцэнты: як важна верыць у дабро і ў цуды, што ўменне бачыць незвычайнае ў звычайным выхоўвае ў нас людзей з жывым успрыманнем жыцця і здольнасцю думаць нестандартна, а прыклады персанажаў могуць дапамагчы разабрацца ў саміх сабе і ў навакольным свеце, і самае галоўнае, каб чытач атрымліваў прыклад якаснай мастацкай мовы, якую знаходзіць пад яркай вокладкай.

Алена Стэльмах таксама адзначыла, што цяпер у Саюзе пісьменнікаў вельмі актыўна працуюць у накірунку таго, каб працягвала з’яўляцца літаратура для дзіцячай аўдыторыі па-беларуску ў фармаце аўдыёкніг. Летась на Дні беларускага пісьменства Белкніга прэзентавала праект беларускіх аўтараў «Чытанка». Яго цяпер можна знайсці і там паслухаць аўдыёкнігі як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных беларускіх аўтараў, што ствараюць творы для дзяцей. Такі падыход з аднаго боку, безумоўна, дае выбар чытачу. Аднак, ці не хаваецца тут і пэўная небяспека, калі замест таго, каб пачытаць кнігу ў звычайным яе фармаце, мы проста ўключаем яе свайму дзіцяці для праслухоўвання...

— Я ўсё ж стаю на традыцыйных поступах у літаратуры. У мінулым я педагог, і мае калегі па цэху вельмі прасілі зрабіць матэрыял для лагапедычных груп. Так прыкладна нарадзілася кніжка «Рамонкі на асфальце». Лагапедыі ў нас няма па-беларуску, таму і кніга рускамоўная. Падтрымала маю ініцыятыву выдавецкі дом «Звязда». І што такое дзіцячая кніга: яна патрбуе быць больш уважлівым, яшчэ больш старанным, таму што хоць тое на першы погляд і здаецца наіўны чытач — дзіця, але яго ніяк не падманеш і нічым не падкупіш. Павінна быць толькі цікава, — кажа пісьменніца Іна ФРАЛОВА. — Тут згадвалі тэмы інтэрнету, мабільных тэлефонаў і тое зразумела, што трэба ісці ў нагу з часам. Але ўсё ж такі дзіцячая свядомасць і выхаванне складаецца так, што да 12 гадоў дзіця ўсё, што атрымлівае з навакольнага свету, потым праносіць з сабой па жыцці. І калі будзе электронная кніга, то мы згубім не толькі чытача, а нешта самае галоўнае ў дзіцяці і ў чалавеку ўвогуле. Бо дзіцяці патрэбна нагляднасць, трэба каб дзіця трымала ўсё ў руках. І тут яшчэ такі момант, што за чытаннем дзеці могуць пагаварыць са сваімі бацькамі. А звычайна сёння ўсё не хапае татам і мамам часу на выхаванне, і яго перакладаюць на дзіцячы садок, на школу, а так не павінна быць. Бо чалавек будуе сваё жыццё па тым, што было з ім у дзяцінстве...

Прыемнай навіной для многіх стане тое, што ў выніку супрацоўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у бліжэйшай перспектыве распачнецца праца над стварэннем мультфільмаў па творах беларускіх дзіцячых аўтараў. Пяць літаратурных сюжэтаў здабудуць новае ўвасабленне. Што да кніжных навінак, то і тут ёсць нагоды для радасці. Свет убачыла кніжка «Як сябры човен будавалі» ад аўтараў Алены Стэльмах і Анатоля Мацвіенкі (для Анатоля гэта дэбют у жанры дзіцячай літаратуры). 

— Да такой працы мяне падштурхнула тое, што я бацька і дзед. Памятаю, як я сам рос на пазнавальнай літаратуры. Кнігі майго дзяцінства прызначаныя для таго, каб дзеці прыкладалі рукі, яны былі з пэўнымі папяровымі выкрайкамі. І тое было выдатна, акрамя аднаго: кніга атрымлівалася аднаразовай. А з улікам, што частка нашай кнігі пойдзе і ў бібліятэкі альбо ў сем’і, дзе расце не адно дзіця, то мы задумалі яе як доўгагуляючую, — дзеліцца пісьменнік Анатоль МАЦВІЕНКА. — Кніга разлічана на старэйшы дашкольны і малодшы школьны ўзрост. Заданні можна выконваць альбо з бацькамі ці самастойна. Тут ёсць тая самая выкрайка, але каб кнігу не рэзаць, то мы даем рэкамендацыю, як змайстраваць човен, не сапсаваўшы выданне. Я сыходжу з таго, што ў дзіцяці пасіўнае ўспрыманне інфармацыі вельмі нядоўга працуе. Яму патрэбна гульня. І калі ёсць двухбаковы інтэрактыў, тады тое захапляе больш. І ёсць спадзяванне, што кніга зацікавіць і бацькоў і дзяцей і стане карыснай.

Таму шукайце кнігі любімых аўтараў у кніжных крамах ці на сайце выдавецтваў. І абавязкова чытайце ўсёй сям’ёй, бо тады ў памяці застануцца не толькі героі і сюжэты, але і эмоцыі ад сумеснага адпачынку. 

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.