Перабіраючы паліцы ў букіністычным аддзеле «Ведаў» (так, у колішнім Доме палітычнай кнігі, ля ўваходу на станцыю метро «Купалаўская»), наткнуўся на зборнік вершаў Таццяны Дзмітрусёвай «Зажынкі». Кніга выдадзена ў «Мастацкай літаратуры» у серыі «Першая кніга паэта» у 1981 годзе. Чатыры дзесяцігоддзі — узрост у гэтай, аддрукаванай накладам 4000 экзэмпляраў, кнігі... «*** Задрамала ў жыце лета/ Пад птушыны спеў./ Ахмялелае ад кветак,/ Смачна ў сне сапе./ Дрэмле лета. Ціха ў полі./ Ціхі час Зямлі./ І здаецца, што ніколі/ Буры не гулі./ Спадзяюся: гэтак будзе/ Заўтра і пасля.../ Мір вам, добрыя ўсе людзі!/ Мір табе, Зямля!»
... Таццяна Дзмітрусёва — з паэтаў, якіх ужо і мала хто памятае. Хіба што самі ўдзельнікі літаратурнага працэса тых 1970-1980-х гадоў... Нарадзілася Таццяна 1 студзеня 1948 года ў вёсцы Сцюдзянец Касцюковіцкага раёна. На Магілёўшчыне. Радзіма паэтаў, мастакоў... З касцюковіцкіх Самацевіч — народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. З Касцюковіччыны — вядомы літаратуразнаўца Іван Саверчанка. У вёсцы Канічы нарадзіўся празаік Васіль Хомчанка. А з касцюковіцкага Вялікага Бора — народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў. З саміх Касцюковіч — паэт і перакладчык Зяма Півавараў. З вёскі Бялынкавічы — паэт Алесь Пісьмянкоў ( у гонар яго нават паэтычнае свята ў Магілёўскай вобласці заснавана — «Пісьмянкоў луг»).
...Чытаем у «Зажынках»: «***Я ведаю твару вясковага колер,/ Зямлі маёй цьмянасць на ім і святло,/ І шчокі, і лоб — узаранае поле,/ Дзе след пакідалі і радасць, і зло./ Нязграбныя рукі — адвечная стома,/ Прапахлыя свежай асенняй раллёй./ Благаслаўляю сваяцтва святое/ Жанчыны-сялянкі з маёю зямлёй».
Таццяна Паўлаўна Дзмітрусёва ў 1977 годзе закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працавала загадчыкам аддзела літаратурнага жыцця ў рэспубліканскай маладзёжнай газеце «Чырвоная змена». Затым — намеснікам рэдактара газеты «Піянер Беларусі». Працавала ў газетах «Культура», «Настаўніцкая газета», рэдагавала газету «Кнігарня». Апошні час жыла ў вёсцы Клачкі Дзяржынскага раёна, на Міншчыне. Памерла ў 1998 годзе. Увесь яе век — пяцьдзесят гадоў... Акрамя «Зажынак» у 1994 годзе ў «Мастацкай літаратуры» выйшла яе паэтычная кніга «Асеннія святы»... Па розных перыядычных выданнях раскіданы шэраг яе нарысаў, творчых партрэтаў пра пісьменнікаў, дзеячаў беларускай культуры...
Мастаком кнігі «Зажынкі» выступіў славуты жывапісец і кніжны графік — Мікола Селяшчук (1947 — 1996). Мастакоўскай працы ў зборніку няшмат: адна вокладка і графічны, невялікага памеру, малюнак дзяўчыны-летуценніцы, якая пакідае вёску, малюнак на самым пачатку кнігі. Як усё роўна мастакоўскае прадстаўленне аўтара кнігі... Вокладка — з ліній, штрыхоў у трох колерах на белым полі: чорны, зялёны, чырвоны... І гэтыя штрыхі падаюцца асновай, стрыжнем паэтычных шуканняў мааладой паэтэсы (калі кніга выйшла, Таццяне было 33 гады. Канешне ж, маладосць! І вершы пісаліся на працягу многіх папярэдніх гадоў — мо не толькі студэнцтва, але і часін школьніцтва)... «Не страсай рамонкаў белы дом,/ Не шукай сцяжыну на пракосах/ І не кліч мінулыя гады — / Іх вада рачная змыла з плёсаў./ Ты не кліч мяне — не вернеш зноў/ Раніцы стамлёнае дыханне,/ Трапяткую радасць летніх сноў/ І маё далёкае каханне»...
Асобнік кнігі, які патрапіўся мне на вочы ў букіністычным аддзеле, — з аўтографам ад паэтэсы. Адрасаваны Анатолю Іванавічу Бартніцкаму (відавочна па наступнаму зместу, што доктару):
«Аказваецца, стоме падуладна,
Здавалася б, нястомная душа...
Ад стомы той, як быццам бы ад здрады,
У сэрца ўвойдуць боль, і страх, і жаль.
Аказваецца, стоме падуладна,
Здавалася б, нястомная душа...
Вылечваць душы, кажуць, немагчыма...
О, дай Вам Бог усё ж вылечваць іх!
Каб душы тыя яснымі вачыма
На ўсё глядзелі потым і на ўсіх!
Вылечваць душы, кажуць, немагчыма,
О, дай Вам Бог, усё вылечваць іх!
26 ліпеня 1981 г.»
Перадапошнім у зборніку «Зажынкі» — вось гэты верш:
Сябры мае, я клічу вас ізноў
У госці да сябе, заву дахаты.
І хай не валяцца прысмакі са сталоў,
Што гэта нам? Тым рады, чым багаты.
Сябры мае, мы ўсе за круглы стол
Пасядзем цесна — чую плечы вашы.
І дружна бульбы жоўты, пахкі стог
Раздзелім, быццам бы салдаты — кашу.
Сябры мае, успеніцца віно
У нашых шклянках двойчы, тройчы,
болей…
Сябры мае, я клічу вас ізноў.
Чакаю вас, як жджэ насення поле.
«Зажынкі», хаця і з часу няпростага для паэзіі, калі шмат што пісалася «па абавязку», падаюцца цёплай і шчырай кнігай. «Зажынкі» і праз многія гады пасля нараджэння зборніка — як даверлівая размова паэта з чытачамі розных пакаленняў. І таму пасля перачытання зборніка (а кнігу ведаў і раней, знаёміўся з вершамі паэтэсы па іншаму асобніку) застаецца шкадаванне, што ёй, Таццянай Дзмітрусёвай, не так і шмат напісана... Але і «Зажынкі» — добрая памятка пра шчырага мастака слова.
Раман СЭРВАЧ
Справа няпростая, але ўдзячная.
У Беларусі за апошнія 10–12 гадоў як агульная, так і пярвічная дзіцячая захваральнасць застаюцца прыкладна на адным узроўні.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?