Вы тут

Дакладнасць, хуткасць і азарт — як глядзець біятлон на Алімпійскіх гульнях


Алімпійскія спаборніцтвы па біятлоне ў Пекіне пачнуцца 5 лютага і, як заўсёды, прыцягнуць да сябе ўвагу мільёнаў людзей з усяго свету. Каб было цікавей глядзець спаборніцтвы, варта бліжэй пазнаёміцца з гэтым відам спорту. 


Крыху гісторыі

У назве «біятлон» зашыфраваныя два словы, якія разам у перакладзе азначаюць «двайное спаборніцтва». Першы турнір з элементамі біятлону адбылося ў 1768 годзе, калі пагранічнікі са Швецыі і Нарвегіі спускаліся на лыжах з невялікага схілу і стралялі па мішэнях на адлегласці 40-50 крокаў. Бацька сучаснага біятлону — спаборнцітвы ваенных патрулёў. Гэтая дысцыпліна нават была ўключана ў праграму Алімпійскіх гульняў 1924 году. Праводзіўся турнір наступным чынам: чатыры чалавекі пераадольвалі адлегласць у 25 кіламетраў з заплечнікамі вагой 24 кілаграмы. Падчас праходжання дыстанцыі яны стралялі па мішэнях з вінтовак. Перамагаў той, хто першым дабраўся да фінішу, набраўшы менш усяго штрафаў. 

Прызнанне як самастойны від спорту біятлон набыў у 1954 годзе. У 1957 годзе была створана Міжнародная федэрацыя сучаснага пяцібор’я, якая ўзяла на сябе адказнасць за правядзенне біятлонных спаборніцтваў. І ўжо на наступны год 2 сакавіка 1958 года адбыўся першы чэмпіянат свету, сёння гэта дата лічыцца афіцыйным днём нараджэння біятлону. У 1960 годзе біятлон быў прыняты ў алімпіскую сям’ю. Да 1992 году ў алімпіядах удзельнічалі толькі мужчыны. 

Алімпійскія дысцыпліны 

На Алімпійскіх гульнях у Пекіне будзе разыграна 11 камплектаў медалёў. На пяці дыстанцыях выступяць мужчыны і жанчыны. Адзін камплект медалёў будзе разыграны ў змешанай эстафеце. Нагадаем правілы алімпійскіх дыстанцый. 

Спрынт. У гэтай дысцыпліне мужчыны пераадольваюць трасу працягласцю 10 кіламетраў, жанчыны — 7,5 кіламетраў. Спартсмены страляюць на двух агнявых рубяжах: адзін раз стоячы, другі — лежачы. Калі біятланіст прамахваецца, ён павінен праехаць штрафны круг у 150 метраў. Стартуюць спартсмены па чарзе з інтэрвалам 30 секунд. 

Гонка пераследу (пасьют). У гэтай гонцы біятланісты стартуюць ў тым парадку, у якім скончылі спрынт. Дарэчы, удзельнічаюць, лепшыя 60 спартсменаў папярэдняй гонцы. Пасьют — гэта кантактны від гонак, дзе біятланісты стартуюць з часовым інтэрвалам, які аддзяляе іх ад пераможцы спрынтарскай гонкі. Фактычна гонка пераследу — працяг спрынту. Як правіла, пасьют праводзіцца на наступны дзень пасля спрынту.

Даўжыня трасы ў мужчын — 12,5 кіламетраў, у жанчын — 10 кіламетраў. Спартсмены праходзяць чатыры агнявыя рубяжы. Першую і другую стральбу выконваюць са становішча лежачы, трэцюю і чацвёртую — стоячы. Адзін промах — адзін штрафны круг у 150 метраў. 

Мас-старт. З назвы зразумела, што старт у гэтай дысцыпліне агульны. Мужчыны праязджаюць 15 кіламетраў, жанчыны — 12,5 кіламетраў. Першая і другая стральба — лежачы, трэцяя і чацвёртая — стоячы. Адметнасць гэтай дысцыпліны ў тым, што на старт выходзяць 30 лепшых біятланістаў. На Алімпійскіх гульнях у мас-старце ўдзельнічаюць усе прызёры індывідуальнай гонкі, спрынту і пасьюта, а таксама 15 лепшых біятланістаў агульнага заліку Кубка свету. Астатнія месцы дастаюцца спартсменам па набраных балах на Алімпіядзе.

Індывідуальная гонка. Гэта дысцыпліна першай была прадстаўлена на Алімпійскіх гульнях, таму яе называюць класічнай. Гэта вельмі складаная гонка. Каб прэтэндаваць на прызавое месца спартсмену трэба збаланасавана прайсці вельмі доўгую дыстанцыю: 20 кіламетраў у мужчын і 15 у мужчын. На гэтым шляху трэба пераадолець чатыры агнявыя рубяжы. Першая і трэцяя стральба — лежачы, другая і чацвёртая — стоячы. У індывідуальных гонках часта здараюцца сюрпрызы для аматараў. Біятланісты, якія маюць высокую дакладнасць стральбы, але невялікую скорасць, у пратаколе могуць аказацца вышэй за хутчэйшых сапернікаў. Дарэчы, у гэтай дысцыпліне за промахі спартсмены атрымліваюць не штрафныя кругі, а штрафныя хвіліны. 

Эстафета. У гэтай гонцы ўдзельнічаюць каманды з чатырох біятланістаў: па аднаму на кожны этап. Адзін этап у мужчын складае 7,5 кіламетры, у жанчын — 6 кіламетраў. Галоўнае адрозненне ад індывідуальных гонак тут заключаецца ў стральбе. Кожны этап эстафеты прадугледжвае па дзве стралковыя сесіі: лежачы і стоячы. На кожным рубяжы — пяць мішэняў. Калі спартсмен прамахваецца, ён можа выкарыстаць дадатковы патрон. Але за кожную незакрытую мішэнь у канцы стральбы спартсмен павінен прабегчы штрафны круг у 150 метраў. 

Змешаная эстафета. З назвы зразумела, што ў адной камандзе выступаюць мужчыны і жанчыны. Спачатку праводзяцца два жаночыя этапы па 6 кіламетраў, затым два мужчынскія па 7,5 кіламетры. Стральба супадае з сістэмай класічнай эстафеты.

Цікавыя факты пра біятлонныя спаборніцтвы 

  • У 1999 годзе Міжнародны саюз біятланістаў заснаваў сімвалічны элітны клуб «Зеро». У яго ўваходзяць біятланісты, якія выйгралі асабістую гонку на Алімпіядзе або чэмпіянаце свету, не дапусціўшы ніводнага промаху. 
  • Вага біятлоннай вінтоўкі не перавышае 3,5 кг, а хуткасць кулі дасягае 380 м/c. Біятланістам нельга пакідаць стрэльбішча з зараджанай вінтоўкай, інакш пагражае дыскваліфікацыя. Быў выпадак, калі нарвежскі біятланіст Ларс Бергер неспадзявана ўпусціў патрон і, пацягнуўшыся за ім, ступіў з дывана для стральбы. У выніку са спаборніцтваў дыскваліфікавалі ўсю нарвежскую зборную.
  • Часам здараюцца казусы, калі біятланісты страляюць па чужых мішэнях. У гэтым выпадку кожны стрэл залічваецца як промах.

За кім сачыць у Пекіне

Алімпійскія гульні 2022 традыцыйна прынясуць у біятлонны свет новыя імёны і сенсацыі. А барацьба лідараў будзе неверагодна цікавай. Алімпіяда 2022 года — трэцяя ў кар’еры нарвежкі Цірыль Экхаф. Яна мае больш за ўсё алімпійскіх медалёў сярод дзеючых біятланістак (золата, серабро і тры бронзы). На чэмпіянаце свету 2021 года яна заваявала чатыры залатыя медалі. Таму ў Пекін Цірыль Экхаф едзе ў статусе галоўнай фаварыткі. 

Свае здольнасці пакажа Ханна Эберг са Швецыі — алімпійская чэмпіёнка 2018 года і сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 2021 у індывідуальнай гонцы. Не адстае і нарвежка Мартэ Олсбю-Ройселан, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2018 годзе ў спрынце. Яна была лідарам этапаў Кубку свету, якія прайшлі напярэдадні Гульняў. 

У Пекіне свой статус алімпійскага чэмпіёна ў індывідуальнай гонцы будзе адстойваць нарвежац Ёханэс Тынес Бе. На чэмпіянаце свету 2021 ён узяў бронзу ў гонцы пераследавання. Там жа бліснуў яго суайчыннік Стурла Холм Легрэйд, які заваяваў чатыры золаты: у індывідуальнай гонцы, мас-старце, мужчынскай і змешанай эстафетах. Гульні ў Пекіне будуць для яго дэбютнымі, але ў яго ёсць усе шанцы стаць іх зоркай.

У Пекіне мы не ўбачым выступленняў легендарных біятланістаў: Марціна Фуркада, Уле-Эйнар Б’ёрндалена, Лаўры Дальмаер і іншых. З вялікім спортам у 2018 годзе развіталася і самая тытулаваная біятланістка свету, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, легенда беларускага спорту. 

Расклад біятлона на Алімпіядзе 2022 у Пекіне

5 лютага. Змешаная эстафета

7 лютага. Індывідуальная гонка. Жанчыны

8 лютага. Індывідуальная гонка. Мужчыны

11 лютага. Спрынт. Жанчыны

12 лютага. Спрынт. Мужчыны

13 лютага. Гонка пераследу. Жанчыны

13 лютага. Гонка пераследу. Мужчыны

15 лютага. Эстафета. Мужчыны

16 лютага. Эстафета. Жанчыны

18 лютага. Мас-старт. Мужчыны

19 лютага. Мас-старт. Жанчыны

Беларускія біятланісты Антон Смольскі, Дзмітрый Лазоўскі, Раман Ялетнаў, Мікіта Лабастаў і Максім Верабей ужо правялі першую трэніроўку на трасе ў Чжанцзякоў. «Траса — добрая, рабочая, падрыхтаваная якасна. А вецер... вецер у полі ёсць заўсёды», —пракаментаваў трэніроўку Андрэй Падзін, старэйшы трэнер мужчынскай зборнай па біятлоне. Яго словы прыводзіць прэс-служба Нацыянальнага алімпійскага камітэту. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.