Вы тут

Андрэйчанка: Наша найпершая задача — захоўваць адзінства грамадства


Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на закрыцці сёмай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.


Паважаныя калегі!

Мы завяршаем сёмую пазачарговую сесію Палаты прадстаўнікоў.

Сённяшняе Пасланне кіраўніка дзяржавы стала кульмінацыяй шырокага грамадскага дыялогу, які вызначае стратэгію развіцця краіны на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Пасланне змяшчае дэталёвую характарыстыку сітуацыі ў Беларусі і вакол яе, дае адказы на няпростыя, але жыццёва важныя пытанні, пастаўленыя часам.

Гэта перш за ўсё надзейная абарона суверэнітэту, забеспячэнне бяспекі Беларусі, павышэнне якасці жыцця грамадзян і, безумоўна, умацаванне пачаткаў народаўладдзя, удасканаленне архітэктуры дзяржаўнага кіравання.

У гэтым сэнсе Пасланне — праграмны дакумент, у якім абазначаны дакладныя задачы для ўсіх дзяржаўных органаў, у тым ліку для Парламента.

Наша найпершая задача — захоўваць адзінства грамадства, яго згуртаванасць вакол такіх блізкіх усім нам каштоўнасцяў, як мір, сацыяльная справядлівасць, магчымасць самастойна ствараць сваю будучыню.

Менавіта на гэта накіраваны праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, вынесены кіраўніком дзяржавы на агульнанацыянальны рэферэндум.

Дэпутацкі корпус павінен прадоўжыць удзел у інфармацыйна-тлумачальнай рабоце, якая праводзіцца ў краіне напярэдадні рэферэндуму. Часу застаецца няшмат, і яго трэба выкарыстоўваць максімальна эфектыўна.

Вядома, абсалютная большасць грамадзян падтрымлівае курс на захаванне сацыяльнай дзяржавы і эвалюцыйнае развіццё. Аднак з улікам сур'ёзнасці прапанаваных перамен у некаторых яшчэ застаюцца пытанні.

Таму наш абавязак — дастукацца да кожнага. Неабходна растлумачыць сутнасць канстытуцыйных навацый, каб на рэферэндуме людзі зрабілі свядомы выбар, дакладна разумеючы, што лёс краіны сёння знаходзіцца менавіта ў іх руках. Гэта, бадай, самы галоўны тэзіс Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту.

Народнае адзінства, захаванне грамадскага міру і згоды наўпрост залежаць таксама ад нашай заканадаўчай дзейнасці, якасці і аператыўнасці заканадаўчых рашэнняў, якія прымаюцца.

Сёння відавочна, што незалежна ад вынікаў рэферэндуму аб'ём заканадаўчай работы будзе нарастаць. Гэтага патрабуе дынаміка сучаснага жыцця.

Пастаянным камісіям трэба паскорыць работу над існуючымі законапраектамі, каб своечасова ўключыць іх у парадак дня сесіі, якая мае адбыцца.

Гэта датычыцца перш за ўсё праектаў эканамічнага блока, аб барацьбе з карупцыяй, аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, Кодэкса аб культуры.

Трэба актыўна падключыцца да працэсу распрацоўкі праектаў законаў, унесеных у план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2022 год. Скараціць тэрміны прыняцця законапраектаў Парламентам можна, толькі забяспечыўшы іх максімальную прапрацоўку і ўзгадненне да афіцыйнага ўнясення ў Палату прадстаўнікоў.

Нельга здымаць з кантролю і пытанні заканадаўчага суправаджэння саюзнага будаўніцтва, рэалізацыі саюзных праграм, якія пашыраюць магчымасці нашых суб'ектаў гаспадарання і павышаюць абароненасць нацыянальнай эканомікі ва ўмовах знешняга ціску і санкцый.

Гэта тыя найбліжэйшыя заканадаўчыя планы, якія ўжо вызначаны. Яны будуць істотна скарэкціраваны ў выпадку адабрэння грамадзянамі абноўленай Канстытуцыі. Неабходна будзе вырашаць прынцыпова новыя задачы па пераглядзе ўсяго масіву дзеючага заканадаўства.

Нам неабходна будзе прыняць асноўныя законы аб Прэзідэнце, Парламенце, Урадзе, выбудаваць дакладную сістэму кіравання.

Асаблівую ўвагу трэба будзе ўдзяліць Закону аб Усебеларускім народным сходзе. Грамадзяне актыўна падтрымалі ідэю надання гэтаму органу канстытуцыйнага статусу, і нам трэба і далей абапірацца на іх думку, раіцца з імі, каб распрацоўка гэтага Закона была максімальна празрыстай, а яго нормы зразумелыя людзям.

Удумлівага, узважанага падыходу запатрабуе таксама распрацоўка законапраекта аб грамадзянскай супольнасці, пра што сёння гаварыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

У ходзе абмеркавання праекта Канстытуцыі выявіўся цэлы пласт прапаноў, якія не могуць быць замацаваны ў Асноўным Законе, але заслугоўваюць самага сур'ёзнага аналізу.

Яны павінны стаць для дэпутатаў зыходным пунктам для падрыхтоўкі новых заканадаўчых ініцыятыў. Гэта тым больш важна, што ў адпаведнасці з новай Канстытуцыяй Парламент стане асноўным заканадаўчым органам краіны.

І, нарэшце, трэба быць гатовымі да таго, каб адкрыць чарговую сесію ў сакавіку бягучага года, паколькі зменіцца і сесійны рэжым работы Парламента.

Усё гэта накладае на нас асаблівую адказнасць, патрабуе максімальнай сабранасці. Таму ўсім пастаянным камісіям, кожнаму дэпутату ўжо цяпер трэба перастроіць формы і метады сваёй работы.

Да гэтага нас падштурхоўвае і міжнародная абстаноўка, складанасць і супярэчлівасць якой была абазначана кіраўніком дзяржавы.

Абарона нацыянальных інтарэсаў і давядзенне да міжнароднай грамадскасці, замежных парламентарыяў аб'ектыўнай інфармацыі аб сітуацыі ў краіне — адна з найважнейшых задач дэпутацкага корпуса і створаных рабочых груп па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў.

Мы не павінны і не будзем мірыцца з практыкай санкцыйнага ціску, выкарыстання заходнімі краінамі двайных стандартаў пры ацэнцы падзей у Беларусі, умяшаннем ва ўнутраныя справы нашай суверэннай дзяржавы.

Менавіта такая пазіцыя была агучана беларускімі дэпутатамі на слуханнях «Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі», якія прайшлі днямі ў рамках зімовага пасяджэння Камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, дзе прыняў удзел старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах А. У. Савіных.

Аналагічную пазіцыю трэба адстойваць дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на найбліжэйшым зімовым пасяджэнні ПА АБСЕ і вясенняй Асамблеі МПС.

У пачатку лютага беларуская дэлегацыя плануе ўзяць удзел у 36-й Асамблеі Лацінаамерыканскага парламента. Неабходна выкарыстоўваць і сам візіт, і запланаваныя двухбаковыя сустрэчы для прасоўвання эканамічных інтарэсаў Беларусі ў гэтым значным рэгіёне свету.

Важна задзейнічаць і такія новыя фарматы дыпламатыі, як Парламенцкая сетка Руху недалучэння, у якую ўваходзяць амаль 50 дзяржаў свету. Яе чарговае пасяджэнне адбудзецца ў Азербайджане, і трэба ўзяць актыўны ўдзел у яго рабоце.

Паважаныя калегі! Не менш сур'ёзныя задачы ў кантэксце Паслання кіраўніка дзяржавы нам трэба будзе вырашаць у выбарчых акругах.

Тлумачальная работа з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам, безумоўна, вельмі важная. Але яна можа аказацца неэфектыўнай, калі не будзе падмацавана рэальнымі справамі.

Сёння як ніколі важна дабівацца станоўчага вырашэння тых канкрэтных праблем, з якімі да нас звяртаюцца грамадзяне. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць пытанням, якія ўплываюць на эмацыянальны фон грамадскага жыцця, — занятасць, цэны, даступнасць і якасць сацыяльных паслуг, работа ЖКГ.

Узаемадзейнічайце з прафсаюзамі, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, грамадскімі арганізацыямі патрыятычнай накіраванасці.

Трэба актыўна супрацьстаяць спробам выкарыстання рэферэндуму як нагоды для расколу грамадства з боку збеглых і іх апекуноў. А тое, што яны не пакінуць спроб збіць нас з дарогі, мы цудоўна разумеем.

Разам з тым упэўнены, што будучыня за патрыётамі Беларусі, хто словам і справай даказаў сваю адданасць краіне, ідэалам і каштоўнасцям, якія адстойвалі іх бацькі і дзяды. І сёння яны разам з усім беларускім народам пішуць новую старонку гісторыі краіны, пра якую з гонарам будуць успамінаць нашы нашчадкі.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».